• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    — Каптах, Каптах, — дакараў я яго, — колькі разоў я казаў табе, каб ты не слухаў рознае глупства.
    Але ён запярэчыў:
    — Гэта багі, а не глупства! А медзі мне не шкада, тым больш што жанчына была прыязная і на выгляд зусім не брыдкая. А што да маёй смагі, за якую ты так злуешся, дык табе, мой гаспадар, трэба яшчэ ёй падзякаваць, бо без яе ты быў бы бедняком, і крумкачы, напэўна, склявалі б твой чэрап каля якой-небудзь дарогі. He забывай, што падобна да
    таго, як карабельны бог беспамылкова накіроўвае капітана ў гавань, так мая смага заўжды прыводзіла мяне ў кампанію тых, ад каго я чуў шмат нам абодвум карыснага. Таму не варта бэсціць маю смагу! Калі б ты быў хоць крыху лепшым вернікам, дык нават мог бы ўбачыць у ёй нешта боскае!
    Я павярнуўся да Каптаха спінай і пайшоў прэч, бо спрачацца з ім было немагчыма. Наш карабель плыў па пустэльнай частцы ракі. На пясчаных берагах, грэючыся на сонцы, нерухома ляжалі старыя кракадзілы. У іх разяўленьія пашчы без страху заляталі маленькія птушачкі і выдзёўбвалі з кракадзілавых зубоў рэшткі ежы, Тою ноччу я чуў, як у чаратах роў бегемот, а ўранні вакол карабля цэлымі чародкамі віліся чырвоныя, падобныя да кветак, птушкі. Я зноў быў у Егіпце, зноў быў на сваёй радзіме, але як толькі я звыкнуўся з думкай, што за бортам увесь час нясе свае магутныя воды Ніл, я зноў адчуў сябе самотным чужаніцам на гэтым свеце, і маё сэрца агарнулася такою тугой і пачуццём бяссэнсіцы ўсяго існага, што я спусціўся ў каюту, лёг на цыноўку і страціў усякую ахвоту размаўляць з іншымі, як было на пачатку нашага падарожжа. Я зразумеў, што калі не вярнуся ў Фівы, калі сыду на бераг у любым іншым егіпецкім горадзе на беразе Ніла і вазьмуся лячыць там людзей, — нічога ў маім жыцці не зменіцца і не вырашыцца, усё ў застанецца такім, як было. Апроч таго, я павінен быў сустрэцца з Харэмхебам, і гэтая прычына больш за астатнія прымушала мяне працягваць шлях да Фіваў.
    I неўзабаве я ўбачыў на ўсходнім беразе тры горныя вяршыні, трох векавечных вартаўнікоў вялікага горада. Усё часцей пачалі трапляцца заселены мясціны, глінабітныя хацінкі беднякоў змяняліся багатымі будынінамі, потым паказаліся магутныя муры, і я ўбачыў дах вялікага храма з каланадаю, шматлікія будынкі, што атачалі яго, і свяшчэннае возера. На захадзе ўсю прастору да самых гор займаў Горад мёртвых, у якім на фоне жоўтых скалаў блішчалі бялюткія магілы фараонаў, а каланада храма Вялікай царскай жонкі несла на сабе цэлае мора квітнеючых дрэваў. За гарамі раскінулася Запаветная даліна, поўная змеяў і скарпіёнаў, і там, ля ног вялікага фараона, ляжалі мой бацька Сэнмут і мая маці Кіпа, там іх высахлыя целы, зашытыя ў бычыную скуру, знайшлі вечны спакой і прытулак. А далей на поўдні, сярод садоў і высокіх сцен, уздымаўся лёгкі, з сінім адлівам Залаты палац фараона. Я гадаў, ці не там жыве мой сябар Харэмхеб.
    Карабель падышоў да знаёмай каменнай прыстані, тут усё было пастарому, і ніводнага новага скрыжавання не ўзнікла там, дзе я правёў дзяцінства, не падазраючы, што, узмужнеўшы, пагублю жыццё сваіх бацькоў. Праз пясок часу пачалі праступаць самыя горкія ўспаміны, і мне захацелася дзе-небудзь схавацца і закрыць твар рукамі, я не адчуваў
    ніякай радасці, хоць мяне зноў акружаў шум вялікага горада, і ў вачах людзей, у іх паспешлівасці і неспакойных рухах я зноў адчуў фіванскую ліхаманку. Я не складаў ніякіх планаў, звязаных з маім вяртаннем, і ўсе рашэнні пакінуў да сустрэчы з Харэмхебам, бо думаў, што ўсё будзе залежаць ад становішча, якое ён займае цяпер пры двары фараона. Але як толькі мае ногі ступілі на брук прыстані, у мяне ўзнікла самае простае жаданне, якое не абяцала мне ні багацця, ні шчодрых дарункаў, ні славы вялікага лекара — нічога, што ўяўлялася мне раней: у гэты момант я зразумеў, што хачу звычайнага ціхага жыцця, прысвечанага лекаванню хворых беднякоў. I калі я выразна ўбачыў сваю будучыню, дзіўны спакой напоўніў маю душу, і гэта сведчыла, што чалавек зусім не ведае сваё сэрца, хоць да гэтай хвіліны я меркаваў, што сябе я ведаю дасканала. А вось жа ні пра што такое раней я не думаў! Можа, гэты намер выспеў ува мне пасля доўгіх выпрабаванняў, што выпалі на маю долю? Пачуўшы вакол шум Фіваў і адчуўшы пад нагамі гарачы брук гавані, я зноў уявіў сябе тым маленькім хлопчыкам, які калісьці сачыў сур’ёзнымі і цікаўнымі вачыма за работаю свайго бацькі Сэнмута, калі той аглядаў хворых у сваім прыёмным пакоі. Я разагнаў насільшчыкаў, якія, лаючыся між сабой, таўкліся вакол мяне, і загадаў Каптаху:
    — Пакінь нашы рэчы на караблі і хутчэй купі любы дом непадалёк ад порта ў бядняцкім раёне, непадалёк ад месца, дзе стаяў дом майго бацькі. Пастарайся, каб ужо сёння я змог у ім пасяліцца, а заўтра пачаў прымаць хворых.
    У Каптаха адвісла сківіца, і твар стаў зусім бяздумны, бо ён разлічваў, што мы спачатку спынімся ў багатым заезным двары, і рабы будуць абслугоўваць нас. Тым не менш, ён упершыню не запярэчыў ні словам. Ён толькі паглядзеў мне ў твар, закрыў рот і пайшоў, апусціўшы галаву. Тым жа вечарам я пасяліўся ў былым доме медніка ў бядняцкім квартале горада, туды з карабля прынеслі ўсе мае рэчы, і я паслаў сваю цыноўку на глінянай падлозе. Перад глінабітнымі хацінамі беднякоў, як і раней, тут гарэлі агмені, і алейны чад напаўняў усе закуткі ў гэтай хворай і абяздоленай частцы горада. Неўзабаве ля ўваходу ў дамы ўцехаў запаліліся лямпы, загучала сірыйская музыка, змешваючыся з лаянкай падпітых маракоў у шынках, і неба над Фівамі афарбавалася ружовым водблескам незлічоных агнёў цэнтральнай часткі вялікага горада. Я зноў быў дома, удосталь наблукаўшыся па звілістых дарогах чужыны, спрабуючы ўцячы ад самога сябе.
    4
    Наступным ранкам я загадаў Каптаху:
    — Знайдзі якую простую, без усялякіх аздобаў і малюнкаў таблічку лекара і прырабі яе на дзверы дома. А калі хто будзе пра мяне распыт-
    ваць, не кажы пра маю славу і веды, а кажы толькі, што лекар Сінухе прымае ўсіх хворых, і беднякоў таксама, і атрымлівае ад кожнага падарункі па сродках.
    — I бедных таксама? — з жахам спытаў Каптах. — Авой-авой, мой ты гаспадар, ці ж ты не захварэў? Можа, ты выпіў балотнай вады, a можа, цябе ўкалоў скарпіён?
    — Рабі, як я загадваю, калі хочаш са мной застацца, — адказаў я. — А калі гэты просты дом табе не даспадобы і пах беднасці абражае твой вытанчаны нюх, дык можаш ісці. Я думаю, ты накраў у мяне дастаткова, каб купіць новы дом і ўзяць жонку, калі табе захочацца. Я не буду супраць.
    — Жонку?! — з яшчэ большым жахам крыкнуў Каптах.— Ты сапраўды захварэў, мой гаспадар, і галава ў цябе гарачая. 3 чаго б гэта я ўздумаў заводзіць жонку, якая зняволіла б мяне і, калі б я вяртаўся з горада, прынюхвалася б, ці пахне ад мяне віном, а ўранні, калі я прачынаўся б з хвораю галавой, стаяла б каля ложка з палкай у руцэ ды з поўнаю глоткай брыдкай лаянкі. Далібог, нашто мне браць жонку, калі тое самае, што і жонка, мне гатовая даць любая маладая рабыня! Ды я ўжо сто разоў табе пра гэта казаў. Відаць, багі такі пакаралі цябе вар'яцтвам, што, зрэшты, мяне не здзіўляе, бо я ведаю, як ты да іх ставішся. Але ты мой гаспадар, і твой шлях — гэта мой шлях, а твая кара — гэта і мая кара! Хоць я спадзяваўся, што нарэшце дажыў да спакою і адпачынку пасля жахлівых пакутаў, якія вымушаны быў трываць праз цябе, не кажучы ўжо пра падарожжы па моры, пра якія я нават успамінаць не хачу. Калі замест ложка табе падыходзіць цыноўка, дык і мне будзе яе дастаткова, і, дарэчы, у гэтай беднасці ёсць свая перавага, бо шынкі і дамы ўцехаў — толькі вуліцу перайсці, нават «Кракадзілавы хвост», пра які я марыў, таксама побач. Спадзяюся, што ты мне даруеш, калі я сёння пайду туды і нап'юся, бо ўсе апошнія падзеі вельмі мяне ўзрушылі і мне трэба развеяцца. Праўда, я, гледзячы на цябе, заўсёды апасаюся чаго-небудзь паганага, бо ніколі не магу загадзя здагадацца, што скажаш ці зробіш, — таму што ты думаеш і робіш усё наадварот, а не так, як усе разумныя людзі. Але такога я нават ад цябе не чакаў. Толькі дурань хавае каштоўны камень у кучы гною, а ты менавіта гэта і робіш, хаваючы ў сметніку свае веды і майстэрства.
    Каптах, — сказаў я. — Кожны чалавек прыходзіць у гэты свет голы, а хвароба не робіць розніцы паміж беднымі і багатымі, егіпцянамі і сірыйцамі.
    — Можа, яно і так, але паміж іх дарункамі лекару ёсць вялікая розніца, — разумна запярэчыў Каптах. — Твая думка, што ні кажы, прыгожая, і я не меў бы нічога супраць, калі б яе прытрымліваўся нехта іншы, а не ты, асабліва цяпер, калі пасля ўсіх нашых пакутаў мы маглі
    б бесклапотна скакаць па залатых галінках. Гэтая думка больш пасавала б таму, хто нарадзіўся рабом, — тады яна была б зразумелая, бо я і сам у маладосці так думаў, пакуль палка не дадала мне розуму.
    — Ну, то каб ты ўжо ведаў усё, — дадаў я, — магу табе паведаміць, што, калі мне трапіцца пакінутае дзіця, я вазьму яго і буду гадаваць, як сваё роднае.
    — Навошта? — зусім разгублена спытаў Каптах. — Пры храме ёсць дом ддя пакінутых, і некаторыя з іх вывучваюцца на малодшых жрацоў, а некаторыя робяцца скапцамі, і ім дастаецца ў жаночых пакоях фараона ці знатных людзей такое бліскучае жыццё, якое іх маткі і ўявіць сабе не маглі. 3 іншага боку, калі так хочаш мець сына, — што, зрэшты, зразумела, — дык няма нічога прасцей! Спадзяюся толькі, табе па дурноце не захочацца разбіць гаршчок з чужой жонкай, ад чаго могуць быць адны непрыемнасці?! Калі не хочаш купляць рабыню, можаш спакусіць якую-небудзь бедную дзяўчыну, — яна будзе толькі рада і ўдзячная, калі ты забярэш дзіцё і пазбавіш яе ад ганьбы. Але ад дзяцей шмат клопату, а радасць, якую яны прыносяць, я падазраю, надта перабольшаная! Зрэшты, наконт гэтага нічога не магу сказаць, бо сваіх дзяцей ніколі не бачыў, але маю падставы лічыць, што на ўсіх канцах свету іх падрастае цэлае войска. Было б разумней, калі б ты сёння ж купіў сабе маладую рабыню, якая дапамагала б і мне, бо мае ногі ўжо бегаюць дрэнна, а рукі ўранку дрыжаць пасля перажытых пакутаў, так што аднаму мне цяжка даглядаць дом і гатаваць ежу, тым больш, што па начах мне не спіцца ад клопату, як лепш размясціць тваё золата.
    — Сапраўды, пра гэта я, Каптах, не падумаў, — прызнаўся я. — Але купляць рабыню я не хачу. Таму наймі сам сабе слугу на мае грошы — ты гэта цалкам заслужыў. А калі ты застаешся ў маім доме, то я дазваляю табе прыходзіць і сыходзіць, калі захочаш, бо я ўпэўнены, што дзякуючы тваёй смазе, ты здабудзеш мне яшчэ шмат розных карысных звестак. Рабі ж, як я сказаў і больш не пытайся, бо маё рашэнне мацнейшае за мяне, і я ўжо яго не змяню.