Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Яго словы спалохалі мяне, бо я ўжо ведаў пра новае пісьмо фараона, але яно не было свяшчэнным, у ім не было прыгажосці і былога багацця, якое прысутнічала ў ранейшым. Гэтым пісьмом грэбаваў кожны пісар, які паважаў сябе і сваё майстэрства. Таму я сказаў:
— Народнае пісьмо грубае і непрыгожае, гэта не свяшчэннае пісьмо. I што будзе з Егіптам, калі кожны навучыцца пісаць, — такога раней не было ніколі! Тады ніхто не захоча працаваць рукамі, зямля застанецца неапрацаванай, і не будзе народу радасці ад ведання пісьменства, калі ён будзе паміраць з голаду.
Але мне не варта было казаць гэтага, бо ён вельмі раззлаваўся і крыкнуў:
— Вось як блізка ад мяне цемра! Яна стаіць побач са мною, калі ты, Сінухе, стаіш паблізу! Ты толькі сумняваешся і шукаеш перашкоды на маім шляху, а ўва мне праўда гарыць зыркім полымем, і мае вочы бачаць усе перашкоды, як у чыстай вадзе. Я бачу свет, які прыйдзе за мною. У тым свеце не будзе ні злосці, ні страху, а людзі па-брацку падзеляць працу паміж сабою, і хлеб падзеляць, як браты, і не будзе больш ні багатых, ні бедных, а будуць роўнымі ўсе, і ўсе навучацца пісаць і чытаць і прачытаюць тое, што я ім напішу. I ніхто больш не скажа друтому: «паганы сірыец» ці «брыдкі негр», кожны будзе кожнаму братам, і не будзе больш войнаў. Усё гэта бачаць мае вочы, і радасць ува мне закіпае з такою сілай, што маё сэрца, здаецца, зараз разарвецца на часткі.
Пачуўшы гэта, я зразумеў, што ён вар'ят, я паклаў яго на канапу і даў яму супакаяльнага зелля. Але яго словы калолі і раз'ядалі мне сэрца. Нешта ўва мне было гатова зразумець і ўспрыняць іх. Я бачыў шмат народаў, і ўсе яны па сваёй сутнасці былі аднолькавыя, я бачыў шмат гарадоў, і ўсе гарады па сваёй сутнасці таксама былі аднолькавыя. Апроч таго, як лекар я не павінен быў адрозніваць багатых ад бедных, егіпцян ад сірыйцаў, я мусіў дапамагаць кожнаму. Таму я сказаў свайму сэрцу:
«Ён зусім страціў розум, гэта бясспрэчна, ён страціў розум ад сваёй хваробы, але яго вар'яцтва настолькі прывабнае, што я жадаю, каб яго відзежы спраўдзіліся. I хоць мой розум падказвае, што такі свет можа быць створаны хіба толькі ў Краіне Захаду, маё сэрца крычыць, гаворачы, што яго праўда мацнейшая за ўсе, выказаныя да яго, і нават пасля яго не будзе праўды вышэйшай. Разам з тым мне вядома, што кроў і руіны ідуць па яго слядах і ён пагубіць вялікую дзяржаву, калі пражыве доўга».
Я глядзеў на зіхоткія зоркі ў цемры і думаў: «Я, Сінухе, чужынец ва ўсім свеце, і мне невядома нават, хто нарадзіў мяне. Толькі маё жаданне зрабіла мяне лекарам беднякоў у Фівах, і золата не шмат чаго для мяне значыць, хоць тлустую гуску я ем з большым задавальненнем, чым сухі хлеб, і віно п'ю з большым задавальненнем, чым ваду. Але нішто з гэтага я не цаню так, каб не мог ад яго адмовіцца. Мне няма чаго губляць, апроч свайго жыцця, дык чаму б мне не падтрымаць яго, такога слабага, чаму б не стаць без вагання побач з ім і дапамагаць яму, бо ён фараон, у руках якога знаходзіцца ўлада, а Егіпет — самая багатая і ўрадлівая зямля на свеце. Можа, яна і здолее вытрываць гэтыя фараонавы доследы. Калі б яны спраўдзіліся, свет абнавіўся б, пачалася б новая эра, людзі б сталі братамі і не было б болын багатых і бедных. Людзям ніколі яшчэ не надараўся выпадак ажыццявіць гэтую праўду, а ён народжаны фараонам — і такое наўрад ці паўторыцца. Гэта ўвогуле, можа, адзіны выпадак, калі такая праўда здольная перамагчы».
Так я мроіў з шырока расплюшчанымі вачыма. Паток ціха гайдаў царскі карабель, начны ветрык даносіў да мяне з берага пах спелага збожжа на таках. Але той жа начны ветрык астудзіў маё цела, мроя знікла, і я сумна сказаў свайму сэрцу:
— Хай бы Каптах быў тут і пачуў фараонавы словы. Я спрактыкаваны лекар і ўмею лячыць шмат хваробаў, але ўбогасць гэтага свету такая вялікая, што ўсе лекары разам, нягледзячы на сваё майстэрства, не змаглі б яе вылечыць. А ёсць хваробы, ад якіх пазбавіць не змогуць і самыя вялікія майстры лекавання. Так і фараон Эхнатон, як лекар чалавечых сэрцаў, не можа паспець адзін усюды. А калі ў яго будуць лекары-паслядоўнікі, дык яны і напалову не зразумеюць ягоных словаў, яны расталкуюць яго ідэі кожны па сваім разуменні, дый ён проста не паспее за сваё жыццё вырасціць і выхаваць столькі лекараў чалавечых сэрцаў, каб яны паспелі ўсюды. Апроч таго, ёсць чалавечыя сэрцы, якія напоўніліся чорнаю лютасцю так, што нават ягоная праўда не зможа іх вылечыць. Каптах, мусіць, сказаў бы: «Хай і настане такая пара, калі не будзе багатых і бедных, ды ўсё адно застануцца разумныя і дурныя, хітрыя і прастадушныя. Так было і так будзе заўсёды. Моцны ставіць нагу на шыю слабога, хітры крадзе кашэль у дурнога і прыму-
шае прасцяка працаваць замест і на сябе, бо чалавек — драпежная жывёла, і нават яго дабрыня не бязмежная. Толькі чалавек, які спіць вечным сном і ўжо не ўстане ніколі, — толькі ён цалкам добры. Ты бачыш, да чаго прывяла дабрыня фараона. Пэўна можна сказаць, што больш за ўсіх яе бласлаўляюць хіба толькі кракадзілы ды крумкачы».
Я размаўляў са сваім сэрцам, і маё сэрца было ў разгубленасці, пакуль на пятнаццаты дзень падарожжа не паказалася зямля, якая не належала нікому з высакародных і багоў. Горы ўдалечыні былі сінімі і залаціста-карычневымі, зямля не была засеяная, і толькі некалькі пастухоў, што жылі непадалёк у трысняговых хацінках, пасвілі тут свае статкі. Тады фараон сышоў з карабля, каб прысвяціць гэтую зямлю Атону і пабудаваць тут новую сталіцу, якую назваў Ахетатонам, Паднябесным горадам.
Неўзабаве сюды адзін за адным пачалі прыходзіць караблі. Фараон збіраў майстроў-будаўнікоў і архітэктараў. Ён паказваў ім кірункі галоўных вуліц, месца Залатога палаца і храма Атона, а прыдворным кожнаму паказваў месца іх дома на галоўнай вуліцы. Будаўнікі прагналі пастухоў з іх авечкамі, разбурылі іх трысняговыя хаціны і пабудавалі прычалы. Потым фараон Эхнатон паказаў ім месца, дзе меркавалася ўзвесці яго царскі комплекс, які мусіў размяшчацца за мурамі сталіцы. Будаўнікі атрымалі права першымі пабудаваць сабе дамы — па пяць на паўднёвай і паўночнай вуліцах і па пяць на ўсходняй і заходняй. Усе дамы будаваліся аднолькавай вышыні, ва ўсіх было па два аднолькавыя пакоі, у якіх на аднолькавым месцы размяшчаўся агмень, былі аднолькавыя дываны і посуд, бо фараон хацеў, каб усе былі роўныя і шчасліва жылі ў новым горадзе ля новай сталіцы, услаўляючы імя новага бога.
Але ці славілі яны Атона? He, у сваім цемрашальстве яны горка пракліналі і новага бога, і фараона, які перасяліў іх сюды, у гэтую пустэльню, дзе няма ні вуліц, ні шынкоў, а толькі пясок ды спаленая сонцам трава. Ніводная жанчына не была задаволеная сваім агменем, і нягледзячы на забарону, яны ўсе хацелі распальваць агонь у двары і ўвесь час перастаўлялі посуд і перасоўвалі дываны так, як было ім зручней, a не так, як было загадана. Тыя, у каго было шмат дзяцей зайздросцілі бяздзетным, у якіх у хаце было болей месца. Тыя, хто прывык у доме да землянога долу, усяляк ганілі гліняны, кажучы, што ён шкодзіць здароўю з прычыны заўсёднага пылу, а тыя, што прывыклі да долу глінянага, казалі, што тут, у Ахетатоне, гліна зусім не такая, як у іншых месцах, а нейкая праклятая, бо дол кожны раз пасля мыцця трэскаецца.
Апроч таго, яны хацелі садзіць агародніну на вуліцы перад домам, як рабілі ўсё жыццё, і былі незадаволеныя агародамі, якія ім адвялі па загадзе фараона непадалёк ад горада. Яны скардзіліся, што ім не хапае вады і што яны не могуць цягаць так далёка свае спаражненні. Яны
нацягвалі ўпоперак вуліцы чаратовыя вяроўкі і вешалі на іх бялізну, яны трымалі коз у пакоях, нягледзячы на тое, што фараон, аберагаючы іх здароўе і здароўе іхніх дзяцей, строга гэта забараніў. I я ніколі не бачыў такога незадаволенага і пагрузлага ў сварках горада, як горад будаўнікоў Ахетатона падчас узвядзення новай сталіцы. Але павінен сказаць, што з цягам часу яны звыкліся з нязручнасцямі і перасталі лаяць фараона, толькі зрэдку ўздыхаючы па сваіх старых хатах, але напраўду ніхто не хацеў бы ўжо ў іх вяртацца. А вось коз у пакоях жанчыны ўсё-ткі трымалі, і нават сам фараон не змог перашкодзіць гэтаму. Так прайшло разводдзе і наступіла зіма, але фараон не вярнуўся ў Фівы і па-ранейшаму ўпарта жыў на караблі, кіруючы з яго усёй дзяржавай. Ён радаваўся кожнаму пакладзенаму каменю, кожнай узнятай калоне і часта смяяўся, гледзячы, як усцяж вуліцы растуць новыя лёгкія драўляны дамы, але ўжо адна думка пра Фівы атручвала яму настрой. Ён уклаў у Ахетатон усё золата, якое адабраў у Амона, а землі Амона раздаў беднякам, якія хацелі іх апрацоўваць. Ён загадаў спыняць усе караблі, якія ішлі ўверх па рацэ, скупляць усе тавары і выгружаць іх у Ахетатоне, чым выклікаў вялікае засмучэнне ў Фівах, ён прыспешваў будаўніцтва так, што цэны на драўніну і камень імкліва ўзраслі. Апроч будаўнікоў, у Ахетатон прыехала і шмат іншых працаўнікоў, якія жылі пакуль у зямлянках ці трысняговых хацінах каля ракі. Яны выраблялі цэглу, мясілі гліну, выроўнівалі вуліцы і капалі арашальныя KanaAbi, а ў фараонавым парку выкапалі свяшчэннае возера Атона. Кусты і дрэвы таксама прывозілі на караблях з вярхоўяў Ніла і садзілі ў Паднябесным горадзе пасля разліву, пладовыя дрэвы прывозілі і садзілі ўжо дарослымі, так што наступным годам яны пачалі прыносіць плады, і фараон з захапленнем збіраў фінікі, смоквы і гранаты, якія ўпершыню паспелі ў яго сталіцы.
Хоць фараону стала лепш, і ён цяпер радаваўся, гледзячы, як уздымаецца ў квецені яго вясёлы, лёгкі, упрыгожаны стракатымі калонамі горад, але працы ў мяне не паменела. Сярод будаўнікоў лютавалі хваробы, асабліва пакуль да горада не падвялі каналы з чыстай вадою. Дый на будоўлі ў спешцы нярэдка здараліся няшчасныя выпадкі. Да таго, як пабудавалі сапраўдную прыстань, насільшчыкам даводзілася пераносіць грузы з караблёў па вадзе, і ім вельмі перашкаджалі кракадзілы. Крыкі бедалагаў немагчыма было слухаць без жалю, бо няма на свеце болыц жахлівай карціны, чым чалавек, які б'ецца ў сутаргах, напалову заглынуты кракадзілам, пакуль той не знікае ў цёмнай глыбіні разам са сваёю здабычай. Але фараон быўтак перапоўнены сваёй праўдай, што проста не заўважаў усяго гэтага, і маракам даводзілася самім аплачваць паляўнічым, якія лавілі кракадзілаў і паступова ачысцілі ад іх раку.