• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Пасля такой доўгай прамовы Каптах пачаў нешта мармытаць і плакаць, потым схіліўся і абняў мае калені. Я падняў яго за плечы і прымусіў зноў сесці і сказаў:
    — Я таксама ўпэўнены, што ты не мог знайсці лепшага занятку, каб забяспечыць сабе старасць. Але ёсць адна рэч, якой я не разумею. Калі былы гаспадар ведаў, што яго шынок дае добры прыбытак, і калі яму вядомы сакрэт прыгатавання «кракадзілавага хваста», дык чаму ён прадаў шынок, а не пакінуў усе прыбыткі сабе?
    Каптах дакорліва паглядзеў на мяне сваім адзіным вокам і сказаў праз слёзы:
    — Я казаў табе ўжо тысячу разоў, што ты маеш дзіўную здольнасць атруціць любую маю радасць горш за ўсякі палын! Напэўна, мне хапіла б сказаць проста, што мы з ім сябры з дзяцінства, што мы любім адзін аднаго, як родныя браты, і хочам зараз дзяліць між сабой усе радасці і
    прыбыткі... Але я па тваіх вачах бачу, што гэтага недастаткова, і згодзен прызнаць, што ў гэтай справе свой шакал такі закапаны. Паўсюль ходзяць чуткі пра вялікія беспарадкі, якія неўзабаве могуць успыхнуць у сувязі з барацьбой за ўладу паміж Амонам і фараонавым богам. А ў час беспарадкаў, як ты ведаеш, у першую чаргу страты нясуць шынкі: з іх першых збіваюць замкі, гаспадароў б'юць і кідаюць у раку, а калі ўсё з'едзена і ўсе гарлачы з віном асушаныя — пачынаюць ламаць ды крышыць маёмасць, а ў горшым выпадку нават падпальваюць будынак. Так заўсёды здараецца, калі гаспадар шынка, не будзе на правільным баку, а гэты гаспадар, як вядома, чалавек Амона і змяніць скуру ён не паспее. Ён пачаў сумнявацца ў Амоне, калі пачуў аб продажы зямлі, а я, вядома ж, распаліў у ім гэтыя сумневы, хоць чалавек, якія баіцца будучыні, можа лёгка паслізнуцца на пладовай скурцы, ці памерці ад чарапіцы, якая ўпадзе на яго з даху, ці трапіць пад кола павозкі з валамі. Ты забываеш, мой гаспадар, што ў нас ёсць скарабей, і я спадзяюся, што ён зможа абараніць «Кракадзілавы хвост», хоць, безумоўна, яго першы клопат— пра твае інтарэсы.
    Я доўга думаў і нарэшце сказаў:
    —	Хай будзе, што будзе, Каптах, але я павінен прызнаць, што за адзін дзень ты шмат чаго паспеў зрабіць.
    Але Каптах адхіліў маю пахвалу і ўдзячнасць, сказаўшы:
    —	Ты забываеш, мой гаспадар, што мы сышлі з карабля яшчэ ўчора. Але і я магу сказаць, што трава не паспела вырасці пад маімі нагамі, і — якім бы неверагодным табе гэта здалося — нават мой язык стаміўся ад усіх гэтых справаў.пра што сведчыць хоць бы тое, што ўсяго адна чаша «кракадзілавага хваста» прымушае яго заплятацца.
    Мы ўсталі і развіталіся з гаспадаром. Мэрыт, пабразгваючы бранзалеткамі на цэўках і шчыкалатках, правяла нас да дзвярэй. У змроку за дзвярыма я апусціў руку на яе клуб, але яна рашуча зняла яе і адштурхнула са словамі:
    —	Твой дотык мог бы быць і прыемным, але цяпер я не хачу яго, бо ў тваіх руках адчуваецца моц «кракадзілавага хваста».
    Я збянтэжана падняў рукі, паглядзеў на іх, і яны сапраўды здаліся мне падобнымі да кракадзілавых лапаў. Тады мы з Каптахам адразу рушылі напрасткі дадому, дзе, рухнуўшы на цыноўкі, моцна праспалі ўсю ноч.
    7
    Так пачалося маё жыццё сярод фіванскіх беднякоў, у былым доме медніка. Як і прадказваў Каптах, нямоглых да мяне прыходзіла шмат, але зарабляў я так мала, што мой прыбытак не пакрываў выдаткаў: я сам купляў сваім хворым дарагія лекі і ежу, бо лячыць галодных, якія
    не маглі есці дастаткова кашы і тлушчу, была безнадзейная справа. А падарункі, якія я атрымліваў, былі танныя, хоць я і радаваўся ім, але яшчэ прыемней мне было чуць, як беднякі бласлаўляюць маё імя. Кожны вечар неба над Фівамі загаралася чырвонымі водблескамі агнёў, якія запальваліся ў цэнтры горада, але я стамляўся за дзень і нават вечарамі думаў пра сваіх хворых і пра Атона — новага фараонава бога.
    Каптах наняў старую кабету, якая мусіла займацца нашай хатняю гаспадаркай. Яна была негаваркая і непрыкметная, і было відаць, што ёй даўно ўжо знелюбеў муж і надакучыла жыць з ім. Яна добра гатавала і цярпела пах беднякоў, якія чакалі прыёму, седзячы на верандзе, не гнала іх і не лаялася брыдкімі словамі. Я хутка прывык да яе, бо яна зусім мне не замінала, і яе прысутнасць была падобная ценю, які хутка перастаеш заўважаць. Звалі кабету Муці.
    Так адзін за адным праходзілі месяцы, хваляванні ў Фівах раслі, a пра вяртанне Харэмхеба не было ніякіх чутак. Выпаленыя сонцам двары пажаўцелі, набліжалася самая гарачая пара лета. Часам, жадаючы неяк ажывіць сваё аднастайнае жыццё, я хадзіў з Каптахам у «Кракадзілаў хвост», жартаваў з Мэрыт, зазіраў у яе вочы, і маё сэрца сціскалася, хоць яна была са мной усё яшчэ чужая. Але я больш не піў таго моцнага пітва, за якое шынок атрымаў сваю назву. Ратуючыся ад спёкі за тоўстымі сценамі шынка, я задавальняўся халодным півам, якое не ап'яняючы, падбадзёрвала і падымала настрой. Я слухаў размовы гасцей і неўзабаве пачаў заўважаць, што месца і чашу з віном у гэтым шынку атрымліваў не кожны, госці тут былі асаблівыя, па выбару, a калі хто-небудзь з іх і разбагацеў, рабуючы магілы ці вымагаючы грошы ў падобных да сябе, дык тут ён забываў пра свае заняткі і паводзіў сябе прыстойна. Думаю, Каптах казаў праўду, сцвярджаючы, што тут сустракаюцца карысныя адзін аднаму людзі. Я быў выключэннем: я нікому не быў патрэбен і нікому ад мяне не было ніякай карысці, але мяне цярпелі і не зважалі на маю прысутнасць, бо я быў сябрам Каптаха.
    Я шмат слухаў і чуў шмат самага рознага: я чуў, як пракліналі і ўслаўлялі фараона, і чуў, як смяяліся з яго новага бога. I так яно было да таго вечара, калі ў шынок прыбег гандляр духмянасцямі, які драў на сабе вопратку і пасыпаў галаву попелам. Заліўшы смутак «кракадзілавым хвастом», ён закрычаў:
    — Далібог, хай будзе навечна пракляты гэты ілжывы фараон, гэты вылюдак, падсунуты ў спадкаемцы трона, якога ніхто не можа ўтаймаваць, які робіць усё, што яму ўзбрыдзе ў галаву, і які вынішчае мой паважаны занятак! Я раней заўсёды атрымліваў самы вялікі прыбытак ад гандлю вохнымі травамі і курэннямі, якія прывозяць з Пунта, і кожны ведае, што плаванне караблёў на ўсход было заўсёды найбольш бяспечнае, і караблі кожнае лета пасылаліся туды па тавары, а наступ-
    ным летам з кожных дзесяці суднаў вярталіся не менш, як два, і пры гэтым спазняліся не больш, як на адну меру вадзянога гадзінніка. Дзякуючы гэтаму я мог загадзя падлічыць свой прыбытак і свае наступныя ўкладанні. Але ці чулі вы што-небудзь падобнае: сёння, калі караблі ўжо рыхтаваліся адплыць, фараон асабіста заявіўся ў порт, каб іх агледзець!. Навошта, у імя Сэта, яму спатрэбілася ўсё вынюхваць, як паганай гіене?! На гэта ёсць пісары і дарадцы, якія клапоцяцца, каб усё праходзіла паводле старых законаў і звычаяў, як было ў нас заўсёды. Фараон убачыў, як маракі бядуюць на сваіх караблях, а на беразе плачуць іх жонкі і дзеці, драпаючы твары вострымі камянямі. Але ж кожнаму вядома, што ў мора выходзіць шмат людзей, а вяртаюцца адзінкі. I ўсё робіцца і рабілася так, як павялося з часоў вялікай царыцы, бо так праводзяць усе караблі, што плывуць да Пунта, А гэты малады ёлуп, хочаце верце, хочаце не, забараніў караблям выходзіць у мора і сказаў, што ў Пунт больш ніхто і ніколі плаваць не будзе. Ратуй нас Амон, але ж кожны сумленны гандляр ведае, што гэта значыць! А гэта значыць пагібель і поўнае разарэнне вялікага мноства людзей, гэта значыць, што жонкі і дзеці маракоў асуджаныя цяпер на нястачу і голад! Клянуся Сэтам, ніводзін чалавек не стане мараком, калі не заслужыў гэтага сваімі ўчынкамі і не правініўся ў чым-небудзь: усё робіцца па законе і па рашэнні суддзяў, і толькі ў самыя ўраджайныя гады, калі злачынцаў менее, чалавека могуць паслаць на караблі памылкова ці несправядліва, толькі тады! А ў гады праўлення гэтага фараона злачынстваў у Егіпце — больш як ніколі, людзі перасталі баяцца багоў, і кожны жыве, як апошні дзень! Падумайце толькі пра сродкі, укладзеныя ў караблі і склады, у шкляныя пацеркі і гліняны посуд! Падумайце пра егіпецкіх гандлёвых прадстаўнікоў, якія цяпер навек застануцца ў Пунце жыць у саламяных шалашах, пакінутыя багамі! Маё сэрца абліваецца крывёю, калі я думаю пра іх і іхніх няшчасных жанок і дзяцей, якія ніколі не ўбачаць мужа і бацьку, хоць, праўда, многія ўжо завялі там новыя сем'і і панароджвалі каляровых дзяцей.
    Толькі ўзяўшы трэцюю чашу «кракадзілавага хваста» гандляр нарэшце суцішыўся і, папрасіўшы прабачэння за тое, што ў запале мог сказаць пра фараона што-небудзь нядобрае, дадаў:
    — Але ж я думаў, што царыца Тэйе — жанчына разумная і зможа трымаць сына ў руках, дый жрэц Эйе, як я лічыў, — чалавек разумны... А яны толькі і думаюць, як звергнуць Амона і дазваляюць маладому вар'яту рабіць усё, што яму ўзбрыдзе ў галаву! Бедны Амон! Звычайна мужчына разумнее, калі разбівае гаршчок з жанчынай, але Боская фараонава жонка, гэтая Неферціці, думае толькі пра свае ўборы непрыстойных фасонаў. Хочаце верце, хочаце не, а маладыя кабеты пры двары абмалёўваюць сабе вочы зялёным малахітам і ходзяць у бессаромных
    сукенках з разрэзамі ад пояса да нізу, паказваючы мужчынам свае аголеныя пупы.
    Каптах зацікавіўся і спытаў:
    — Такіх пакрояў я нідзе не бачыў, хоць пабываў у многіх краінах і пабачыў нямала дзівосаў. Ты напраўду хочаш сказаць, што яны агаляюць патаемныя жаночыя месцы? Нават царыца?
    Гандляр абразіўся і адказаў:
    — Я прыстойны і пабожны чалавек, у мяне жонка і дзеці. Я не апускаў позірк ніжэй ад пупа і табе не раю.
    Мэрыт умяшалася ў размову і злосна сказала:
    — Гэта язык твой бессаромны, а не новыя строі, у якіх летам не горача і якія ўмацоўваюць жаночую прыгажосць у сваіх правах, калі ў жанчыны прыгожы жывот ды няўклюдная павітуха не знявечыла ёй пупа. Ты мог бы спакойна апусціць позірк, бо пад адкрытымі строямі на патрэбным месцы ёсць паясная павязка з самай тонкай ільняной тканіны, якая не абразіць позірк нават самага богабаязнага чалавека, калі кабета старанна выскубе сабе валасы на тым месцы, — а гэта робяць усе высакародныя жанчыны.
    Гандляр хацеў ёй запярэчыць, але не змог, бо трэцяя чаша «кракадзілавага хваста» аказалася мацнейшая за яго язык. Ён толькі абхапіў галаву рукамі і пачаў горка аплакваць уборы прыдворных жанчын і гаротны лёс егіпцянаў, што засталіся ў Пунце. Але тады ўмяшаўся стары жрэц Амона. Яго тоўсты твар і паголеная галава ільсніліся ад вохнага алею. Узбуджаны «кракадзілавым хвастом», ён грукнуў кулаком па стале і гучна крыкнуў: