• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Я думаў над тым, што сказаў Каптах, і разглядаў свае рукі, якія былі некалі рукамі лекара, а цяпер трэсліся самі па сабе. Я думаў пра ўсе тыя веды, якія сабраў у многіх краінах, і зразумеў, што як у горы, так і
    ў радасці перабіраць лішку — гэтак жа неразумна, як зашмат есці. Таму я сказаў Каптаху:
    —	Хай будзе па-твойму, але ведай, што ўсё табою сказанае, я і сам разумею, і твае словы ніяк не ўплываюць на маё рашэнне: яны для мяне, як зыканне мухі ў маіх вушах. Тым не менш я зараз жа перастаю піць і не адкрыю да пары ніводнага гарлача з віном. Я разабраўся ў самім сабе і вырашыў паехаць з Крыта, каб вярнуцца ў Сіміру.
    Пачуўшы гэта, Каптах радасна засмяяўся і, па звычаю рабоў, пачаў падскокваць. А я дадаў:
    —	Гэтае падарожжа было мне вельмі карыснае, бо на гэтай выспе я канчаткова звёў рахункі з багамі, і я ім болей нічога не вінаваты, як і яны мне. Зрэшты, я не магу сказаць пра гэта адкрыта, бо людзі абурацца і палічаць мае словы абразай. Хай кожны верыць, у што хоча, а я больш не буду ўмешвацца ў справы багоў — ні егіпецкіх, ні крыцкіх, ні вавілонскіх, ні, тым болей, хецкіх, хоць хеты, думаецца мне, яшчэ шмат чаго паведамяць іншым народам аб моцы багоў і іхніх намерах. Я адпраўляюся ў Сіміру і пайду там па тых дарогах, якія мне першыя трапяцца, нават не думаючы, куды яны мяне прывядуць. Можа, жыццё, усё ж важнейшае за смерць, а жывы чалавек каштоўнейшы за мёртвага бога. Але не паспытаўшы другога, я не магу з упэўненасцю сказаць пра першае. Хоць наўрад ці смерць горшая за роспачную двухтыднёвую п'янку. Такім чынам можна сказаць, што часткова я ўжо спазнаў смерць. Дык паспяшайся і вазьмі нам месцы на караблі, збяры рэчы, што яшчэ засталіся, і дапамажы мне дайсці да карабля, бо я не магу ўсё яшчэ спадзявацца на свае ногі.
    Але перш, чым Каптах з радасцю збег, я сказаў яму:
    —	Усё гэта я зраблю пры адной умове, што ты больш ніколі не прамовіш пры мне імя Мінеі, бо яно забытае і закрэсленае, быццам яго ніколі і не было. Я не патрабую ад цябе абяцанняў і клятваў, бо яны падобныя да зыкання мухі, але папярэджваю: калі ты хоць раз прамовіш яе імя, я прадам цябе рабом на які-небудзь млын з цяжкімі жорнамі ці на медныя руднікі ды яшчэ ўсім скажу, што ты ўцёклы раб, каб там адрэзалі нос і вушы. Запомні гэта, бо цвярдзейшага слова я ніколі ў жыцці яшчэ не даваў.
    Каптах нічога не адказаў, ён моўчкі рушыў у порт, і тым жа днём мы селі на карабель. Весляры апусцілі ў ваду вёслы і павялі карабель з гавані паўз дзесяткі і сотні ганддёвых і крыцкіх ваенных караблёў, барты якіх былі абшытыя меднымі лістамі. Калі мы выйшлі з гавані і весляры паклалі вёслы, капітан прынёс ахвяры спачатку марскому богу, потым богу-заступніку карабля і загадаў падняць ветразі. Карабель нахіліўся, хвалі шумна ўдарылі ў борт. Мы паплылі да сірыйскага ўзбярэжжа, а Крыт растаў у смузе за намі, як сіняя хмара, як цень або сон.
    ПАПІРУС ДЗЕВЯТЫ
    Кракадзілаў хвост
    і
    Так праз тры гады я вяртаўся ў Сіміру ўжо не юнаком, а сталым чалавекам, пабачыўшы ў сваіх падарожжах шмат розных краінаў, зведаўшы шмат добрага і ліхога. Марское паветра выгнала з маёй галавы вінны дурман, мае вочы зноў набылі ясны зрок, і ў рукі вярнулася моц. Я еў разам з усімі, але гаварыў менш за іншых. I адчуваў сябе болей самотным, чым калі-небудзь раней. Напэўна, так ужо наканавана чалавеку, што разам са сталасцю да яго прыходзіць самота. Але я, прынесены трысняговым чоўнам на бераг Ніла, з самага дзяцінства быў самотным чужаземцам, і ў адрозненне ад многіх іншых мне звыкацца з самотай не было патрэбы — яна была для мяне домам, прытулкам і начлегам у цемры.
    Я стаяў каля карабельнай ростры, вакол мяне плёскалі зялёныя хвалі, і вецер зносіў прэч марныя думкі. Удалечыні мне мроіліся вочы колеру месячнага святла на вадзе, і да маіх вушэй далятаў гарэзлівы Мінеін смех. Я бачыў яе юную, гнуткую, як малады чарот, фігурку — апранутая ў летнюю сукенку, яна танцавала на гліняных таках Вавілоніі. Яе вобраз больш не выклікаў у мяне ні пакутаў, ні болю, яна жыла ў маіх успамінах, нібы далёкі пяшчотны смутак, які застаецца ў чалавека пасля начнога сну, болей прыгожага, чым грубае жыццё. Думаючы пра яе, я радаваўся, што спаткаўся з ёю, і ніводную хвіліну, пражытую побач з ёй, не лічыў марна страчаным часам. Маё жыццё было б няпоўнае, калі б я не пазнаёміўся з ёю. Карабельная ростра ў выглядзе жаночага твару была ўсяго толькі халодным размаляваным кавалкам дрэва, і, стоячы побач з ёю, я адчуваў унутры халодны спакой: я ведаў, што буду яшчэ весяліцца з жанчынамі, бо чалавеку цяжка праводзіць ночы ў самоце, але я ведаў таксама, што ўсе тыя жанчыны будуць здавацца мне такім вось халодным размаляваным дрэвам, і я, абдымаючы іх, буду шукаць толькі Мінею, толькі месячны бляск яе вачэй, толькі цяпло яе зграбнага цела, толькі яго кіпарысавы водар. Так я развітваўся з Мінеяй, стоячы побач з карабельнаю рострай.
    Нашае падарожжа было нялёгкае, вецер шалеў, карабель, гайдаючыся, цяжка рассякаў хвалі, якія білі ў яго барты, як аб скалы. Каптаху не дапамагала нічога — ні тое, што ён туга перацягнуў рэменем жывот, ні ягоныя амулеты, ні скарабей, ні ўсе ахвяры, што ён кідаў за борт марскім 264
    багам, і ён праклінаў час свайго нараджэння. Але цяпер ён не так баяўся памерці цяпер яго жывіла надзея, што ступіўшы на цвёрды грунт, ён паправіцца.
    I калі мы дабраліся да Сіміры, ён кінуўся на зямлю, пачаў цалаваць камяні ў порце і, заплакаўшы, пакляўся нашым скарабеем, што ўжо больш ніколі не ступіць на мост карабля. Мая душа напоўнілася хваляваннем, калі я ўбачыў знаёмыя вузкія завулкі Сіміры, яе высокія дамы, зграі ледзь жывых сабак, мухі над рыбінай лускою, бо я правёў у гэтым горадзе два гады і як лекар перажыў тут свае першыя перамогі, вяртаючы здароўе нямоглым і хворым.
    Мой дом быў на месцы, але злодзеі ўлезлі ў яго праз вокны і скралі ўсё, што здолелі вынесці — усе рэчы, якія я не аддаў на зберажэнне ў склады гандлёвых дамоў. Мяне не было доўга, і суседзі ўвесь гэты час скідвалі вакол майго дома смецце і спраўлялі прыродныя патрэбы. I цяпер тут стаяў страшны смурод, а калі я ўвайшоў у дом і абадраў з акна павуцінне, то ўбачыў, што па доле бегаюць пацукі. Суседзі, убачыўшы мяне, зусім не ўзрадаваліся майму вяртанню, наадварот — яны паварочваліся да мяне спінай і, зачыняючы перад маім носам дзверы, казалі: «Зноў гэты егіпцянін! А ўсе беды ідуць з Егіпта». Урэшце я рашыў спачатку спыніцца ў заезным двары і даручыў Каптаху прывесці дом у парадак. Пасля трохгадовага падарожжа я вярнуўся ў Сіміру зноў бедняком, бо растраціў усё золата, якое атрымаў ад Харэмхеба. Зрэшты, большая яго частка проста засталася ў вавілонскіх жрацоў пасля таго, як я выкраў у іх цара Мінею.
    У гандлёвых дамах багатыя ўладальнікі караблёў, убачыўшы мяне, вельмі збянтэжыліся, яны сталі разгублена церабіць бароды, а іх доўгія насы яшчэ больш выцягнуліся: яны паспелі ўжо палічыць сябе маімі наследнікамі — так доўга мяне не было і так доўга я не даваў пра сябе ніякага знаку. Тым не менш, яны зрабілі ўсе падлікі і далі мне сумленную справаздачу. Некаторыя караблі, дзе я меўдолю, загінулі, але другія прынеслі нядрэнны даход, і калі ўсе рахункі былі зведзеныя, высветлілася, што вярнуўшыся, я стаў яшчэ багацейшым, чым да ад'езду, і клапаціцца аб сродках на пражыццё мне не трэба.
    Mae сябры, уладальнікі караблёў, запрашалі мяне ў госці, частавалі віном і мядовым печывам і збянтэжана казалі:
    — Сінухе, ты наш лекар, ты наш сапраўдны сябар, але ты — егіпцянін, і хоць мы ахвотна ганддюем з Егіптам, нам не вельмі падабаецца, што егіпцяне пасяляюцца сярод нас, бо наш народ незадаволены падаткамі, якія вымушаны плаціць фараону. He ведаем, з чаго гэта пачалося, але ўжо былі выпадкі, калі ў егіпцян шпурлялі камянямі, а ў іхнія храмы закідвалі дохлых свіней. Людзі не хочуць паказвацца на вуліцах у кампаніі з егіпцянамі. Ты наш сябар, Сінухе, і мы вельмі цябе паважа-
    ем за тваё лекарскае майстэрства. I таму мы ўсё гэта табе расказваем, каб ты паводзіў сябе абачліва і з належнаю асцярогай.
    Такія аповеды вельмі здзіўлялі мяне, бо да майго ад'езду жыхары Сіміры наперабой шукалі дружбы з егіпцянамі, і як у Егіпце пераймалі сірыйскія звычкі, так у Сіміры пераймалі егіпецкія. Але Каптах прыйшоў у гасцёўню абураны і пацвердзіў словы караблеўладальнікаў:
    — Напэўна нейкі злы дух забраўся ў кішкі сіміранам, яны сталі падобныя да шалёных сабак, прыкідваюцца, што не ўмеюць размаўляць па-егіпецку, мяне проста выкінулі з харчэўні, куды я зайшоў, бо глотка ў мяне перасохла як пыл на дарозе, і сам я стаміўся, выконваючы твае загады, мой гаспадар. Яны выкінулі мяне на вуліцу, як толькі змецілі, што я егіпцянін, яны выкрыквалі мне ўслед праклёны, а малыя дзеці шпурлялі ў мяне асліным дзярмом. Тады я пайшоў у другую харчэўню, бо мая глотка была сухая, як мяшок з паловай, і я змаркоціўся па моцным сірыйскім піве, але ў той харчэўні я маўчаў як мыш, хоць мне давалася гэта нялёгка, ты ж ведаеш, што мой язык — як той вёрткі звярок, якому не сядзіцца на месцы. Але гэты раз я павёў сябе болей абачліва: я разам з другімі сунуў сваю саломіну ў гарлач з півам і, ні слова не кажучы, толькі слухаў іншых. Яны казалі, што ў былыя часы Сіміра была вольным горадам і не плаціла нікому ніякае даніны! I цяпер таксама яны больш не хочуць плаціць і не хочуць, каб іхнія дзеці раслі рабамі ў фараона. Яны казалі, што раней і іншыя сірыйскія гарады былі вольныя, а таму трэба паразбіваць галовы ўсім егіпцянам ды прагнаць іх з Сірыі. Так павінен зрабіць кожны, хто любіць свабоду і каму надакучыла жыць у рабстве ў фараона. Такія вось глупствы яны казалі, хоць кожны ведае, што Егіпет ахоўвае Сірыю толькі дзеля яе самой і не мае з гэтага ніякай карысці. Егіпет ахоўвае сірыйцаў ад іх саміх, іначай гарады даўно пасварыліся б між сабою, пачалі б біцца, як дзікія каты, а ў выніку моцна ад гэтага пацярпелі б земляробства, жывёлагадоўля і гандаль. Усё гэта яшчэ з дзяцінства ведае кожны егіпцянін — нават я, хоць я не вучыўся ў школе, а толькі сядзеў ля школьных варот, чакаючы гэтага нахабнага шчанюка — сына майго былога гаспадара, — гэтага малога дурня, які бясконца дубасіў мяне нагамі і балюча тыкаў сваім трысняговым пісалам. Але я расказваю не пра гэта, а пра тое, што чуў у харчэўні. Сірыйцы выхваляліся адзін перад адным сваімі жонкамі і казалі пра хаўрус усіх сірыйскіх гарадоў, а я слухаў, пакуль мне ад такіх размоваў не стала дрэнна, і я, зламаўшы сваю саломінку, пайшоў, не заплаціўшы за піва, як толькі гаспадар адвярнуўся.