Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Але ж ты сцвярджаеш, што жывеш толькі праўдай, фараон Эхнатон, — адказаў я. — Вось я і кажу табе праўду, хоць добра ведаю, што твае прыдворныя і вернікі Атона, закручваюць праўду ў мяккія футры, каб абараніць цябе ад хваробы. А праўда — гэта аголены востры нож у руках чалавека, і ён можа павярнуцца супраць таго, хто яго трымае. Праўда паварочваецца да цябе самога, фараон, і гэта яна прыносіць табе пакуты — не я. А я магу лёгка цябе вылечыць, калі толькі ты закрыеш вушы для праўды.
Ён падышоў да мяне, моцна сціснуў маю руку і сказаў:
— Не-не, Сінухе. Эхнатон жыве толькі праўдай, у тым і ёсць яго жыццёвае прызначэнне. А калі егіпцянка ў імя Атона і павесяліцца з неграм, дык усе народы і колеры скуры маюць аднолькавую каштоўнасць у вачах Атона.
Харэмхеб плюнуў і расцёр нагой плявок, потым з агідай панюхаў свой бізун. Фараон пакрыўджана паглядзеў на яго, і я зразумеў, што Эхнатон няздольны жартаваць і смяяцца і што ён чалавек нешчаслівы і прыносіць няшчасце іншым. Тады я сказаў:
— Праўда не робіць чалавека шчаслівым. Нядаўна я ўскрыў чэрап адной старой кабеце, якая ўяўляла, што яна царыца Хатшэпсут, і была
шчаслівай. Потым, вылечыўшыся, яна ўбачыла сваю галечу і старасць, і такое выздараўленне наўрад ці дадало ёй шчасця.
Эхнатон спытаў:
— А мяне ты можаш вылечыць, ускрыўшы мне чэрап?
Я доўга думаў і ўрэшце адказаў:
— Ты ведаеш, фараон Эхнатон, што з тваёй свяшчэннай хваробай я знаёмы даўно: я бачыўтвой прыпадак, калі ты быўяшчэ юнаком. Пасля ўскрыцця чэрапа ў адных прыпадкі знікаюць, у другіх аднаўляюцца. Гэта, мабыць, залежыць, ад чаго ўзнікла хвароба — ад знешняй раны ці ад прыроды. У апошнім выпадку хваробу нельга вылечыць простым ускрыццём чэрапа. Але твой галаўны боль паказвае, што ў цябе быў пашкоджаны чэрап, гэта я заўважаю і па тым, як час аж часу торгаюцца твае шчокі і рукі, калі ты гаворыш. Ускрыццё чэрапа, калі б якінебудзь лекар асмеліўся зрабіць яго, магло б палегчыць твае пакуты. Але ведай: калі ты вылечышся, ты назаўсёды страціш свае мроі і тое, што тваё сэрца лічыць ісцінай. Як лекар я не баюся сказаць, што твой бог Атон — спараджэнне тваёй хваробы, але як чалавек мушу прызнаць, што ад таго веліч тваёй ідэі зусім не змяншаецца.
Фараон паглядзеў на мяне з недаверам і спытаў:
— Ты сапраўды лічыш, што Атон пакіне маё сэрца, калі ты ўскрыеш мне чэрап?
— Я не збіраюся рабіць гэтага, Эхнатон, — паспешліва адказаў я. — Праявы тваёй хваробы не патрабуюць такой аперацыі, а кожны сумленны лекар зробіць яе, толькі калі таго будзе вымагаць выратаванне жыцця хвораму. Таму я не зраблю гэтага нават па тваім загадзе.
Харэмхеб умяшаўся ў размову і сказаў:
— Сінухе — сапраўдны майстар, і гэта такая самая праўда, як тое, што мой бізун дагэтуль смярдзіць кошкамі. Ты ж памятаеш, Эхнатон, што ён — вучань старога Птахора. Але ён яшчэ ўдасканаліў сваё майстэрства ў многіх краінах. Ты можаш спакойна даверыць яго рукам свой боскі чэрап. I можа, своечасовая аперацыя выратуе для Егіпта Сірыю і зямлю Куш і дапаможа пазбегнуць мноства смярцей, якія ўзыдуць на палетках тваіх вар'яцкіх учынкаў. Я не кажу гэта як лекар, бо нічога не разумею ў лекарскай справе, я не кажу гэта нават як салдат, — я кажу гэта як просты егіпцянін, які любіць Чорную зямлю і хоча бачыць вясёлых жанчын і сытых дзяцей, а не смерць, пошасць і голад.
Але фараон на яго не пакрыўдзіўся. Ён паглядзеў на нас з пэўнай шкадобай, бо ведаў, што яго праўда мацнейшая за ўсе нашыя, і, прасвятлеўшы тварам, сказаў:
— Стары Птахор памёр, і Дом Жыцця яшчэ нікога не прызначыў на яго месца. Я аддаю гэтую пасаду табе, Сінухе, і з дня Сірыуса ты можаш атрымліваць усе прыбыткі і выгоды, звязаныя з гэтай пасадай, a
ўсе падрабязнасці табе раскажуць у Доме Жыцця. Але лекары з Дома Жыцця больш не хочуць лячыць хваробы нажом, бо агонь праклятага звергнутага бога, якім яны ачышчалі свае абцугі і нажы, згас. Скажы, хіба агонь Атона не можа быць гэтак сама прыдатны дзеля ачышчэння лекарскіх прыладаў?
— Агонь — ён і ёсць агонь, адказаў я. — Падарожнічаючы па многіх краінах, я браў агонь і з алтара Ваала, і з алтара Мардука, і ніводзін хворы не прыходзіў скардзіцца, што пасля такога лячэння ў яго загнаілася або запалілася рана. Але цяпер самы гнілы месяц года, і лекары, што вераць у праклятага Амона, могуць скарыстацца гэтым, каб напалохаць народ. Калі хочаш, я пайду ў Дом Жыцця і ўсё растлумачу тамтэйшым вучням, бо я просты лекар, і мае веды не паменшаюць, нават калі імя маё будзе выкрасленае са спісаў Дома Жыцця.
— Зрабі гэта, — узрадавана сказаў фараон і дакрануўся да майго пляча доўгімі пальцамі вузкай рукі, а мне здалося, што да майго пляча даткнуўся пякучы агонь, і я зразумеў, што буду любіць яго да самай смерці, якім бы вар'ятам ён ні быў. — Зрабі гэта, — паўтарыў ён, — і ўзнагарода мая будзе вялікая, і ты будзеш сядзець праваруч ад мяне.
Але я не хацеў ад яго ніякіх падарункаў, мне проста хацелася, каб да яго вярнуўся добры настрой, і я зразумеў, чаму ўсе, хто любяць яго, хаваюць ад яго праўду, хоць сам ён хацеў жыць толькі па праўдзе.
Потым Харэмхеб павёў мяне ў залу, дзе звычайна збіраліся госці і прыдворныя. Яны зайздросцілі адзін аднаму і змагаліся за лепшыя месцы за сталом, бо кожны хацеў сядзець бліжэй да фараона. Разам з Харэмхебам я апынуўся бліжэй за ўсіх ад царскай сям'і, мяне пасадзілі праваруч ад фараона, і тут я са здзіўленнем заўважыў, што жрэц Эйе таксама ўведзены ў царскую сям'ю. Але потым я ўспомніў, што пасля смерці маленькай царэўны з Мітанні, якая памерла неўзабаве пасля прыезду ў Егіпет, Боскай жонкаю фараона стала яго дачка Неферціці,
Забыўшыся на ежу і віно, я разглядаў стол, за якім фараон Эхнатон праменіўся сваёй незямною праўдай, і здзіўляўся таму, колькі страшных таямніцаў хаваецца за гладкімі лбамі тых, хто сядзеў за гэтым сталом. Царская маці Тэйе пастарэла і патаўсцела, і, мусіць, ад таго негрыцянскія рысы выразней праступілі на яе твары. I я падумаў, што перакананасць фараона ў тым, што ўсе народы і колеры скуры роўныя перад богам, бярэ пачатак з сэрца ягонай маці. Прынцэса Бэкетамон, па прыкладзе фараона змяніла сваё імя на Бэкетатон, яе твар быў прыгожы і размаляваны, як у статуі. Побач фараонам сядзела царыца Неферціці, і, паглядзеўшы яе, я не здзівіўся, чаму менавіта яе фараон узвысіў і зрабіў сваёй Вялікаю жонкай. Яна ўжо нарадзіла фараону дзвюх дачок, але гэта ніяк не адбілася на яе фігуры, а пра хараство яе твару паэты складалі песні, ужываючы ўсе магчымыя параўнанні, так
што мне застаецца толькі сказаць, што на ёй не было ніводнай аздобы, але і без іх яна выглядала самай прыгожай і высакароднай жанчынай з усіх, якіх я калі-небудзь бачыў. Яе высокая і пругкая шыя зусім не згіналася пад вялікай каронай, якая толькі падкрэслівала яе беззаганную форму. Але яе вочы глядзелі жорстка, і толькі зрэдку па яе тонкіх вуснах прабягала слабая ўсмешка.
Фараон Эхнатон еў з залатой талеркі толькі малочную кашу, а на тронках лыжкі была па-майстэрску выразаная тонкая галоўка антылопы. Пасля кашы ён адламаў кавалачак хлеба, з'еў яго і запіў не віном, a чыстай вадой з залатой чашы. Тады яго твар прасвятлеў, стаў натхнёны і ясны, і ён гучна сказаў:
— Раскажыце ўсяму народу, што фараон Эхнатон жыве толькі праўдай і харчуецца вадою і хлебам, як самы бедны земляроб.
Потым ён пачаў усхваляць хлеб, блаславёны Атонам, зерне і ваду, на якіх ляжала блаславенне светлага бога. Тыя, хто хацеў заслужыць прыхільнасць фараона, таксама не захацелі есці смажаных галубоў, гусей па-фіванску і мядовага печыва, а задаволіліся вадой і хлебам, застаўшыся амаль галоднымі, хоць застолле цягнулася доўга і гасцям прапаноўвалі дванаццаць страваў з мяса, восем з печыва і рознае марожанае. Па іх спаленых сонцам тварах было відаць, што гэта прасталюдзіны, якіх фараон узвысіў і зрабіў сваімі дарадцамі ў розных дзяржаўных пытаннях. Я не сумняваўся, што яны людзі мудрыя і дасведчаныя, бо шмат у каго ў іх былі разумныя вочы і прыгожыя лбы, але пасцілі яны дарэмна, бо астатнія прыдворныя без усялякай сарамлівасці елі і пілі ўсё, што падавалася на стол, ад чаго толькі весялелі і рабіліся ўсё болып гаваркімі.
Пазней я даведаўся і сам бачыў, што фараон Эхнатон зусім не грэбаваў віном і, калі ўсё ішло, як ён хацеў, з ахвотай весяліў ім сэрца. Ён не грэбаваў і тлустымі гусямі, і мясам антылопы, але перад прыпадкам, калі хацеў ачысціцца, адчуваў да мяса агіду. У ежы ён быў не надта разборлівы — мусіць, таму, што страва не мела для яго такога значэння, як для іншых. Калі яго сэрца поўнілася пачуццямі, а думкі мільгалі ў галаве так хутка, што ён ледзь паспяваў дыктаваць іх пісарчукам, яму было ўсё адно, што есці і піць.
Я думаю, ён мог бы задаволіцца і ўбогай страваю земляроба, калі б апынуўся ў становішчы самага беднага са сваіх падданых. Падчас вечарыны ён, устаўшы з трона, як гасцінны гаспадар, падышоў да гасцей. Ён размаўляў з імі, дакранаючыся да пляча, часам браў з іх талеркі птушыную нагу, якую-небудзь садавіну ці мядовае печыва і безуважна жаваў іх, напэўна, не ўсведамляючы нават, што робіць, бо прыкідвацца ён не ўмеў. Але тыя, хто задаволіўся толькі кашай і хлебам, непрыязна сачылі галоднымі вачыма за кожным кавалкам, які знікаў у хударлявым
горле фараона. Адчуўшы смагу падчас доўпх размоваў, ён мог адпіць віна з чашы свайго суразмоўцы, што было знакам асаблівай прыхільнасці і таго, што госць можа забраць чашу сабе на ўспамін, каб потым паказваць сваім дзецям. Я таксама прынёс дадому такі падарунак — залатую чашу вагой у некалькі дэбенаў, яе сценкі звонку пакрывалі ўзоры ў выглядзе вінаградных гронак. Госці тым часам таксама ўсталі з-за стала і пачалі хадзіць па зале, гутарыць са знаёмымі і слухаць прыдворныя плёткі. Да мяне падышоў апрануты ў тонкі царскі лён невысокі шыракатвары чалавек, на шыі і прыцэўках у якога звінела золата. Толькі па цёмных вясёлых вачах я пазнаў Тутмеса і, ускрыкнуўшы ад радасці, устаў. каб абняць яго. Я расказаў, як шукаў яго ў «Сірыйскім гарлачы», але ён адказаў на гэта:
— Мне цяпер не да твару хадзіць па такіх паганых шынках, бо я ўжо не маю ні сілы, ні часу, нават каб выпіць тое, чым мяне частуюць у сваіх дамах мае сябры і заступнікі. Ён, Прасветлены, прызначыў мяне царскім каменярэзам, што ты можаш прачытаць на маім залатым ланцугу. Я намаляваў яму сонечны дыск Атона з рукамі ў выглядзе шматлікіх вясёлак, якія кожнаму працягваюць жыватворны крыж.