• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Каптах доўга маўчаў, гледзячы на мяне, а тады сказаў:
    — Мой гаспадар, я зусім на цябе не крыўдую, хоць часам ты лупцаваў мяне палкай болей, чым трэба, але ж ты рабіў гэта з добрым намерам і лічыў, што гэта пойдзе мне на карысць. Затое яшчэ часцей ты слухаў маіх парадаў і размаўляў са мною як з сябрам, а не рабом, так што часам я нават баяўся, каб ты гэтым не прынізіў сваю годнасць, але потым палка зноў ставіла нас на вызначаныя багамі месцы. Але цяпер і Мінея — таксама мая законная гаспадыня, бо я паставіў яе блаславёную маленькую нагу на свой карак. А значыць, як слуга, я за яе ў адказе. I ёсць яшчэ шмат іншых прычынаў я не буду іх называць, — па якіх я не магу пусціць цябе аднаго ў гэты цёмны палац. Калі ты не хочаш, каб я туды пайшоў за табой, як слуга, то я пайду, як твой сябар. Я не магу пакінуць цябе аднаго, тым болей без скарабея, хоць, як і ты, думаю, што ў гэтай справе ён мала нам дапаможа.
    Ён гаварыў гэта сур'ёзна і ўзважана, а не галасіў, як звычайна, — я нават не пазнаваў яго. Але ісці на смерць удвух я лічыў неразумным, a таму паўтарыў, каб ён ішоў куды хоча і не казаў рознае глупства. Але ён быў упарты.
    — Калі ты не хочаш, каб я ішоў з табой разам, я пайду следам, і ты не зможаш мне перашкодзіць, але ж лепш было б ісці разам, бо я баюся цемры. Я ўвогуле так баюся гэтага цёмнага палаца, што ад адной думкі пра яго мае косці ператвараюцца ў ваду! Таму дазволь мне ўзяць з сабою гарлач віна, каб я час ад часу мог сябе падмацоўваць, бо іначай я пачну лямантаваць і магу табе пашкодзіць. Зброю я браць не буду: я чалавек добры і баюся крыві. Я болын спадзяюся на свае ногі, чым на зброю, а таму, калі ты збіраешся біцца з богам, дык можаш рабіць гэта адзін, а я буду глядзець здаля і даваць мудрыя парады, каб цябе падбадзёрыць. I хай будзе, што будзе, бо ўсё, што адбываецца з намі, напэўна, напісана на зорках яшчэ да нашага нараджэння! Праўда, нашае жыццё ад гэтага не робіцца лягчэйшым. Мяне суцяшае толькі тое, што як на аднаго чалавека, то я пражыў ужо даволі доўга, я да непрытомнасці напіваўся ў розных корчмах і да знямогі весяліўся з жанчынамі, -
    а напаследак яшчэ і з гэтымі крыцянкамі, якія толькі і прыдатныя, што на посцілкі, але, ратуй Амон, я нікому не раю разбіваць гаршчок з імі. Вядома, нашу гаспадыню Мінею я не маю на ўвазе — яна, наадварот, была занадта цнатлівай, і ў гэтым заключалася яе галоўная загана. Скажу адно: каб яна, як робіць гэта кожная высакародная дзяўчына з хлопцам, які ёй падабаецца, чэсна лягла з табой у ложак, то мы пазбеглі таго, што маем цяпер, і даўно былі б дома ў Сіміры ці ў Егіпце, а яна вяла б тваю гаспадарку, з чаго ўзніклі б новыя цяжкасці, пералічваць якія я табе зараз не буду, але і яны не параўнаюцца з тым, што нас чакае зараз. У адрозненне ад цябе, мне, на жаль, зусім не абыякава, зберажэцца маё цела ці не, і мяне вельмі хвалюе, што будзе са мною ў будучым жыцці. Але чаму быць, ад таго не ўцячэш, як сказала адна старая, калі ўшчаміла палец у жорнах.
    Я ведаў, што Каптах здольны балбатаць хоць да рання, асабліва цяпер, калі яго язык не мог спыніцца ад страху. Таму я перабіў яго:
    — Змоўкні, бяры, калі хочаш, свой гарлач з віном, і пойдзем. Пара разабрацца з гэтаю справай. Я думаю, ахоўнікі цяпер спяць, напіўшыся майго віна з дурманным зеллем.
    А і жрэц, і ахоўнікі сапраўды спалі мёртвым сном, і я змог спакойна ўзяць ключ ад форткі ў тым месцы, якое мне паказаў жрэц. Мы прыхапілі з сабой чарапок з прыскам і паходні, але агонь яшчэ і не запальвалі, бо месяц свяціў ярка, і замок лёгка адамкнуўся. Так мы ўвайшлі ў палац бога, зачынілі за сабой фортку, і я пачуў у цемры, як Каптахавы зубы ляскацяць аб край гарлача з віном.
    5
    Падмацаваўшыся, Каптах сказаў слабым і ледзь чутным голасам:
    — Давай запалім паходню, мой гаспадар. Звонку гэтага святла ніхто ўжо не ўбачыць, а цемра, у якую мы палезлі па сваёй ахвоце, страшнейшая за цемру падземнага царства, ад якога нікому не ўратавацца.
    Тады я раздзьмуў жарніцу, запаліў ад вуголля паходню і агледзеўся. Мы знаходзіліся ў вялізнай пячоры, уваход у якую быў зачынены меднаю брамаю. 3 пячоры ў розных кірунках выходзіла дзесяць калідораў, аддзеленых адзін ад другога магутнымі цаглянымі сценамі. Я ведаў, што крыцкі бог жыве ў лабірынце, і быў да гэтага гатовы, а з расказаў вавілонскіх жрацоў памятаў, што будова такіх лабірынтаў тая самая, што і кішэчніка ў адпаведных ахвярных жывёлаў. Калі прыносіліся ахвяры, я часта бачыў кішкі быкоў і спадзяваўся, што знайду правільны шлях, бо гэты лабірынт будаваўся даўно і, на маю думку, павінен быў трымацца згаданага старадаўняга правіла. Таму, паказаўшы Каптаху на бліжэйшы калідор, я сказаў:
    — Пойдзем сюды.
    Але Каптах адказаў:
    — Асаблівай спешкі ў нас няма, а лішняя перасцярога човен не перакуліць. Таму трэба для пэўнасці зрабіць усё, каб не заблудзіць, a галоўнае знайсці дарогу назад, калі ўвогуле нам наканавана вярнуцца, у што я не надта ўжо веру.
    3 гэтымі словамі ён выняў з торбы клубок нітак і адзін канец прывязаў да касцянога кліна, які ўбіў між цаглінамі. Яго думка была такая простая і такая мудрая, што сам я ніколі да такога не дадумаўся б! Вядома, Каптаху я ў тым не прызнаўся, каб не прынізіць сваёй годнасці ў ягоных вачах, і толькі сярдзіта загадаў, каб ён варушыўся. Так мы рушылі ў лабірынт: я трымаў у памяці будову бычынага кішэчніка, a Каптах размотваў нітку з клубка.
    Мы кружлялі ўпоцемку па бясконцых калідорах, і перад намі ўзнікалі ўсё новыя і новыя праходы, зрэдку мы натыкаліся на сцяну і тады вярталіся назад і ішлі па другім калідоры. Раптам Каптах спыніўся, прынюхваючыся, і яго зубы застукалі, а паходня ў руках задрыжала:
    — Мой гаспадар, ты чуеш бычыны пах? — спытаў ён.
    Я сапраўды пачуў брыдкі смурод, які напамінаў пах быка, але яшчэ страшнейшы: здавалася, што ён сочыцца проста сценаў, паміж якімі мы ішлі, што ўвесь лабірынт — гэта агромністы і заблытаны хлеў для быкоў. Але я загадаў Каптаху не прынюхвацца, а рушыць наперад. Тады ён грунтоўна зноў прыклаўся да гарлача, і мы пайшлі далей. Мы ішлі, пакуль я не спатыкнуўся аб нешта слізкае і, нагнуўшыся, не ўбачыў жаночы чэрап, на якім яшчэ захаваліся валасы. Тады я зразумеў, што жывой ужо не знайду Мінею. Але моцная безразважная патрэба ўсё адно мяне гнала наперад, я падштурхоўваў Каптаха, не дазваляючы яму крычаць, але неўзабаве ўперліся ў яшчэ адну сцяну і мусілі зноў павярнуць назад.
    Раптам Каптах спыніўся, паказаў на зямлю, і яго рэдкія валасы сталі дыбарам, а ўся кроў адділа ад твару, і ён зрабіўся бледна-шэры. Я павярнуў галаву і ўбачыў на падлозе вялізную, памерам з чалавечае цела, кучу сухога дзярма! Калі гэта пакінуў бык, ён мусіў быць такога росту, што страшна было падумаць. Адгадаўшы мае думкі, Каптах сказаў:
    — Гэта не бык, бо, калі б ён быў такога памеру, то не пралез бы па гэтых калідорах. Я думаю, гэта дзярмо вялізарнай змяі.
    Сказаўшы гэта, ён прыпаў да гарлача з віном, а я падумаў, што гэты лабірынт сапраўды нібы адмыслова пабудаваны для вялікай змяі. У пэўны момант я завагаўся нават, ці не павярнуць нам назад. Але ўспамін пра Мінею выклікаў у маёй душы такую роспач, што я рушыў далей, пацягнуўшы за сабою Каптаха і сціскаючы ў мокрай ад поту далоні нож, хоць у нашым становішчы ад яго не было ніякай карысці.
    Мы ішлі, і смурод рабіўся ўсё больш невыносным, ён патыхаў нам у
    твар, нібы з вялізнай магілы, і мы ледзь не задыхаліся ад яго. Але мой дух перамагаў страх, бо я ведаў, што хутка мы будзем на месцы. Мы шыбавалі далей, пакуль праход наперадзе не засвяціўся нейкім шэрым прыцемкам, які нібыта абяцаў, што недзе блізка там ёсць святло, а мы ішлі ўжо ў самім целе гары: сцены калідораў тут былі ўжо не з цэглы і не з абчасанага каменя, а былі высечаныя ў мяккай горнай пародзе. Праход вёў нас уніз, і мы, спатыкаючыся аб чалавечыя косці і кучы сухога дзярма, нібы ў бярлогу нейкага вялізнага звера, выйшлі нарэшце ў прасторную пячору, дзе, апынуўшыся на краю абрыву, убачылі ўнізе ваду, ад якой падымаўся невыносны смурод.
    3 мора ў пячору пранікала святло, якое афарбоўвала ўсё вакол страшным зеленаватым колерам, і мы тут маглі ўжо бачыць без дапамогі паходняў. Аднекуль здалёк чулася, як хвалі плешчуцца каля скалаў. А ўнізе на паверхні вады калыхалася нешта падобнае да вялізных скураных мяшкоў. I калі нашы вочы прызвычаіліся, мы разгледзелі здохлую жывёліну, болей вялікую і жахлівую, чым можа ўявіць сабе чалавек! Ад гэтай жывёліны і патыхала смуродам. Галава страшыдлы патанала ў вадзе, але можна было здагадацца, што яна нагадвае галаву быка. Я здагадаўся, што бачу крыцкага бога, і зразумеў, што гэтая жахлівая жывёліна здохла ўжо некалькі месяцаў таму. А дзе была Мінея?
    Думаючы пра яе, я думаў і пра іншых — пра тых, хто быў прысвечаны богу раней і ўвайшоў у гэты храм, навучыўшыся танчыць перад быкамі. Я думаў пра юнакоў, якім было забаронена збліжацца з жанчынамі, і пра дзяўчат, якія мусілі зберагаць сваю цноту, каб спазнаць радасць і святло гэтага бога, я думаў пра іх чарапы ды косці, раскіданыя па падземных калідорах, і пра таго драпежніка, чыё брыдкае цела займала перад імі ўвесь праход так, што небарак не маглі ўратаваць ні ўвішныя іх скачкі, ні ўсё мастацтва танцаў перад быкамі. Гэты звер харчаваўся чалавечынай, яму было дастаткова паесці раз на месяц, і ўлады Крыта ахвяравалі яму на з'ядзенне самых прыгожых дзяўчат і зялёных юнакоў, думаючы, што такім чынам захаваюць сваё панаванне над морам. Гэтае страшыдла, мусіць, трапіла ў пячору з жахлівых марскіх глыбіняў, загнанае моцнаю бурай, а жрацы зачынілі яму выхад назад, пабудавалі ў скале лабірынт і кармілі пачвару чалавечымі ахвярамі, пакуль яна не здохла, а другой такой, мабыць, і не было нідзе ў свеце. Але дзе была Мінея?
    У шалёным адчаі я пачаў гучна гукаць Мінею. Уся пячора загула рэхам, і тут Каптах паказаў на дог, дзе на камянях віднеліся плямы нядаўна засохлай крыві. Ідучы па гзтых слядах, я неўзабаве ўбачыў цела Мінеі, ці тое, што ад яго засталося, — яно павольна гайдалася на марскім дне, і яго, абсеўшы з усіх бакоў, прагна жэрлі ракі. Твару ўжо не было, але я пазнаў Мінею па срэбнай сетачцы на валасах. Я не
    шукаў раны ад меча ў яе грудзях, я разумеў, што Мінатаўр, прывёўшы яе сюды, усадзіў ёй нож ззаду, а тады скінуў у ваду, каб ніхто не здагадаўся аб смерці крыцкага бога. Напэўна, тое самае ён рабіў і з іншымі дзяўчатамі ды юнакамі задоўга да Мінеі.