Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Тады я напомніў Каптаху пра пакуты, што выпалі на яго долю, калі мы ехалі сюды вярхом на асле, і ён задумаўся. Я напомніў яму таксама, што Сірыя задыхаецца ад нянавісці да егіпцянаў і што, падарожнічаючы па сушы, мы можам напаткаць значна большыя непрыемнасці, чым плывучы па моры. Каптах доўга чухаў патыліцу, а потым сказаў:
— Мой гаспадар, ці можаш ты мне паабяцаць, што мы паплывём на такім караблі, які не будзе адыходзіць далёка ад берагоў, каб зямля не знікала за даляглядам. Няхай такі карабель і плыве павольней, затое ён будзе заходзіць у гавані, дзе можа быць шмат дзівосаў і добрых шынкоў ды харчэўняў. Калі ты гэта паабяцаеш, я сяду з табой на такі карабель, але трэба неяк зрабіць, каб я не ступаў на яго мост. Лепш за ўсё мне было б напіцца п'яным, каб ты загадаў занесці мяне на карабель, і
мы пілі б на працягу ўсяго падарожжа, бо калі я не буду стаяць на нагах, то не парушу клятву і такім чынам змагу яе абысці.
Я пагадзіўся з усімі яго прапановамі, апроч безупыннай п'янкі, бо і сам хацеў паглядзець на прыбярэжныя сірыйскія гарады, каб даведацца, ці распаўсюдзілася і там нянавісць да Егіпта, і потым расказаць пра гэта Харэмхебу. Урэшце Каптах прадаў наш дом, а я забраў усё мною заробленае і паехаў з Сірыі сапраўдным багатыром. Каптаха я загадаў занесці на карабель на руках і трымаў яго там, прывязаўшы да ложка, як хворага, каб ён не парушыў клятвы.
3
He хачу расказваць пра нашу дарогу назад у Егіпет, гэтае падарожжа засталося ў мяне ў памяці, як нейкі цень ці неспакойны сон. Калі я сеў нарэшце на карабель, каб вярнуцца ў родную Чорную зямлю і зноў убачыць горад майго дзяцінства Фівы, маю душу напоўнілі непакой і такая пакутлівая туга, што я не мог ні сядзець, ні ляжаць, ні стаяць на месцы. Я хадзіў сюды-туды па вузкім карабельным мосце, натыкаючыся на скручаныя цыноўкі і цюкі з таварам, яшчэ прапахлыя водарам Сірыі, і дзень за днём з нецярпеннем чакаў, калі ўбачу замест гарыстых берагоў роўную, пакрытую зялёным трыснягом зямлю. Калі карабель заходзіў у які-небудзь узбярэжны горад і затрымліваўся там на дзень, мне ўжо не хацелася ні знаёміцца з гэтым горадам, ні збіраць аб ім звесткі. Крыкі аслоў, перамяшаныя з крыкамі ганддяроў рыбай і гукамі чужых моваў, здаваліся мне ўсяго толькі неспакойным плёскатам марскіх хваляў. У сімірскія даліны зноў прыйшла вясна, пры поглядзе з мора горы здаваліся чырвонымі, як віно, а вада ля берагоў стала светла-зялёнай. На вузкіх вулках гучна крычалі жрацы Ваала, да крыві драпаючы свае твары крэмніевымі нажамі, а жанчыны з распаленымі вачыма і разбэрсанымі валасамі цягнулі за імі драўляныя павозкі. Але ўсё гэта я бачыў ужо шмат разоў, іх грубыя звычаі выклікалі ў мяне агіду, бо перад маімі вачыма стаялі карціны роднай зямлі. Я думаў, што сэрца ў мяне даўно скамянела, што я ўжо прывык да чужых моваў і звычаяў, мне здавалася, што я разумею людзей усіх колераў скуры, нікім не пагарджаючы, і проста, вандруючы, збіраю веды. Але вяртанне ў Чорную зямлю гарачым полымем растапіла мне сэрца. Ранейшыя думкі пакінулі мяне разам з чужынскаю вопраткай, і я зноў адчуў сябе егіпцянінам. Я адчуў тугу па паху смажанай у алеі рыбы, якім поўняцца ўсе фіванскія завулкі, калі жанчыны распальваюць увечары агонь у агменях перад сваімі глінабітнымі хаткамі, я адчуў туту па смаку егіпецкага віна і нільскай вады з прысмакам урадлівага глею, я адчуў тугу па шолаху папіруснага трыснягу пад вясновым ветрыкам, па лотасах, якія распускаюцца ўздоўж рачных берагоў, па стракатых калонах храмаў з
векавечнымі надпісамі, я адчуў тугу па пісьмёнах-малюнках і свяшчэннаму дыму, які ўздымаецца між калонамі храмаў, — і маё сэрца раптам ахапіў неспакой.
Я вяртаўся дадому, хоць дома ў мяне не было і на ўсёй зямлі я быў чужаніца. Я вяртаўся дадому, і ўспаміны пра мінулыя ўчынкі ўжо не ранілі маё сэрца, бо час і веды засыпалі іх, як пясок з пустэльні. Я не адчуваў ні суму, ні скрухі — толькі неспакойная туга калола мне сэрца.
Багатая, урадлівая Сірыя, якая шыпела нянавісцю і прагаю помсты, засталася ззаду. Наш карабель ішоў на вёслах уздоўж чырвоных берагоў Сіная, і гарачы вецер з пустэльні апякаў нам твары, хоць яшчэ стаяла вясна. А ўранні, калі хвалі зрабіліся жоўтыя, а ўдалечыні паказалася зялёная палоска зямлі, маракі апусцілі ў мора гліняныя гарлачы і паднялі на судна ваду, якая была ўжо не салёная: гэта была вада векавечнага Ніла. Ніводнае віно не здавалася мне такім смачным, як цяпер гэтая вада, якую мы дасталі з мора ўдалечыні ад зямлі і ў якой адчуваўся прысмак егіпецкага глею. Але Каптах сказаў:
— Вада — яна заўсёды вада, няхай нават і з Ніла. Ты крыху пацярпі, мой гаспадар, вось хутка дабярэмся да добрага шынка з пеністым празрыстым півам, якое не трэба смактаць праз саломіну, каб не праглынуць зярнятка, — тады я паверу, што мы ў Егіпце.
Яго бязбожныя паклёпніцкія словы абурылі мяне, і я прыгразіў:
— Раб застаецца рабом нават і ў дарагіх строях. Вось пачакай, KanTax, вазьму я хутка гнуткую палку з нільскага трыснягу — тады ты паверыш, што вярнуўся дадому.
Але Каптах зусім не пакрыўдзіўся. Ён схіліўся перада мной са слязьмі на вачах і, апусціўшы рукі да каленяў, сказаў:
— Напраўду, мой гаспадар, ты валодаеш неверагодным дарам знайсці патрэбныя словы ў патрэбны момант, бо я ўжо і забыўся, якая гэта асалода — удар гнуткай трысняговай палкі па задніцы ці па нагах. Ах, мой гаспадар Сінухе, як бы я жадаў перажыць гэтую радасць і табе таксама, бо яна расказвае пра жыццё ў Егіпце куды лепш, чым дым ахвярапрынашэнняў у храме ці крык качак у чаратах, яна напамінае кожнаму аб яго месцы на гэтай зямлі, і нічога не мяняецца з часам. Таму не здзіўляйся, што мяне гэта раптам так усхвалявала: толькі цяпер я адчуў, што вяртаюся дадому пасля бадзяння па свеце, у час якога ўбачыў столькі неверагоднага і нікчэмнага. О, блаславёная трысняговая палка, якая ставіць кожнага на сваё месца і тлумачыць усё незразумелае, нішто з табой не зраўнуецца!
Нейкі час ён плакаў ад замілавання, а потым пайшоў змазваць скарабея, але, як я заўважыў, гэты раз ён карыстаўся не дарагім алеем, як заўсёды. Відаць, таму што бераг быў блізка, а ў Егіпце Каптах прыдумаў ужо выкруціць нейкую сваю хітрасць.
Толькі калі мы ўвайшлі ў першую вялікую гавань Ніжняй Зямлі, я зразумеў, як знелюбеў мне выгляд шырокіх стракатых убораў, кучаравых бародаў і таўсматых целаў. Цягавітыя насільшчыкі, іх паясныя павязкі, паголеныя твары, гамонка і пах поту, трыснягу, глею — усё тут было не такім, як у Сірыі, усё тут было сваім, знаёмым, і мая сірыйская вопратка падалася мне цеснай, бо цела не магло ў ёй дыхаць. Адчапіўшыся нарэшце ад пісарчукоў і паставіўшы сваё імя на некалькіх папірусах, я паспяшаўся купіць новую вопратку, і пасля ўсіх апранах з воўны тонкі лён пяшчотна лашчыў мне цела. Але Каптах вырашыў і далей называць сябе сірыйцам, баючыся, што яго імя ўсё яшчэ значыцца ў спісах уцёклых рабоў, хоць я і набыў у сімірскіх чыноўнікаў гліняную таблічку, дзе сведчылася, што ён нарадзіўся ў Сіміры і што я купіў яго самым законным чынам.
Потым нашы рэчы перанеслі на рачны карабель, які ішоў да вярхоўя ракі. Дзень мінаў за днём, і мы зноў прызвычайваліся да Егіпта. Абапал ракі пасля разводдзя сохлі палі, і нетаропкія валы цягнулі плугі, а земляробы ішлі па барознах, схіліўшы галовы і кідаючы ў зямлю зерне. Ластаўкі маланкава праносіліся над павольнай вадой. Яны занепакоена крычалі, збіраючыся закапацца ў глей на самы спякотны час. Па берагах Ніла пальмы і смоквы схіляліся над нізкімі глінабітнымі хацінамі, карабель заходзіў у вялікія і маленькія ўзбярэжныя гарады, і ў іх не было ніводнага шынка, у якім Каптах не паспяшаўся б выпіць егіпецкага піва, пахваліцца значнасцю сваёй асобы і расказаць неверагодныя гісторыі пра нашы падарожжы і маё майстэрства, а насільшчыкі смяяліся, слухаючы яго, і заклікалі багоў на дапамогу. Каптах так спяшаўся, што часам апынаўся на беразе раней, чым карабель паспявалі прывязаць да прычала, а калі я лаяўся, ён адказваў:
— Мой гаспадар, толькі цяпер я зразумеў, якую пакутлівую і спусташальную смагу я прыдбаў падчас нашых падарожжаў. Нібыта пыл з усіх краінаў, гарадоў і дарог пяршыць у маім горле, а я дагэтуль не знайшоў такога піва, якое магло б змыць гэты пыл. Таму не лайся, a пахвалі мяне за тое, што я так старанна, не шкадуючы сябе, знаёмлюся з кожным шынком, шукаючы піва, якое пазбавіла б мяне ад маёй немачы, бо з цягам часу яна магла б пашкодзіць і табе, мой гаспадар. Я раблю гэта табе на карысць, і ты не лайся і не ўшчувай мяне за маю нецярплівасць, бо чым вышэй па рацэ мы паднімаемся, тым пакутлівейшай робіцца мая смага, так што мне і падумаць страшна. Ты ж павінен разумець, што, апавядаючы пра цудоўнае вылечванне хворых, якім ты вызначаўся ў такіх далёкіх краінах, што гэтыя ёлупні і назваў іх ніколі не чулі, я дбаю, каб твая слава вялікага лекара ляцела перад табой. Апроч таго, размаўляючы ў шынках, я знаёмлюся са шматлікімі багамі, і не магу даць веры, што іх у Егіпце так многа. Кожны дзень я чую пра
ўсё новых і новых багоў, пра якіх раней не ведаў. Аднак я думаю вось што: наш скарабей, безумоўна, заслугоўвае ўсякай пашаны, але нам не зашкодзіла б знайсці якога больш прыдатнага бога, якому можна было б пакланяцца, каб нас лічылі прыстойнымі людзьмі і мы заслугоўвалі б у іншых павагу.
— Ты ведаеш, як я стаўлюся да багоў, — адказаў я. — I на маю думку, багі, якіх ты знаходзіш у рознакаляровых піўных збанах, не заслугоўваюць большай пашаны, чым іншыя. Апроч таго, я не прыпомню ніводнай далёкай краіны, у якой піва табе прыйшлося б не даспадобы. Праўда, паўсюль тлумачыў сваю смагу рознымі прычынамі. Так што не здзіўляйся, калі аднойчы мне ўстыне твая балбатня.
— Мой гаспадар, — засмучана сказаў Каптах,— Ты на дзіва ўмела можаш усяго ў некалькіх словах прывесці столькі няправільных довадаў, што мне потым патрэбен аж цэлы дзень, каб усе іх аспрэчыць. Што да твайго стаўлення да багоў, то я зусім не лезу ў гэтую справу, я проста стараюся ўладкаваць нашы адносіны з багамі нам на карысць, каб ты не набыў славу бязбожніка, бо гэта пашкодзіла б твайму занятку лекарскай справай. Я не буду з табой спрачацца, абмяркоўваючы магутнасць багоў, якіх я знаходжу ў піўных жбанах, а дакладней, побач з імі. Але табе давядзецца прызнаць, што сярод іх ёсць і вельмі цікавыя, знаёмства з якімі не прынясе нам шкоды. Вось, напрыклад, учора я даведаўся пра бога, які аберагае жанчыну ад небяспекі зацяжарыць, калі яна гэтага не хоча па тых ці іншых прычынах, якія мы зараз пералічваць не будзем. Але гэта ж нейкае дзіва! Бо звычайна багі дужаюцца між сабой у стварэнні зусім іншых цудаў, і кожны жрэц пахваляецца, што ягоны бог дапамагае жанчынам заводзіць дзяцей! Таму я спачатку не мог даць веры, што такі бог існуе, але жанчына, якая пра яго казала, была так у ім упэўненая і так абураная маім недаверам, што паказала амулет, які носіць на шыі, і нават прапанавала мне паспрабаваць, дапамагае ён або не. Яна завяла мяне ў сваю хату, і я зрабіў усё магчымае, каб пераканацца ў праўдзівасці яе словаў, хоць, на жаль, не паспеў, бо наш карабель увечары рушыў далей у дарогу, і я не мог пачакаць і высветліць, народзіць яна дзіцё або не. Затое я добра ведаю, што яна скрала ўсю медзь, якую я меў пры сабе.