• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    А вось нараджэнне чацвёртай дачкі ў фараона выклікала ў Ахетатоне засмучэння больш, чым страта Сіміры ў Сірыі. Царыца Неферціці, баючыся, што ў яе нараджаюцца толькі дочкі з прычыны насланых кімсьці злых чараў, зрабіла нават падарожжа ў Фівы, спадзеючыся, што ёй дапамогуць там негрыцянскія чараўнікі. Вельмі рэдка такое здаралася, каб жанчына нарадзіла чатырох дачок і ніводнага хлопчыка. А гэта ж была не абы якая жанчына, а жонка самога фараона, і такім чынам злое наканаванне тычылася і яго!
    А тым часам звесткі з Сірыі прыходзілі ўсё болей трывожныя, і кожны раз, як адтуль прыплываў карабель, я ішоў у царскі архіў і чытаў прывезеныя таблічкі з усё новымі адчайнымі крыкамі аб дапамозе. Я чытаў, і мне здавалася, што вакол зыкаюць стрэлы, мой нос чуў смурод пажараў, а за стрыманымі, поўнымі годнасці словамі пасланняў бачыліся карціны вынішчэння, чуліся смяротныя стогны і спалоханыя крыкі дзяцей, бо воіны Амарэі не ведалі жалю, іх настаўнікамі ў вайне былі хеты, і ніводзін сірыйскі гарнізон не мог перад імі ўстояць. Я чытаў пасланні ўладароў Бібла і Ерусаліма, у якіх яны звярталіся да Эхнатона з просьбай дапамагчы і абараніць іхнія гарады ў памяць аб фараонавым бацьку і ў імя іх шматгадовай вернасці Егіпту. Але такія аднастайныя лісты хутка ўстылі фараону, і ён перастаў іх чытаць, адсылаючы проста ў архіў, дзе імі цікавіліся толькі пісарчукі ды я, прычым пісарчукі толькі ставілі нумары на таблічкі па меры іх паступлення.
    Пасля падзення Ерусаліма ад Егіпта адышлі нават самыя верныя яму гарады, нават Яфа, заключыўшы саюз з Азіру. Тады з Мемфіса ў Ахетатон прыехаў Харэмхеб, ён хацеў прасіць у фараона дазвол паслаць на дапамогу Сірыі войска, бо дапамогі, якую ён аказваў таемна, пасылаючы лісты падтрымкі і золата, было ўжо недастаткова. Харэмхеб сказаў фараону:
    — Дазволь мне наняць хоць бы сто разоў па сто воінаў з дзідамі і лукамі ды сто баявых калясніцаў, і я вярну табе ўсю Сірыю, бо цяпер, калі захоплена Яфа, улада Егіпта над Сірыяй страчана.
    Фараон Эхнатон вельмі засмуціўся, даведаўшыся, што Ерусалім таксама захоплены, бо гэты горад ён збіраўся пасвяціць Атону і потым з дапамогай светлага бога ўціхамірыць Сірыю. Таму ён сказаў:
    — Той стары з Ерусаліма, чыё імя я цяпер не магу ўспомніць, быў сябрам майго бацькі. Я памятаю, як яшчэ малым дзіцём бачыў яго ў Залатым палацы ў Фівах, і ў яго была доўгая барада. Я буду пасылаць яму ўтрыманне з Егіпта, хоць прыбыткі нашай казны моцна паменшалі з той пары, як парушыўся гандаль з Сірыяй.
    — Ён наўрад ці ўзрадуецца прысланым з Егіпта грошам і залатому нашыйнамуланцуту, — запярэчыў Харэмхеб. — Цар Азіру загадаў зрабіць з ягонага чэрапа прыгожую залочаную чашу і паслаў яе ў дар цару Супілуліуму ў Хатушаш, калі толькі мае віжы не памыляюцца.
    Фараон спалатнеў, яго вочы пачырванелі, але ён стрымаўся і адказаў:
    — Мне цяжка паверыць, што цар Азіру, якога я лічыў сваім сябрам і які прыняў ад мяне ў падарунак жыватворны крыж, мог учыніць такое! Значыць, я памыляўся, і яго сэрца аказалася чарнейшым, чым я думаў. Але і ты, Харэмхеб, просіш немагчымага, калі кажаш пра воінаў і калясніцы, бо я чуў, што народ знясілеў ад падаткаў і ўраджай гэтага года нашмат ніжэйшы, чым я спадзяваўся.
    — У імя твайго Атона! — горача сказаў Харэмхеб,— Загадай мне ўзяць хоць бы дзесяць калясніцаў і дзесяць разоў па дзесяць воінаў. Я адпраўлюся ў Сірыю і ўратую тое, што яшчэ можна ўратаваць.
    Але фараон Эхнатон стаяў на сваім:
    — Я не магу пачаць вайну ў імя Атона, бо пралітая кроў — гэта жах для яго вачэй, і лепш ужо хай забіраюць Сірыю. Хай будзе Сірыя вольнай і стварае свае саюзы, а мы будзем гандляваць, як і раней, бо без егіпецкага хлеба ім усё адно не пражыць.
    — Ды няўжо ты, Эхнатон, думаеш, што яны задаволяцца гэтым! — у запале ўскрыкнуў Харэмхеб. — Кожны забіты егіпцянін, кожны ўзяты штурмам мур і захоплены горад узносіць іх у іхніх жа вачах і ператварае гэтых паскуднікаў у сапраўдных вар'ятаў. За Сірыяй настане чарга медных капальняў, а калі Егіпет страціць і іх, нам не будзе з чаго рабіць медныя наканечнікі на стрэлы і дзіды.
    — А хіба я не казаў табе, што ахоўнікам будуць добрымі і дзіды з драўлянымі наканечнікамі? — нецярпліва перабіў Эхнатон. — Чаму ты прычыняеш боль маім вушам, безупынку кажучы пра дзіды і стрэлы, і гэта ў той час, калі я ствараю гімн у гонар Атона!
    — А пасля Сіная яны пасунуцца да Ніжняй Зямлі, — з горыччу сказаў Харэмхеб. — Ты сам сказаў, што Сірыя не абыдзецца без нашага
    зерня. Хоць па маіх звестках, сёння яны завозяць зерне з Вавілоніі. Калі ты не баішся Сірыі, дык асцерагайся хетаў, бо іхняя прага ўлады не ведае межаў.
    Тады фараон засмяяўся з жаласным выразам на твары, як засмяяўся б любы разумны егіпцянін, пачуўшы гэтыя словы.
    — Ніхто дагэтуль не асмеліўся пераступіць свяшчэнныя межы нашых земляў, — сказаў ён, — ніхто не асмеліцца і ў будучым, бо Егіпет — вялікая дзяржава, самая багатая і самая магутная! Але каб цябе супакоіць і каб табе не мроіліся страшныя сны, я скажу, што хеты — звычайныя варвары, якія пасвяць статкі ў пустэльных гарах, і нават калі яны што-небудзь надумаюць, наш хаўрус з Мітанні служыць нам абаронай і шчытом супраць іх. Тым болей, што я паслаў цару Супілуліуму і знак жыватворнага крыжа жыцця і просьбу паставіць маю статуто ў сваім храме. Так што ён не нападзе на Егіпет, пакуль будзе атрымліваць золата кожны раз, як папросіць. Зрэшты, я не думаю абцяжарваць народ новымі падаткамі, бо чуў, што ён і так знясілены.
    Жылы на лбе ў Харэмхеба набрынялі, але за гэтыя гады ён навучыўся стрымліваць сябе і цяпер, калі я сказаў, што як лекар больш не магу дазволіць яму стамляць фараона, моўчкі пайшоў за мной. Але як толькі мы пераступілі парог майго дома, ён моцна хвастануў сябе бізуном па назе і крыкнуў:
    — У імя Сэта і ўсіх ягоных нячысцікаў! Сачэнь, які пасля сябе пакідае на дарозе карова і то болей карысны, чым яго жыватворны крыж! Але гэта ж нейкае насланнё, бо калі ён глядзіць мне ў вочы і па-сяброўску кладзе руку на плячо, я яму цалкам давяраю, хоць і ведаю, што ён тройчы памыляецца і не мае рацыі, а я ведаю, што праўда на маім баку! У імя Сэта і ўсіх ягоных нячысцікаў! Увесь горад ён напаўняе сваёй сілай, горад размаляваны і аздоблены, нібы дзеўка ў доме ўцех, апроч таго, тут і пахне гэтак жа сама. Сапраўды, калі было можна прывесці ўсіх людзей сюды, каб ён датыкнуўся да іх сваімі лёгкімі пальцамі, дык свет, можа, сапраўды змяніўся б. Але такое немагчыма.
    Каб неяк развесяліць яго, я сказаў, што, мабыць, гэта не так ужо й немагчыма, а ён захапіўся і натхнёна сказаў:
    — Каб гэта стала магчыма, трэба ўчыніць вялікую вайну, і я змог бы прывесці сюды ўсіх на свеце людзей — мужчын, жанчын, дзяцей і паставіць іх перад фараонам, а той бы пагутарыў з імі і ўліў бы ў іх сваю сілу, абнавіўшы іхнія сэрцы. He, праўда, калі я застануся тут яшчэ крыху, дык у мяне адрастуць цыцкі, як у вашых прыдворных баб, і я буду іх даваць дзецям.
    Ён пасадзіў свайго пісарчука падлічыць, колькі спатрэбіцца часу, каб людзі з усіх краінаў змаглі паўстаць перад фараонам Эхнатонам, і мы пайшлі разам да нашага сябра Тутмеса. Той некалі паабяцаў Харэмхебу
    зрабіць з каменя яго статую, і цяпер той вырашыў нагадаць мастаку пра яго абяцанне. Што да мяне, дык я проста хацеў успомніць боскі смак віна з Тутмесавых запасаў. Вокны ягонага дома выходзілі на поўнач, і ў ягоных пакоях было шмат святла, шматлікія рабы і вучні поўнілі дом і двор, паўсюдна плаваў водар сухіх фарбаў і каменнага пылу. Тутмес выйшаў да нас з мокрым ад поту тварам, скамечанымі валасамі, і адразу радасна папярэдзіў, што ў яго цяпер царыца Неферціці і ён такі заняты, што ні на хвіліначку не можа аддучыцца, а таму просіць, каб мы яму не заміналі. Але царыца Неферціці пачула ўжо нашы галасы і дазволіла нам застацца каля яе, каб палюбавацца на яе прыгажосць, бо чым больш мужчыны захапляліся ёю, тым ёй было прыемней. Слуга Тутмеса прынёс віно, і сама Неферціці выпіла з намі, каб узвесяліць сваё сэрца. Потым яна гарэзліва падняла руку да грудзей і, не спускаючы вачэй з Харэмхеба, сказала:
    —	Я часта здзіўляюся, Харэмхеб, чаму ты не возьмеш сабе жонку, бо шмат якія прыдворныя паненкі сохнуць па табе. Раскажы мне штонебудзь вясёлае, ато Тутмес толькі глядзіць на мяне суровымі халоднымі вачыма ды ўсё цвердзіць, што шчокі ў мяне праваліліся ды што я выглядаю, як нейкая пачвара.
    Ад такога пытання Харэмхеб вельмі збянтэжыўся. Ён спахмурней і не ведаў, што адказаць, але ў гэтую хвіліну Тутмес у адчаі кінуў на падлогу разец і малаток і сказаў пакутлівым голасам:
    —	He, гэтая царская кошка давядзе мяне да вар'яцтва такімі размовамі і тым, што дзень за днём драпае кіпцюрамі маё сэрца, катуе мяне, добра ведаючы, што кожны, хто хоць аднойчы ўбачыў яе прыгажосць, ужо ні пра што іншае думаць не можа. У імя Атона, пакінь мяне ў спакоі, злавесная жанчына, я ўжо пяць разоў высякаў з камянёў рознага колеру твой твар, але калі зноў гляджу на тваё цела, тваю тонкую шыю, мяне ахоплівае пякельнае полымя і рукі мае апускаюцца, бо я не могуць ажывіць камень. Цяпер я ўпершыню спрабую выразаць тваю выяву, Неферціці, з дрэва, каб потым размаляваць яе жывымі фарбамі. Можа, дрэва лепей, чым камень увасобіць тваю жывую прыгажосць. Твае схуднелыя шчокі робяць цябе яшчэ прыгажэйшай і боскай, і ніводная жанчына ва ўсе часы не насіла царскую карону болей заслужана, чым ты.
    Калі Тутмес, супакоіўшыся, нарэшце змоўк, пачуўся голас Харэмхеба:
    —	Боская Неферціці, як можна думаць пра якую-небудзь іншую жанчыну, калі бачыш цябе, а што да тваіх прыдворных паненак, дык я да іх абыякавы, хоць і не аднойчы цешыўся з імі і магу сказаць, што целы ў іх гладкія, як паверхня курынага яйка, і мяккія, як пух. Але галовы ў іх пустыя, як начныя гаршчкі, так што я ніколі не здзіўляўся, што ім даводзіцца выцягваць патыліцы. Але ты, Неферціці, мудрая жан-
    чына, і твае вочы глядзяць разважна і светла, як вочы твайго бацькі, вялікага і здольнага ўладара, хоць і абцяжаранага немалымі гадамі. Скажы мне, царыца, чаму ты мудрымі словамі не абразуміш фараона, a дазваляеш яму ўсё больш паглыбляцца ў яго вар'яцтва — да таго, што мы ўжо не ведаем, ці стаім ужо дагары нагамі і ці стала чорнае белым.