• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Я правёў у Мемфісе некалькі дзён, абмяркоўваючы з Харэмхебам умовы мірнага пагаднення і спрачаючыся па кожным пункце. Я сустракаўся з пасламі Крыта і Вавілона, з вяльможамі Мітанні, якія ўцяклі са сваёй краіны. Пасля гутарак з імі перада мной паўстала выразная карціна ўсяго, што адбылося, і мяне перапоўніла пачуццё ўласнай значнасці і прычыненасці да вялікіх падзеяў. Я ўпершыню ўсвядоміў сябе стваральнікам і ўдзельнікам вялікай гульні, дзе стаўкамі з’яўляюцца лёсы гарадоў і народаў.
    Харэмхеб меў рацыю: мір у гэты момант быў патрэбен Азіру больш, чым Егіпту, але, мяркуючы па ўсім, нават будучы заключаным, ён стаў бы толькі кароткім перамір'ем: умацаваўшыся ў Сірыі, Азіру зноў павярнуў бы зброю супраць Егіпта. Сірыя — гэта ключ да ўсяго свету, і Егіпет дзеля сваёй бяспекі не можа дапусціць, каб яна стала здрадлівым і варожым хаўрусам маленькіх царстваў, якія за золата можа купіць хто заўгодна, ці каб яна трапіла пад уладу хетаў пасля заваёвы імі Мітанні. Цяпер будучыня залежала ад таго, куды накіруюцца хеты, умацаваўшы сваю ўладу ў Мітанні: на Вавілон ці праз Сірыю на Егіпет. Розум падказваў, што яны пойдуць туды, дзе іх чакае найменшае супраціўленне. Вавілон ужо ўмацаваў свае межы, а Егіпет заставаўся слабым і бяззбройным. Безумоўна, царства Хатці было малапрыемным хаўруснікам любому, але, маючы такіх саюзнікаў, Азіру меў за сабой магутную сілу, а ўступіўшы ў хаўрус з Егіптам, мог чакаць толькі пагібелі, — прынамсі, пакуль на троне сядзеў фараон Эхнатон, — бо нічога, апроч пустэльнага пяску, у яго за плячыма не будзе.
    Я абдумаў усё гэта і спасціг, і з гэтым новым халодным разуменнем усе жахі вайны адсунуліся некуды ўдалячынь. Я больш не думаў пра смурод гарадскіх пажараў і чалавечыя чарапы, якія ўсцілалі палі бітваў, я не думаў пра ўцекачоў, якія жабравалі на вуліцах Мемфіса, я не спачуваў мітаннійскім вяльможам, якія прадавалі свае аздобы ды каштоўныя камяні, каб піць віно, перасыпаючы ў тонкіх спешчаных пальцах
    зямлю Нахарына, якую яны прывезлі з сабой у зрэбных мяшэчках. Харэмхеб сказаў, што я магу сустрэць Азіру недзе паміж Танісам і Газай, дзе яго баявыя калясніцы ваююць супраць вольных атрадаў. Ён апісаў мне становішча ў Сіміры, пералічыў дамы, спаленыя падчас аблогі, назваў імёны вяльможаў, якіх забілі мяцежнікі, і я быў здзіўлены яго дасведчанасцю. Тады ён распавёў пра сваіх выведнікаў, якія прабіраліся ў сірыйскія гарады і ішлі за войскам Азіру пад выглядам мечаглытальнікаў, штукароў, прадказальнікаў, гандляроў рабамі і півам. Ён сказаў, што выведнікі Азіру таксама прабіраюцца ў Егіпет аж да Мемфіса, яны ідуць з вольнымі атрадамі, пралазяць у гарнізоны пад выглядам штукароў, блазнаў, разносчыкаў піва ды скупшчыкаў ваеннай здабычы. Дзевам Астарты Азіру таксама плаціць за шпіёнства, і яны вельмі небяспечныя, бо выведваюць важныя звесткі ў п'яных егіпецкіх ваяводаў, але, на шчасце, яны недастаткова добра ведаюць ваенную справу, каб прынесці вялікую шкоду. Ёсць і такія віжы, якія служаць і Харэмхебу, і Азіру, і Харэмхеб мусіў прызнаць, што такія выведнікі самыя кемлівыя, бо не ставяць сябе ў небяспеку ні тут, ні там і, добра засцерагаючы сваё жыццё, яшчэ і ўзбагачаюцца пры гэтым.
    Але ўцекачы і Харэмхебавы ваяводы нарасказвалі мне шмат жахлівых гісторый пра воінаў Амарэі і вольныя атрады. Таму калі настаў час выпраўляцца ў дарогу, маё сэрца затрымцела, а калені падагнуліся, і ногі сталі хліпкія, як вада. Харэмхеб мне сказаў:
    — Можаш на выбор: або плыць па моры, або ехаць па сушы. Калі паплывеш па моры, дык да Газы, пэўна, цябе будуць ахоўваць крыцкія ваенныя караблі, хоць можа стацца і так, што яны абараняць цябе не будуць, а паплывуць прэч, як толькі заўважаць баявыя караблі Сідона і Ціра, якія пільнуюць марскія шляхі да Газы. Тады твой карабель патопяць, і ты, калі будзеш мужна біцца, пойдзеш на дно разам з ім. Калі ж ты спалохаешся і не будзеш біцца мужна, яны захопяць цябе ў палон і пасадзяць весляром на сірыйскі карабель, дзе праз некалькі дзён ты памрэш ад бізуноў і спякоты. Аднак ты егіпцянін і, апроч таго, знатны, дык хутчэй за ўсё яны здзяруць з цябе скуру, павесяць яе на шчыт прасушыцца, а потым нашыюць з яе гаспадарчых сумак і кашалёў. Зрэшты, я не хачу цябе запалохваць, бо, можа, табе і ўдасца дабрацца да Газы — не так даўно адзін карабель даплыў туды! Праўда, другі, з зернем, пайшоў на дно... А ўжо як табе выбрацца з абложанай Газы і сустрэцца з Азіру — гэтага я ўвогуле сказаць не магу.
    — Тады, можа, мне лепей ехаць па сушы? — нясмела папытаўся я.
    У знак згоды ён паківаў галавой і сказаў:
    — Ад Таніса я дам табе ў ахову некалькі дзіданосцаў і баявых калясніцаў. Калі ім пашчасціць сустрэцца з воінамі Азіру, яны пакінуць цябе аднаго ў пустэльні і на ўвесь дых кінуцца прэч. Цалкам магчыма, што
    воіны Азіру, убачыўшы, што ты знатны егіпцянін, паводле добрага хецкага звычаю, пасадзяць цябе на паль, а на твае таблічкі проста наплююць. А магчыма, нягледзячы на ахову, ты трапіш у рукі да воінаў з вольных атрадаў, якія абрабуюць цябе да ніткі і прымусяць круціць жорны, пакуль я не змагу выкупіць цябе за золата. Але я не ўпэўнены, што ты вытрымаеш так доўга, бо твая светлая скура згарыць пад бязлітасным сонцам, а свае бізуны яны робяць з бегемотавай скуры. Зрэшты, яны могуць і проста распароць табе жывот дзідай і пакінуць на спажыву крумкачам. I можаш паверыць, што для цябе гэта будзе не самы горшы канец, бо такая смерць будзе лёгкай.
    Ад усяго пачутага маё сэрца затрымцела яшчэ больш, а рукі і ногі пахаладзелі, хоць стаяла страшэнная летняя спёка. Таму я сказаў:
    —	Я вельмі шкадую, што пакінуў свайго скарабея Каптаху, бо тут ён дапамог бы мне нашмат больш, чым фараонаў Атон, чыя ўлада не прасціраецца на гэтыя бязбожныя землі. Але так ці іначай усё хутка вырашыцца, і я сустрэнуся з Азіру або загіну. I адбудзецца гэта хутчэй, калі я паеду з тваімі калясніцамі, а таму я так і зраблю. Але дзеля нашага сяброўства, Харэмхеб, я прашу цябе, калі ты даведаешся, што я трапіў у палон і кручу цяжкія жорны, выкупі мяне як мага хутчэй і не шкадуй золата, бо цяпер я багаты чалавек, значна багацейшы, чым ты думаеш, хоць і не магу зараз пералічыць свае багацці, бо сам іх як след не ведаю.
    Харэмхеб адказаў:
    —	Затое я ведаю. I праз Каптаха я пазычыў ужо ў цябе нямала золата — гэтак сама, як у іншых егіпецкіх багацеяў. Я чалавек справядлівы і не хацеў пазбавіць цябе гонару пазычыць мне грошай. Аднак я спадзяюся, што дзеля нашага сяброўства ты не будзеш патрабаваць з мяне гэты доўг, бо гэта можа толькі азмрочыць, а ў горшым выпадку зусім знішчыць нашы сяброўскія адносіны. Дык едзь у Таніс, мой сябра Сінухе, а адтуль з маёй аховай — далей, і хай цябе аберагае мой сокал, калі ўжо я сам не магу зрабіць гэтага, бо мая ўлада не сягае гэтак далёка. Калі ты трапіш у палон, я цябе выкуплю, а калі загінеш, змагу за цябе адпомсціць. Хай гэта аблегчыць тваё сэрца, калі табе будуць успорваць жывот.
    —	Калі ты пачуеш пра маю смерць, не марнуй час на помсту, — з горыччу адказаў я. — Майму чэрапу, скляванаму крумкачамі, наўрад ці дапаможа, што ты заліеш яго крывёй якіх-небудзь нябогаў. Проста перадай ад мяне прывітанне царэўне Бэкетатон, яна сапраўды прыгожая і прывабная жанчына, хоць і з вялікаю фанабэрыяй. Дарэчы, каля смяротнага ложа сваёй маці яна шмат распытвала пра цябе.
    Выпусціўшы на развітанне гэтую атручаную стралу, я пакінуў яго крыху ўсцешаны і загадаў пісарам скласці і заверыць усімі неабход-
    нымі пячаткамі запавет, у якім пакідаў сваю маёмасць Каптаху, Мэрыт і Харэмхебу. Запавет я пакінуў у царскім архіве ў Мемфісе, пасля чаго сеў на карабель і адплыў у Таніс. Там, на краю пустэльні, у крэпасці, спаленай бязлітасным сонцам, я сустрэўся з воінамі Харэмхеба, якія ахоўвалі тут мяжу.
    Яны пілі піва, палявалі на антылопаў у пустэльні і зноў пілі піва, праклінаючы дзень свайго нараджэння. Іх глінабітныя хаціны зараслі брудам і смярдзелі мачой, іх абслутоўвалі такія брыдкія жанчыны, якімі пагрэбавала б і карабельная прыслуга ў ніжнім партовым раёне Фіваў. Словам, яны вялі звычайнае ддя памежжа жыццё і марылі аб тым дні, калі Харэмхеб павядзе іх на вайну з сірыйцамі, каб іх жыццё магло напоўніцца хоць якімі-небудзь падзеямі, свежым півам і маладымі жанчынамі, бо любая змена — хай сабе і смерць — была лепшай за невыносную аднастайнасць, якою яны жылі ў хацінах, прапечаных сонцам і поўных пясчаных блох. Таму яны ірваліся ў бой і кляліся, што стануць на чале вольных атрадаў, гэтага наканечніка дзіды, якая нанясе ўдар па Ерусаліму і Мэгідзе, што яны змятуць са сваёй дарогі ўсіх паганых сірыйцаў, як змятае на сваім шляху ўсялякае смецце магутны паток. А што яны абяцалі зрабіць з Азіру, амарэйскімі воінамі ды іх хецкімі начальнікамі, я паўтарыць не магу, бо гэта бязбожныя і брыдкія словы.
    Яны горача прагнулі выступіць у абарону гонару Егіпта, але гэтак жа горача пракліналі фараона Эхнатона, бо калі раней у мірны час яны разнастаілі сваё жыццё тым, што збіралі даніну з гандлёвых караванаў ды забаўляліся з жонкамі пастухоў, дык цяпер фараон у імя свайго бога нарабіў такога, што нельга было зразумець, ці гэта вайна, ці мір. Ужо шмат гадоў падарожнікі і гандляры не ішлі праз Таніс у Егіпет, а пастухі паўцякалі ў Ніжнія землі. А калі хто і ехаў у Егіпет з Сірыі ці якой іншай краіны, дык яго яшчэ ў дарозе дашчэнту абдзіралі вольныя атрады, апераджаючы фараонавых памежнікаў.
    Пакуль мая ахова рыхтавалася да падарожжа, пакуль напаўнялі вадой скураныя мяхі, прыганялі коней, ладзілі колы ў калясніцах, я хадзіў вакол і да ўсяго прыглядаўся. Mae назіранні дазволілі мне спасцігнуць таямніцу вайсковага выхавання і зразумець, што робіць воіна адважнейшым за ільва. Дасведчаны і разумны ваявода патрабуе ад воінаў такой жорсткай дысцыпліны, так ганяе іх на вучэннях і робіць іх жыццё такім невыносным, што ўсякія змены ў гэтым жыцці — хай нават вайна і смерць — здаюцца ім пажаданымі і не страшнымі ў параўнанні з побытам у гарнізонных хацінах. Але самае дзіўнае, што воіны пры гэтым не адчуваюць ніякай нянавісці да свайго начальніка, наадварот — яны захапляюцца ім, усхваляюць яго і ганарацца сваім цярпеннем у прыдуманых ім нягодах і шнарамі ад удараў палкамі.Такая вось дзіўная і непрадказальная прырода чалавека.