Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Каптах спахмурнеў, яго твар пакрыўся зморшчынамі, і ён сказаў:
— Я не хацеў бы, каб ты нагадваў мне пра тыя далёкія часы і непрыемныя, вартыя жалю акалічнасці, якія толькі абражаюць маю годнасць.
Потым ён пачаў усхваляць нашага скарабея:
— Ты зрабіў мудра, калі пакінуў мне скарабея весці твае справы, бо гэта скарабей абагаціў цябе так, што табе і не прыснілася б, хоць фараонавы зборшчыкі падаткаў віліся над маім каркам, як злосныя мухі, і мне даводзіцца трымаць двух пісарчукоў-сірыйцаў, каб пісаць даведкі гэтым самым зборшчыкам, хоць у іхніх падрахунках сам Сэт з усімі нячысцікамі не разбярэцца, а кажучы пра Сэта я ўспомніў нашага сябра Харэмхеба, якому ад твайго імя пазычыў шмат золата, як табе вядома. Ды я не пра яго хацеў гаварыць, але ж мае думкі лунак>ць, як птушкі ў небе, ад радасці бачыць твой незасмучаны твар, гаспадар мой, а можа яны ўзлятаюць ад выпітага віна, якое я абавязкова запішу ў прадстаўнічыя выдаткі, так што ты, мой гаспадар, можаш піць, колькі ўлезе, тым болып, што такога віна не знойдзеш нават у фараонавых склепах, a прысвоіў я ад яго цаны ўсяго нічога. Вось пра тваё багацце мне і хацелася пагутарыць з табою, хоць ты нічога ў гэтым не цяміш, але мушу сказаць, што дзякуючы мне ты стаў багацейшым за многіх знатных людзей Егіпта, цяпер ты багаты, як самыя знатныя, бо не той папраўдзе багаты, хто мае золата, а той, хто валодае дамамі і свірнамі, караблямі і прьістанямі, статкамі гавяды і зямлёй, пладовымі садамі, быкамі і рабамі. Усім гэтым ты валодаеш, праўда, сам пра тое не падазраючы, бо мне даводзілася ўтойваць тваю ўласнасць ад зборшчыкаў падаткаў і называць шмат чаго не так, як гэта ёсць напраўду. Фараонавы падаткі кладуцца на багатых людзей цяжкім ярмом, бо плаціць ім даводзіцца нашмат болей, чым беднякам, беднякі плацяць толькі пятую частку ад ураджаю, а багатыя адлічваюць траціну або нават і палову ад сваіх прыбыткаў гэтым праклятым зборшчыкам падаткаў, а яны ўсё кружляюць надтабой, нібы падлажэрныя птушкі. Гэта несправядліва і бязбожна, а самае несправядлівае, што фараон зацвердзіў такія падаткі, і цяпер яны разам з нашаю стратай Сірыі зусім давялі краіну да галечы. Але ўсё робіцца па волі багоў, і самае дзіўнае, што беднякі сталі яшчэ бяднейшыя, а багацеі яшчэ больш разбагацелі, і сам фараон тут нічога зрабіць не здольны. А я табе, гаспадар мой Сінухе, адкрыю важную таямніцу, бо ў гэтым, урэшце, і крыецца твая таямніца: усякае багацце пачынаецца са збожжа.
Каптах гаварыў і піў віно, якое капала на яго тонкую вопратку, але ён не звяртаў на гэта ўвагі, кажучы, што ўставіць яе цану ў прадстаўнічыя выдаткі ці ў спіс падарункаў для пасрэднікаў і крыху падвысіць цану на збожжа. А тады пачаў хваліцца сваімі здзелкамі:
— Наш скарабей, мой гаспадар, сапраўды цудадзейны, бо ў першы ж дзень, калі мы вярнуліся з нашых доўгіх вандраванняў, ён прывёў мяне ў шынок, дзе збіраліся ганддяры збожжам і дзе яны напіваліся ўшчэнт, заключаючы буйныя здзелкі. Тады я стаў за твае грошы купляць зерне і змог добра нажыцца за першы год, тым больш, што Ам... я маю на
ўвазе, што шмат земляў, як ты памятаеш, заставаліся неапрацаванымі і незасеянымі. Але цудадзейнасць зерня якраз і заключаецца ў тым, што яго можна купляць і прадаваць яшчэ да таго, як разліецца рака і яго пасеюць, а яшчэ болей дзівосная рэч у тым, што цана на збожжа самым цудоўным чынам год ад году ўзрастае, і пакупнік толькі нажываецца, і ніколі не прайграе. А таму гэтым годам я не буду прадаваць ніводнага зернейка, а буду толькі купляць і складваць усё ў свірны да тае пары, пакуль за меру збожжа не пачнуць даваць золата, а такі дзень ужо недалёка, калі справы і далей пойдуць так, як ідуць сёння, бо нават старыя і паважаныя гандляры плачуць і галосяць сёння, ірвучы на сабе вопратку, калі ўспамінаюць пра зерне, якое па сваёй дурасці прадалі, бо калі б не прадалі, то шматкроць узбагаціліся б.
Каптах уважліва паглядзеў на мяне, адпіў віна, наліў нам з Мэрыт і сур'ёзна працягваў:
— Але не варта ставіць усё золата на адзін шар. Таму я раўнамерна ўклаў твае прыбыткі, мой гаспадар, так, каб згуляць адразу некалькімі шарамі, хай сабе і на твае грошы. I вось цяпер — дзякуй фараону — такі час настаў, і мне трэба маліцца за здароўе фараона, бо за кошт таго, што ён робіць і загадвае рабіць і, вядома ж, за кошт гэтага ягонага праклятага падаткаабкладання ўсе, хто раней быў багаты, цяпер збяднелі і страчваюць усё, чым валодалі раней, будучы вымушанымі прадаваць дамы і майно вельмі танна, амаль за бясцэнак. Напрыклад, людзі, якія раней фанабэрыліся сваёй вопраткай ды аздобамі, цяпер прадаюць свае караблі і закладваюць маёмасць, і такім чынам ты, мой гаспадар, стаў уласнікам большай, чым нават можаш падлічыць, колькасці дамоў у Фівах, хоць праз падаткі яны запісаныя на розныя імёны, як я табе пра тое ўжо казаў. Такім чынам, мой гаспадар, ты стаў вельмі багаты, а я не клаў сабе ў кішэнь болей, чым раней, не браў у цябе нават і палову таго, што зарабіў сваёй кемлівасцю, нават не прысвоіў і траціну ад усяго здабытага, хіба што зрэдку ўзнагароджваючы сябе за стараннасць і добрасумленнасць і ўслаўляючы багоў за тое, што няма ў мяне ні жонкі, ні дзяцей, якія грызлі б мяне ўдзень і-ўначы за тое, што я не краду болей, бо, прызнаюся табе, красці ў такога чалавека, як ты, любы і блаславёны мой гаспадар, Сінухе, было б вельмі лёгкім і прыбытковым заняткам.
Мэрыт сядзела, адкінуўшыся на мяккія дываны, і ціха ўсміхалася, але потым гучна засмяялася, бо зірнула на мой разгублены твар — я дарэмна спрабаваў зразумець, пра што кажа Каптах. А той працягваў:
— Ты павінен мець на ўвазе, мой гаспадар, што калі я кажу пра багацце і прыбыткі, дык маю на ўвазе толькі чыстыя прыбыткі, гэта значыць, пра тое, што застаецца пасля выплаты ўсіх падаткаў. Адсюль жа я аднімаю тое, што выпадае на ўсе падарункі, якія я мушу падносіць
зборшчыкам падаткаў, каб яны не надта капаліся ў нашых сірыйскіх рахунках, і давялося мне яшчэ спаіць ім віна незлічоную колькасць гарлачоў, бо яны моцныя людзі і добра раз'еліся на сваіх пасадах. Гэтыя часы — самыя лепшыя часы для зборшчыкаў падаткаў, і я сам хацеў бы стаць зборшчыкам, калі б не быў ужо Каптахам, бацькам зерня і сябрам беднякоў. Я час ад часу раздаю зерне бедным людзям, бо перасцярога не пашкодзіць, асабліва ў такія неспакойны часы варта сябраваць з беднякамі, хай яны славяць маё імя. Гэта таксама я аднімаю з тваіх прыбыткаў, але гэта служыць і своеасаблівай гарантыяй бяспечнай будучыні для тваёй уласнасці, бо досвед паказвае, што ў неспакойныя часы часцей за ўсё пажары ўспыхваюць у дамах нядобрых багацеяў і ў свірнах з хлебам. Праўду кажучы, раздача зерня беднякам таксама стала выгаднай справай, бо фараон па неразумнасці сваёй дазволіў рабіць скідку ў падатках таму, хто раздае зерне бедным, і я даю адну меру, а яму загадваю засведчыць, прыклаўшы палец, што ён атрымаў пяць мер, бо беднякі ўсё адно чытаць не ўмеюць, а калі б нават і ўмелі, дык і за адну гэтую меру зерня славілі б маё імя і прыклалі б пальцы пад любым запісам.
Пасля такой прамовы Каптах склаў рукі на грудзях і ўвесь напяўся, чакаючы ад мяне пахвалы. Але яго словы накіравалі мае думкі ў другі бок, і пэўны час я напружана думаў, а тады папытаўся ў Каптаха:
— Дык у нас шмат зерня ў свірнах?
Каптах старанна заківаў галавой, а я сказаў:
— Тады ты павінен неадкладна паехаць да навасёлаў, якія апрацоўваюць праклятую зямлю, і раздаць ім зерне, бо ім няма чым сеяць, a іхняе зерне ўсё пакрытае нейкімі чырвонымі кроплямі, падобнымі да крыві. Цяпер якраз вада спадае, і настае час сяўбы, таму ты павінен паспяшацца.
Каптах са шкадобай паглядзеў на мяне, патрос галавой і адказаў:
— Любы мой гаспадар, не варта табе забіваць галаву справамі, у якіх ты нічога не цяміш, дазволь мне рабіць гэта за цябе. А рэч у тым, што мы, гандляры зернем, найперш узбагаціліся праз тое, што пазычылі насеннага зерня навасёлам, бо па беднасці яны мусілі аддаваць па дзве меры і нават болей за кожную ўзятую ў пазыку меру, а калі не маглі аддаць зернем, дык мы загадвалі рэзаць гавяду і аддаваць доўг скурамі. Аднак калі цана на хлеб узрасла, і такія ўмовы сталі ддя нас нявыгадныя: даход быў нязначны. Таму гэтай вясной хай лепш застаецца шмат зямлі незасеянай, тады зерне яшчэ больш падаражэе. Таму мы і не можам раздаваць зерне навасёлам — гэта пашкодзіць нашым інтарэсам, ды мы яшчэ й нажывем сабе ворагаў сярод гандляроў збожжам.
Але маё рашэнне было цвёрдае, і я жорстка сказаў Каптаху:
— Рабі як табе загадана, Каптах! Зерне належыць мне, а я цяпер
думаю не пра прыбыткі, а пра худых, як шкілеты людзей, пра жанчын, чые грудзі вісяць, як пустыя скураныя мяшкі, я думаю пра дзяцей, якія ледзь ходзяць па беразе на крывых нагах, з мухамі на хворых вачах. Таму я хачу, каб ты раздаў ім зерне дзеля сяўбы і дапамог пасеяць яго. Я хачу, каб ты зрабіў усё гэта дзеля Атона і фараона Эхнатона, якога я люблю. Але не давай ім зерня задарма, бо я бачыў, як дарункі нараджаюць слабасць і нядобрыя жаданні, ляноту і сквапнасць, і ты сам бачыш, што яны атрымалі ў падарунак і зямлю, і скаціну, але беспаспяхова. Карыстайся сваёй палкай, Каптах, калі гэта будзе трэба, але паклапаціся, каб усё зерне пасеялі і сабралі. А калі будзеш збіраць пазыку, дык не бяры болей, чым мера за меру.
Пачуўшы гэта, Каптах загаласіў і пачаў драць на сабе вопратку, якую, зрэшты, зусім не шкадаваў, бо яна была ў яго ўся ў плямах ад віна:
— Мера за меру, мой гаспадар! Гэта зусім неразумныя словы, бо адкуль жа мне красці, калі не ад твайго багацця і не ад прыбыткаў, якія я для цябе павялічваю! 1 ў астатнім твае словы неразумныя, бо супраць мяне паўстануць і жрацы Амона, — так, я прамаўляю гэтае імя, бо мы сядзім у асобным пакоі і ніхто з гасцей нас не пачуе і не зможа на нас данесці! Я прамаўляю гэтае імя таму, што Амон жыве і ягоная ўлада яшчэ болей страшная, чым калі-небудзь раней, і ён пракляне нашы дамы, і свірны, і крамы, і караблі, і гэты шынок таксама. Таму я думаю, што трэба неадкладна перапісаць яго на Мэрыт, калі яна не супраць. Я радуюся, што большая частка твайго багацця запісаная пад рознымі імёнамі і жрацам не ўдасца разабрацца ў тым, на што ім пасылаць свае праклёны, бо нават зборшчыкі падаткаў не разабраліся як след, а яны падчышчаюць усё, і нават лысая галава не такая голая, як дом пасля таго, як яны яго наведалі. Я не хацеў абразіць цябе, мой гаспадар, кажучы пра лысую галаву, бо толькі цяпер, калі ты ад гарачыні і выпітага віна зняў парык, я заўважыў, што твае валасы зрадзелі, аднак, калі ты захочаш, я магу прапанаваць табе алей, вельмі добра прыгатаваны алей, ад якога валасы зноў вырастаюць і нават кучаравяцца, і хай гэты алей будзе маім падарункам табе, я не буду ўключаць яго ні ў якія рахункі, бо вазьму яго са сваёй уласнай крамкі, і я маю мноства сведчанняў пра яго цудадзейную сілу, хоць не магу схаваць, што адзін чалавек казаў, быццам яго лысая галава пасля націрання алеем пакрылася густымі і кучаравымі валасамі — як у негра, ад чаго ён вымушаны быў пагаліць галаву, але гэты чалавек на судзе быў п'яны, і мне не давялося плаціць па ягонай скарзе шмат грошай, прынамсі нашмат менш, чым звычайна.