Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Пасля разліву, калі вада спала, у Ахетатон разам з прыдворнымі пры-
ехаў Харэмхеб. Але ён прыехаў не дзеля таго, каб застацца тут жыць, a каб прымусіць фараона адмовіцца ад свайго рашэння распусціць войска. Фараон загадаў Харэмхебу адпусціць са службы сарданаў і неграў, але Харэмхеб марудзіў, бо меў падставы чакаць бунту ў Сірыі, і нават пачаў перасоўваць туды войскі. Пасля беспарадкаў у Фівах сарданаў і неграў у Егіпце так ненавідзелі, што кожны, убачыўшы іх, пляваўся і грэбліва расціраў плявок нагой.
Але фараон быў непахісны ў сваім рашэнні, і Харэмхеб толькі змарнаваў у Ахетатоне час. Іх размовы былі кожны дзень аднолькавыя. Харэмхеб казаў:
— Сірыя ахопленая хваляваннямі, а нашы гарнізоны там даволі слабыя. Можа, Азіру сам распаляе злосць супраць Егіпта. Я не сумняваюся, што ў зручны момант ён падыме бунт.
Фараон Эхнатон адказваў:
— Ты ўжо бачыў дол у маім палацы? Мастакі малююць на ім чараты і качак, як гэта робяць на Крыце! А наконт Сірыі, я не веру, што там успыхне бунт, — я паслаў усім сірыйскім уладарам жыватворны крыж. А цар Азіру наогул мой сябар! Ён не толькі прыняў крыж, ён яшчэ і збудаваў у Амарэі храм Атона. Дарэчы, ты хадзіў паглядзець каланаду Атона каля майго палаца? Яна таго вартая, хоць шкада, што дзеля хуткасці яе будуюць з цэглы, а не з каменя. А што да Азіру, дык ты дарэмна сумняваешся ў яго вернасці, — я атрымаў ад яго шмат гліняных таблічак, у якіх ён праяўляе вялікі інтарэс да Атона. Калі хочаш, мае пісары могуць табе іх паказаць.
Харэмхеб казаў:
— Пляваць я хацеў на яго таблічкі, бо яны такія ж паскудныя і фальшывыя, як ён сам. А калі ты ўсур'ёз хочаш распусціць войска, дык дазволь мне ўмацаваць хоць памежныя гарнізоны, бо паўднёвыя плямёны ўжо цяпер гоняць свае статкі на нашы землі ў краіне Куш. Яны не глядзяць на памежныя камяні і спальваюць вёскі нашых чорных саюзнікаў. Зрэшты, спаліць іх няцяжка, бо яны зробленыя з трыснягу і саломы.
Эхнатон адказваў:
— Я не магу даць веры, што яны робяць гэта ад злосці. На нашы землі іх гоніць галеча. Хай лепш нашы хаўруснікі падзеляцца сваімі пашамі з паўднёвымі плямёнамі, а я пашлю і ім жыватворны крыж. Я не веру, што яны знарок паляць вёскі. Ты сам кажаш, што саламяныя хаціны загараюцца лёгка, дык не варта з прычыны некалькіх пажараў асуджаць цэлыя плямёны. А калі хочаш умацаваць у зямлі Куш і ў Сірыі памежныя гарнізоны, дык так і зрабі, бо гэта і ёсць твая справа — клапаціцца пра бяспеку краіны.
Харэмхеб казаў:
— Мой неразумны сябра Эхнатон, ты павінен дазволіць мне паставіць ахоўныя гарнізоны па ўсёй краіне, бо адпушчаныя са службы воіны дайшлі да галечы, яны рабуюць дамы, б'юць палкамі гаспадароў і крадуць у земляробаў скуры, нарыхтаваныя для аплаты падаткаў.
Фараон Эхнатон павучальна казаў:
— Вось бачыш, Харэмхеб, што атрымліваецца, калі ты мяне не слухаешся. Калі б ты часцей казаў воінам пра Атона, яны не рабілі б нічога такога, пра што ты кажаш, а цяпер у іх сэрцах пануе цемра, а на плячах агнём гараць сляды твайго бізуна, і яны самі не ведаюць, што робяць. Ты заўважыў, што абедзве мае дачкі навучыліся хадзіць? Мэрытатон водзіць малую за ручку, і ў іх ёсць цудоўная газель, з якой яны гуляюць. Апроч таго, табе ніхто не перашкаджае наймаць воінаў у ахоўнікі, вось і трымай па ўсёй краіне ахоўныя гарнізоны, але не войскі дзеля вайны. На маю думку, пара ўжо паламаць і выкінуць усе баявыя калясніцы, бо недавер спараджае недавер, а мы павінны пераканаць суседзяў, што Егіпет ні за што ваяваць не будзе.
А ці не прасцей прадаць усе калясніцы Азіру ці хетам? Яны добра плацяць за калясніцы і коней! Бо табе ж, наколькі я разумею, трымаць прыстойнае войска нявыгадна — табе лепш патапіць усё багацце ErinTa ў балоце ды гліне, — насмешліва казаў Харэмхеб.
Так яны спрачаліся дзень за днём, пакуль Харэмхеб, дзякуючы сваёй упартасці, не стаў вярхоўным ваяводам усіх памежных і ахоўных гарнізонаў. Праўда, узбройваць воінаў фараон распарадзіўся толькі дзідамі з драўлянымі наканечнікамі, але ж вызначаць колькасць дзідаў ён дазволіў Харэмхебу. Тады Харэмхеб разаслаў загад склікаць начальнікаў гарнізонаў з усёй краіны ў Мемфіс, што знаходзіўся ў цэнтры краіны, на памежжы Чорнай і Чырвонай земляў. Ён ужо і сам збіраўся паехаць туды і ўжо ступіў на мост ваеннага карабля, калі з Сірыі яму даставілі тэрміновыя лісты і таблічкі, якія запалілі ў яго сэрцы новую надзею. Лісты і таблічкі пацвярджалі, што цар Азіру, пачуўшы пра беспарадкі ў Фівах, палічыў, што яго час настаў, і нечакана захапіў некалькі суседніх з Амарэяй гарадоў, Успыхнуў бунт і ў Мэгідзе, гэтым ключы да Сірыі. Войскі Азіру аблажылі яго муры, і егіпецкі гарнізон, які адчайна абараняў іх, вельмі прасіў дапамогі ў фараона. Але пачуўшы навіны, Эхнатон сказаў:
Я веру, што ў цара Азіру на такія дзеянні маюцца важкія прычыны, бо ён чалавек запальчывы, і мабыць, мае паслы абразілі яго. Я не буду яго асуджаць, пакуль ён не зможа патлумачыць свае ўчынкі. Але ж мы маглі б зрабіць і шмат чаго яшчэ — шкада, што я не падумаў пра гэта раней! Ужо будуецца горад Атона ў Чорнай зямлі — дык чаму б не пабудаваць падобныя гарады і ў Чырвонай зямлі — у Сірыі, у Кушу. Сапраўды, там трэба ўзвесці гарады Атона, яны і будуць новымі цэнт-
рамі нашага панавання. Мэгіда якраз стаіць на скрыжаванні караванных шляхоў, а значыць, там і будзе найлепшае месца пад новы горад, хоць думаецца, цяпер час для будаўніцтва не лепшы, неспакойны час. Мне расказвалі пра Ерусалім, дзе збудаваны храм Атона. Ерусалім, праўда, стаіць не ў цэнтры Сірыі, як Мэгіда, а значна болей на поўдзень, але я зараз жа пачну будаваць там горад Атона! Няхай цяпер Ерусалім і занядбаная вёска, але ён стане цэнтральным горадам Сірыі!
Пачуўшы такое, Харэмхеб ад злосці зламаў бізун і кінуў яго пад ногі фараону. Потым ён падняўся на карабель і адплыў у Мемфіс арганізоўваць ахоўныя гарнізоны. Але ад яго побыту ў Ахетатоне была і карысць, бо на працягу некалькіх вечароў я распавядаў яму пра ўсё, што пабачыў і пачуў у Вавілоніі, Мітанні, краіне хетаў і на Крыце. Ён моўчкі слухаў мяне, часам трасучы галавой, нібы нічога новага ў маіх аповедах не было, круцячы ў руках нож, падораны мне хецкім начальнікам порта, і зрэдку задаваў нейкія дзіцячыя пытанні:
— А з якой нагі пачынаюць крочыць вавілонскія воіны — з левай ці з правай, як хецкія?
Або:
— А колькі спіцаў у калёсах хецкіх калясніцаў і ці ўмацаваныя яны металам?
Такія пытанні ён задаваў, напэўна, таму, што быў воінам, а воінаў цікавяць часам рэчы, якія болып ні для каго не маюць значэння, — ім, як дзецям, цікава падлічыць, нават колькі ножак у мнаганожкі. Аднак усё тое, расказанае мной пра масты, дарогі і рэкі, ён загадаў запісаць. Ён загадаў запісваць і ўсе імёны, але тут я параіў яму спытаць Каптаха, які таксама любіў па-дзіцячы запамінаць усё нікому непатрэбнае. А вось гаданнем на печані Харэмхеб, на здзіў, зусім не зацікавіўся і нават не падумаў запісаць назвы яе розных частак.
Як бы там ні было, з Ахетатона Харэмхеб паехаў раззлаваны. А вось фараона яго ад'езд узрадаваў: ад спрэчак з вярхоўным ваяводам у яго пачала ўжо балець галава. Мне фараон задуменна сказаў:
— А можа гэтага хоча Атон — каб Егіпет страціў Сірыю? Калі так, дык хто я, каб паўставаць супраць ягонай волі? Хай яна спраўдзіцца на дабро Егіпту! Багацце Сірыі толькі выядала нутро Егіпту: з Сірыі прыйшла ўся раскоша, усе слабасці, усе заганы і паганыя звычаі. Калі мы страцім Сірыю, Егіпту вернецца да простага жыцця і пачне жыць праўдай. Тады ўсё, што цяпер адбываецца, будзе дабром для Егіпта. Тут павінна пачацца новае жыццё, якое пашырыцца па ўсім свеце.
Але сэрца маё паўстала супраць ягоных словаў, і я запярэчыў:
— Сына начальніка сімірскага гарнізона завуць Рамсэс, гэта жвавы хлопчык з вялікімі цёмнымі вачыма, ён любіць гуляць са стракатымі каменьчыкамі, — я некалі вылечыў яго ад дзіцячай хваробы. А ў Мэгі-
дзе жыве адна егіпцянка, якая прыйшла да мяне ў Сіміру і паскардзілася на разбухлы жывот. Я разрэзаў яго, і яна паправілася. Скура ў яе была мяккая, як царскі лён, і хада — вельмі прыгожая, хоць вочы гарэлі ад хваробы...
— He разумею, навошта ты мне ўсё гэта расказваеш? — паціснуў плячыма фараон і ўзяўся маляваць храм Атона, якім сабе яго ўяўляў, — ён наогул часта ўмешваўся ў працу архітэктараў і ўказваў, як і што рабіць, хоць, вядома, тыя разумелі ў будаўніцтве значна больш за яго.
— Таму што я бачу маленькага Рамсэса з выбітымі зубамі і запэцканымі крывёй валасамі. А тую жанчыну з Мэгіды — аголенай і акрываўленай. Я бачу, як яна ляжыць у двары, і амарэйцы гвалцяць яе. Вядома, ты скажаш, што мае думкі нікчэмныя ў параўнанні з тваімі, ты скажаш, што ўладар не можа памятаць пра кожнага Рамсэса ці прывабную жанчыну, няхай і сваю падданую...
Фараон сціснуў кулакі і ўскінуў руку. Яго вочы раптам пагаслі ад болю, і ён сказаў:
— Няўжо ты не разумееш, Сінухе, што, калі мне давядзецца выбіраць паміж жыццём і смерцю, я выберу смерць сотні егіпцянаў, а не смерць тысячы сірыйцаў. Калі я пачну вайну з Сірыяй, каб уратаваць нейкага егіпцяніна, у той вайне загінуць шмат егіпцянаў і шмат сірыйцаў, а сірыец такі самы чалавек, як і егіпцянін, у яго ў грудзях таксама б'ецца сэрца, у яго таксама ёсць жонка і сын з яснымі вачыма. Калі б я змагаўся са злом пры дапамозе зла, я пасеяў бы толькі новае зло. А калі я адкажу на яго дабром, я тым самым пасею менш зла. Я не хачу выбіраць смерць замест жыцця, таму я затыкаю вушы і не хачу цябе слухаць. He кажы мне болей пра Сірыю, калі маё жыццё табе дарагое і калі ты любіш мяне, бо калі я думаю пра Сірыю, маё сэрца пакутуе за ўсіх тых, хто мусіць памерці па маёй волі. А чалавек не можа доўга трываць пакуты іншых людзей. У імя Атона, у імя праўды, дай мне адпачыць.
Ён апусціў галаву, яго вочы напухлі і пачырванелі ад болю, а тоўстыя вусны дрыжалі, і я пакінуў яго. Але ў маіх вушах грымелі тараны, якія прабівалі каменныя муры Мэгіды, а з лямцавых палатак амарэйцаў даносіліся крыкі закатаваных жанчын. Але каб не чуць тых галасоў, я прымусіў сваё сэрца ператварыцца ў камень. Я любіў яго, нягледзячы на яго вар'яцтва, любіў дзеля яго самога, бо яго вар'яцтва было прыгажэйшае за мудрасць іншых.
6
А цяпер я раскажу пра прыдворных, якія неўзабаве пайшлі за Эхнатонам у Паднябесны горад. Яны ўсё жыццё пражылі ў Залатым палацы і лічылі сваім абавязкам і наканаваннем быць побач з ім, усміхацца,