• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    — Гэта зайшло занадта далёка! Я не маю на ўвазе жаночыя ўборы, бо Амон ухваляе ўсякі строі, абы чалавек па святочных днях апранаўся ў белае, а на жывот прыгожай жанчыны кожны паглядзіць з задавальненнем. Занадта далёка зайшло тое, што фараон, нібыта шкадуючы лёс маракоў, хоча спыніць дастаўку духмянасцяў з Пунта, а Амон прывык да іх водару. Што ж нам цяпер — спальваць ахвяры на кучах гною?! Ён знарок здзекуецца з нас! I я не здзіўлюся, калі кожны прыстойны чалавек гатовы плюнуць у твар таму, хто малюе на сваёй вопратцы сімвал жыватворнага крыжа, бо гэта знак праклятага бога, чыім імем я не хачу паганіць свае чыстыя вусны. Я, далібог, заплаціў бы яшчэ не за адну чашу такога напою таму, хто пайшоў бы сённяшняй ноччу ў вядомы ўсім храм і справіў бы там сваю прыродную патрэбу на алтары — гэта ж адкрыты храм, і чалавек спрытны лёгка падмане ахоўнікаў. Клянуся, што я і сам зрабіў бы гэта, але мне не дазваляе маё становішча, бо Амон можа абразіцца.
    Ён запытальна зірнуў вакол, і тут да яго падышоў чалавек, на чыім твары былі яўныя сляды перанесенай ім чумы. Яны пачалі шушукацца,
    жрэц замовіў дзве чашы «кракадзілавага хваста», і потым чалавек з плямамі ад чумы гучна прамовіў:
    Клянуся, я зраблю гэта, і зраблю не дзеля золата, якое ты абяцаеш, а дзеля сваіх Ка і Ба! Бо, можа быць, я не праведнік і заўсёды рабіў непрыстойныя ўчынкі, і нават цяпер не пабаюся перарэзаць чалавеку глотку ад вуха да вуха, але я заўжды верыў у тое, чаму мяне навучала маці, і мой бог Амон, і я хачу заслужыць ад яго ўхвалу раней, чым памру, каб не ўспамінаць пра свае чорныя справы кожны раз, калі мне забаліць жывот.
    — Усё так, — сказаў жрэц, усё болей хмялеючы. — Твой учынак будзе варты ўсякай ухвалы, ты зробіш справу, за якую табе шмат чаго даруецца, а калі нават загінеш у славу Амона, дык адразу апынешся ў Краіне Захаду, нават калі тваё цела згніе на гарадскім муры. Такім самым чынам, не блукаючы па балотах падземнага царства, у Краіну Захаду трапляюць і маракі, якія гінуць, здабываючы для Амона каштоўнае дрэва і духмяныя смолкі. Фараон — проста злачынец, калі забараняе маракам тануць у гонар Амона!
    Ён грукнуў па стале чашай і гучна крыкнуў усім наведнікам:
    Я жрэц чацвёртай ступені і магу зачыніць або выпусціць усе вашы Ка і Ба. Я клянуся, што кожны ўчынак у гонар Амона будзе вам дараваны, няхай гэта нават будзе забойства, здзек, крадзеж ці гвалт, бо Амон глядзіць у сэрцы людзей і ацэньвае іх учынкі, гледзячы, да чаго імкнуліся іхнія сэрцы. Ідзіце, хаваючы зброю пад вопраткай і...
    Раптам яго крык перарваўся і словы застылі ў горле, бо ззаду да яго падышоў гаспадар і ўдарыў па галаве скураною дубінай так, што той абмяк і абраніў галаву на калені. Усе паўскоквалі, чумны нават выхапіў з-за пояса нож, але шынкар спакойна патлумачыў:
    Я зрабіў гэта дзеля Амона, а таму ўжо атрымаў дараванне. Калі жрэц ачомаецца, ён першы пацвердзіць, што я меў рацыю, бо, хоць ён казаў ад імя Амона, у ім адначасова гаварыў і «кракадзілаў хвост». У выніку ён крычаў надта гучна, а крычаць і шумець тут магу толькі я. Калі вы людзі разумныя, то зразумееце, што я маю на ўвазе.
    Усе пагадзіліся, што гаспадар мае рацыю. Чумны пачаў прыводзіць у прытомнасць жраца, а некаторыя паспешліва выслізнулі за дзверы. Мы з Каптахам таксама вырашылі пайсці, і на парозе я сказаў Мэрыт:
    —	Ты ведаеш, што я самотны, але твае вочы сказалі мне, што і ты адна. Я шмат разважаў над словамі, якія ты мне аднойчы сказала, і сапраўды падумаў, што самотнаму хлусня часам бывае саладзейшай за праўду, калі яго першая вясна ўжо адквітнела. Таму мне хочацца ўбачыць цябе ў тваёй новай летняй сукенцы, пра якую ты казала, бо ты прыгожая, у цябе доўгія ногі, і табе не давядзецца саромецца свайго жывата, калі я пайду з табой побач па Алеі бараноў.
    Гэты раз Мэрыт не зняла маёй рукі са свайго клуба, а, толькі лёгка паціснуўшы яе, адказала:
    —	Можа, я так і зраблю.
    Але радасць ад яе абяцання знікла, як толькі я выйшаў на гарачую вячэрнюю вуліцу. Мне стала сумна, і аднекуль здалёк ад ракі данёсся самотны голас двухрогай чаратовай жалейкі.
    А наступным днём у Фівы са сваёю дружынай вярнуўся Харэмхеб. Але каб расказаць пра гэта, мне трэба пачаць новы скрутак папіруса.
    А тут я хачу яшчэ згадаць, што ўскрыў чэрап двум хворым — дзеду і беднай жанчыне, якая лічыла сябе вялікай царыцаю Хатшэпсут. Яны абое паправіліся, што, як доктара, мяне вельмі ўзрадавала, але, думаецца мне, што, уяўляючы сябе вялікай царыцай, жанчына была шчаслівейшая, чым калі вылечылася ад хваробы.
    ЧАСТКА ДРУГАЯ
    ПАПІРУС ДЗЕСЯТЫ
    Паднябесны горад
    і
    Стаяла самая гарачая пара лета, калі Харэмхеб вярнуўся ў Фівы з зямлі Куш.
    Ластаўкі ўжо даўно схаваліся, закапаўшыся ў глей, вада ў сажалках вакол горада пратухла ад спёкі, саранча і земляныя блохі паядалі пасевы. Але сады фіванскіх багацеяў поўніліся зялёнаю прахалодай і квітнелі абапал алеі, уздоўж якой цягнуліся калоны з каменнымі баранамі, стракаціліся кветкі, пасаджаныя жрацамі, бо вады ў Фівах не хапала толькі беднякам. А на поўдні, за ракою, у гарачым сонечным мроіве ўздымаліся сцены Залатога фараонава палаца і чароўнай казкай плылі ў ім сады. Нягледзячы на тое, стаяла самая вялікая летняя спёка, фараон не выехаў у свае летнія палацы ніжэй па рацэ, а застаўся ў Фівах. I таму адчувалася, што павінна адбыцца нешта важнае, і людскія сэрцы ахапіў змрочны неспакой, як цемра пакрывае неба перад пясчанай бурай.
    I ніхто не здзівіўся, калі ў Фівы на досвітку па ўсіх паўднёвых дарогах пачалі ўваходзіць войскі. 3 запыленымі шчытамі, пабліскваючы меднымі наканечнікамі дзідаў, напяўшы лукі, маршыравала чорнае войска па гарадскіх вуліцах, з цікаўнасцю аглядаючыся вакол і палохаючы гарадскіх жыхароў бялкамі вачэй на чорных спацелых тварах. Яны прайшлі пад сваімі варварскімі сцягамі ў старыя кашары, дзе ў хуткім часе загарэліся вогнішчы, награваючы каменне, якое кідалі ў катлы, каб згатаваць ежу. Тым самым часам у порт увайшлі ваенныя.-караблі, з іх пачалі выгружацца ваенныя калясніцы начальнікаў і коні з пучкамі пер'яў на галовах, і сярод гэтых воінаў таксама не бачна было егіпцянаў, а пераважалі негры з поўдня і сарданы з паўночна-заходніх пусты-
    няў. Яны занялі горад, паставілі на кожным скрыжаванні вартавых, перакрылі раку і выхад да яе. Праца на млынах і ў майстэрнях спынілася, зачыніліся клеці, склады і лаўкі, гандляры пачалі пераносіць тавары з вуліцы ў хату і зачыняць вокны на аканіцы, а шынкары ды ўладальнікі дамоў уцехаў паспешліва наймалі дужых мужыкоў з дубінамі на ахову сваёй уласнасці. Людзі апрануліся ў белае, і з усіх канцоў горада — і з бедных кварталаў, і з багатых — пачалі збірацца да храма Амона, пакуль усе яго двары не напоўніліся, і многія нават вымушаныя былі застацца і па-за сценамі храма.
    Адначасова разнеслася чутка, што ноччу быў апаганены і зганьбаваны храм Атона: на ахвярны алтары нехта паклаў дохлага сабаку і перарэзаў стражніку горла ад вуха да вуха. Пачуўшы гэта, адны спалохана пераглядваліся, а другія цішком зларадна ўсміхаліся.
    — Ачысці свае інструменты, мой гаспадар,— сур'ёзна сказаў KanTax. — Думаецца мне, яшчэ да вечара ў цябе будзе шмат працы, і, калі не памыляюся, давядзецца нават ускрываць чарапы.
    Але нічога такога не здарылася. Толькі п'яныя чорныя воіны абрабавалі некалькі крамаў ды згвалтавалі пару жанчын, але вартавыя злавілі іх і як след адхвасталі бізунамі, што не прынесла задавальнення ні абрабаваным крамнікам, ні згвалтаваным жанчынам. Я чуў, што Харэмхеб знаходзіцца на галоўным ваенным караблі, і пайшоў у порт, каб пабачыцца з ім. Зрэшты, я не спадзяваўся, што мяне да яго пусцяць. Але вартавы на здзіў абыякава выслухаў мае слова і пайшоў з дакладам. Неўзабаве ён вярнуўся і запрасіў мяне падняцца да начальніка. Такім чынам, я ўпершыню трапіў на ваенны карабель і азіраўся вакол з вялікай цікаўнасцю. Але ад іншых караблёў гэты адрозніваўся хіба толькі ўзбраеннем і шматлюднасцю, а пазалочаныя насавыя фігуры ды рознакаляровыя ветразі маглі быць і на любым гандлёвым караблі.
    Нарэшце я сустрэўся з Харэмхебам. Ён стаў яшчэ больш высокі і велічны, яго плечы сталі шырэйшыя, а рукі — больш мускулістыя, але на твары ўжо ўзніклі зморшчыны, і пачырванелыя ад стомы вочы глядзелі нявесела. Я нізка пакланіўся яму, апусціўшы рукі да каленяў, а ён засмяяўся і горка ўсклікнуў:
    —	Сінухе, Сын дзікага асла і мой сябра! Далібог, ты прыходзіш у патрэбны момант!
    Але з прычыны свайго высокага чына ён не абняў мяне. Ён павярнуўся да маленькага тоўстага военачальніка, які стаяў перад ім, збянтэжана вырачыўшы вочы і ледзь дыхаючы ад спёкі, нечакана працягнуў яму свой залаты бізун вярхоўнага ваяводы і сказаў:
    —	На, насі на здароўе і адказвай за ўсё.
    Потым, зняўшы са сваёй шыі расшыты залатымі знакамі ваяводскі каўнер, ён таксама надзеў яго на шыю таўстуну са словамі:
    —	Ускладзі ж на сябе гэтыя ваяводскія знакі, і хай ліецца народная кроў на твае дзярмовыя рукі.
    Пасля гэтага ён павярнуўся да мяне і паведаміў:
    —	Ну вось, Сінухе, мой дружа, цяпер я вольны і гатовы пайсці за табой, куды хочаш! Спадзяюся, у тваім доме знойдзецца цыноўка, на якой я змагу як след адпачыць, бо, абараняючы гонар Сэта і ягоных нячысцікаў, я так стаміўся, што не маю больш сілы спрачацца з вар'ятамі.
    Ён паклаў рукі на плечы нізкаросламу военачальніку, чыя галава ледзь даставала яму да пляча і прамовіў:
    —	Паглядзі ўважліва, мой сябра Сінухе, і запомні, што бачыш, бо вось перад табой чалавек, у чыіх руках сёння лёс Фіваў, а можа, і ўсяго Егіпта. Фараон назначыў яго на маё месца пасля таго, як я шчыра яму сказаў, што ён звар'яцеў. Але, гледзячы на гэтага «ваяводу», ты, мусіць, ужо здагадваешся, што хутка я зноў спатрэблюся фараону. — I ён засмяяўся доўгім смехам, хлопаючы сябе па каленях, але яго смех быў невясёлы і нават спалохаў мяне.
    Маленькі начальнік глядзеў на яго, пакорліва вырачыўшы вочы, і па яго твары і шыі беглі ручаінкі поту. Ён засмучана сказаў:
    —	He злуйся на мяне, Харэмхеб. Ты ж ведаеш, што я зусім не думаў забіраць у цябе гэты ваяводскі бізун: сваіх кошак і цішыню я люблю нашмат больш за бразгат зброі. Але фараон запэўнівае, што бітваў цяпер не будзе, і Амон упадзе без крыві, дый хто я такі, каб працівіцца яго волі.