• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Ён адказаў, ніколькі не саромеючыся:
    — Мой гаспадар, у мяне добрае сэрца, і я не магу стрымаць слёзы, паслухаўшы вашу размову з гэтай дзяўчынай з вузкімі клубамі. Я ніколі і нічога не чуў болей хвалюючага.
    Я раззлаваўся, даў яму выспятка і сказаў:
    — Дык ты падслухоўваў пад дзвярыма?
    I Каптах адказаў з прастадушным выглядам:
    — Так, бо да тваіх дзвярэй хацелі падкрасціся іншыя слухачы, — праўда, да цябе ім не было ніякай справы, яны сачылі за Мінеяй і прыходзілі сюды за ёю. Але я прагнаў іх тваёю палкай і сеў пільнаваць пад дзвярыма, баючыся, што ты не ўзрадуешся, калі яны ўмяшаюцца ў вашу размову. Я сеў і мімаволі слухаў вашу размову, а вы казалі такія прыгожыя, хоць і дзіцячыя, словы, што я не стрымаўся і заплакаў.
    Яго прастадушныя тлумачэнні цалкам суцішылі маю злосць, і тады я сказаў:
    — Калі ты ўсё чуў, то ведаеш, што нам трэба. Ідзі і прынясі гаршчок.
    Але ён цягнуў час, распытваючы:
    — А які гаршчок патрэбен, мой гаспадар? Каменны ці гліняны, распісаны ці без малюнкаў, высокі ці нізкі, вузкі ці шырокі?
    Я выцяў яго палкай, праўда, не вельмі моцна, бо маё сэрца ў гэты момант поўнілася да ўсіх дабрынёй, і загадаў:
    —	Ты добра ведаеш, што я маю на ўвазе і што мне падыдзе любы гаршчок, так што паспяшайся і нясі, які знойдзеш.
    —	Ужо бягу, — запэўніў Каптах. — Мне проста хацелася даць табе яшчэ час падумаць над сваімі намерамі, бо разбіць гаршчок разам з жанчынай — важны крок у жыцці, і яго не варта рабіць паспешліва і бяздумна. Але я не буду табе перашкаджаць і, калі ты так хочаш, зараз гэты гаршчок прынясу.
    Каптах прынёс стары гаршчок з-пад рыбы з алеем, і мы з Мінеяй разбілі яго ў прысутнасці Каптаха. Пасля гэтага ён паставіў нагу Мінеі сабе на патыліцу і прамовіў:
    —	3 гэтага дня ты стала маёй гаспадыняй і будзеш уладарыць мною не менш, а нават больш за майго гаспадара. Але я спадзяюся, што ты не будзеш у гневе сваім абварваць мне ногі кіпнем і будзеш насіць мяккія сандалі без абцасаў, бо мне не даспадобы абутак з абцасамі, якія пакідаюць на галаве шнары і гузакі. Але ў кожным выпадку я буду служыць табе гэтак сама аддана, як свайму гаспадару, бо не ведаю, чаму маё сэрца так прывязалася да цябе, і не разумею, што мой гаспадар у табе знайшоў, бо грудзі ў цябе маленькія, і сама ты надта худая. Спадзяюся, што, калі ты народзіш першае дзіця, гэта выправіцца. Я абяцаю, што буду абкрадваць цябе гэтак жа чэсна, як і свайго гаспадара, і пільна сачыць за тваімі інтарэсамі, а не за сваёй выгодай.
    Ад сваіх слоў Каптах так расчуліўся, што зноў заплакаў і нават голасна зароў. Мінея пагладзіла яго па спіне, а я загадаў прыбраць чарапкі і выгнаў яго з пакоя. Гэтай ноччу мы спалі з Мінеяй разам, як і раней, яна захуталася ў мае абдымкі і сагравала мне шыю сваім дыханнем, a яе валасы ласкава казыталі мне твар. Я не крануў яе, бо радасць, якую яна адчула б, не была б маёй радасцю. Але нават калі я проста трымаў яе ў абдымках, маё шчасце здавалася мне яшчэ глыбейшым і болыпым, чым калі б я авалодаў ёю. He магу сказаць, ці вельмі я радаваўся б, каб яна мне аддалася, але дакладна ведаю, што ў тую ноч я хацеў быць добрым да ўсіх людзей і не трымаў у сэрцы ніводнай злой думкі. Кожны мужчына быў мне як брат, кожная жанчына як маці, а кожная дзяўчына — як сястра — і ў Чырвоных землях, і ў, Чорных, паўсюдна, дзе свеціць месяц.
    4
    Наступным днём Мінея зноў танцавала перад быкамі, і маё сэрца сціскалася ад страху, але нічога дрэннага з ёю не адбылося. А вось адзін юнак не ўтрымаўся на лбе быка і ўпаў на зямлю, а бык працяў яго рагамі і затаптаў капытамі так, што гледачы паўскаквалі і штомоц закрычалі ад жаху і захаплення. Калі быка адагналі, а цела юнака аднеслі ў хлеў, многія жанчына пабеглі паглядзець на яго, — яны мацалі труп
    рукамі, прыгаворваючы: «Вось гэта відовішча!». Мужчыны ж казалі: «Даўно мы не бачылі такіх удалых спаборніцтваў, як сёння». I ніколькі не засмучаючыся тым, што за пройгрыш давялося адважыць нямала золата і срэбра, яны пайшлі па дамах і пачалі святкаваць ды піць віно. Свята цягнулася доўга, і далёка за поўнач агні ў горадзе ўсё яшчэ гарэлі, а таму многія жонкі, не знайшоўшы мужоў дома, засталіся начаваць у чужых пасцелях, але ніхто не засмучаўся і не звяртаў на гэта ўвагі, бо такія ўжо крыцкія звычаі.
    Я спаў на дыванах адзін, бо Мінея гэтаю ноччу не магла прыйсці да мяне, а ўранні я наняў у порце насілкі і адправіўся правесці Мінею да яе бога. Яе везлі ў залатым вазку, запрэжаным коньмі з пышнымі пучкамі пер'я на галовах, а сябры ехалі ў насілках і ішлі побач, жартуючы, смеючыся ды часам спыняючыся, каб выпіць віна. Шлях быў далёкі, але ўсе назапасілі добрай ежы і шмат віна, кожны трымаў у руках аліўкавую галіну, якой яны абмахвалі адзін аднаго ці адганялі авечак, што трапляліся па дарозе і належалі бедным земляробам. Палац бога быў высечаны ў гары, на пустэльным марскім беразе, і ўсе прымоўклі, набліжаючыся да яго, нават загаварылі шэптам.
    Але сам палац я разгледзець не змог, бо звонку гэта была проста невысокая гара, зарослая кветкамі і травой. Уваход зачыняўся высокаю брамай, перад якой стаяў невялікі храм, дзе жылі ахоўнікі і адбываўся абрад пасвячэння. Пад вечар працэсія дасягнула брамы, Мінеіны сябры вылезлі з насілак, уладкаваліся на траве і пачалі есці, піць ды жартаваць між сабою, цалкам забыўшыся, што побач з храмам паводзіць сябе трэба пачціва, — такія ўжо лёгкія былі іх крыцкія норавы. Як сцямнела, запалілі факелы і пачаліся розныя гульні ў кустах, адкуль даносіліся жаночы віск і мужчынскі смех, а Мінея сядзела ў храме адна, і наблізіцца да яе не мог ніхто.
    Я глядзеў на яе здалёк. Яе апранулі ў золата, як багіню, а на галаву накінулі вялікае залатое покрыва. Яна паспрабавала мне ўсміхнуцца, але ў той усмешцы не было радасці. Калі ўзышоў месяц, яе распранулі, знялі ўсё золата і аздобы, а замест іх надзелі празрыстую сукенку, і валасы пакрылі срэбнаю сеткай. Потым ахоўнікі адчынілі цяжкую медную браму — каб адчыніць яе, спатрэбілася па дзесяць чалавек на кожную палавіну. За брамай была такая непраглядная цемра, што ўсе змоўклі, і запанавала поўная цішыня. Мінеі далі ў рукі запаленую паходню, і Мінатаўр павёў яе ў цёмны палац, дзе яны хутка зніклі. Пасля таго як зніклі нават водблескі паходні, грымучую браму зноў зачынілі, некалькі дужых мужчын заклалі моцныя засаўкі, і болей я Мінеі не бачыў.
    Мяне адразу агарнула такая невыказная роспач, што маё сэрца ператварылася ў адкрытую рану, з якой выцекла ўся мая кроў. Я знясіле-
    на ўпаў на калені тварам у густую траву, і ў гэтую хвіліну да мяне ясна дайшло, што Мінею я больш ніколі не ўбачу. Ніколі — хоць яна і абяцала вярнуцца з боскага палаца і пайсці за мной, каб пражыць разам усё жыццё. Цяпер я дакладна ведаў, што яна ўжо не вернецца! Чаму я гэта зразумеў і ўсвядоміў, сказаць не магу, бо да гэтай хвіліны я ўсё яшчэ верыў у цуд — я і баяўся, і спадзяваўся, і стараўся сябе пераканаць, што крыцкі бог не такі, як іншыя, я думаў, што ён адпусціць Мінею дзеля кахання, якое звязвае яе са мной. А цяпер я перастаў спадзявацца, я проста ляжаў на зямлі, і Каптах, які сядзеў побач, паклаў маю галаву сабе на калені і ціха галасіў. Затое знатныя людзі, што суправаджалі Мінею, насіліся вакол з паходнямі, вычварна скакалі і спявалі песні, якіх я не разумеў. Пасля закрыцця брамы ўсіх нібы ахапіла шаленства, і іх крык аддаваўся ў маіх вушах, як крумкачыны грай.
    Праз пэўны час Картах перастаў галасіць і сказаў:
    — Мы не можам змяніць таго, што адбылося, а заўтрашні дзень невядомы нікому. Таму давай, мой гаспадар, паядзім ды пап'ем, каб падмацаваць нашы сілы. Я ведаў, што нам гэта прыдасца, а таму прыхапіў віна і смачнае ежы, бо варта мне моцна засмуціцца, як адразу ўзнікае жаданне добра паесці. А змрочнымі думкамі не падсілкуешся.
    Ён выцер слёзы і як след падмацаваўся, а мне ежа не лезла ў горла і ад віна тхнула балотнай тванню. Я зноў лёг на зямлю, але хутка зноў падняў галаву, бо Каптах раптам сказаў:
    — Думаю, зрок мяне не падманвае, бо я не выпіў яшчэ і палову меры, ад якой у мяне пачынае дваіцца ў вачах. А значыць быкагаловы напраўду вярнуўся з гары. Але адкуль ён выйшаў, я не разумею, бо медную браму ніхто не адчыняў.
    Ён казаў праўду: Мінатаўр сапраўды выйшаў з боскага палаца, і яго залатая бычыная галава злавесна блішчала ў месячным святле. Уступіўшы ў карагод, ён пачаў выконваць святочны танец, прытупваючы абедзвюма нагамі. I тады я, не стрымаўшыся, ускочыў на ногі, кінуўся да яго і, ухапіўшы за локаць, спытаў:
    — Дзе Мінея?
    Ён скінуў маю руку і пахітаў бычынаю галавой, але я не адставаў. Тады ён зняў маску і, адкрыўшы твар, злосна сказаў:
    — Нягожа перабіваць святы танец, але ты чужынец і мог не ведаць гэтага. Таму я гатовы дараваць табе гэту памылку, калі ты не павінен больш мяне турбаваць.
    Дзе Мінея? — зноў спытаў я, і тады нарэшце Мінатаўр адказаў:
    — Я пакінуў Мінею ў цемры боскага палаца, як гэта вызначана нашымі звычаямі, а сам вярнуўся выканаць свяшчэнны танец у гонар нашага бога. Што табе трэба яшчэ ад Мінеі? Ты ўжо атрымаў узнагароду за тое, што прывёз яе дадому.
    — А чаму ты вярнуўся з палаца, а яна не вярнулася? — упарта спытаў я і заступіў Мінатаўру дарогу, але ён моцна мяне адштурхнуў, і нас раздзяліў карагод.
    У гэты момант Каптах ухапіў мяне за руку і пацягнуў прэч. 1 мусіць, добра зрабіў, бо невядома, што магло б адбыцца. Каптах зашаптаў:
    — Ты ненармальны вар'ят! Навошта прыцягваць да сябе ўвагу? Лепш смейся, танцуй ды спявай, як усе, іначай мы нажывем непрыемнасці. А я магу табе, дарэчы, сказаць, што Мінатаўр выйшаў праз непрыкметную фортку побач з меднаю брамай, і ніякага дзіва ў гэтым няма. Я сам хадзіў паглядзець на гэтую фортку і бачыў, як ахоўнікі замкнулі яе, a ключ узялі з сабой. Таму я параю табе, мой гаспадар, выпі віна, каб супакоіцца, бо твар у цябе ўжо ўвесь перакрывіўся, як у шаленца, і ты круціш вірламі, як сава.
    Ён напаіў мяне віном, і я заснуў на траве пад месячным святлом, a перад вачыма ў мяне мільгацелі паходні. Каптах бачыў, у якім я быў стане і таму падмяшаў у віно макавы сок. Так ён адплаціў мне за тое, што я зрабіў у Вавілоне, ратуючы яму жыццё, але ён не запіхнуў мяне ў гарлач, а накрыў коўдрай і сеў побач, пільнуючы, каб танцоры не затапталі мяне. Можа быць, ён таксама ўратаваў мне жыццё, бо я быў у такім стане, што ад роспачы мог закалоць Мінатаўра нажом. Каптах праседзеў побач са мной усю ноч, пакуль не апаражніў гарлач з віном. Тады ён не заснуў, дыхаючы мне ў вуха вінным перагарам.