Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Ці вы звар'яцелі? Фараон вам хоча дабра! Ён абяцаў раздзяліць паміж тымі, у каго нічога няма, усе Амонавы землі. I ўсе Амонавы сады з сённяшняга дня — вашы, а ў святым Амонавым возеры вы зможаце лавіць рыбу.
Але яны пярэчылі мне:
— Ілжывы фараон хоча нас выгнаць з нашых бедных, але такіх дарагіх нам хатаў! Ён хоча, каб мы аралі палеткі і сталі рабамі зямлі! Але
мы нарадзіліся не ў хлявах! А што да Амонавых рыб, дык ты сам мусіш ведаць, што ў іх вельмі колкія косткі, — яны засядаюць у горле і душаць чалавека, бо гэтыя рыбы — святыя.
Яны пачалі касавурыцца на мяне з падазрэннем, кажучы:
— Сінухе, мы прывыклі цябе паважаць і спадзяемся, што ты не з людзей Атона. А калі ты пакланяешся Атону, дык нам не патрэбная твая дапамога, бо тады твой нож атруціць нашыя раны, а твае павязкі ўрэжуцца нам у цела і спаляць яго, як агнём.
Я зразумеў, што ўсеагульнае Амонава шаленства асляпіла гэтых людзей, і мне лепш не адказваць ім, а толькі дапамагаць.
Да мяне ў двор прынеслі юнака, чые валасы блішчалі, намазаныя каштоўным алеем, але на горле ў яго зеўрала глыбокая рана. Я мог бы яго вылечыць, але тыя, каго я перавязаў раней, заўважылі на яго перапэцканым пылам і крывёй каўняры вышытыя Атонавы крыжы — сімвалы жыцця — і раней, чым я паспеў што-небудзь зрабіць, накінуліся і забілі небараку. Гэтыя няшчасныя не разумелі, чаму я плакаў і крычаў на іх: яны ўсяго толькі хацелі пазбавіцца ад зла, якое пранікла ў мой двор: усё зло для іх ішло ад Атона.
— Да Атона мы былі бедныя, але ж мы былі шчаслівыя, — патлумачылі яны мне. — Пры ўсёй нашай галечы і голадзе Амон бласлаўляў нас, і ў нас была надзея трапіць у Краіну Захаду, а праз праклятага Атона мы страцім Амонава блаславенне і застанемся такія ж бедныя, як paHeft. Цяпер ужо негры нас б'юць і раняць, а калі Амон зусім адступіцца ад нас, — а ён цар усіх багоў, — дык следам за Атонам прыйдуць чума і голад.
Кажучы так, яны выкінулі на вуліцу труп забітага юнака, і на яго адразу накінуліся сабакі.
На плошчах і вуліцах каля храма негры пілі піва, а сарданы і малодшыя начальнікі, не маглі жадаючы ім перашкаджаць, з асалодаю напіваліся віном з разрабаваных склепаў. Свяцільнікі на галоўных вуліцах увечары не запаліліся, неба над Фівамі было чорнае, а негры і сарданы, запаліўшы паходні, паразбягаліся са сваіх лагераў. Яны ўрываліся ў дамы ўцехаў, выбіваючы ў іх дзверы, рабавалі дамы жыхароў і хадзілі з вуліцы на вуліцу, пытаючыся ў сустрэчных:
— Амон ці Атон?
Калі хто не адказваў, таго збівалі і адбіралі кашалёк. А калі хто ад страху казаў: «Хай будзе блаславёны Атон!» — яны крычалі: «Брэшаш, сабака, нас не падманеш, паганы фіванец!» — і, працяўшы яму горла ці жывот дзідай, забіралі грошы і вопратку. Каб лепей бачыць, яны падпалілі некалькі дамоў, і неба над Фівамі зноў стала чырвонае ад паўсюдных пажараў, нават жыццё знаці той ноччу не было ў бяспецы, і ніхто не мог уцячы з горада, бо ўсе дарогі і выхады да ракі былі
перакрытыя, і кожнага ўцекача варта заварочвала назад, маючы загад прасачыць, каб Амонавы золата і каштоўнасці не вывозіліся патаемна з горада.
He ведаю, што думаў фараон, бачачы на фіванскім небе пошугі ад пажараў, але мне здаецца, што ад яго шмат чаго ўтаілі, а калі і давалі якія-небудзь тлумачэнні, ён ім верыў, бо ў душы не любіў Фіваў, гэты горад Амона. Пэпітатон не страціў сваёй пасады. Наадварот, у знак падзякі фараон падараваў яму залаты ланцуг, упрыгожаны кошкамі, бо новы ваявода першы, па прыкладзе фараона, змяніў сваё імя, жадаючы выкінуць з яго згадку пра праклятага бога Амона, якога болып нельга было называць уголас. За тое, што адбылося ў горадзе, ніхто не быў пакараны, але фараон не загадаў зняць аблогу з храма, пакуль жрацы не абразумяцца, ці не здадуцца пад націскам голаду. Праўда, пры гэтым ён загадаў нікога не забіваць. I гэта быў самы неразумны загад, бо ў свірнах храма Амона было шмат збожжа, у хлявах — скаціны, а ў садах — прывольнай пашы для яе, так што калі б у сценах храма Амона сабралося нават у сто разоў больш ягоных прыхільнікаў, нават тады яны не пакутавалі б ад голаду. Затое на голад былі асуджаныя самі Фівы, таму што ўсе дарогі да ракі былі перакрытыя.
Але самае жахлівае было тое, што на плошчы перад храмам валяліся гніючыя трупы, і ніхто не прыбіраў іх, бо, жадаючы пазбегчы фараонава гневу, усе рабілі выгляд, быццам нічога не ведаюць, а фараону паведамілі, што загінула ўсяго некалькі чалавек. Нават родзічам не дазвалялася забіраць целы блізкіх, толькі самым багатым сарданы ў першы ж дзень прадалі некалькі цел з плошчы, а на другі дзень і самі ўжо адтуль збеглі ад жахлівага смуроду. Саладжавы пах гніення плыў над усім горадам, і нават вада ў Ніле была атручаная. Праз некалькі дзён у горадзе пачалася пошасць, адолець якую не было ніякай магчымасці, бо Дом Жыцця з яго лекамі ды зёлкамі, знаходзіўся за сценамі храма.
Кожную ноч у горадзе бушавалі пажары, размаляваныя негры рабавалі хаты і пілі віно з залатых чашаў, а сарданы спалі на ложках пад балдахінамі. I кожную ноч жрацы Амона ад рання да ночы пасылалі праклёны фальшываму фараону і богаадступнікам. 3 усіх шчылінаў павылазіла ўсякая гарадская поскудзь — рабаўнікі магілаў і вулічныя злодзеі, якія не баяліся ніякіх багоў, у тым ліку Амона. Яны пачалі славіць новага бога Атона і ішлі да яго ў паспешліва памыты і пачышчаны храм, каб атрымаць ад жрацоў, якім удалося застацца жывымі, сімвал жыцця. А потым, пачапіўшы яго, як талісман, сабе на шыю, яны зноў ішлі рабаваць, забіваць і гвалціць, каго захочацца. Пасля ўсіх гэтых падзеяў Фівы яшчэ некалькі гадоў не маглі адрадзіцца. Улада і багацце выцеклі з горада, як выцякае кроў з незлічоных ранаў на чалавечым целе.
3
Харэмхеб жыў у маім доме. Назіраючы за падзеямі ў Фівах, ён амаль не спаў, яго позірк рабіўся ўсё болей змрочны, і ён толькі ўвесь час худнеў. Яго нават не вабілі разнастайныя стравы, якія ад раніцы да змяркання яму гатавала Муці, якая, як і многія жанчыны, вельмі ўпадабала Харэмхеба — нават больш за мяне, бо я хоць быў чалавек і вучоны, але слабы, без асаблівай фізічнай сілы. Гледзячы на тое, што адбываецца, Харэмхеб казаў:
— Мне няма справы ні да Амона, ні да Атона, але яны ператвораць маіх воінаў у дзікіх жывёл! Потым не адной спіне давядзецца паспытаць бізуна і не адна галава зляціць з плеч, раней чым я зноў давяду іх да розуму. I гэта вялікая бяда, бо я шмат каго з іх ведаю на імя. Я памятаю іх заслугі і разумею, што гэта добрыя воіны, калі іх своечасова лаяць і трымаць лейцы добра нацягнутымі.
Затое Каптах багацеў дзень за днём, і яго твар усё болей ільсніўся. Малодшыя начальнікі сарданскіх дружынаў плацілі за напоі нарабаванымі рэчамі, срэбрам і золатам, не пытаючыся цаны, і заднія пакоі ў шынку былі ўжо заваленыя рознымі каштоўнасцямі, куфэркамі і дыванамі. Чапаць шынок усе баяліся, і рабаўнікі абміналі яго, бо ведалі, што ён ахоўваецца воінамі Харэмхеба. А Каптах паіў сваіх ахоўнікаў ад рання да рання, і тыя яшчэ пільней выконвалі сваю справу, услаўляючы гаспадара.
На трэці дзень беспарадкаў мае лекі скончыліся, і купіць іх ужо было немагчыма нават за золата. Я страціў магчымасць лячыць хваробы, а яны ў сувязі з пратухлай вадой і гніючымі трупамі ўсё хутчэй распаўзаліся па бедных кварталах горада. Апроч таго, я стаміўся, маё сэрца ператварылася ў суцэльную рану, а вочы ад недасыпу пачырванелі. Мне ўсё ўстыла — і Атон, і беднякі, і іхнія раны, таму я пайшоў у «Кракадзілаў хвост» і пачаў піць, мяшаючы розныя віны, пакуль не заснуў, а ўранні Мэрыт разбудзіла мяне, і аказалася, што я сплю на яе цыноўцы. Мне зрабілася сорамна, і я сказаў:
— Жыццё падобнае да халоднай ночы, і гэта выдатна, калі двое самотных могуць сагрэць адзін аднаго ў начным холадзе, нават калі іх рукі і вочы будуць пры гэтым хлусіць.
— Адкуль ты ведаеш, што мае вочы хлусяць? — спытала яна, санліва пазяхаючы. — Проста мне ўжо надакучыла біць гэтых ваяк па руках, а ў цябе пад бокам — адзінае надзейнае месца ў горадзе, дзе да мяне ніхто прыставаць не будзе. Але мне крыўдна, што ты нават не паглядзеў на мой жывот, у якім няма ніякай заганы, бо мяне нездарма называюць прыгожай жанчынай.
Я выпіў піва, якое яна прынесла, каб разагнаць пахмелле, але не
ведаў, што ёй адказаць. А яна зірнула на мяне сваімі цёмнымі вачыма, за нязменнай весялосцю якіх недзе глыбока хаваўся смутак, і сказала:
— Сінухе, я хачу, як маіу, дапамагчы табе. Я ведаю, што ў гэтым горадзе ёсць жанчына, якая табе шмат вінаватая. Цяпер усё перакулілася дагары нагамі — дзе была столь, там цяпер дол, і шмат каму даводзіцца плаціць па старых даўгах. Дык, можа, і табе стала б лягчэй, калі б ты атрымаўтое, што табе вінныя. Можа, тады ты перастаў бы бачыць у кожнай жанчыне пякучую пустэльню, здольную спапяліць цябе.
Я пачаў запэўніваць Мэрыт, што зусім не лічу яе пустэльняю. I тым не менш пастараўся хутчэй ад яе сысці, бо за апошнія дні маё сэрца настолькі змярцвела ад крыві і ранаў і я так надыхаўся чаду нянавісці, што баяўся ўжо самога сябе.Але яе словы запалілі ўва мне згаслае полымя, я ўзгадаў храм кашэчай багіні і дом побач з ім, хоць час, як пяском, даўно пакрыў гэтыя ўспаміны. Але ў тыя дні фіванскага жаху ўсе нябожчыкі ўсталі з магілаў, і я ўспомніў свайго ласкавага бацьку Сэнмута і добрую маці Кіпу і, думаючы пра іх, зноў адчуваў смак крыві ў роце. Я добра ведаў, што гэтымі днямі ў Фівах не было амаль ніводнага высакароднага чалавека, які адчуваў бы сябе ў бяспецы, — дастаткова мне было заплаціць воінам, і яны выканалі б любое маё жаданне. Але я пакуль сам не ведаў, чаго я хацеў. Таму я пайшоў дадому і зрабіў усё, што мог, каб дапамагчы параненым і хворым. Без лекаў я, праўда, дзейсна дапамагчы ім не мог, а таму параіў прынамсі выкапаць на беразе ракі калодзежы, каб вада ачышчалася, праходзячы праз глей і пясок.
На пяты дзень страх пачаў авалодваць нават Пэпітатонавымі военачальнікамі. Воіны сварыліся з імі, асыпалі іх праклёнамі і перасталі збірацца на заклік трубы, а сустрэўшы якога малодшага начальніка на вуліцы, забіралі і ламалі яго залаты бізун. Тады военачальнікі звярнуліся да Пэпітатона, якому таксама ўжо ўстыла ягоная служба, і ён болей думаў не пра яе, а пра сваіх кошак, і пачалі ўпрошваць яго пайсці да фараона, расказаць яму праўду і зняць са сваёй шыі каўнер вярхоўнага ваяводы. I ўрэшце ў мой дом па Харэмхеба прыйшлі фараонавы ганцы. Мой сябар, як разбуджаны леў, няспешна ўстаў, пацягнуўся, памыўся, апрануўся і пайшоў з імі. Ён ламаў галаву, што сказаць фараону, бо сёння яго ўлада яўна пахіснулася, і нікому было невядома, што адбудзецца заўтра.