• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    — А ці замаўляў пан месца на вечар? Без папярэдняй замовы, на жаль, я не змагу пана пусціць.
    Яна стала крыху больш дзябёлая, яе скулы ўжо не здаваліся такімі высокімі, але вочы засталіся нязменнымі, толькі тоненькія зморшчынкі атачылі іх. Маё сэрца пацяплела і, паклаўшы руку ёй на клуб, я сказаў:
    — Я разумею, што ты забыла мяне, саграваючыся на канапе са ўсякімі
    іншымі самотнымі ды гаротнымі мужчынамі, і ўсё-ткі спадзяюся знайсці тут прытулак і чашу халоднага віна, нават калі пра твой ложак мне і падумаць нельга.
    Яна здзіўлена ўсклікнула:
    — Сінухе, гэта ты! Хай будзе блаславёны той дзень, які прывёў дадому майго гаспадара!
    Яна паклала свае дужыя прыгожыя рукі мне на плечы, уважліва агледзела мяне і спытала:
    — Сінухе, Сінухе, што ты нарабіў з сабой! Раней у сваёй самоце ты быў падобны да льва, а цяпер выглядаеш, як дамашні сабачка.
    Яна зняла з мяне парык і палашчыла па галаве, якая пачала ўжо лысець;
    — Хадзем, Сінухе, я цябе пасаджу і прынясу халоднага віна, a то ты ўвесь спацеў і цяжка дыхаеш ад стомы пасля свайго падарожжа.
    Я занепакоіўся і папярэдзіў яе:
    — Толькі не прынось мне гэтага «кракадзілавага хваста», цяпер ён не для майго страўніка і тым больш не для маёй галавы.
    Яна дакранулася рукой да маёй шчакі і сказала:
    — Няўжо я такая старая, тоўстая і брыдкая, што ты нават пасля такой доўгай разлукі думаеш найперш пра свой страўнік! Раней ты, здаецца, не баяўся пры мне галаўнога болю, наадварот — ты так захапляўся «кракадзілавым хвастом», што цябе даводзілася стрымліваць.
    Гэтыя словы засмуцілі мяне, бо былі праўдай. Таму я адказаў:
    — Мэрыт, дружа, я сапраўды пастарэў, і нікуды ўжо не варты.
    Але яна запярэчыла:
    — Гэта ты толькі думаеш, што такі стары, але ж твае вочы, калі ты глядзеў на мяне, былі маладыя, і гэта мяне вельмі ўзрадавала.
    Тады я сказаў:
    — Мэрыт, дзеля нашага сяброўства, нясі хутчэй гэтага хвастатага, іначай я магу ўчыніць якую-небудзь непрыстойнасць, а мне рабіць гэтага пры маёй пасадзе царскага лекара ды яшчэ і ў шынку ніяк нельга!
    Яна прынесла напой у чашы падобнай да ракавіны, я сціснуў яе ў далонях і выпіў, і маё горла, прызвычаенае да лёгкіх вінаў, апякло полымем «кракадзілавага хваста», але тое полымя было прыемным, бо я трымаў руку на клубе Мэрыт. Я сказаў:
    — Мэрыт, калісьці ты мне сказала, што таму, хто жыве ў самоце і чыя першая вясна даўно мінула, падман можа быць прыемнейшы за праўдзівыя словы. Таму я скажу табе, што маё сэрца ўсё яшчэ маладое і квітнее, калі я гляджу на цябе і што гады нашай разлукі цягнуліся доўга, але не было ніводнага дня, каб я не паўтараў тваё імя. Я пасылаў табе прывітанні з кожнаю ластаўкай, якая ляцела ўверх па рацэ, і прачынаўся з тваім імем на вуснах.
    Яна глядзела на мяне і была ў маіх вачах такой самай стройнаю і прывабнаю, а недзе ў глыбіні яе позірку хаваліся ўсмешка і маркота, як бляск вады ў глыбокай студні. Яна дакранулася да маёй шчакі і сказала:
    — Сінухе, сябра мой, ты так прыгожа кажаш. Дык чаму б і мне не прызнацца, што маё сэрца тужыла па табе, а мая рука шукала тваю руку, калі па начах я была адна ў сваім ложку. А калі мужчыны, хвастанутыя «кракадзілавым хвастом», пачыналі казаць розныя глупствы, я ўспамінала цябе і мне рабілася вельмі сумна. А ў Залатым палацы фараона, мусіць, шмат прыгожых жанчын, і ты мог задавольваць іхнія капрызы, як прыдворны лекар?
    Гэта была праўда, часам я цешыўся з некаторымі прыдворнымі жанчынамі, якія не ведалі куды дзецца ад нудоты і звярталіся да мяне па дапамогу, скура ў іх была гладкая і мяккая, як пух, дый зімой ляжаць у ложку аднаму халадней, чым удваіх. Але ўсё гэта было так малазначна, што я нават не захацеў успамінаць пра тое ў сваёй гісторыі. Таму я адказаў:
    — Калі і праўда, Мэрыт, што я не заўсёды спаў адзін, ты ўсё роўна можаш паверыць, што ты адзіная жанчына, якую я назваў сябрам.
    «Кракадзілаў хвост» пачаў дзейнічаць на мяне, цела і сэрца ў мяне сталі зноў маладыя, салодкі агонь пацёк па жылах, і я працягваў:
    — За гэты час, напэўна, шмат якім мужчынам пашанцавала раздзяліць з табой ложак, але цяпер ты іх папярэдзіш, што я прыехаў, і пакуль буду ў Фівах, хай паберагуцца, бо я страшны ў гневе, нездарма на вайне з хабірамі воіны Харэмхеба празвалі мяне Сынам дзікага асла.
    У жартаўлівым жаху яна ўзняла рукі і сказала:
    — Менавіта таго я і баялася, бо Каптах расказаў мне пра незлічоныя бойкі і сваркі, якія мой пан учыняў у далёкіх землях і ратаваўся толькі дзякуючы розуму адданага і смелага слугі. Але тут табе трэба памятаць, што ў майго бацькі пад зэдлікам ляжыць дубіна, і ён нікому не дазваляе ўчыняць сваркі і бойкі ў гэтым доме.
    Пачуўшы імя Каптаха, я адразу ўявіў, колькі бессаромнай хлусні пра мяне і мае падарожжы, напэўна, пачула Мэрыт. Слёзы паліліся ў мяне з вачэй, і я спытаў:
    — А дзе сам Каптах? Дзе мой былы раб і слуга? Я хачу абняць яго, бо маё сэрца заходзіцца ад тугі па ім! Зрэшты, можа, пры маёй ганаровай пасадзе так казаць непрыстойна, бо хоць і былы, але ўсё ж ён мой раб!
    Мэрыт хацела супакоіць мяне і сказала:
    — Бачна, што ты сапраўды адвык ад «кракадзілавага хваста», вунь ужо і бацька сярдзіта глядзіць у твой бок і нешта шукае пад зэдлікам, бо ты надта шумна сябе паводзіш. А што да Каптаха, дык да вечара ты яго не ўбачыш: ён увесь час заняты здзелкамі на хлебнай і віннай біржах
    ды наглядам за харчэўнямі і шынкамі, дзе, уласна кажучы, і заключаюцца асноўныя здзелкі. Дый думаецца мне, што ты ўвогуле будзеш вельмі здзіўлены, калі яго ўбачыш: ён цяпер зусім цьмяна памятае пра сваё рабства і тое, што насіў за табой на кійку сандалі, перакінуўшы яго цераз плячо. Таму павяду я лепш цябе прагуляцца, каб «кракадзілаў хвост», пакуль Каптах прыйдзе, выветрыўся з тваёй галавы. Тым больш, што ты, здаецца, сам хочаш паглядзець, як у тваю адсутнасць змяніліся Фівы, дый галоўнае — мы зможам пабыць сам-насам.
    Яна пайшла змяніць вопратку, умасціла свой твар вохным алеем, надзела залатыя і срэбраныя аздобы, так што толькі рукі і ногі паказвалі на тое, што яна прасталюдзінка, а не знатная арыстакратка, хоць рэдка ў якой жанчыны вочы глядзелі так выразна і цвёрда, а рот надаваў твару такі горды выраз.
    Я загадаў рабам несці нас уздоўж Алеі бараноў і хутка змог пераканацца, што Фівы сталі зусім не такімі, якімі былі раней: я бачыў вытаптаныя кветнікі, дрэвы з паламанымі галінамі, я бачыў, што на некаторых вуліцах — там, дзе былі пажарышчы, — паўсталі новыя дамы. А мы сядзелі ў насілках цесна зблізіўшыся, і водар яе парфумы быў сапраўдным водарам Фіваў, болей п'янлівым і моцным, чым усе пахі самых дарагіх алеяў Ахетатона. Я трымаў яе за руку, і на маім сэрцы не было ніводнай дрэннай думкі, я адчуваў сябе так, нібы вярнуўся дадому пасля доўгага падарожжа.
    Так мы наблізіліся да храма, і чорныя птушкі ўзвіліся ў неба з прарэзлівымі крыкамі. Яны так і не вярнуліся ў свае горы, застаўшыся ў Фівах, і ніхто не турбаваў іх тут, у спустошаным і бязлюдным храме, бо зямлю вакол яго праклялі і людзі пазбягалі бываць там. Мы выйшлі з насілак і прайшлі праз першы спусцелы двор, дзе былі толькі служкі з Дому жыцця і з Дому Смерці, бо перамяшчэнне гэтых установаў было занадта цяжкай і дарагой справай. Мэрыт сказала, што людзі рэдка цяпер заходзяць у Дом Жыцця, бо амаль усе лекары адтуль перабраліся ў горад і займаюцца лекарскай справай, яны супернічаюць між сабой і адбіваюць адзін у аднаго хворых. Мы прайшлі праз храмавы сад па зарослых пустазеллем дарожках, прыгожыя каштоўныя дрэвы былі высечаныя і раскрадзеныя, а ў свяшчэннай сажалцы больш не плавалі вялізныя рыбіны. Адзінай чалавечай істотай, якую мы ўбачылі на прасторы вялізнага сада, дзе некалі гулялі дзеці, прахаджваліся дарослыя і чуўся чалавечы гоман, быў нейкі валацуга ў рызманах. Ён падазрона зірнуў у наш бок і паспяшаўся знікнуць з нашых вачэй.
    Чым больш я хадзіў па спусцелай зямлі вакол храма, тым больш змрачнела мая душа і тым мацней ціснуў на мае плечы цень праклятага бога. Усё вакол сведчыла, што ўлада гэтага бога не знікла разам са знішчэннем яго выяваў, і па-ранейшаму пануе ў чалавечых сэрцах. Мы
    зайшлі ў вялікі храм, дзе паміж каменнымі плітамі прарастала трава, і ніхто не спыніў нас перад уваходам у самае святое месца храма, і грубыя, непрыгожыя знакі свяшчэннай пісьменнасці на сценах адкрыліся нашым вачам там, дзе па віне нядобрасумленных каменячосаў можна было лёгка прачытаць імя праклятага бога. Мэрыт сказала:
    — Гэта злое месца, і холад працяў маё сэрца, калі ты прывёў мяне сюды, Можа быць, крыж Атона і абараняе цябе, але тут лепш было б яго зняць, каб у гэтым спусцелым месцы хто-небудзь не кінуў у цябе каменем ці не ўсадзіў табе ў жывот нож, убачыўшы гэты крыж. Нянавісць усё яшчэ валодае сэрцамі ў Фівах.
    Яна казала праўду, бо калі мы разам выйшлі з храма на плошчу перад храмам, людзі пляваліся, убачыўшы крыж Атона на маім каўняры. На здзіў, сярод натоўпу я згледзеў жраца Амона з паголенай насуперак загаду фараона галавой і ў белых строях. Яго твар ільсніўся ад масцяў, вопратка была з самага тонкага ільнянога палатна, і было бачна, што ён жыве не ў галечы, і людзі пачціва расступаліся перад ім. Ад бяды лепш перасцерагчыся загадзя, а таму я прыкрыў такі крыж Атона на каўняры, каб не выклікаць непатрэбнага хвалявання. Я не хацеў дарэмна абражаць пачуцці людзей, бо ў адрозненне ад фараона, быў не супраць, каб кожны меў сваю веру, а калі і перасцярогся, дык яшчэ і таму, каб не ставіць у небяспеку Мэрыт.
    Так мы выйшлі за сцены храма і спыніліся паслухаць казачніка, які сядзеў, як звычайна, на невялічкім дыване з пустой місаю каля ног. Вакол яго паўколам стаялі слухачы, а бяднейшыя сядзелі проста на зямлі, не баючыся запэцкаць вопратку. Ніколі раней я не чуў такой казкі, дзе расказвалася б пра ілжэфараона старадаўніх часоў, які зарадзіўся ў чэраве чорнай маткі ад злога бога Сэта. Гэтая вядзьмарка сваім чарадзействам заваявала каханне фараона. Па жаданню Сэта ілжэфараон задумаў пагубіць народ Егіпта і аддаць яго ў рабства неграм ды варварам, і дзеля гэтага ён загадаў знішчыць усе выявы Ра. Тады вялікі бог пракляў зямлю, і яна перастала прыносіць плады, рака рынулася на людзей патопам, саранча пажэрла ўвесь ураджай на палях, вада ў сажалках дьі азёрах ператварылася ў кроў, і смурод зыходзіў ад іх, і жабы заскоквалі ў ложкі людзям і ў гаршчкі з цестам. Але злічаныя былі дні ілжэфараона, бо сіла Ра была мацнейшая за сілу Сэта, хоць ілжэфараон у сваёй хітрасці называў Сэта іншым імем. I памёр ілжэфараон паганаю смерцю, і такой самай брыдкаю смерцю памерла вядзьмарка, якая нарадзіла яго на свет, a Ра пакараў усіх, хто паўставаў супраць яго і раздаў зямлю і маёмасць тым, хто заставаўся яму верным слугой пад час ліхалецця і чакаў яго вяртання.