Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Рамосэ, мой сябра, ці не давялося табе паспрабаваць сваё майстэрства на адной прыгожай жанчыне, якую прынеслі ў Дом Смерці падчас беспарадкаў у Фівах? Жанчыну тую звалі Нефернефернефер.
Ён зірнуў на мяне з-пад ілба вачыма старой чарапахі і прамовіў:
— Далібог, Сінухе, ты першы знатны чалавек, які назваў бальзамоўшчыка сваім сябрам. Гэта расчуліла маё сэрца, і калі ты так сказаў, значыць, табе сапраўды важна тое, пра што ты пытаешся. Але можа, ты сам прынёс яе сюды ў начной цемры, загорнутую ў чорныя покрывы смерці? Калі гэта так, то ні адзін мыйшчык трупаў не палічыць цябе за
сябра! Наадварот — ён усадзіць у цябе востры нож з трупнай атрутай, каб ты памёр страшнай смерцю!
Ад яго словаў мяне ажно скаланула, і я сказаў:
— Яна заслужыла такі лёс, хто б яе не прынёс сюды. Але твае словы прымушаюць мяне падумаць, што яна не была мёртвай? Дык можа, яна апрытомнела ў абдымках мыйшчыкаў?
Рамосэ пацвердзіў:
Гэта жахлівая жанчына сапраўды ачуняла ў Доме Смерці. I я нават не буду распытваць, як ты здагадаўся пра гэта. Яна апрытомнела, бо такія жанчыны ніколі не паміраюць! А калі якая памрэ, яе цела трэба спаліць на вогнішчы, каб яна не вярнулася болып ніколі! Пазнаёміўшыся з ёю бліжэй, мы далі ёй імя Сэтнефер, што значыць Прыгажуня злога бога.
Тады страшная здагадка працяла мяне, і я папытаўся:
— Чаму ты так кажаш? Яе ўжо няма ў Доме Смерці? Мыйшчыкі трупаў казалі, што пратрымаюць яе семдзесят разоў па семдзесят дзён.
Рамосэ сярдзіта забразгаў сваімі прыладамі — нажамі ды абцугамі — і, напэўна, ударыў бы мяне, калі б на стале не стаяў прынесены мною гарлач добрага віна з фараонавых запасаў. Сарваўшы запыленую пячатку, ён сказаў:
— Мы не хацелі табе нічога благога, Сінухе. Ты быў мне за роднага сына, і я назаўсёды пакінуў бы цябе ў Доме Смерці і навучыў бы свайму майстэрству. I ты сам ведаеш, што мы збераглі трупы тваіх бацькоў, як зберагаюць целы толькі самых высакародных, мы не пашкадавалі на іх ні лепшага алею, ні лепшых бальзамаў. Чаму ж ты пажадаў нам такога зла і прывёў сюды гэтую жывую жанчыну? Да таго, як яна з'явілася, мы жылі проста: мы старанна працавалі, радавалі свае сэрцы півам і багацелі, крадучы з трупаў аздобы, незалежна ад іх паходжання і роду, і прадаючы ведзьмакам некаторыя часткі целаў, патрэбныя ім у іх замовах. Але калі сярод нас з'явілася тая жанчына, Дом Смерці ператварыўся ў логавішча злога Сэта. Мыйшчыкі трупаў пачалі кідацца адзін на аднаго з нажамі і біліся за яе, як шалёныя сабакі. Яна абчысціла нас да ніткі, забрала ўсё срэбра і золата, якое мы збіралі доўгімі гадамі. Яна не пагрэбавала нават апошнім мядзяным пярсцёнкам і забрала нават вопратку. А калі хто быў стары, як я, — да такіх яна пасылала іншых, якія сваё ўсё на яе ўжо страцілі, і яны рабавалі нас. Прайшло ўсяго тры разы па трыццаць дзён, а яна абчысціла нас дагала. Пераканаўшыся, што ўзяць больш няма чаго, яна пачала з нас смяяцца, і два закаханыя ў яе мыйшчыкі павесіліся на сваіх паясах, не вытрымаўшы гэтых здзекаў. I тады яна сышла, забраўшы ўсе нашы скарбы! 1 мы не змаглі яе затрымаць, бо калі адзін заступаў ёй дарогу, другі адштурхваў яго, спадзеючыся на прыхільную ўсмешку ці дотык. Але яна скрала не толькі
нашы багацці — каля трох соцень дэбенаў срэбрам і золатам, не лічачы медзі і масцяў, якія мы кралі ў багатых нябожчыкаў на працягу многіх гадоў, — яна скрала і наш спакой. Яна паабяцала праз год вярнуцца і паглядзець, што нам удасца сабраць за гэты год! I таму цяпер у фіванскім Доме Смерці крадуць больш чым калі-небудзь. Мыйшчыкі крадуць не толькі ў нябожчыкаў, але і адзін у аднаго, так што нікому няма спакою. Цяпер ты разумееш, чаму мы назвалі яе Сэтнефер, што значыць Прыгажуня злога бога?
Так я даведаўся, што мая помста была дзіцячай забаваю. Нефернефернефер вярнулася з Дома Смерці разбагацелай, нічога не страціўшы і не паспытаўшы ніякіх непрыемнасцяў, калі не лічыць смуроду, які ўеўся ў яе так, што на пэўны час ёй давялося спыніць свае звычныя заняткі. Але пасля жыцця ў кампаніі з мыйшчыкамі трупаў ёй і так патрабаваўся адпачынак. Мая помста больш прымусіла пакутаваць маё сэрца, чым нашкодзіла ёй, і я ўпэўніўся, што помста не прыносіць сапраўднай радасці, бо радасць ад яе вельмі кароткая, затое потым усё паварочваецца супраць мсціўцы і выпальвае агнём яго сэрца.
Расказаўшы гэта, я мушу пачаць новы скрутак, каб распавесці, што адбылося за жыццём фараона Эхнатона ў Паднябесным горадзе і ў Сірыі. Я раскажу таксама пра Харэмхеба і Каптаха, і пра свайго сябра Тутмеса, і, вядома, не павінен забыцца пра Мэрыт. 3 гэтым я і пачынаю новы папірус.
ПАПІРУС АДЗІНАЦЦАТЫ
Мэрыт
і
Кожны з нас бачыў, як мера за мерай выцякае вада з гадзінніка. Гэтак сама цячэ чалавечае жыццё, але вымяраецца яно не мерамі вадзянога гадзінніка, а тымі падзеямі, якія адбываюцца з чалавекам. Гэта вялікая і непахісная ісціна, і цалкам чалавек спасцігае яе толькі на схіле дзён, калі час ягонага жыцця траціцца марна і з ім не адбываецца ніякіх падзей, хоць сам ён лічыць, што яго жыццё напоўнена нейкім сэнсам, і толькі потым разумее, што нічога такога і не было. Пакуль жыццё ў чалавека цячэ бурлівым патокам, ягонае сэрца мяняецца ў тым патоку, і адзін дзень можа здацца даўжэйшым за год ці нават за два, праведзеныя ў спакоі, калі жыццё цячэ мірна і без пераменаў. Я вучыўся спасцігаць гэтую ісціну ў Ахетатоне, бо маё жыццё там струменіла жывой ручаінай і нагадвала дзівосны сон ці рэха далёкага спеву, які так ніхто і не пачуў, і тыя дзесяць год, праведзеныя ў Залатым палацы новай сталіцы з фараонам Эхнатонам, праляцелі хутчэй за любы іншы год маёй маладосці.
Hi свае веды, ні сваё майстэрства за гэты час я не ўдасканаліў, карыстаючыся толькі тым, што назбіраў у дні маладосці, калі падарожнічаў па чужых землях, як пчала спажывае мёд, назбіраны летам. Але час усё ж падтачыў маё сэрца, як вада паволі падточвае камень: хай сабе і неўпрыкмет, але маё сэрца змянялася, і тою парой я ўжо не адчуваў сябе такім самотным, як раней. Можа, я стаў не такі запальчывы і ўжо не так фанабэрыўся сваімі ведамі і майстэрствам, як у маладосці, a хутчэй за ўсё, самі абставіны склаліся так, што я застаўся адзін, бо Каптах паехаць за мной не схацеў, застаўшыся ў Фівах, дзе з усёю стараннасцю даглядаў маю гаспадарку і свой шынок «Кракадзілаў хвост».
Мушу сказаць, што горад Ахетатон схаваўся ў відзежах і мроях фараона Эхнатона. Увесь знешні свет не меў ніякага значэння, і ўсё, што знаходзілася па-за памежнымі камянямі Атона, было нечым далёкім і прывідным, як месячнае святло на вадзе. Адзінаю праўдай і рэчаіснасцю было тое, што адбывалася ў Ахетатоне. Цяпер, праз шмат гадоў, калі я задумваюся пра гэта, то разумею, што і сам той горад і ўсё, што ў ім дзеялася, было толькі ценем і насланнём сухой пустэльні, а праўдаю былі якраз голад, пакуты і смерць за памежнымі камянямі. Але ўсё, што было не даспадобы фараону Эхнатону, старанна ад яго хавалася, a
калі ўзнікала патрэба, каб ён асабіста ўмяшаўся, яму ўсё падносілі ў найлепшым святле, расквечана і ўпрыгожана, каб толькі найсвяцейшаму ўладару не забалела галава. Так робіцца часта, бо чалавек — слабая істота, і ніхто не хоча выклікаць незадавальнення гаспадара і прымаць на сябе яго гнеў, навязліва нагадваючы пра непрыемнасці. Але я добра ведаю і сведчу, што так рабілася толькі ад вялікай любові да фараона, бо яго стараліся аберагчы ад залішняга болю і клопату. Любая нязначная справа, любая дрэнная навіна выводзілі фараона з сябе, як звычайнага прасталюдзіна, яго хвароба праяўлялася зноў, і ўсе, хто любіў яго, баяліся, што фараон памрэ, даведаўшыся, што адбываецца насамрэч у краіне, Я ведаю і сведчу, што фараон Эхнатон хацеў жыць толькі ў праўдзе, і першы выказаў бы сваё незадавальненне таму, хто ад любові да яго хаваў праўду. Аднак фараонавы вочы глядзелі ў вечнасць, а таму ўсё, што яго атачала — і сам горад, і людзі — было для яго толькі ценем, а тое, што знаходзілася за межамі горада, наогул мела значэнне меней, чым цень ці відзеж у пустэльні. Апроч таго, на свеце ёсць шмат спосабаў казаць праўду, сярод іх трапляюцца і такія асцярожныя і перакручаныя, што нават прамоўленае слова праўды змяняецца да непазнавальнасці.
Тым часам у Фівах, сапраўднай сталіцы абедзвюх Земляў, кіраваў жрэц Эйе, носьбіт царскага жазла праваруч ад фараона, цесць фараона і бацька Неферціці, чалавек уладапрагны, ён заставаўся ў Фівах і карыстаўся поўным даверам фараона, які даручыў яму ўсе непрыемныя для сябе справы: збор падаткаў, судовыя і гандлёвыя законаўстанаўленні. Такім чынам жрэц Эйе стаў адзіным і сапраўдным уладаром у краіне, бо ўсё, што тычылася жыцця чалавека — ці то земляроба, ці то гандляра — было ў ягоных руках. Калі зрынулі Амона, супернікаў фараонавай улады не засталося зусім, і Эйе быў вельмі задаволены, бо на самой справе гэта непадзельная ўлада належала яму аднаму, а ён спадзяваўся, што хваляванні ў краіне пакрысе суцішацца і настане поўны спакой. I не было яму нічога больш радаснага, чым пабудова горада Ахетатона, бо гэта ўтрымлівала фараона далей ад Фіваў, і Эйе як мага старанней збіраў падаткі на будаўніцтва і аздабленне горада, які так любіў фараон, і бесперапынна пасылаў падарункі, якія лашчылі Эхнатону сэрца. Можа, хваляванні ў краіне, сапраўды, паціху супакоіліся б, калі б не Эхнатон, які ўвесь час замінаў Эйе.
I ўсё ж, нягледзячы на сваё ўладалюбства, Эйе не мог абысціся без дапамогі Харэмхеба, які сядзеў у Мемфісе і сачыў за парадкам у краіне, трымаючы такім чынам у сваіх руках уладу над зборшчыкамі падаткаў і каменярэзамі, якія збівалі надпісы з імем Амона, залазячы дзеля гэтага нават у магілы. Фараон Эхнатон загадаў адкрыць магілу свайго бацькі, каб сцерці там усякі ўспамін пра Амона. Жрэц Эйе не пярэчыў
фараону, калі той займаўся падобнымі нязначнымі справамі, і быў толькі задаволены, што ўладар не ўмешваецца ў паўсядзённае жыццё сваіх падданых, аддаючыся думкам пра нябесныя і важныя справы.
Пасля бурных падзеяў у Фівах жыццё ў Егіпце супакоілася, як паверхня сажалкі, якую больш не трывожыць вецер. Жрэц Эйе, каб пазбавіцца ад лішніх клопатаў, даручыў збіраць падаткі начальнікам акругаў, начальнікі акругаў аддалі гэтае права на водкуп начальнікам гарадоў ды вёсак, а тыя, у сваю чаргу, нанялі незлічоную колькасць памагатых, і такім чынам усе займелі магчымасць добра ўзбагачацца і ніводзін начальнік не застаўся пакрыўджаным, нават самыя малодшыя па чыне, якія выбівалі падаткі з сялян палкамі. Звонку ж усё засталося нібы пастарому, а калі сяляне, убачыўшы зборшчыка падаткаў, пачыналі гучна скардзіцца на свой лёс і пасыпаць галовы попелам, дык у тым не было нічога новага — беднякі паводзілі сябе так спрадвеку.