• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Казка была вельмі доўгая, але захапляла ўсіх так, што людзі тупалі нагамі і нецярпліва ўздымалі рукі, жадаючы хутчэй пачуць канец. На-
    ват я слухаў яе з разяўленым ротам. Пад канец ілжэфараон напаткаў заслужаную кару і праваліўся ў апраметную, а ягонае імя праклялі, і Ра справядліва падзяліў паміж сваімі вернікамі дамы, зямлю, гавяду ды іншую маёмасць. Слухачы аж заскакалі ад захаплення, у місу казачніку паляцела медзь, а нехта кінуў нават і срэбра. Маё здзіўленне было такое вялікае, што я сказаў Мэрыт:
    — Напраўду, гэта новая казка, я ніколі раней не чуў такога, хоць у дзяцінстве мая маці Кіпа вельмі любіла казкі ды ўсякія паданні і ветла ставілася да розных спевакоў і казачнікаў, так што бацька мой, Сэнмут, часам гразіў ім сваім кіем, калі маці карміла іх у нас на кухні. Але гэтая новая казка небяспечная, бо, каб толькі можна было падумаць такое, я сапраўды падумаў бы, што ў ёй расказваецца пра фараона Эхнатона і паганага бога, чыё імя не будзем прамаўляць уголас. Таму гэтую казку трэба забараніць.
    Мэрыт усміхнулася і сказала:
    — Як можна забараніць казку, калі яе расказваюць у Двух Царствах каля кожнай брамы і кожных муроў, на таках ды ў іншых месцах, і людзям яна вельмі даспадобы? А калі ахоўнікі пагражаюць палкамі, то чуюць у адказ, што гэта вельмі старадаўняя казка, і гэта могуць засведчыць жрацы, якія і знайшлі яе ў старажытных кнігах. Таму ахоўнікі нічога не могуць зрабіць казачнікам, хоць я чула, што Харэмхеб чалавек вельмі люты і плюе на кнігі і сведчанні. Кажуць, ён павесіў на мурах Мемфіса некалькі казачнікаў, а потым аддаў іх на корм кракадзілам, абвінаваціўшы не за казкі, а за нейкія іншыя злачынствы.
    Мэрыт з усмешкай узяла мяне за руку і працягвала:
    — Сёння ў Фівах шмат чаго кажуць аб прадказаннях і прароцтвах. Варта толькі сустрэцца двум чалавекам, як яны пачынаюць пераказваць адзін аднаму розныя жахлівыя прароцтвы і байкі пра нядобрыя прыкметы, бо, як ты ведаеш, цэны на хлеб растуць і голад пагражае беднякам, а падаткі аднолькава душаць і бедных, і багатых. Прароцтвы ж прадказваюць яшчэ большыя жахі, і мяне б'юць дрыжыкі, калі я думаю пра беды, якія чакаюць Егіпет. Калі хочаш, я перакажу табе адно прароцтва, якое пачула ад мыйшчыка сценаў у «Кракадзілавым хвасце», а той пачуў яго ад рыначнага гандляра, які праведаў пра гэта ад свайго прыяцеля. Той прыяцель вельмі надзейны чалавек, і яму можна верыць, а ён сустракаўся з удавой аднаго клейшчыка папіруса, з якой і адбыўся гэты выпадак, і яна сама расказвала яму пра гэта. Дык вось, аднойчы, у святы дзень перад разлівам Ніла, удава села ў човен, каб пераплыць на той бок ракі, у Горад Мёртвых, і прынесці ахвяру на магіле мужа. У тым чоўне насупраць яе сядзела адна святая жанчына, праўда, тады ніхто нават не падазраваў, што яна святая, бо на ёй была брудная вопратка і валасы не былі намазаныя алеем. I вось тая жанчы-
    на сказала ўдаве: «Напэўна, нябожчык вельмі любіў арэхавыя аладкі, калі ты вязеш іх яму на магілу». Удава вельмі здзівілася, бо яна везла тыя аладкі ў закрытым кошыку, што стаяў каля яе ног. А жанчына працягвала: «Я здзіўляюся, бо ніколі не бачыла, каб нябожчыкам вазілі арэхавыя аладкі, напрыклад, у тым гаршчку вязуць кашу на малацэ, у тым кошыку — смажаную качку, аўзбанку — сірыйскае піва». Такім чынам яна пералічыла ўсё, што людзі везлі з сабой, назвала імёны ўсіх нябожчыкаў. Тады людзі пачалі здзіўляцца і зразумелі, што гэта святая жанчына. Нарэшце яна сказала: «Вялікія выпрабаванні чакаюць народ Егіпта праз той праклён, пра які вы ўсе ведаеце, і хутка настане дзень, калі нават за золата будзе немагчыма купіць кавалак хлеба, а вам усім трэба ўмацаваць вашу веру, таму што багі Егіпта не пакінуць без дапамогі нікога, — апроч тых, хто выракся іх і служыць паганаму богу, — і будзе вам усім знак у тым, што ведамая ўсім чарадзейка памрэ жахліваю смерцю раней, чым паспее ўраджай на палях». Яна гаварыла, а ўсе, хто быў побач, баяліся, што яе словы пачуюць ахоўнікі. Аднак калі човен падышоў да берага ў Горадзе мёртвых, святая жанчына знікла, і яе больш ніхто не бачыў.
    Я з прыкрасцю спытаў у Мэрыт:
    — I ты верыш гэтай дурной показцы? Верыш мыйшчыку сценаў ды гандляру каранямі, верыш усякім балбатлівым удовам, хоць сама добра ведаеш, што ад гэтых «прароцтваў» ажно смярдзіць жрацамі? Я даўно ўжо скеміў, што сваімі байкамі яны толькі хочуць распаліць народ.
    Мэрыт адказала:
    — He ведаю каму тут верыць... Каб ты пражыў у Фівах хоць месяц ці год, ты і сам паверыў бы: тут творыцца нямала ўсякіх цудаў па волі таго, чыё імя нельга прамаўляць. Я ведаю адно: калі вядзьмарка памрэ раней, чым паспее ўраджай на палях, дык я сапраўды ва ўсё гэта паверу. Але я не чула, каб казалі, што яна хварэе.
    — Цікава, каго ты маеш на ўвазе? — запальчыва спытаў я, але Мэрыт зірнула на мяне жорсткімі вачыма і, сумна ўсміхнуўшыся, сказала:
    — Ты сам выдатна ведаеш каго і толькі што чуў казку пра гэта. Нічога, апроч бяды, гэтыя негры Егіпту не прынясуць.
    Тады я вырваў сваю руку з яе далоняў і маё сэрца адхіснулася ад яе, а хмель ад «кракадзілавага хваста» адразу выветрыўся з галавы, пакінуўшы толькі моцны боль і дрэнны настрой. Неразумная ўпартасць Мэрыт не спрыяла добраму настрою. Так, пасварыўшыся, мы вярнуліся ў шынок, і я пераканаўся, што слушна казаў фараон Эхнатон: «Атон напраўду разлучыць дзяцей з маткамі, а мужчын вырве з сэрца жанчын, пакуль запануе на зямлі царства ягонае». Але я не хацеў праз Атона расставацца з Мэрыт і таму быў у дрэнным гуморы да самага вечара, пакуль не ўбачыў Каптаха.
    3
    Напэўна, ніхто не змог бы застацца ў дрэнным гуморы, калі б убачыў, як Каптах праціскаецца ў дзверы шынка — ён стаў такі дзябёлы і тоўсты, што пралезці ў дзверы могтолькі бокам. Яго круглы, як поўны месяц, твар ільсніўся ад дарагога алею, галаву пакрываў модны блакітны парык, а сляпое вока ён прыкрыў залатой пласцінкай. Ён ужо не насіў сірыйскае вопраткі, на ім было ўсё самае лепшае, што маглі зрабіць краўцы ў Фівах, а на прыцэўках і тоўстых глізнах бразгалі цяжкія залатыя бранзалеты.
    Убачыўшы мяне, ён гучна ўскрыкнуў і схіліўся перада мною, апусціўшы рукі да каленяў, хоць гэта было і нялёгка пры такім вялізным жываце. Каптах сказаў:
    — Хай будзе блаславёны той дзень, які прывёў дадому майго гаспадара!
    Ахоплены віхурай пачуццяў, ён заплакаў, укленчыў і, абняўшы мне ногі, пачаў гучна галасіць. Тады я ўжо канчаткова пазнаў свайго былога Каптаха, нягледзячы на ўсе змены, што з ім адбыліся. Я падняў яго за рукі і абняў. І адразу адчуў пах, што ішоў ад яго шчок і плячэй. Мне падалося, што я абдымаю дужага быка і ўдыхаю пах свежага хлеба, бо так уеўся ў яго пах збожжавай біржы. Каптах таксама пачціва панюхаў мае плечы, выцер слёзы і гучна засмяяўся, кажучы:
    — Сёння дзень вялікай радасці, а таму я пачастую ўсіх прысутных «кракадзілавым хвастом». Але за другую чашу «хваста» кожны будзе плаціць сам.
    Сказаўшы тое, ён правёў мяне ў асобныя пакоі, пасадзіў на мяккі дыван і дазволіў Мэрыт сесці побач. Потым ён загадаў слугам падаць усё лепшае, што маецца ў доме, і ягонае віно можна было параўнаць з фараонавым, а смажаная гусь была сапраўднаю гускаю па-фіванску, якой не знойдзеш ва ўсім Егіпце, бо адкормліваюць такіх гусей тухлаю рыбай, ад чаго яны набываюць непараўнальны тонкі смак. Мы паелі і папілі, а потым Каптах сказаў:
    — Мой гаспадар Сінухе! Я спадзяюся, ты ўважліва чытаў усе рахункі і запісы, якія я загадваў пісарам адсылаць табе ў Ахетатон усе гэтыя гады. Калі дазволіш, я абазначу як прадстаўнічыя выдаткі і гэтую нашу вечарыну, і тыя «кракадзілавы хвасты», якімі я пачаставаў гасцей у шынку. Гэта ніякім чынам не пашкодзіць табе, а наадварот — павялічыць твае багацці, бо мне каштуе вялікай працы падманваць фараонавых зборшчыкаў падаткаў дзеля тваёй карысці, каб магчы такім чынам прыхаваць крыху і сабе.
    Я адказаў яму:
    — Усё гэта гучыць для мяне, як няўцямная балбатня неграў, і я не
    разумею ніводнага твайго слова, а таму дазваляю рабіць усё, што хочаш, бо цалкам табе давяраю. Я, вядома, чытаў усё, што ты дасылаў мне, але прызнаюся, што мала што зразумеў, бо там надта ўжо многа лічбаў — нават больш, чым у разліках Харэмхебава пісарчука, які спрабаваў паддічыць, колькі спатрэбіцца часу, каб усе людзі на свеце змаглі з'явіцца перад вачыма фараона Эхнатона, каб ён з кожным пагутарыў. Але падлічыць да канца яму не ўдалося, бо ў розных канцах свету людзі нараджаюцца бесперапынна і паспеюць састарэць, пакуль настане іх чарга паўстаць перад фараонам. А на свет тым часам з'явяцца яшчэ новыя дзеці, так што фараон ніколі не паспее пагутарыць з кожным чалавекам на зямлі асобна, хоць бы і патраціў на гэта кожны ўдар свайго сэрца і гаварыў бы з ранку да ночы і з ночы да ранку. Вось так і мне, Каптах, ніколі не ўдалося б сустрэцца з табою, калі б я ўвесь час чытаў твае рахункі і ніколі не дабраўся б да канца, бо мая галава пачынала балець адразу, як толькі я за іх браўся.
    Каптах весела засмяяўся і яго смех глуха забурчэў недзе ў нетрах яго вялізнага жывата, нібы пад стосам мяккіх коўдраў. Выпіўшы са мною віна, смяялася таксама і Мэрыт. Яна адкінулася назад, заклаўшы рукі за галаву, і я заўважыў пад яе тонкаю вопраткай па-ранейшаму прыгожыя абрысы яе грудзей. Каптах прамовіў, смеючыся:
    —	Вой, Сінухе, мой гаспадар і ўладар, вялікая гэта радасць бачыць цябе і бачыць, што ты збярог дзіцячую душу і разумееш у штодзённых справах не болей, чым свіння ў маністах, хоць я ніякім чынам не хачу параўноўваць цябе са свіннёй, а ўслаўляю ўсіх багоў Егіпта і дзякую ім за тое, што яны далі мяне табе ў слугі, а маглі ж бы вельмі проста даць табе і якога-небудзь лайдака і прайдзісвета, і той абабраў бы цябе да ніткі, тым часам як я зрабіў цябе багацеем.
    Я нагадаў яму, што за гэта трэба дзякаваць не багам, а маю здольнасць ацэньваць людзей, бо я сам купіў яго на рыначнай плошчы за срэбра, і зусім танна, улічваючы, што адно вока ён страціў у п'янай бойцы. Ад успаміну пра тое я расчуліўся і сказаў:
    —	Напраўду, ніколі не забуду той дзень, калі ўпершыню ўбачыў цябе прывязанага за нагу да слупа, дзе прывязвалі рабоў, а ты крычаў розныя паскудныя словы жанчынам, якія праходзілі паўз цябе, а ў мужчын выпрошваў піва. Але бясспрэчна, што я зрабіў мудра, купіўшы цябе, хоць спачатку і вагаўся. Рэч у тым, што срэбра ў мяне тады было мала, я быў яшчэ малады лекар, але ў цябе было выкаланае вока, і цана мне падышла.