Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Агледзеўшыся вакол і ўбачыўшы, што, апроч нас, у пакоі нікога няма, Неферціці сказала:
— У фараона надта слабая мужнасць, і ён робіцца ўсё больш падобны да жанчыны, а калі я кажу яму тое, што яму не даспадобы, яго мужнасць знікае зусім. Таму мне лепш маўчаць пра дзяржаўныя справы, і хоць яны прыходзяць у заняпад, мой самы галоўны клопат — нарадзіць яму спадкаемцу. Я не магу дазволіць, каб ён ад мяне адвярнуўся і захапіўся іншай жанчынай. Але калі я гляджу на яго шаленствы, усмешка ўсё часцей знікае з маіх вуснаў, яго дотык мне робіцца брыдкі, а мой жывот сціскаецца ад нявыказаных словаў, якія могуць яго параніць. Ты, Сінухе, лекар і можаш усё гэта растлумачыць лепш за мяне. Калі я мроіла стаць царскаю жонкай, я думала, што няма на свеце шчаслівейшай долі, а ён зрабіў з мяне звычайную карову, якая штогод выношвае дзіцяці. Таму і праваліліся мае шчокі, і састарэла цела, хоць мой узрост — яшчэ самы росквіт жыцця.
Мы ў адзін голас пачалі суцяшаць яе, кажучы, што яна перабольшвае наступствы сваіх цяжарнасцяў, і гэта была праўда, бо цела ў яе заставалася стройным і гнуткім, а жывот — свежым і гладкім, як у маладой дзяўчыны, Мы гэта ўбачылі, калі Неферціці нібы незнарок расхінула адзенне, каб даць нам на яе палюбавацца. Але Тутмес задуменна сказаў:
— Усё я разумею ў тваіх словах, не разумею толькі аднаго: як ты можаш меркаваць пра слабую мужчынскасць фараона ці пра яго жаночасць, калі ты не спазнала іншых мужчын, а значыць і параўноўваць табе няма з чым.
Твар у Неферціці спахмурнеў, яна апусціла позірк долу і, мне здаецца, нават збянтэжылася; чаму я шчыра ўзрадаваўся, бо гэта паказвала яе чысціню перад мужам. Праз пэўны час яна сказала:
— Тутмес — грубіян і невук, дый чаго іншага чакаць ад чалавека, народжанага ў хляве з гноем паміж пальцаў. Але я чытала вершы, і хоць не ведаю іншых мужчын, мне даводзілася бачыць, як будаўнікі развязваюць свае прапацелыя паясныя павязкі і мыюцца ў рацэ. I мушу сказаць, што вершы сказалі мне болей, чым вочы.
Яна сумна ўсміхнулася і сказала:
— Я стаў бы тканінай, каб абвіцца вакол тваіх клубоў, духмяным алеем у тваіх валасах, віном на тваіх вуснах, — яна ціха ўздыхнула. — А ён у ложку толькі і гаворыць са мною, што пра Атона, і думаецца
мне, што няма для жанчыны большага няшчасця. Якая мне радасць ад свежага твару, калі вясновы вецер не злятае пацалункам на мае вусны!
Цёмныя вочы Тутмеса гарэлі як чорнае вуголле, калі ён наблізіўся да Неферціці:
— He смейся, Неферціці, з майго паходжання! Я нарадзіўся ў сям'і каляснічнага, і хоць мае рукі ажыўляюць камяні, але ў маіх жылах цячэ кроў воіна! Уздымі толькі руку, Неферціці, і вясновы вецер дакранецца да тваіх вуснаў, а гарачая кроў абцалуе тваё цела.
Неферціці зачаравана глядзела на яго сваімі прамяністымі вачыма. Яна павольна нахіліла чашу з віном і доўга сачыла, як тонкі струменьчык разбіваецца ў кроплі аб каменны дол. Потым яна паставіла чашу, падышла да Тутмеса, адвяла з ілба потныя валасы і дакранулася да яго лёгкім, як уздых, пацалункам. Тутмесава грубасць ніколькі яе не абурыла, а наадварот — спадабалася, бо ягоныя словы прынеслі ёй радасць і нават яе ўсхвалявалі.
Пасля таго, як яна пайшла, я сказаў Тутмесу:
— Твае вочы блішчаць, як у ліхаманцы, а цела пакрылася потам. Думаю, што невялікае падарожжа пайшло б табе на карысць, яно ажывіла б цябе. У імя Атона, паедзь з Харэмхебам у Мемфіс, бо ты зможаш працаваць і там, ты ж абяцаў высекчы з каменя яго статую, каб ён паставіў яе ў храме, у сваім Хетнечуце. У Мемфісе таксама ёсць прыгожыя дзяўчаты, ды, кажуць, што і віно там вельмі добрае.
— Ты нясеш лухту, як старая баба, Сінухе, — адказаў Тутмес. — Тут у мяне безліч працы, і натхненне бурліць ува мне, як жыватворныя сокі ў дрэве. А Харэмхеба я зраблю і тут, спачатку намалюю яго, потым здыму меркі з усіх асноўных памераў цела, а потым — гіпсавую маску з твару.
— Што да падарожжа, — умяшаўся ў гаворку Харэмхеб, — дык Сінухе зрабіў бы мудры ўчынак, калі б паехаў у Фівы ды паглядзеў, што там дзеецца, бо седзячы тут, у гэтым аслеплым і занураным у летуценні вясенняга сну горадзе, вы не паверыце, калі я скажу, што адбываецца ў Егіпце і пра што гамоняць між сабой людзі. Сапраўды, Сінухе, табе трэба з'ездзіць у Фівы, а вярнуўшыся, праўдзіва расказаць фараону пра ўсё, што ты ўбачыш. Можа, хоць гэта дапаможа, бо фараон табе верыць і збольшага цябе слухае.
Плюнуўшы, ён дадаў:
Наўрад ці гэтая Неферціці можа рабіць што цікавае ў ложку, хоць глядзець на яе прыемна, і розум у яе востры, як нож, а языком яна джаліць, як аса. Але не думаю, каб яна магла доўга цешыць любога, як астатнія бабы.
Ад тых слоў Тутмес прыйшоў у шаленства, і я ледзь яго супакоіў. А тады сказаў:
— Мне і праўда трэ' было б паехаць у Фівы, сустрэцца з Каптахам... Але ў мяне такі мяккі ложак, я так прывык да сваёй смачнай кухні і цела маё так распесцілася і размякчала, што ўжо не вытрывае карабельнай гайданкі. Апроч таго, я не ведаю, ці насмелюся расказаць фараону пра тое, што мне давядзецца ўбачыць. Ён хоча слухаць толькі прыемнае: пра сытых кругленькіх немаўлятак, пра вясёлых кабет і мужчын, што ўслаўляюць Атона, а з тваіх словаў выходзіць, што казаць мне давядзецца зусім не пра гэта, а наадварот — пра тое, што зусім яму сапсуе настрой. Апроч таго, я чуў, Харэмхеб, што кракадзілы, пацвярджаючы сваю мудрасць, суправаджаюць цябе ў Мемфіс, бо твае слугі і ахоўнікі кормяць іх сытна і пастаянна, хай сабе і не так, як гэта было некалі ў Фівах.
Харэмхеб апаражніў сваю чашу, зноў напоўніў яе і зноў асушыў, і толькі пасля гэтага сказаў:
— Напраўду, калі я думаю цяпер пра будучыню Егіпта, мне хочацца стаць кракадзілам. Але хай будзе так. Калі ўжо нават Сінухе не хоча дапамагчы мне — застаецца адно: піць і піць, не думаючы пра будучыню Егіпта, дзе пануе фараон Эхнатон.
2
Хоць потым Харэмхеб вярнуўся ў Мемфіс, ягоныя словы ўвесь час ранілі маю душу, і я вінаваціў сябе, што быў яму дрэнным сябрам і благім дарадцам фараону. Аднак мой ложак быў мяккі, я жыў у добрым доме, а мой кухар гатаваў мне маленькіх птушак у мёдзе, не было нястачы і ў смажаным мясе антылопаў, і вада з майго гадзінніка струменілася весела і хутка. Апроч таго, другая дачка фараона, Мэкетатон, захварэла на пясчаную ліхаманку, яе мучыў кашаль, яе шчокі гарэлі і праваліліся, а косткі дужак выразна выступалі пад тонкаю скурай. Фараон таксама вельмі непакоіўся, бо вельмі любіў сваіх дачок. Дзве старэйшыя, Мэрытатон і Мэкетатон, заўсёды выходзілі з ім на балкон і кідалі з яго залатыя ланцужкі ці іншыя падарункі тым, каму фараон выказваў прыязнасць.
Прырода і характар чалавека — вялікая і дзіўная таямніца: хворая дачка стала для фараона самай любаю з усіх чатырох, ён дарыў ёй шары са срэбра і слановай косці і купіў маленькага сабачку, які паўсюль хадзіў за дзяўчынкай і спаў ля яе ног на ложку. Фараон худнеў ад хвалявання, уставаў па начах паглядзець на хворую дачку, а яе кашаль балюча раніў яму сэрца.
Дзіўная прырода ў чалавека: урэшце хвароба гэтай маленькай дзяўчынкі стала і для мяне важнейшай за ўсё астатняе — і за маю ўласнасць у Фівах, і за Каптаха, і за недарод у Егіпце, і за ўсіх, хто гінуў у Сірыі за Атона. Я ўжываў усе свае веды, каб вярнуць здароўе дачцэ
фараона і не прымаў ніякіх іншых знатных хворых, чые хваробы выклікаліся абжорствам і гультайствам. Па большасці яны скардзіліся на галаўны боль, бо гэтая немач грызла і фараона. Калі б я патураў іх капрызам, дык мог бы азалаціцца, але мне надакучыла і багацце, і запабяганне перад высакароднымі так, што я часта грубіяніў ім, і яны казалі адзін аднаму: «Пасада царскага лекара ўскруціла Сінухе галаву, і ён, думаючы, што фараон слухае толькі яго, забываецца, што і другія могуць сказаць сваё слова».
Аднак пры ўспамінах пра Фівы, Каптаха і «Кракадзілаў хвост» мая душа поўнілася шчымлівай тугою, і ніякі голад не мог бы параўнацца з прагаю майго сэрца. Я заўважыў, што пакрысе мае валасы радзеюць пад парыком, здаралася, што часам я забываўся на свае абавязкі і мне мроіліся дарогі Вавілоніі, я чуў пах сухога зерня на гліняных таках. Я заўважыў, што патаўсцеў, і мой сон па начах стаў неспакойны, я задыхаўся нават ад невялікай праходкі і не мог абысціся без насілак, a раней мог бы лёгка прайсці любую адлегласць і маё дыханне амаль не пачасцілася б.
Маё сэрца таксама разамлела і шаптала мне: «Табе добра тут, Сінухе, твой ложак мяккі, а пасада царскага трэпанатара пазбаўляе ад клопату аб хлебе надзённым. У цябе ёсць сябры, якія з задавальненнем за цябе вып'юць і пачціва выслухаюць твае словы, бо ты для іх сапраўдны мудры чалавек. Твае вочы радуюцца ад прыгажосці новага мастацтва і многія мастакі размалявалі сцены твайго дома цудоўнымі жывымі карцінамі, бо чашай віна ты суняў пахмельныя дрыжыкі ў іх руках. I фараон загадаў высекчы табе ўсыпальню ў скалах Усходніх гор, каб ты вечна жыў у ёй, услаўляючы фараона і ягоных дачок. Дык чаму ты клапоцішся пра заўтрашні дзень, калі ён будзе падобны да сённяшняга? А калі б і сталася іначай, дык ты нічога не мог бы змяніць, бо ты проста чалавек, і не болей, дый дастаткова ты ўжо азмрочваў радасныя імгненні жыцця, падліваючы горкі сок палыну ў чашу радасці Атона. Навошта табе шукаць сабе скруху і засмучваць свае вочы, бо напраўду сказана, што шматлікія веды — гэта шматлікія турботы і вялікая журба?»
Так гутарыў я са сваім сэрцам, але раптам мне ў галаву прыйшла прыкрая думка, што нічога цікавага не адбудзецца болып у маім жыцці, калі заўтрашні дзень будзе такім самым, як сённяшні. Якое ж неразумнае ў нас сэрца! Яно не хоча задаволіцца сваёй доляй і ўвесь час шукае магчымасць парушыць спакой чалавека! Так і маё сэрца дапякала мяне.
Тым часам зноў прыйшла восень, вада ў рацэ паднялася, ластаўкі вылезлі з глею і нястомна сноўдалі ў паветры. Здароўе ў царскай дачкі палепшала, кашаль знік, і дзяўчынка перастала скардзіцца на боль у грудзях. А сэрца маё імкнулася следам за ластаўкамі, і тады я падняўся на карабель, каб паплысці ўверх па рацэ і пабачыць Фівы. Фараон даз-
воліў мне паехаць і загадаў вітаць ад ягонага імя ўсіх навасёлаў на абодвух берагах ракі, дзе ім адвялі землі, адабраныя ў праклятага бога. Яшчэ ён загадаў вітаць заснаваныя ім паўсюль школы і ўвогуле спадзяваўся пачуць пасля майго вяртання шмат прыемных навінаў.