Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Нарэшце пасля бясконца доўгае ночы з-за трох гор усплыў сонечны дыск — Атон, і пякучая гарачыня імгненна развеяла начную прахалоду. Тады на ўсіх скрыжаваннях затрубілі ваенныя ражкі, і веснікі прачыталі ўказ фараона, у якім ён абвяшчаў Амона ілжывым богам і звяргаў яго, праклінаючы і загадваючы збіць каменныя надпісы з яго імем з усіх храмаў, помнікаў і магіл. Усе храмы Амона як у Верхнім, так і ў Ніжнім Егіпце, усе яго землі, скаціна, рабы, пабудовы, золата, срэбра і медзь пераходзілі ва ўласнасць фараона, а фараон, у сваю чаргу, абя-
цаў ператварыць храмы Амона ў адкрытыя месцы, дзе зможа гуляць увесь народ. Ён абвясціў грамадскімі ўсе храмавыя сады і азёры, каб просты народ мог у іх купацца ў спякотныя дні і браць ваду, колькі захоча. Усе землі Амона ён абяцаў раздаць тым, хто нічога не меў, каб яны апрацоўвалі свае палеткі на славу Атону.
Спачатку народ, як таго патрабаваў звычай, моўчкі слухаў фараонаў указ, але потым з усіх скрыжаванняў, базараў і плошчаў перад храмамі пачуўся магутны крык: «Амон! Амон!» Крык быўтакі жахлівы, быццам гучаў адусюль: і са сценаў дамоў, і нават з бруку на вуліцах. Негрыцянскія воіны неспакойна пачалі азірацца. Твары ў іх сталі шэрыя. Яны разумелі, што хоць іх нямала, але ў гэтым вялікім і незнаёмым горадзе, які яны бачылі ўпершыню, яны ў.значнай меншасці. У страшным крыку ўжо амаль ніхто не пачуў, што фараон, жадаючы ачысціць сваё імя ад праклятага Амона, з гэтага дня прыняў імя Эхнатон, што азначае ўлюбёнец Атона.
Прачнуўшыся ад крыку ў ціхім пакойчыку «Кракадзілавага хваста», Харэмхеб, не расплюшчваючы Ьачэй, пацягнуўся і сказаў з усмешкай:
— А, гэта ты, Бэкет, улюбёніца Амона, мая прынцэса? Гэта ты мяне клічаш?
Але калі я штурхануў яго ў бок, ён расплюшчыў вочы і ўсмешка імгненна саслізнула з ягонага твару. Памацаўшы галаву, ён сказаў:
— Клянуся Сэтам і ўсімі яго нячысцікамі, твой напой, Сінухе, быў такі моцны, што мне напраўду нешта такое прымроілася.
— Народ крычыць «Амон!» — патлумачыўя.
Тады ён усё ўспомніў. Ён хутка ўскочыў, мы выйшлі ў пітную залу і, спатыкаючыся аб ногі заснулых воінаў-ахоўнікаў і паўголых дзяўчат, рушылі да выхаду. Па дарозе Харэмхеб схапіў са стала акраец хлеба і асушыў цэлы гарлач віна, і мы паспяшаліся па незвычайна пустых вуліцах да храма. Убачыўшы ў Алеі бараноў вадаграй, Харэмхеб вырашыў у ім асвяжыцца. Моцны напой усё яшчэ грукаў яму ў скроні, і мой сябар цяжка фыркаў, падстаўляючы галаву пад халодныя струмяні.
Тым часам маленькі Пэпітамон, гэты тоўсты пародзісты кот, выстраіў свае калясніцы перад храмам Амона, а потым, упэўніўшыся, што ўсе атрады пастроены і кожны ведае сваю задачу, залез на свае пазалочаныя насілкі і гучна крыкнуў:
— Егіпецкія воіны! Бясстрашныя воіны зямлі Куш і смелыя сарданы! Ідзіце і скіньце статуй гэтага праклятага бога Амона! За гэта вы атрымаеце вялікую ўзнагароду! — Крыкнуўшы гэта, ён палічыў сваю задачу выкананай, сеў на насілкі і дазволіў рабам абмахваць сябе вялікім веерам, бо рабілася ўжо даволі горача.
Плошча перад храмам бялела ад святочных строяў мужчын, жанчын, старых і дзяцей, і ніхто не зрушыў з месца, калі воінскія дружыны
скіравалі да храма, нават калясніцы не прымусілі іх кінуцца бегчы. Негры штурхалі людзей дзідамі і білі дубінкамі, але народ не адступаў. Усе разам упалі ніц перад калясніцамі і заклікалі сабе ў дапамогу Амона. Коні пачалі таптаць тых, хто быў бліжэй да краю натоўпу, нагамі, a колы пайшлі прама па іх целах. Начальнікі зразумелі, што без вялікага праліцця крыві далёка так не прасунуцца. Яны адвялі свае войскі і пачалі чакаць новых загадаў, бо фараон забараніў праліваць кроў. Але было позна, кроў ужо пралілася на брук перад храмам, раздушаныя енчылі і стагналі, а натоўп, заўважыўшы, што войскі адступаюць, вырашыў, што перамог, і гэта страшэнна ап'яніла людзей. Пэпітамон між тым успомніў, што фараон сваім указам прыняў сабе новае імя — Эхнатон, і паспяшаўся таксама памяняць сваё, а калі начальнікі падышлі да яго па новыя распараджэнні, ён нібы не пачуў іх і толькі, вырачыўшы вочы, абвясціў:
— Я не ведаю ніякага Пэпітамона. Мяне завуць Пэпітатон, блаславёны Атонам Пэпі!
Начальнікі, сярод якіх кожны камандаваў тысячамі воінаў і меў залаты бізун, вельмі на гэта раззлаваліся, і адзін крыкнуў:
— Хай будзе ён пракляты, гэты твой Атон! Ты што — здзекуешся з нас замест таго, каб аддаць ясны загад: што рабіць з народам і як ачысціць дарогу да храма?!
— Вы жанчыны ці слабыя дзеці? — пагардліва адказаў Пэпітатон. — Разганіце народ! Але, як загадаў фараон, — без праліцця крыві.
Пачуўшы гэта, начальнікі плюнулі і разышліся па сваіх дружынах, лаючыся на чым свет стаіць, нічога іншага рабіць ім не заставалася. Падчас гэтай высокай нарады натоўп дайшоў да шаленства і кінуўся на адступіўшых неграў, махаючы дубінамі ды іншай самаробнай зброяй і шпурляючы ў воінаў камянямі. Народу было шмат, людзі крыкамі падбадзёрвалі адзін аднаго, і шмат хто з неграў упаў на зямлю, заліваючы яе крывёю, коні ад такога страшнага гвалту ўставалі на дыбы, вазніцы з усяе сілы нацягвалі лейцы, стараючыся стрымаць іх. Калі ж начальнік атрада калясніцаў, вярнуўшыся, убачьгў, што яго любімай кабыле выбілі вока і паранілі каменем нагу, ён прыйшоў у шаленства, разрыдаўся і закрычаў:
— Мая легканогая страла, мой сонечны праменьчык, яны выбілі табе вока і зламалі нагу, але, клянуся, што ты мне даражэйшая за ўвесь гэты зброд і ўсіх іх багоў, разам узятых. Я адпомшчу за цябе, але праліваць кроў не буду, калі гэта забараніў фараон!
На чале атрада каляснічых ён уварваўся ў натоўп, кожны яго воін падхапіў першага крыкуна, які трашўся пад руку, а коні пачалі таптаць старых і дзяцей, так што крык хутка ператварыўся ў дзікі лямант. Тых, каго ўцягвалі ў калясніцы, душылі лейцамі, каб не цякла кроў, і адразу
выкідвалі назад дзеля застрашэння натоўпу. Негры пазрывалі з лукаў цецівы, кінуліся ў натоўп і, засланяючыся шчытамі ад дубін і камення, пачалі душыць імі людзей, хапаючы нават дзяцей. Але кожнага размаляванага негра, які адбіўся ад сваіх і апынуўся ў натоўпе адзін, народ затоптваў, люта раздзіраў на кавалкі, а аднаму вазніцу, якога ўдалося сцягнуць з калясніцы, адразу разбілі галаву аб каменны брук.
Мы з Харэмхебам сачылі за ўсім гэтым з Алеі бараноў, але штурханіна, гвалт і крык перад храмам былі такія, што разабраць нічога было нельга, і мы нічога толкам не бачылі, а даведаліся пра ўсё пазней. Харэмхеб тады сказаў:
— Я не маю права ўмешвацца, але многаму навучуся, паназіраўшы за гэтым.
Жуючы хлеб, які ён захапіў з шынка, ён залез на спіну каменнага ільва, каб лепей бачыць, што адбываецца.
Паміж тым начальнік Пэпітатон пачаў нервавацца: пралілася ўжо не адна мера вадзянога гадзінніка, а лямант натоўпу не сціхаў, далятаючы да яго вушэй, нібы шум вялікай паводкі. Ён зноў паклікаў да сябе падначаленых, аблаяў іх за марудныя дзеянні і раздражнёна сказаў:
— Мая суданская кошка Міма павінна сёння кацяніцца, і я вельмі за яе хвалююся, бо яна засталася без маёй дапамогі. Дзеля Атона, ідзіце ў храм і паваліце гэты пракляты статуй, каб мы ўсе нарэшце маглі пайсці па дамах, іначай, клянуся Сэтам і ўсімі яго нячысцікамі, я паздзіраю з вашых шыяў залатыя ланцугі і паламаю вашы залатыя бізуны.
Пачуўшы такія пагрозы, начальнікі ўспомнілі, што яны людзі паднявольныя і, параіўшыся, вырашылі, што воінскі гонар зберагчы трэба. Заклікаючы на дапамогу ўсе злыя сілы, яны пастроілі войскі і павялі іх у атаку, змятаючы народ з дарогі, як вада змятае салому. Негрыцянскія дзіды пачырванелі ад крыві, крывавыя ручайкі пацяклі па плошчы, і сто разоў па сто мужчын, жанчын і дзяцей загінула перад храмам у імя Атона, бо напалоханыя жрацы зачынілі браму, і народ, як авечы статак, пачаў разбягацца ва ўсе бакі, але негры, п'яныя ад крыві і забойства, гналіся за кожным і забівалі людзей стрэламі, а каляснічыя лёталі па вуліцах, забіваючы ўцекачоў дзідамі. Каменныя пліты перад храмам Атона пачырванелі ад крыві і пакрыліся мёртвымі целамі.
Але перад мурамі храма войскі вымушаныя былі спыніцца: негры не прывыклі браць прыступам сцены, а іх тараны не маглі разбіць медную браму храма, хоць, можа, лёгка прабівалі вароты ў якіх-небудзь паселішчах там, у паўднёвых лясах. Ім удалося толькі акружыць храм, але жрацы пасылалі ім з высокіх сцен свае праклёны, а храмавыя ахоўнікі стралялі з лукаў і шпурлялі ў іх дзіды, так што многія размаляваныя негры загінулі пад мурамі храма. Па-над плошчаю перад храмам уздымаўся густы пах крыві і зляталіся хмары мух з усяго горада. Пэпітатон
на сваіх залатых насілках таксама прыбыў на плошчу. Тут стаяў ужо такі смурод, што яго твар стаў шэры, і ён загадаў рабам паліць вакол сябе духмяныя травы. Убачыўшы горы трупаў, ён заплакаў і пачаў ірваць на сабе вопратку, але яго сэрца поўнілася трывогай за суданскую кошку Міму, і ён сказаў малодшым начальнікам:
— Баюся, што на вас упадзе страшны гнеў фараона, бо вы не разбілі статуй Амона, а вось кроў — ручаём цячэ па рыштках плошчы. Але што зроблена, тое зроблена. Я цяпер, не марудзячы, мушу ехаць да фараона і расказаць яму пра ўсё, што тут адбылося. Пастараюся абараніць вас. I яшчэ пастараюся заехаць дадому паглядзець на сваю кошку ды пераапрануцца, бо туттакі жахлівы смурод, што ў мяне прасмярдзела, здаецца, усё цела. А вы тым часам супакойце неграў, дайце ім папіць і паесці, бо храма нам сёння ўсё адно не ўзяць. Бяда, што мы не падрыхтаваліся біць сцены, але гэта не мая віна: фараон нават не ўзгадваў пра магчымасць аблогі храма. Вось няхай сам цяпер вырашае, што рабіць далей.
У той дзень нічога больш не адбылося, Малодшыя военачальнікі адвялі дружыны ад муроў храма, даючы дарогу абозам, якія везлі неграм харчы. Сарданы былі разумнейшыя за неграў — яны не любілі сонца і занялі ўсе дамы вакол храма, а ў іх жылі, вядома, багатыя людзі. Сарданы выгналі гаспадароў і захапілі вінныя склепы. Трупы на плошчы гнілі, і з навакольных гор у Фівы зляцелася столькі крумкачоў ды іншых птушак-падлажэраў, колькі раней ніхто не бачыў.
Я ўжо расстаўся на той час з Харэмхебам. Вяртаючыся дахаты, я заўважыў маленькага хлопчыка з разбітым носам, які з апошняй сілы цягнуў бацьку са зламанай нагой, перабітаю калясніцай. Паранены глуха стагнаў. Я дапамог спачатку яму, потым іншым параненым. Заняты лекаваннем, я разважаў аб апошніх падзеях, і маё сэрца сціскалася ад думкі аб тым, што нас чакае наперадзе. Я добра бачыў, што ўся ўлада цяпер у руках Атона, але разумеў, што народ сляпы і не бачыць дабра, якое ад імя свайго бога яму хоча даць фараон. Ад роспачы я хацеў памерці. Цэлы дзень я рваў на параненых вопратку і накладваў павязкі, а ўвечары прымаў хворых і пакалечаных дома. У бядняцкіх кварталах горада не засталося амаль ніводнай сям'і, дзе не было пацярпелых. Прамываючы і зашываючы ім раны, я казаў: