Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Напэўна, тое, што насілкі фараона суправаджалі размаляваныя палосамі негры, было памылкай — толькі адзін іх выгляд ужо распаліў нянавісць народа. У натоўпе не было ніводнага чалавека, які не пацярпеў бы ад неграў за апошнія дні. У многіх згарэлі дамы, у жанчын яшчэ не высахлі слёзы, а ў мужчын пад павязкамі балелі раны, і іх разбітыя вусны не маглі ўсміхацца. Фараона неслі на насілках высока над галовамі натоўпу. На яго галаве была падвойная карона Верхняга і Ніжняга Егіпта, упрыгожаная ліліямі і папірусам, рукі са знакамі царскай улады — жазлом і бізуном — былі скрыжаваныя на грудзях. Ён сядзеў нерухома, як і належыць богу, як спрадвеку сядзелі фараоны, з'яўляючыся перад народам, і жудасная цішыня панавала вакол, нібы людзі знямелі ад аднаго толькі ад выгляду ўладара. Нарэшце воіны, што ахоўвалі Алею бараноў, узнялі дзіды і пракрычалі фараону сваё прывітанне, якое адразу падхапілі прыдворныя і пачалі кідаць на дарогу перад насілкамі кветкі. Але на фоне трывожнага маўчання простага люду гэтыя крыкі прагучалі слаба і нават жаласна, як зык самотнага камара зімняй ноччу. Хутка прывітанні ўвогуле сціхлі, і прыдворныя пачалі разгублена пераглядацца паміж сабой.
Тады фараон насуперак усім звычаям паварушыўся і натхнёна ўзняў бізун і жазло, вітаючы свой народ. Натоўп таксама зварухнуўся, і страшэнны крык, падобны да грукату хваляў, вырваўся з вуснаў народа. Людзі крычалі:
— Амон! Амон! Вярні нам Амона — уладара ўсіх багоў!
Крык мацнеў і ўздымаўся, крумкачы і паддажэры ўзляцелі з муроў і закружылі над насілкамі, лопаючы чорнымі крыламі. А людзі крычалі:
Далоў ілжэфараона! Далоў!
Гэтыя крыкі напалохалі насільшчыкаў, насілкі спынілі свой pyx, a калі знерваваныя начальнікі пагналі іх далей, народ лёгка прарваў ланцуг ахоўнікаў, змёў са свайго шляху нешматлікіх воінаў, і натоўп за-
поўніў праход перад насілкамі. Усё гэта адбылося вельмі хутка, воіны схапіліся за палкі, каб пракласці насілкам дарогу, але ўжо праз імгненне, ратуючы і сваё жыццё, мусілі пусціць у ход нажы і дзіды, бо ў натоўпе таксама замільгалі камяні і дубінкі, і разам са злоснымі крыкамі пачуліся перадсмяротныя хрыпы. У Алеі бараноў зноў пралілася кроў. Але ў бок фараона не паляцеў ніводзін камень, бо, як і ўсе папярэднія фараоны, ён быў народжаны сонцам, яго асоба была свяшчэннай і недатыкальнай, і нікому ў натоўпе, нягледзячы на ўсю нянавісць, нават у страшным сне не прыйшло б у галаву да яго дакрануцца. Думаю, нават жрацы не асмеліліся б падняць руку на свяшчэнную асобу ненавіснага фараона, бо такога ніколі не здаралася. Таму фараон мог бесперашкодна назіраць за ўсім, што адбывалася з вышыні свайго трона, пастаўленага на насілкі. Забыўшыся на сваю царскую і боскую годнасць, ён устаў і закрычаў, імкнучыся стрымаць воінаў, але сярод жахлівага шуму і ляманту яго ніхто не пачуў.
Народ шпурляў у воінаў камяні, біў іх палкамі, а воіны абараняліся дзідамі і многіх забілі, але людзі бесперапвінна крычалі:
— Амон! Амон! Вярні нам Амона!
I яшчэ яны крычалі:
— Прэч! Прэч ілжэфараон, табе няма чаго рабіць у Фівах!
Камяні ляцелі і ў высакародных, людзі прабіваліся ўсё бліжэй, і прыдворным давялося кінуцца наўцёкі.
Тады Харэмхеб загадаў трубіць у трубы, і раптам з суседніх вуліц выехалі калясніцы, якія былі там прыхаваныя, чакаючы свайго часу. Харэмхеб распарадзіўся зняць з калясніцаў мячы, каб нікога не параніць, але, хоць вазніцы вялі коней павольна, шматлюдзей трапіла пад капыты і пад колы. У строгім парадку калясніцы атачылі фараонавы насілкі і рушылі далей, ахоўваючы царскую сям'ю і прыдворных. Аднак натоўп не разыходзіўся, пакуль чаўны фараона не пераплылі на другі бераг. Тады ўсіх ахапіла радасць, і пераможныя крыкі гучалі яшчэ страшней, чым крыкі нянавісці, а потым паявіліся злодзеі, якія пачалі ўрывацца ў дамы багатых і рабаваць усё запар. Толькі пасля таго, як воіны дзідамі навялі парадак, народ разышоўся, і з наступленнем вечара крумкачы зляцеліся дзяўбаць трупы на бруку Алеі бараноў.
Так фараон Эхнатон упершыню ўбачыў ашалелы народ і кроў, якая лілася па віне яго бога. I гэтай карціны ён не здолеў забыць ніколі, штосьці зламалася ў ім, і нянавісць уліла атруту ў яго любоў. Яго ахапіла ліхаманка. Ён загадаў адпраўляць на руднікі кожнага, хто ўголас назаве імя Амона ці патаемна будзе зберагаць яго ў надпісах, малюнках ці на посудзе. А паколькі людзі не хацелі выдаваць адно аднаго, то ў сведкі пачалі браць рабоў і злачынцаў. I цяпер ніхто ўжо не мог уратавацца ад ілжывых сведкаў. 1 шмат добрых і сумленных людзей сталі
рабамі на каменяломнях і ў рудніках, а драпежныя сквапныя нягоднікі атрымлівалі іх майстэрні і крамы ў імя Атона. Але расказваючы гэта, я забягаю наперад, бо хачу, каб было зразумела, чаму так адбылося. А тою ноччу мяне тэрмінова выклікалі ў Залаты палац, бо ў фараона пачаўся прыпадак, і прыдворныя лекары, баючыся за яго жыццё, хацелі падзяліць са мной адказнасць. На працягу многіх мер вадзянога часу фараон ляжаў непрытомны, нагадваючы мерцвяка, яго члены схаладзелі і ў жылах не адчувалася крывацёку. Пра тое, што ён жывы, сведчыла толькі кроў, што цякла з роту, бо ён пакусаў сабе язык і вусны. Апрытомнеўшы, Эхнатон прагнаў усіх лекараў і пакінуў толькі мяне. Калі мы засталіся адны, ён сказаў:
— Збяры весляроў, і хай усе мае сябры пойдуць за мною. Я адпраўляюся туды, куды мяне клічуць мае мроі і відзежы, і я не спынюся, пакуль не знайду зямлі, якая не належыць ніякаму богу і ніводнаму чалавеку. Гэтую зямлю я прысвячу Атону і пабудую на ёй свой горад, a ў Фівы я ніколі больш не вярнуся.
I яшчэ ён сказаў:
— Паводзіны насельніцтва Фіваў мне агідныя болей за ўсё, што адбывалася да гэтай пары. Нічога болей мярзотнага й брыдкага не даводзілася перажываць маім продкам нават ад чужых народаў. Таму маёй нагі больш не будзе ў Фівах! Хай гэты горад пагрузне ў сваёй цемры.
Яго парыў быў такі моцны і нецярплівы, што ён дазволіў аднесці сябе на карабель яшчэ хворым, і ніхто — ні я, лекар, ні яго дарадцы не змаглі адгаварыць яго ад гэтай задумы. Але Харэмхеб сказаў:
— Так лепш, бо атрымаецца, што народ Фіваў дабіўся свайго, а Эхнатон — свайго, усе задаволяцца, і ў краіну вернецца мір і спакой.
Эхнатон быў такі разгублены і яго вочы так бегалі, што я падпарадкаваўся яго рашэнню, тым больш што, як лекар, я думаў, што яму будзе лепш змяніць месца, пабачыць новыя землі, сустрэць новых людзей, якія не адчувалі б да яго нянавісці. Такім чынам мне давялося выправіцца следам за фараонам у падарожжа ўніз па рацэ. Яго нецярпенне было такое вялікае, што ён не захацеў нават чакаць усю царскую сям'ю. Каб па дарозе з ім не здарылася нічога дрэннага, Харэмхеб загадаў, каб нас суправаджаў ваенны карабель.
Карабель фараона плыў уніз па рацэ. Фівы засталіся ззаду, зніклі за даляглядам гарадскія муры, дахі храмаў і залатыя спічакі абеліскаў, расталі ўдалечыні вершаліны трох гор, адвечных ахоўнікаў вялікага горада. Але памяць пра Фівы не знікла, яна плыла за намі шмат дзён па рацэ, поўнай тоўстых кракадзілаў, што рыскалі ў смярдзючай ад гнілых трупаў вадзе. Сто разоў па сто разбухлых мёртвых целаў гайдаліся на хвалях, і не было ўздоўж ракі ніводнай водмелі ці чаротавых зарасцяў, дзе не было б трупаў, якія зачапіліся валасамі ці вопраткай, якія загі-
нулі праз новага бога фараона Эхнатона. Але сам фараон пра тое не ведаў, ён ляжаў у царскім памяшканні на мяккіх посцілках, і слугі ўціралі яму духмяны алей і палілі вакол вохныя палачкі, каб ён не пачуў, як смярдзіць яго бог.
Але на дзесяты дзень нашага падарожжа рака ачысцілася, і фараон падняўся на нос карабля, каб агледзець наваколле. Па берагах летнія палеткі жаўцелі ўраджаем, земляробы пачалі ўжо яго збіраць, вечарамі на вадапой прыганялі скаціну, і пастухі гралі на двайных чаротавых жалейках. Убачыўшы фараонаў карабель, людзі апраналіся ў белае і збягаліся з усіх вёсак на бераг, яны віталі фараона крыкамі і махалі пальмавымі галінкамі. Лепей за ўсякія лекі на здароўе фараона дзейнічаў выгляд задаволенага народу, і часам ён загадваў прыстаць да берага, сыходзіў з карабля, размаўляў з людзьмі і, дакранаючыся да іх, бласлаўляў жанчын і дзяцей, якія потым ніколі не маглі забыць гэтага. Да яго баязліва падыходзілі авечкі, абнюхвалі яго і жавалі падол яго плашча, а ён смяяўся шчаслівым смехам.
У начной цемры ён стаяў на носе карабля, глядзеў на яркія зоркі і казаў мне:
— Я аддам усе землі праклятага бога тым, хто задавальняецца малым і працуе сваімі рукамі, каб яны былі шчаслівыя і ўслаўлялі імя Атона. Я раздам ім усе землі, бо маё сэрца радуецца, гледзячы на сытых дзяцей і вясёлых жанчын і мужчын, якія працуюць у імя Атона. Ніхто з іх не ведае ні злосці, ні страху.
I яшчэ ён сказаў:
— У сэрцы чалавека пануе цемра, але калі б я сам не ўбачыў гэтага на свае вочы, я ніколі не змог бы паверыць. Бо ўва мне гарыць святло майго бога, і я не ўспрымаю цемру, яно гарыць ува мне так ярка, што я забываю пра ўсе злыя і грэшныя сэрцы. Напэўна, ёсць шмат людзей, якія бачаць Атона і адчуваюць яго любоў, але не могуць зразумець яго, бо ўсё жыццё пражылі ў цемры, і іх вочы ўжо не ўспрымаюць святла. Гледзячы на святло, яны яго лічаць злом, бо яно слепіць ім вочы. Таму я пакідаю іх у спакоі і не буду ім замінаць, калі яны самі не будуць замінаць мне. Але жыць з імі я не хачу. Я збяру вакол сябе тых, хто мяне любіць і буду жыць з імі. Я не хачу больш адчуваць гэтага страшнага галаўнога болю, які ўзнікае кожны раз, калі я бачу тое, што засмучае мяне і жахае Атона.
He адводзячы позірку ад зорак, ён сказаў:
— Ноч — гэта для мяне жах, я не люблю цемры і баюся яе, я не люблю зорак, бо пад зорным святлом выходзяць са сваіх нораў шакалы і львы пакідаюць свае логавішчы, прагнучы крыві. Вось і Фівы для мяне — цёмная ноч, і таму я пакідаю гэты горад, а з ім — усё старое і хлуслівае. Я хачу скіраваць свае надзеі на ўсё маладое і новае, на дзя-
цей, бо толькі з маладых і дзяцей у свет прыходзіць вясна. Засвоіўшы з дзяцінства вучэнне Атона, яны ачысцяцца ад зла і ачысцяць свет. Дзеля гэтага ўсе школы павінны быць абноўленыя, старых настаўнікаў трэба прагнаць і напісаць дзецям новыя тэксты. А каб іх лягчэй было чытаць і пісаць, я хачу скласці прасцейшае пісьмо ў параўнанні з ранейшым, — каб разбіраць напісанае, больш не спатрэбіцца ведаць адмысловыя малюнкі, гэтаму пісьму будзе прасцей навучыцца, і тады знікне патрэба ў шматлікіх пісарчуках, знікне розніца паміж грамацеямі і простым народам. Кожны навучыцца пісаць, і ў кожнай самай маленькай вёсачцы будзе свой знаўца, які зможа прачытаць тое, што я напісаў, сялянам. А я збіраюся ім пісаць шмат і часта пра ўсё, што ім належыць ведаць.