Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Калі я ўбачыў гэта і пра ўсё здагадаўся, з маёй глоткі вырваўся страшны крык, я ўпаў на калені і, трацячы прытомнасць, напэўна, таксама зваліўся б уніз, да Мінеі, калі б Каптах не схапіў мяне за руку і не адцягнуў у бяспечнае месца, як ён расказваў потым. Што было пасля, я не памятаю, бо забыўся ў глыбокай міласэрнай непрытомнасці.
Каптах расказваў, што доўга бедаваў і галасіў над маім целам, думаючы, што я таксама памёр, але потым заўважыў, што я яшчэ дыхаю, і тады, аплакваючы Мінею, вырашыў уратаваць хоць бы мяне. Ён расказваў, што бачыў шкілеты іншых дзяўчат і юнакоў, забітых Мінатаўрам, з чыіх цел ракі аб'елі ўжо ўсё мяса, і на пясчаным дне ляжалі іх бялюткія косткі. Задыхаючыся ад смуроду, ён зразумеў, што не здолее несці адначасова і мяне, і гарлач з віном, і паходню, а таму ўсё адразу дапіў і кінуў збан у ваду. Віно надало яму новыя сілы, і, арыентуючыся па нітцы, ён рушыў назад, то цягнучы мяне за сабой, то несучы на плячах, і так дабраўся да меднай брамы. Пэўны час ён разважаў, a потым зматаў усю нітку, каб не пакідаць у лабірынце слядоў. Зрэшты, гарлач з-пад віна застаўся ў вадзе, а значыць, Мінатаўру, калі ён зноў прыйдзе выконваць сваю справу забойцы, будзе над чым падумаць.
Калі Каптах выцягнуў мяне лабірынта, замкнуў фортку і занёс ключ на месца ў жытле жраца, пачынала брацца на дзень. Жрэц і ахоўнікі, напіўшыся майго дурманнага зелля, усё яшчэ спалі. Тады Каптах аднёс мяне ў кусты, абмыў мне твар вадой і пачаў расціраць рукі, пакуль я не апрытомнеў. Але я ўсё адно не мог гаварыць, і яму давялося даць мне супакаяльнага зелля. Канчаткова я апрытомнеў нашмат пазней, калі мы падыходзілі ўжо да горада, і Каптах вёў мяне за руку. 3 гэтага моманту я памятаю ўсё.
Я памятаю, што не адчуваў ніякага смутку і амаль не думаў ужо пра Мінею, у маёй душы яна стала далёкім ценем, такім далёкім, быццам я сустрэў яе ў нейкім іншым жыцці. Затое мяне не адпускала думка, што крыцкі бог памёр, і цяпер паводле прадказанняў улада Крыта над морам павінна скончыцца. Я зусім аб гэтым не шкадаваў, хоць жыхары Крыта і ставіліся да мяне прыязна. Але ўсе іх радасці былі мне як бліскучая пена на марскім беразе, дый іх мастацтва напамінала зіхоткую вясёлку над морам. Набліжаючыся да горада і гледзячы на яго лёгкія прыгожыя будынкі, я нават з радасцю думаў, што ўсе яны аднойчы ўспыхнуць ясным полымем, і вясёлы жаночы віскат ператворыцца ў смяротныя стогны. А залатую бычыную галаву Мінатаўра разаб'юць молатамі, падзеляць на здабычу, і ад усёй магутнасці Крыта не заста-
нецца следу. I тады выспа пагрузіцца ў хвалі, з якіх некалі выйшла, як і яе жахлівы марскі бык-страшыдла, што стаў яе богам.
Я думаў і пра Мінатаўра, але без злосці, бо Мінеіна смерць была лёгкай: ёй не давялося з усяе сілы ўцякаць ад вялізнай пачвары; можа нават, яна памерла, так і не зразумеўшы, што з ёю здарылася. Я думаў, што Мінатаўр, мусіць, — адзіны чалавек, які ведае пра смерць бога і пра хуткае падзенне Крыта, і я зразумеў, як нялёгка яму насіць гэтую таямніцу ў сабе. He ведаю, ці лёгка яму было насіць таямніцу, калі страшыдла яшчэ жыло, і ён пасылаў у цёмны палац самых прыгожых дзяўчат і юнакоў, ведаючы, што іх там чакае. Я нічога дрэннага пра Мінатаўра не думаў, я проста спяваў нешта дурное і як вар'ят усміхаўся, ледзь перастаўляючы слабыя ногі. А Каптах, падтрымліваючы мяне, тлумачыў сустрэчным, што я яшчэ не працверазеў. I нікога мае паводзіны не здзіўлялі, бо я быў чужаземец і не разумеў, якое варварства з'яўляцца п'яным на людзях сярод белага дня. Нарэшце Каптах наняў насілкі, і мяне занеслі ў гасцёўню, дзе я ўдосталь напіўся віна і надоўга моцна заснуў.
Калі я прачнуўся, мой розум ізноў быў ясны, але ўсё мінулае здавалася мне вельмі далёкім. Я зноўку падумаў пра Мінатаўра, пра тое, што мог бы яго забіць, але мне не было б ад гэтага ніякай карысці, ні радасці. Я падумаў, што мог бы паведаміць народу ў гавані пра смерць крыцкага бога, каб людзі далі волю агню, але і гэта не дало б мне карысці і радасці. I я падумаў, што, паведаміўшы праўду, мог бы ўратаваць тых, хто выбраны для адпраўкі ў палац у наступны раз... Але я ведаў, што праўда — гэта востры нож у руках неразумнага дзіцяці, і яго лязо можа павярнуцца супраць свайго ўладальніка.
Яшчэ я падумаў, што крыцкі бог мне чужы, што мне няма да яго ніякае справы, і я ўсё адно ўжо ніяк я не вярну Мінею. Ракі ды крабы абгрызуць яе цела да белых костачак, і яно вечна будзе ляжаць на пясчаным дне мора. Я падумаў, што ўсё гэта яшчэ да майго нараджэння наканавана мне зоркамі і што я прыйшоў у гэты свет у час захаду, у дні, калі паміраюць багі, калі ўсё на свеце мяняецца і сам сусвет завяршае свой цыкл, а тады пачнецца новы. Гэтая думка дала мне вялікую палёгку, і я падзяліўся ёю з Каптахам, але той падумаў, што я хворы, папрасіў мяне адпачыць і не пускаў да мяне нікога, каб я не нагаварыў такога яшчэ каму-небудзь.
Увогуле, Каптах за тыя дні страшна мне надакучыў, бо бясконца соваў мне ежу, хоць я зусім быў не галодны. Затое мяне мучыла неспатольная смага, якую я мог заліць толькі віном, бо адчуваў сябе спакайней і разумней толькі, калі ад віна ўсё пачынала дваіцца ў вачах. Я ведаў, што навакольны свет не такі, якім здаецца п'яному, у якога ўсё дваіцца, але, на маю думку, праўда якраз і заключалася ў гэтай раздвое-
насці, і я стараўся растлумачыць гэта Каптаху. Але той не слухаў мяне, а зноў прымушаў легчы, заплюшчыць вочы і супакоіцца. Мне ж здавалася, што я спакойны, як рыбка ў алеі, і я зусім не хацеў заплюшчваць вачэй, бо тады мне пачынала вярзціся што-небудзь страшанае і брыдкае: напрыклад, абгрызеныя чалавечыя косці ў гнілой вадзе ці нейкая дзяўчына на імя Мінея, якую я ведаў калісьці,— і яна па-майстэрску выконвала складаны танец перад вялікім паўзучым гадам з галавой быка. Я не хацеў заплюшчваць вачэй, а ўсё стараўся ўхапіць сваю палку ды адлупцаваць Каптаха, але мае рукі ад віна так аслаблі, што ён адразу і лёгка забіраў у мяне мой кіёк. Каштоўны нож, які падараваў мне хецкі начальнік партовай аховы, Каптах таксама схаваў, і я не здолеў яго знайсці, хоць з задавальненнем паглядзеў бы, як з маёй вены цячэ кроў.
Толькі пазней я зразумеў, што ўвесь той час быў хворы, але цяпер не ўспомню, пра што тады думаў, бо віно цалкам тлуміла мне галаву і раз'ядала памяць. Але думаецца мне, што менавіта віно ўратавала мой розум і дапамагло перажыць страшны час пасля страты Мінеі, хоць я веру, што мне паспрыялі ў гэтым і багі, і дабрыня людзей. Таму сёння я кажу тым, хто прыходзіць да мяне з галавою, пасыпанай попелам, ды ў пашкуматанай вопратцы: «Няма такой тугі, ад якой не ўратавала б віно. Няма такой бяды, у якой не дапамагло б віно. Няма такой страты, перажыць якую не дапамагло б віно. Дык пі віно, і твая туга патоне ў ім, як мыш у гаршчку з вадою, не скардзься, калі спачатку яно падасца табе занадта горкім, бо чым болей ты п'еш, тым смачней яно робіцца, і хутка твая туга падасца табе далёкай хмаркай на небасхіле».
Аднак, калі хто прыходзіць да мяне з вянком на галаве і на шыі, нацёрты дарагім вохным алеем, у лепшых сваіх строях ды са слязьмі радасці на вачах, тады я кажу: «Асцерагайся залішняй радасці, сябра мой, бо радасць болей падступная, чым туга, яна падобная да змяі, што блішчыць на сонцы: на яе прыемна глядзець, але ў любы момант яна можа напоўніць тваю кроў смяротнай атрутай. Асцерагайся радасці, сябра мой, утапі яе ў віне, бо няма такой радасці, якую нельга было б заліць віном, і не радуйся, калі яно падасца табе салодкім і радасць твая ад віна ўзбуяе, бо чым больш ты будзеш яго піць, тым гарчэйшым яно будзе рабіцца, пакуль твая радасць не стане падобная да лахманоў на сухім пяску, і гэта будзе добра для цябе, бо радасць чалавека — гэта самы падступны дар, якім яго спакушаюць мроі».
Такім чынам з дапамогай віна нешта ўва мне зламалася, падобна таму, як гэта здарылася падчас майго навучання ў храме, калі я ўбачыў, як жрэц Амона ў самым святым месцы пляваў у твар бога і выціраў яго сваім шырокім рукавом. Паток майго жыцця спыніў свой бег і разліўся бязмежна шырокай сажалкай, на паверхні якой адбіваліся і неба, і зоркі, але варта было толькі тыцнуць у тую прыгожа бліскучую паверхню
палкай, як выяўлялася, што сажалка мелкая, а на дне поўна бруду і падлы.
Настаў новы ранак. Я зноў прачнуўся ў заезным двары і ўбачыў Каптаха, які сядзеў у кутку і, абхапіўшы галаву рукамі, калываўся тудысюды ды ціха плакаў. Дрыготкімі рукамі я нахіліў гарлач з віном, але зрабіўшы глыток, спытаўся:
— Чаго ты скавычаш, сабака?
Я загаварыў з ім першы раз за шмат дзён. І ён, падняўшы галаву, адказаў:
У порце стаіць карабель, які ідзе ў Сірыю, і здаецца, гэта апошняе судна, якое ідзе туды да зімняй непагадзі. Вось я і плачу.
— Дык бяжы на свой карабель, пакуль я цябе не прыстукнуў, каб не бачыць тваёй назойлівай пысы і не чуць тваіх безупынных скаргаў!
Я сказаў гэта з вялікім раздражненнем і адсунуў у бок гарлач. Але мне зрабілася сорамна за сваю думку — што, маўляў, на свеце яшчэ ёсць чалавек, які залежыць ад мяне. Але Каптах адказаў мне:
— Праўду кажучы, мой гаспадар, мне таксама так надакучыла бачыць тваё п'янства, што я і сам страціў цягу да віна, у што ніколі раней не паверыў бы. А цяпер я не хачу пасмактаць нават піва праз трысняговую трубачку. Хто памёр — той памёр і не вернецца, а нам лепш бы з'ехаць адсюль далей. Золата і срэбра, якое ты атрымаў падчас сваіх падарожжаў, ты павыкідаў у рышткі праз акно, вылечыць каго-небудзь ты ў такім стане наўрад ці зможаш, бо ў цябе калоцяцца рукі так, што ты і гарлач з віном не можаш утрымаць. Прызнаюся, што я спачатку радаваўся, што ты п'еш, бо думаў, што віно цябе супакоіць, я нават сам утаворваў цябе піць і адкаркоўваў гарлач за гарлачом. I сам я піў, хвалячыся перад іншымі ды кажучы: «Вось паглядзіце, які зух мой гаспадар. Ён п'е, нібы бегемот, не вагаючыся, топіць у віне золата і срэбра, каб як след павесяліцца». Але цяпер я больш не хвалюся — я саромеюся свайго гаспадара, бо ўсё мае свае межы, а ты, на маю думку, не ведаеш меры. Я не стаў бы асуджаць чалавека, які напіваецца да непрытомнасці і ўчыняе бойкі на вуліцах, зарабляе гузакі і прачынаецца ў доме ўцехаў, бо гэта разумны звычай, які дапамагае лягчэй пераносіць розныя нягоды, я і сам так часта рабіў, але пахмелле трэба лячыць півам ды салёнаю рыбай, як устаноўлена боскімі ды людскімі законамі. А ты п'еш так, нібыта кожны дзень — апошні, і я баюся, што ты сапраўды дап'ешся да смерці, а на мой погляд, ужо тады лепш адразу ўтапіцца ў віне, бо так можна сканаць і хутчэй, і прыемней, і не зняславіўшы сябе пры тым.