• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Такім чынам я спагнаў з Нефернефернефер доўг, які яна была мне вінная за маіх бацькоў. Я ўявіў, як яна будзе сябе адчуваць, апрытомнеўшы пад скляпеннямі Дома Смерці, без багацця, без слуг, у лапах мыйшчыкаў трупаў і бальзамоўшчыкаў. Я добра ведаў, што гэтыя людзі ўжо ніколі не дазволяць ёй выйсці на белы свет. Такой была мая помста Нефернефернефер, за якую мне давялося спазнаць усе жахі і брыдоты Дома Смерці. Пазней я зразумеў гэта была дзіцячая помста. Але ў тую хвіліну яна здавалася мне п'янючым і дурманным зеллем, якое прабірала мяне з галавы да ног. Зрэшты, адразу як я пакінуў Дом Смерці, ап'яненне прайшло, а замест яго ўзнікла халоднае пачуццё пустэчы, ледзяны холад скаваў маё сэрца, а галава апусцела, як яечнае шалупінне. Мяне ўжо не радавала думка, што сваім учынкам я ўратаваў шмат маладых дурняў ад ганьбы і пагібелі, якія заставаліся пасля кожнага кроку маленькай ножкі Нефернефернефер. Я падумаў, што калі ўсё ў гэтым свеце мае сваё прызначэнне, дык і жыццё Нефернеферне-
    фер мела сваю адмысловую мэту, і на свеце павінна быць шмат жанчын, падобных да яе, бо іх прызначэнне — выпрабоўваць сэрцы. А калі нішто ў гэтым свеце не мае сэнсу і мэты, то і мой учынак бескарысны, як усе чалавечыя ўчынкі, — тым болып, што радасць ад помсты знікла ў адну хвіліну. А калі нічога не мае мэты, дык лепш кінуцца ў раку, і хай яна знясе з сабой маё цела.
    Я пайшоў у «Кракадзілавы хвост», сустрэўся з Мэрыт і сказаў ёй:
    —	Я спагнаў свой доўг і зрабіў гэта такім страшным чынам, якога не прыдумаў яшчэ ніводзін чалавек у свеце, але помста не прынесла мне радасці, і на сэрцы ў мяне яшчэ болей пуста, чым раней, а маё цела мерзне нягледзячы на задушлівасць ночы.
    Я піў віно, і яно сушыла маю глотку, як дарожны пыл. I я сказаў Мэрыт:
    —	Хай я высахну, як куст у пяску, калі хоць раз у жыцці яшчэ дакрануся да жанчыны. Чым больш я пра яе думаю, тым болей яе баюся, бо цела жанчыны — гэта сухая пустэльня, а яе сэрца — смяротная пастка.
    Мэрыт дакранулася да маёй рукі, паглядзела на мяне цёмнымі вачыма і сказала:
    —	Сінухе, ты ніколі не ведаў жанчыны, якая хацела б табе дабра.
    —	Хай ратуюць мяне ўсе багі Егіпта ад жанчыны, якая мне хоча дабра, бо фараон таксама ўсім хоча дабра, але праз яго дабрыню рака поўніцца трупамі.
    Я глынуў яшчэ віна, заплакаў і дадаў:
    —	Мэрыт, твае шчокі гладкія, нібы шкло, а твае рукі цёплыя. Дазволь мне сёння ўначы дакрануцца вуснамі да тваіх шчок і ўкласці свае халодныя пальцы ў твае цёплыя далоні, каб заснуць і не бачыць ніякіх сноў. А я дам табе ўсё, што ты папросіш.
    Але Мэрыт сумна ўсміхнулася і адказала:
    —	Я баюся, што тваім языком гаворыць цяпер наш «кракадзілаў хвост», але я прывыкла да такога і не злуюся на цябе, Сінухе. Ніколі ў жыцці я не прасіла ў мужчын нічога, ні ад каго не ўзяла падарунка, які меў бы хоць якую каштоўнасць, і нічога не прашу ў цябе. Аднак калі я захачу што-небудзь аддаць, дык аддам ад усяго сэрца. I я з добрай душой падарую табе тое, чаго ты просіш, бо я такая ж самотная, як і ты.
    Яна ўзяла з маіх дрыготкіх рук чашу з віном, паслала на падлозе цыноўку, лягла побач са мной і сагрэла мае халодныя рукі ў сваіх далонях. Я дакранаўся сваімі вуснамі да яе гладкіх шчок і ўдыхаў кедравы водар яе цела, я цешыўся з ёю, і яна была мне і маці і бацькам, яна была як жарніца бяздомнаму ў зімовую сцюжу, як агонь на беразе, які ў начную непагадзь паказвае мараку дарогу да гавані. А калі я пагрузіўся ў сон, яна ператварылася ў Мінею, якую я страціў назаўсёды, і я ляжаў побач з ёю на марскім дне, і ўжо не бачыў у сне нічога благога,
    я спаў моцна, а яна шаптала мне на вуха словы, якія звычайна шэпчуць маткі дзецям, каб яны не баяліся цемры. 3 гэтай ночы яна стала маёй сяброўкай, у яе абдымках я паверыў, што ўва мне і ў свеце ёсць нешта большае і мацнейшае за мяне і мае веды і дзеля чаго трэба жыць.
    Наступным ранкам я сказаў ёй:
    —	Мэрыт, я разбіў гаршчок з жанчынай, якая памерла, але я ўсё яшчэ зберагаю срэбную стужку з яе валасоў. I дзеля нашага сяброўства, Мэрыт, калі ты захочаш, я гатовы разбіць гаршчок з табой.
    Але яна ў адказ пазяхнула, прыкрыўшы рот далонню і сказала:
    —	Ніколі больш не пі «кракадзілавы хвост», Сінухе, бо на другі дзень ты пачынаеш вярзці глупства. Памятай, што я нарадзілася ў шынку і ўжо даўно не нявінная дзяўчынка, якая паверыла б тваім словам, каб потым з горыччу расчаравацца ў іх.
    —	Калі я гляджу ў твае вочы, Мэрыт, я пачынаю верыць, што на свеце ёсць і добрыя жанчыны, — сказаў я, — дакранаючыся да яе шчакі сваімі вуснамі. — Я сказаў табе гэта, каб ты зразумела, як шмат ты для мяне значыш.
    Яна ўсміхнулася і сказала:
    —	Спадзяюся, ты запомніш маю забарону піць наш «кракадзілаў хвост», бо калі жанчына каго-небудзь кахае — першым чынам яна штонебудзь забараняе свайму каханаму, каб адчуць і паказаць сваю ўладу над ім. He будзем гаварыць пра гаршчкі, Сінухе, ты добра ведаеш, што, калі табе стане маркотна і сумна, на маёй цыноўцы для цябе заўсёды знойдзецца месца. Але не крыўдуй, калі заўважыш, што, апроч цябе, на свеце ёсць і іншыя, хто ў сумоце, бо як чалавек, я маю права выбіраць кампанію і не хачу звязваць сябе. А ў гонар гэтага, нягледзячы ні на што, я сама прапаную табе яшчэ адну чашу «кракадзілавага хваста».
    Які ж неспасцігальны дух чалавека, як мала ён ведае сваё сэрца, бо ў тую ж хвіліну я адчуў сябе лёгка і вольна, як птушка, і забыўся на ўсё страшнае, што адбылося апошнімі днямі. Мне было добра, і тым днём я не стаў болей піць «кракадзілавы хвост». I гэта таксама было добра, бо праз дзень я зноў сустрэў фараона Эхнатона.
    4
    У той дзень Харэмхеб прыйшоў да фараона паведаміць, што ён скінуў Амона і ў горадзе зноў усталяваны парадак. Тады Эхнатон надзеў на яго каўнер галоўнага ваяводы і перадаў яму залаты бізун, які ўсё яшчэ пахнуў кошкамі Пэпітатона. На наступны дзень фараон хацеў наладзіць урачыстае шэсце па Алеі бараноў, каб адсвяткаваць перамогу Атона і прынесці ў храме святочныя ахвяры, а ўчары наладзіць у Залатым палацы святочны банкет са сваімі сябрамі. Харэмхеб расказаў яму пра мяне, і таму я таксама атрымаў запрашэнне, тым болей, што Харэмхеб,
    расказваючы, як я адважна лячыў падчас беспарадкаў гарадскіх беднякоў і выціраў слёзы сіротам, вельмі перабольшыў мае заслугі.
    Я апрануўся ў тонкі царскі лён і пайшоў за Харэмхебам. На караблі ён сказаў, памахваючы залатым бізуном:
    — Пакуль не забыўся, хачу папярэдзіць, каб ты больш не ўмешваў маіх воінаўу свае справы з жанчынамі. У горадзе сярод высакародных мужчын расце абурэнне яны сцвярджаюць, што мінулаю ноччу ты выкраў нейкую жанчыну з яе ўласнага дома. У яе шмат багатых каханкаў, і яны вішчаць, як марцовыя каты. Вось паскудства, гэты бізун так смярдзіць! Так-так, яны шукаюць сваю прыгажуню! Але мае воіны маўчаць. Таму раю: трымай яе дзе-небудзь далей і забаўляйся з ёй, колькі хочаш. А я не паверыў бы, што дзеля жанчыны ты здольны на такія дзёрзкія ўчынкі! Але вялікія рыбіны кладуць ікру ў глыбокіх вірах, так што мае воіны нездарма празвалі цябе Сынам дзікага асла.
    У палацы я ўпершыню ўбачыў навамодныя жаночыя ўборы, пра якія так шмат было гаворкі ў горадзе, і магу смела сказаць, што, нягледзячы на сваю незвычайнасць, яны былі прыгожыя і не патрабавалі ад мужчын вялікай гульні ўяўлення. Я таксама заўважыў, што жанчыны пачалі фарбаваць веі ў малахітавы колер, а шчокі і вусны размалёўвалі цагляна-чырвоным колерам, і гэта рабіла іх падобнымі да старых малюнкаў. Але гэта ім было і патрэбна, бо, прасвяткаваўшы на вуліцах Фіваў цэлую ноч, яны ледзьве рухаліся, душачыся пазяханнем, а многія жанчыны былі яшчэ такія п'яныя, што падпіралі сцены.
    Харэмхеб завёў мяне ў пакоі фараона, і я зноў убачыў Эхнатона. За той час, пакуль мяне не было, ён значна вырас і з юнака ператварыўся ў мужчыну, яго страсны твар стаў яшчэ бляднейшым, вочы падпухлі ад недасыпу. На ім не было ніякіх упрыгожанняў і аздобаў, ён быў апрануты ў простую белую вопратку з самага тонкага царскага ільну, якая не хавала некалькі жаночую бясформеннасць яго высокага кволага цела.
    — Сінухе-лекар, Самотнік, я цябе памятаю, — сказаў ён, і я зразумеў, што гэта чалавек, якога можна або любіць, або ненавідзець, але застацца абыякавым, калі ў тваіх грудзях б'ецца чалавечае сэрца, немагчыма. Я пакутую ад галаўнога болю, які начамі пазбаўляе мяне сну, — працягваў ён, мацаючы свой лоб. — Страшэнны боль пачынаецца, калі што-небудзь адбываецца супраць маёй волі, і лекары нічым не могуць мне дапамаічы. Яны могуць толькі крыху суцішыць боль, даючы рознае дурманнае зелле, але я не хачу яго піць, бо мае думкі павінны быць яснымі дзеля служэння майму богу. Дый лекары праклятага Амона мне ўжо ўстылі. Харэмхеб, Сын сокала, расказваў мне пра тваё майстэрства, Сінухе. Ты прызнаеш Атона?
    Гэта было цяжкае пытанне, і я старанна абдумаў кожнае слова, перш чым адказаць фараону:
    — Я прызнаю Атона, калі ён — нешта ўва мне, але і яшчэ нешта такое, што па-за межамі маіх ведаў, увогуле па-за межамі чалавечага пазнання, нешта вышэй за яго. Іначай я не магу ў яго верыць.
    Фараонаў твар узбуджана ўспыхнуў, і ён сказаў:
    — Ты кажаш пра Атона лепш за маіх вучняў, бо спазнаць яго чалавек можа толькі сэрцам, але не розумам. Толькі я адзін разумею яго розумам, бо я — яго сын, і ў сне я гляджу яму ў твар, хоць ён і не мае пэўнага вобліку. Няма іншага бога, апроч Атона, а багі, створаныя людзьмі, — несапраўдныя багі, гэта памылка перад яго абліччам. Усе багі — толькі цені побач вялікім Атонам, таму я і зрынуў праклятага бога, што яго цень засланяў святло сапраўднага бога ў чалавечых сэрцах. Сінухе, калі хочаш, я дам табе сімвал жыцця — крыж.
    Я адказаў яму:
    —	Мінулаю ноччу я бачыў, як за твой крыж да смерці забілі камянямі параненага чалавека, і жанчыны скакалі вакол яго, услаўляючы імя Атона. I таксама я бачыў, як жанчыны, усхваляючы Атона, аддаваліся неграм.
    Твар фараона стаў змрочны, зморшчыны праляглі па лбе, скулы пачырванелі і выступілі яшчэ болей, нібы падкрэсліваючы незвычайную хударлявасць твару. Скардзячыся на боль, ён дакрануўся да галавы, вочы ў яго затуманіліся, і ён крыкнуў:
    —	I ты, Сінухе, кажаш тое, што мне не падабаецца і ад чаго мая галава баліць яшчэ больш, чым раней!