Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Вялікая царская маці захіхікала, зусім як гэта робяць у гавані прачкі, калі нап'юцца піва, і потым сказала:
— Гэтыя мае негры, Сінухе, вялікія і спрактыкаваны лекары, хоць людзі і завуць іх чараўнікамі, але гэта проста ад невуцтва і цемрашальства. Нават табе было б чаму ў іх павучыцца, калі б не твае забабоны адносна іх колеру скуры і паху і калі б яны яшчэ самі згадзіліся перадаць табе таямніцы свайго майстэрства, у чым я вельмі сумняваюся, бо яны ставяцца да сваіх сакрэтаў з вялікай пашанай. А колер у іх цёплы
і чорны, і пах вельмі прыемны — калі прызвычаіцца, ён весяліць і ўзбуджае, а звыкнуўшыся з ім, ты ўжо не зможаш без яго пражыць. Табе, Сінухе, я раскажу ўсё шчыра, бо ты лекар і не зможаш мяне прадаць. Я прызнаюся, што сапраўды цешуся з імі, бо яны прызначаюць мне гэта ў якасці лекаў, дый павінна ж быць у такой старой жанчыны, як я, хоць якая-небудзь у жыцці радасць! Я раблю гэта не таму, што хачу паспытаць чаго-небудзь новенькага, як робяць вашы распусныя прыдворныя кабеты, гатовыя дзеля новых уражанняў легчы пад першагалепшага негра, на ўзор тых, што, наеўшыся ўжо ўсяго да адвалу, кажуць, што самы далікатны смак — у гнілога мяса. He, я не за гэта люблю сваіх неграў, мая кроў яшчэ маладая і чырвоная і ёй не патрабуюцца адмысловыя зёлкі, узбудзіцца. Я люблю сваіх неграў за тое, што яны для мяне — таямніца, якая нясе мяне да цёплых вытокаў жыцця,. бліжэй да зямлі, да сонца, да жывёлаў. Але я не хацела б, каб ты пра гэта каму-небудзь расказваў. Зрэшты, нават калі раскажаш, гэта не зняславіць мяне і мне не пашкодзіць, бо я заўсёды магу сказаць, што ты хлусіш. А народ і без таго верыць усяму, што пра мяне кажуць, і гатовы паверыць нават і большаму. Таму, што б ты не расказаў, горшай думкі ў народзе пра мяне ўжо не будзе. Але ты ўсё ж нікому не расказвай. Хоць ты і добры чалавек, затое ж я ніколі не была добрая.
Яна спахмурнела, адставіла піва і ўзялася зноў плесці цыноўку з стракатага трыснягу, а я неадрыўна сачыў, як яе цёмныя пальцы спрытна вяжуць вузлы. Я не адважыўся загаварыць, таму царыца-маці працягвала:
— Адной дабрынёй не дасягнеш нічога. Адзінае, што мае на свеце нейкую каштоўнасць, — гэта ўлада. Але тыя, хто нараджаецца пры ўладзе, не могуць як след ацаніць яе, а сапраўдную цану ўлады ведаюць толькі тыя, хто, як мне, нарадзіўся ў хляве, сярод жукоў ды вераб'ёў. А я, Сінухе, ведаю ёй сапраўдную цану, і ўсё, што я рабіла, я рабіла толькі дзеля ўлады і дзеля таго, каб зберагчы яе для майго сына, каб мая кроў засталася на залатым царскім троне. Мусіць, мае ўчынкі былі дрэннымі ў вачах багоў, але, праўду кажучы, багі мяне ніяк не турбуюць, бо фараоны вышэй за іх, і ўсё, што зроблена ўдалай, добра, а што не ўдалося і ўсім стала вядома — дрэнна. Аднак, нягледзячы на гэта, маё сэрца часам трымціць, а ўсе мае вантробы ператвараюцца ў ваду, калі я ўспамінаю пра свае ўчынкі, бо ўсё-ткі я жанчына, а жанчыны вераць у забабоны. Вось тут мае негры і дапамагаюць мне. Асабліва я засмучаюся, калі ўспамінаю, што Неферціці нараджае адну дачку за адной! Чатырох дачок запар нарадзіла яна, і кожны раз у мяне такое пачуцце, што я кідаю каменне назад, а знаходжу яго наперадзе, і я не магу таго зразумець і баюся, што сваімі ўчынкамі зарабіла сабе нейкі праклён, і ён паціху падкрадаецца да мяне.
Яна прабурчала сваімі тоўстымі вуснамі нейкую замову і неспакойна зашкрабала шырокімі нагамі па падлозе, але яе спрытныя пальцы ні на хвіліну не пераставалі вязаць складаныя вузялкі з трыснягу. Я неадрыўна сачыў за імі, і холад працінаў мне сэрца. Такія вузлы вяжуць лаўцы птушак, і мне яны былі добра знаёмыя, Хоць вузлы былі незвычайныя, я добра іх ведаў: такія вяжуць толькі ў Ніжняй зямлі, і я кожны дзень бачыў іх у доме свайго бацькі, разглядаючы маленькі счарнелы трысняговы човен, які вісеў над ложкам маёй маці. Калі я асэнсаваў гэта, мой язык здранцвеў і холад агарнуў мае члены, бо ў ноч майго нараджэння якраз дзьмуў пяшчотны заходні вецер і было разводдзе, a трысняговы чоўнік плыў па цячэнню, і вецер прыбіў яго да берага непадалёк ад дома майго бацькі. Думка, што нарадзілася ўва мне, калі я ўбачыў вузлы, якія вязала царыца-маці, падалася мне такою шалёнаю і жахлівай, што я паспешліва яе прагнаў прэч і сказаў сабе, што такія вузлы можа вязаць хто заўгодна. Але птушкаловы займаюцца сваім рамяством у Ніжняй зямлі, а не ў Фівах, і я ніколі не бачыў, каб у горадзе хтосьці вязаў такія вузлы. Разглядаючы ў дзяцінстве свой трысняговы човен, я не падазраваў, як цесна яго вузельчыкі ўплятуцца ў мой лёс.
Аднак Вялікая царская маці не заўважала маёй збянтэжанасці, дый не чакала, што я буду адказваць ёй. Пэўны час яна сядзела, ахопленая сваімі думкамі і ўспамінамі, і потым сказала:
— Ты, напэўна, лічыш мяне нядобрай і брыдкай жанчынай, Сінухе? Скажы шчыра, але не асуджай надта строга. Паспрабуй мяне зразумець. Сам ведаеш, як нялёгка беднай дзяўчыне, якая зарабляе ловамі птушак, трапіць у жаночыя пакоі царскага палаца і асабліва ўтрымацца там, дзе ёю пагарджаюць за яе цёмную скуру і шырокія ногі, дзе яе колюць тысячамі шпілек, і няма ў яе іншага ўратавання, чым фараонавы прыхамаці ды прыгажосць яе цела. Хіба цябе здзівіць, што я пачала шукаць сродкі, як прывязаць да сябе фараонава сэрца? Што з ночы ў ноч я прывучала яго да дзіўных негрыцянскіх звычаяў, каб ён не змог пражыць без маёй ласкі і дня і каб праз яго я кіравала Егіптам? Я перамагла ўсе хітрыкі ў Залатым палацы, пазбегла ўсіх пастак і разарвала ўсе нераты, расстаўленыя на маёй дарозе. Я не баялася помсты, калі трэба было помсціць, і страхам прымусіла замаўчаць усе языкі. Я пачала кіраваць Залатым палацам па сваім жаданні, а жаданне ў мяне было, каб ніводная жанчына не нарадзіла фараону хлопца да пары, пакуль я сама не нараджу яму спадкаемцу.Таму ў фараона не было сыноў, a дачок я адразу выдавала за якога-небудзь знатнага чалавека. Такое было маё жаданне, хоць сама я не насмельвалася радзіць, баючыся, што пасля родаў маё цела зробіцца друзлым, — а я ж утрымлівада яго толькі целам і тады яшчэ не спляла яго сэрцу пастку з тысячы ніцей. Тым
часам ён пачаў старыцца, ласкі, з дапамогай якіх я над ім панавала, пачалі яго натамляць, а калі я нарэшце асмелілася радзіць, то на свой жах нарадзіла дзяўчынку! Я назвала яе Бэкетамон, але не выдала яе замуж: гэта яшчэ адна страла ў маім калчане, бо мудры павінен мець шмат стрэл, не спадзеючыся на першую і адзіную. Час ішоў, і жыццё маё поўнілася болем. I нарэшце я такі нарадзіла фараону сына, хоць ён прынёс нашмат менш радасці, чым я чакала: ён быў вар'ят. Цяпер я спадзяюся толькі на ўнука, які ніяк не прыходзіць на свет. Вось такая вялікая была мая ўлада ў Залатым палацы — ніводная фараонава жонка не нарадзіла за гэтыя гады ніводнага хлопца, толькі дзяўчынак. Ты, Сінухе, лекар, і павінен прызнаць, што маё майстэрства і чарадзейныя сілы былі не такія ўжо і маленькія.
Мяне працялі дрыжыкі, але я паглядзеў ёй у вочы і сказаў:
— Тваё чарадзейства простае і ганебнае, о Вялікая царская маці, бо ты сплятаеш яго сваімі пальцамі, і твае чары здольны ўбачыць кожны.
Яна выпусціла з рук цыноўку, быццам тая апякла ёй пальцы, закруціла налітымі крывёю вачыма і тужліва спытала:
— Можа, і ты, Сінухе, чарадзей, калі кажаш такое, ці пра гэта сапраўды ведае кожны?
— 3 цягам часу людзі даведаюцца пра ўсё, нават калі ім нічога скажуць, — адказаў я. — Можа быць, тваім учынкам, о Вялікая царская маці, і не было сведкаў, але цябе бачыла ноч і начны вецер нашаптаў пра тое, што ты ўчыніла, тысячам вушэй! Ты не можаш прымусіць яго маўчаць, як прымушаеш маўчаць чалавечыя языкі. А гэты каберчык, які ты цяпер пляцеш сваімі пальцамі, сапраўды прыгожы чароўнай прыгажосцю, і я быў бы табе вельмі ўдзячны, калі б ты мне яго падаравала, бо я адзін магу ацаніць як след такі падарунак.
Пакуль я гаварыў, яна супакоілася, але пальцы ў яе ўсё яшчэ дрыжалі. Пасля маіх словаў яна хітра зірнула на мяне і сказала:
— Можа, я і падарую табе гэтую посцілку, Сінухе, калі толькі скончу яе калі-небудзь рабіць. Гэта сапраўды прыгожая і каштоўная цыноўка, бо яна сплеценая царскімі рукамі. Аднак той, хто робіць падарунак, чакае падарунка ў адказ. Што ты думаеш падараваць мне, Сінухе?
Я адказаў ёй, смеючыся:
— Я падарую табе свой язык, о Вялікая царская маці. Праўда, я хацеў бы, каб ён застаўся пры мне аж да майго смяротнага дня. Але яму ўжо не будзе ніякай карысці сведчыць супраць цябе, бо гэта будзе ўжо твой язык.
— А навошта мне браць у падарунак тое, што і так у маёй уладзе? Нічога не перашкодзіць мне забраць у цябе язык разам з рукамі, каб ты не змог напісаць тое, што не можаш прамовіць. Я магу сваёю ўладаю паслаць цябе ў сутарэнні палаца да маіх любых неграў. I ты адтуль
ніколі не выйдзеш, бо яны з задавальненнем прыносяць чалавечыя ахвяры сваім багам.
— Бачна, што ты выпіла замнога піва, о Вялікая царская маці, — запярэчыў я. — He пі сёння болей, каб не ўбачыць у сне гіпапатамаў. Мой язык цяпер належыць табе, і я спадзяюся. што калі-небудзь атрымаю гэты каберчык у падарунак.
Я сабраўся пайсці, і яна не ўтрымлівала мяне, а толькі засмяялася так, як заўсёды смяюцца старыя жанчыны, калі вып'юць шмат піва, і сказала:
— Ты вельмі добра пазабавіў мяне, Сінухе, вельмі добра.
3 тым я і пайшоў, і ніхто не перашкодзіў мне пакінуць царскі палац, і Мэрыт падзяліла свой ложак са мной гэтай ноччу. Але я ўжо не быў такі шчаслівы, як раней, бо ўсе мае думкі імкнуліся да чорнага трысняговага чоўна, які вісеў над ложкам маёй маці, і да цёмных пальцаў, якія вязалі вузлы так, як вяжуць іх толькі птушкаловы, і да начнога ветрыку, які гнаў лёгкія трысняговыя чаўны ад Залатога палаца і прыбіваў іх да фіванскага берага. Я думаў пра ўсё гэта і быў ужо не такі шчаслівы, як колісь, бо тое, што павялічвае веды, павялічвае і смутак.
5
Афіцыйна лічылася, што я ехаў у Фівы наведаць Дом жыцця, у якім не быў ужо шмат гадоў. Мая пасада царскага лекара вымагала рабіць такія наведванні, дый апроч таго, я сам баяўся, што страціў былое майстэрства: за гады, праведзеныя ў Ахетатоне, я не ўскрыў ніводнага чэрапа. Але Дом жыцця быў ужо не такі, як раней, ён страціў ранейшае вялікае значэнне, бо збяднелы люд сюды ўжо не хадзіў, а лепшыя лекары перасяліліся ў горад і займаліся там сваім рамяством. Я думаў, што навука цяпер развіваецца з большай свабодай, бо вучням ніхто ўжо не забараняе задаваць пытанне «чаму?» і не прымушае іх рабіцца жрацамі ніжняй ступені. Але хутка я расчараваўся ў сваіх спадзяваннях, бо вучні былі зялёнымі маладзёнамі і зусім не гарэлі жаданнем пытацца «чаму?», яны хацелі толькі атрымаць гатовыя веды ад настаўнікаў, a яшчэ больш — быць запісанымі ў Кнігу жыцця, каб неадкладна заняцца лекарскай справай і прадаваць набытыя веды за золата і срэбра.