Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— He, мой гаспадар, — адказаў Каптах і шчыра зірнуў мне ў вочы адзіным вокам. — Я не выканаў твайго загаду, бо ён быў неразумны, a я ніколі не выконваў неразумных загадаў. Я зрабіў усё так, як палічыў лепшым сам. Цяпер, калі я ўжо вольны, а ты дастаткова п'яны, я магу табе ў гэтым прызнацца. Хоць добра ведаючы твой нецярплівы і запальчывы нораў, які з цягам часу так і не стаў спакайнейшы, я на ўсялякі выпадак схаваў тваю палку. Я кажу гэта, каб ты дарма яе не шукаў, калі я пачну расказваць, што зрабіў з тваім золатам. Дык вось, толькі неразумныя жывёлы аддаюць сваё золата ў храмавае сховішча, бо храм за гэта нічога не плаціць, а наадварот — патрабуе дарункаў за тое, што трымае чужое ў сваіх сутарэннях, якія ахоўваюцца воінамі. Трымаць золата ў іх неразумна яшчэ і таму, што зборшчыкам падаткаў робіцца вядома, колькі ты маеш, і ў выніку тваё золата пачынае худнець, пакуль зусім не знікне. Адзіны сэнс збіраць золата — у тым, каб потым яно працавала на цябе, а ты сядзеў бы склаўшы рукі ды жаваў смажаныя з соллю зярняты лотаса, якія выклікаюць прыемную смагу. Таму, пакуль ты хадзіў ды разяўляўся на храмы, я на сваіх хворых нагах абабег увесь горад, выведваючы, як найлепш размясціць тое, што ты зарабіў. I мая смага, дарэчы, паведаміла мне шмат чаго новага. Я даведаўся, што багатыя цяпер не спяшаюцца аддаваць золата ў храмавае
сховішча, бо лічаць гэта небяспечным. А гэта значыць, што ва ўсім Егіпце ўжо няма бяспечнага месца, дзе можна захоўваць золата. Яшчэ я даведаўся, што храм Амона прадае зямлю.
— Ты хлусіш! — горача запярэчыў я і нават ускочыў, бо сама думка пра гэта была вар'яцкай.— Амон не прадае зямлю, а купляе. Ва ўсе часы Амон купляў зямлю і сёння валодае чвэрцю ўсіх урадлівых земляў Егіпта. А тое, што прыліпнула да яго рук, ён ужо ніколі не выпусціць!
— Вядома, вядома, прымірэнча сказаў Каптах і падліў мне віна, a потым неўпрыкмет падліў і сабе. — Кожны разумны чалавек ведае, што зямля — адзіная маёмасць, якая зберагаецца вечна і не траціць сваёй каштоўнасці, калі падтрымліваць добрыя стасункі з каморнікамі ды кожны год пасля паводкі рабіць ім багатыя падарункі. Але сёння Амон паспешліва і таемна прадае свае землі любому адданаму чалавеку, у якога маецца золата. Я жахнуўся, калі пачуў пра гэта, але потым усё высветліў і ўпэўніўся, што Амон прадае зямлю даволі танна, — праўда, з умовай, што праз пэўны час зможа выкупіць яе назад за тую самую цану. Здзелка для пакупніка выгадная, бо ў яе ўваходзяць і гаспадарчыя пабудовы, і земляробчыя прылады, і рабы, і скаціна. А ты ведаеш, што Амон валодае самымі ўрадлівымі землямі ў Егіпце. У мінулыя часы болей выгаднай здзелкі і прыдумаць было немагчыма, бо ад яе можна хутка і ўпэўнена атрымаць добры даход. Апошнім часам Амон прадаў незлічоную колькасць зямлі і сабраў у сваіх сховішчах усе вольнае золата Егіпта, так што цяпер золата не хапае і цана на нерухомасць рэзка ўпала. Але ўсё гэта — таямніца, і пра яе нікому нельга расказваць! I я таксама нічога не ведаў бы, каб не мая карысная смага, якая звяла мяне з патрэбнымі людзьмі,
— Але ж ты, вядома, не купляў зямлю, Каптах? — з жахам спытаўся я.
I Каптах супакоіў мяне:
— Я не такі вар'ят, мой гаспадар, і табе варта ведаць, што я нарадзіўся не ў якім-небудзь хляве на гнойнай падлозе, а ў высокім доме на брукаванай вуліцы. Я нічога не разумею ў зямлі, і кожны асэсар, пастух і раб, кожная служанка мяне абкрадалі б, а вось у Фівах мяне ніхто абкрасці не можа, бо тут я сам краду ў іншых. Здзелкі з Амонам вельмі выгодныя, але тут закапаны нейкі шакал, бо нездарма багатыя людзі перасталі давяраць храмавым сховішчам. Я думаю, усё гэта праз новага фараонава бога. Шмат яшчэ чаго здарыцца, мой гаспадар, шмат чаго дзіўнага, -раней, чым мы зразумеем і ўбачым, чым усё гэта скончыцца. Але я заўсёды дбаю пра тваю выгаду, а таму купіў на тваё золата шмат гарадскіх дамоў і крамаў, якія прыносяць штогод добры даход, і ўсе гэтыя здзелкі амаль заключаныя — табе трэба толькі паставіць пячатку і подпіс. Я лічу, што купіў усё вельмі танна, а калі ўласнікі па сваёй дабрыні прынясуць мне яшчэ якія-небудзь падарункі пасля таго,
як здзелка будзе заключаная, дык няхай гэта будзе ўжо мой здабытак, бо ў цябе я нічога не краду, а калі ты захочаш і сам узнагародзіць мяне і паднесці які падарунак, то я таксама пярэчыць не буду.
Пэўны час я раздумваў, і потым сказаў:
— He, Каптах, ніякіх падарункаў я даваць табе не намераны, бо ты і так, вядома, ужо падлічыў, колькі будзеш у мяне красці, разлічваючыся з майстрамі за рамонт будынкаў ды збіраючы арэндную плату.
Каптаха гэта зусім не засмуціла, і, падпарадкоўваючыся майму рашэнню, ён адказаў:
— Менавіта так я і думаў, бо тваё багацце — гэта маё багацце, а твая выгада — гэта мая выгада, а таму я павінен усяляк аберагаць твае інтарэсы. Але павінен прызнацца, што, калі я даведаўся, што Амон прадае ўрадлівыя землі, то напраўду зацікавіўся земляробствам і пайшоў у квартал, дзе жывуць гандляры зернем. Пахадзіўшы там з шынка ў шынок, наталяючы смагу і прыслухоўваючыся да размоваў, я шмат чаго зразумеў. Таму з твайго дазволу і за тваё золата, мой гаспадар, я думаю накупіць поўныя свірны жыта, бо цяпер якраз заключаюцца здзелкі на будучы ўраджай, і кошт пакуль вельмі добры. Праўда, зерне знішчыць лягчэй, чым дамы ці камень, бо яго ядуць пацукі і крадуць рабы, але тое самае творыцца ў земляробстве, а калі хочаш выйграць, не варта баяцца. Ураджай земляроба заўсёды залежыць ад паводкі і саранчы, ад мышэй і арашальных каналаў, і яшчэ шмат ад чаго, што я не буду цяпер пералічваць, бо і сам не ведаю. Хачу толькі сказаць, што земляроб рызыкуе больш за мяне, бо я ўжо сёння ведаю, ува што мне абыдуцца поўныя свірны ўвосень. Я буду трымаць зерне ў нашых арудах вельмі ашчадна, бо нешта падказвае мне, што праз пэўны час кошт жыта моцна ўзрасце. Зрэшты, здагадацца пра гэта няцяжка, бо, калі Амон прадае зямлю, і кожны недарэка зоймецца земляробствам, то дабра з гэтага чакаць не даводзіцца: ураджай будзе прыкметна меншы. Таму я купіў сухія і добра дагледжаныя будынкі пад свірны, а калі яны больш нам не спатрэбяцца, мы зможам здаць іх у арэнду гандлярам зернем і таксама добра на тым зарабіць.
На маю думку, Каптах узваліў на сябе шмат непатрэбнага клопату, задумаўшы гэтую справу, але мусіць, гэты клопат быў яму даспадобы. Таму я рашыў не пярэчыць і ні ўва што не мяшацца, каб толькі не займацца гэтым самому. Пачуўшы маё меркаванне, Каптах, хаваючы сваё задавальненне, змрочна дадаў:
— Ёсць яшчэ адзін план, які я хацеў бы ажыццявіць за твае грошы. На некаторых нявольнічых рынках сёння прадаюцца вельмі вялікія гандлёвыя памяшканні, а я магу сказаць, што ведаю пра рабоў усё, бо і сам усё жыццё быў рабом, а таму ў гэтай справе мог бы лёгка абагаціць цябе. Я ведаю, як хаваць заганы і недахопы раба, умею карыстацца
палкай, чаго ты, мой гаспадар, абсалютна не ўмееш, і магу табе гэта сказаць спакойна, бо твая палка надзейна схаваная. Але я загадзя засмучаюся, бо, ведаючы цябе, думаю, што ты ніколі не згодзішся на маю прапанову, праўда, мой гаспадар?
— Тут ты, Каптах, маеш рацыю,— адказаў я. — Ганддяваць рабамі мы ніколі не будзем, бо гэта брудная і ганебная справа, хоць я сам не ведаю, чаму так думаю. Здаецца, мы і купляем рабоў, і паслугамі гандляроў рабамі карыстаемся часта, і здаецца, так заўсёды было, і так будзе, але нешта ўва мне паўстае супраць, і я не хачу гандляваць імі сам і не хачу, каб гандляваў ты.
Каптах з палёгкай уздыхнуў і сказаў:
— Значыць, я добра ведаю тваё сэрца, мой гаспадар, і мы пазбеглі гэтага зла! Бо калі добра падумаць, я прадбачу, што з гэтага магло выйсці: я, хутчэй за ўсё, вельмі прыдзірліва пачаў бы выяўляць заганы і вартасці маладых рабыняў і толькі дарма траціў бы на іх сілы, якіх у мяне засталося не так ужо многа. Я старэю, ногі ў мяне камянеюць, і рукі дрыжаць, асабліва ўранні, пакуль я не дабяруся да гарлача піва. Затое хачу сказаць табе, што ўсе дамы, якія я купіў за тваё золата, дадуць нам добры і надзейны прыбытак, хоць і не самы вялікі. Бо я не купіў ніводнага дома ўцехаў і ніводнага будынка ў бедных кварталах, хоць яны якраз прыносяць большы прыбытак, чым вялікія будынкі багатых людзей. Праўда, мне давялося моцна пазмагацца з самім сабой, каб адмовіцца ад гэтага, — бо чаму б нам і не багацець, як усім іншым, — але сэрца падказвала мне, што ты, мой гаспадар, не адобрыш гэтага, і я з вялікім жалем адмовіўся ад салодкіх сваіх спадзяванняў. Але ў мяне ёсць яшчэ адна просьба.
Раптам Каптах завагаўся і ўважліва зірнуў на мяне сваім вокам, гадаючы, ці ў дастаткова я добрым настроі. Я наліў яму ў чашу віна і падбадзёрыў, бо ніколі раней не бачыў, каб Каптах траціў самаўпэўненасць. Гэта нават распаліла маю цікаўнасць. Нарэшце ён сказаў:
— Мая просьба дзёрзкая і нахабная, але калі ты кажаш, што я вольны, то я адважуся яе выказаць і спадзяюся, што ты не раззлуешся, хоць дзеля пэўнасці я тваю палку схаваў. Шчыра кажучы, я проста хачу запрасіць цябе ў той шынок непадалёк ад гавані, пра які я шмат табе казаў і які называецца «Кракадзілавы хвост». Я хачу, каб мы там разам выпілі па «хвастку», і ты пабачыў бы, што гэта за месца, ба якім я марыў, смокчучы праз саломіну густое піва ў Сірыі ды Вавілоніі.
Я засмяяўся і зусім не зазлаваў на яго, бо віно зрабіла маё сэрца мяккім і добразычлівым. У прыцемку вясенняга вечара лунаў нейкі дзіўны сум, і мяне напаўняла самота. Вядома, гэта было не вартым маёй годнасці і становішча, каб гаспадар ішоў разам з рабом у нейкі нікчэмны партовы шынок ды піў з ім незразумелае пойла пад назвай «крака-
дзілаў хвост» толькі таму, што яно, нібыта, дадае чалавеку сілы! Але я ўспомніў, як некалі Каптах па сваім жаданні пайшоў за мною за браму ў цёмны палац, добра ведаючы, што ніхто яшчэ жывы адтуль не вяртаўся. Тады я крануў яго за плячо і сказаў:
— Сэрца вяшчуе, што сёння дзень трэба закончыць менавіта кракадзілавым хвастом. А таму — хадзем!
Каптах, забыўшыся на свае скамянелыя ногі, аж падскочыў ад радасці. Ён хуценька знайшоў маю схаваную палку, накінуў мне на плечы вопратку і мы рушылі да гавані, да шынка «Кракадзілаў хвост». А вецер гнаў над вадою пахі кедравага бярвення і квітнеючай Чорнай зямлі.