• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    — Пачуй гаротны голас сваіх народаў з нашых зняможаных вуснаў, бо растала моц краіны Кэмет і засталася ад яе адна нямоглая здань, якая лунае над магіламі, бо там, у сірыйскіх гарадах, у грукаце абложных машын і шуме пажараў ліецца кроў верных табе народаў, якія толькі і спадзяюцца на цябе!
    Яны ўздымалі да балкона пасечаныя рукі і крычалі:
    — Паглядзі на нашы рукі, фараон Эхнатон! Дзе нашы рукі! ?
    Яны штурхалі наперад людзей з выкалатымі вачыма, і тыя вобмацкам падбіраліся да балкона, а старыя з вырванымі языкамі раззявалі пустыя раты, і з іхніх глотак вырывалася жахлівае нечалавечае выццё. А ўсе разам няспынна крычалі:
    — He пытайся пра нашых дачок і жонак, бо іх доля страшнейшая за смерць у руках Азіру і хетаў! А нам выколвалі вочы і адсякалі рукі толькі за тое, што мы верылі ў цябе, фараон Эхнатон!
    Але фараон захінуў твар рукамі і, дрыжучы ад слабасці, загаварыў з імі пра Атона. Тады яны зарагаталі грубымі галасамі і перабілі яго:
    — Ато як жа! Мы ведаем: ты і нашым ворагам паслаў жыватворныя крыжы. Яны вешаюць тыя крыжы на шыю коням, а ў Ерусаліме — адсеклі ногі тваім жрацам і прымусілі скакаць на абсечаных у гонар твайго бога!
    Тады фараон Эхнатон страшна закрычаў, і свяшчэнная хвароба завалодала ім, ён у сутаргах упаў на падлогу і страціў прытомнасць. Спалохаўшыся такога яго выгляду, варта паспрабавала прагнаць сірыйскіх уцекачоў са двара. Але тыя пачалі роспачна супраціўляцца, і тады кроў пралілася на камяні дварцовага бруку, а трупы забітых ахоўнікі паскідалі ў раку. 3 балкона Залатога палаца за бойкай назірала Неферціці і трыма дочкамі — Мэрытатон, хваравітай Мэкетатон і маленькай Анкесенатон, якія назаўжды запомнілі тое відовішча, упершыню стаўшы сведкамі пакутаў і смерці, нязменных спадарожнікаў усякай вайны.
    А фараона я загадаў загарнуць у мокрыя прасціны і, калі ён апрытомнеў, даў яму супакаяльнае і соннае зелле, бо гэты раз прыпадак быў такі моцны, што я баяўся за яго жыццё. Фараон пэўны час паспаў, а, прачнуўшыся, звярнуўся да мяне, хоць твар у яго быў спалатнелы, a вочы пачырванелі ад галаўнога болю:
    — Сінухе, мой сябра, з гэтым трэба пакончыць. Харэмхеб мне казаў, што ты добра ведаеш таго Азіру. Едзь да яго і купі мне мір. Купі мір Егіпту, купі, нават калі дзеля гэтага спатрэбіцца ўсё маё золата, а Егіпет зусім збяднее.
    Я горача запярэчыў яму:
    — Фараон Эхнатон, лепш пашлі гэта золата Харэмхебу — ён хутка купіць табе мір дзідамі і калясніцамі, і Егіпту не давядзецца перажываць такой ганьбы.
    Ён сціснуў галаву рукамі і сказаў:
    — Дзеля Атона, Сінухе! Няўжо ты не разумееш, што варожасць выклікае ў адказ варожасць, з помсты ўзрастае помста, а кроў будзе нараджаць кроў, пакуль мы ў гэтай крыві не захлынёмся. Ці ўсцешыцца той, хто зведаў пакуты, калі мы прымусім пакутаваць яго крыўдзіцеля?
    А твае словы пра ганьбу — гэта проста неразумныя прымхі. Таму вось табе мой загад: едзь да Азіру і купі мне мір.
    Я баяўся задум, якія нарадзіліся ў яго хворай галаве, яны былі мне не даспадобы, і я запярэчыў:
    — Фараон, яны выкалюць мне вочы і вырвуць язык раней, чым я дабяруся да Азіру, які ўжо даўно забыў і пра мяне і пра сваё сяброўства са мною. Дый не ўратуе мяне гэтае сяброўства! А я зусім не прыдатны да ваенных цяжкасцяў, я не перанясу іх, бо мае члены страцілі гнуткасць і такія далёкія падарожжы не для мяне. Апроч таго, я не змагу належным чынам правесці перамовы, бо мой язык непрыдатны на такія размовы, а ў цябе ёсць людзі, якія адмыслова навучаныя ў такіх справах і служаць пасламі ў чужых краінах пры царскіх дварах. Пашлі замест мяне каго-небудзь іншага, калі ты цвёрда вырашыў купіць мір, але не пасылай мяне!
    Аднак ён упарта паўтарыў:
    — Едзь, як табе загадана. Фараон сказаў!
    Але я ўжо бачыў уцекачоў у двары палаца. Я бачыў іх знявечаныя раты, выкалатыя вочы і адсечаныя рукі. Таму я і ў думках не меў ехаць у Сірыю, а накіраваўся дадому, каб легчы ў ложак, прыкінуцца хворым і дачакацца пакуль фараон забудзецца на сваю бязглуздую задуму. Аднак напаўдарозе мяне сустрэў мой слуга, які ўражана сказаў:
    — Як добра, што ты вяртаешся, мой гаспадар Сінухе, бо з Фіваў прыйшоў карабель, на якім прыехала жанчына, чыё імя Мехунефер; яна сказала, што яна твая сяброўка, і чакае цябе ў тваім доме. Яна апранутая так, нібы яна твая нявеста, і ад яе на ўвесь дом пахне вохным алеем.
    Я зараз жа павярнуў назад і амаль бегма кінуўся ў Залаты палац, дзе сказаў фараону:
    — Хай будзе, як ты сказаў. Я паеду ў Сірыю, але мая кроў падзе на тваю галаву. I калі ўжо я мушу ехаць, дык хачу ехаць зараз жа, не адкладваючы ні на хвіліну. Загадай сваім пісарчукам напісаць усе неабходныя гліняныя таблічкі, які пацвярджалі б маё высокае становішча і паўнамоцтвы, бо Азіру вельмі пачціва ставіцца да таблічак.
    Пакуль пісарчукі выпісвалі мне таблічкі, я схаваўся ў майстэрні Тутмеса. Ён толькі што закончыў статую Харэмхеба, якую высек з карычневага пясчаніку. Статуя была зроблена па правілах новай мастацкай школы, і Харэмхеб выглядаў, як жывы, але я лічыў, што Тутмес крыху перабольшыў таўшчыню яго магутных рук і шырыню грудзей, так што ён быў падобны больш да вулічнага атлета, чым да начальніка фараонавай варты і фараонаўскага дарадцы. Паводле правілаў новай школы, мастакі падкрэслівалі і перабольшвалі ўсё, што бачыла вока, нават пачварныя выроддівыя рысы, бо, на іх думку, галоўнае было перадаць праў-
    ду, — тады як старое мастацтва ўсё непрыгожае ў чалавеку хавала і старалася паказаць толькі ягоныя вартасці. Я не ведаю, ці можна лічыць імкненнем да праўды паказ толькі выродлівасці чалавека, але Тутмес цвёрда верыў у гэта, а мне не хацелася пярэчыць яму, бо ён быў маім сябрам. Ён выцер статую мокрай тканінай, каб паказаць, як прыгожа пераліваецца пясчанік на магутных руках Харэмхеба і як колер каменя ўдала адпавядае колеру Харэмхебавай скуры. Потым ,ён сказаў:
    — Я збіраюся паехаць з табой да Хетнечута і ўпэўніцца, што статую там паставяць у тым месцы, якое адпавядае высокаму чыну Харэмхеба і маёй годнасці мастака. Так, так, я паеду з табой, Сінухе. Хай рачны вецер ачысціць маю галаву ад віннага ачмурэння Ахетатона, ато ў мяне ўжо дрыжаць рукі ад цяжару малатка і зубіла, і сэрца згарае ад ліхаманкавай гарачыні.
    Пісарчукі прынеслі мне ў Тутмесаву майстэрню гліняныя таблічкі, золата на дарогу і блаславенне фараона Эхнатона, пасля чаго мы загадалі пагрузіць статую Харэмхеба на карабель і, не марудзячы, адплылі ўніз па рацэ. Свайму слугу я загадаў перадаць Мехунефер, што паехаў на вайну ў Сірыю і там загінуў. Я не лічыў гэтыя словы хлуслівымі, бо сапраўды думаў, што загіну ў гэтым падарожжы лютаю смерцю. Апроч таго, я загадаў з усёй пашанай пасадзіць Мехунефер на карабель і, не зважаючы на пратэсты, адправіць Фівы. А калі я насуперак усяму вярнуся і знайду Мехунефер у сваім доме, то ўсе слугі будуць высцебаныя бізунамі, а потым ім адрэжуць насы і вушы і навечна пашлюць у руднікі. Паглядзеўшы на мяне, слуга зразумеў, што я кажу гэта сур'ёзна. Таму ён страшэнна спалохаўся і паабяцаў дакладна выканаць мой загад. Гэта дазволіла мне пачаць падарожжа ў добрым гуморы, хоць я і не спадзяваўся вярнуцца, думаючы, што еду на верную смерць. Таму віна ў падарожжы мы не шкадавалі, тым больш, што і Тутмес, які нарадзіўся ў доме воіна і добра ведаў вайсковыя звычаі, сведчыў, што, ідучы на вайну, віна не шкадуюць.
    Але каб распавесці пра нашае падарожжа і мае прыгоды ў Сірыі, мне трэба пачаць новы скрутак.
    ПАПІРУС ДВАНАЦЦАТЫ
    Клепсідра адмярае час
    і
    Вось так спраўдзілася пажаданне Каптаха, якое ён выказаў перад ад’ездам у нялёгкае падарожжа дзеля раздачы зерня Атонавым навасёлам, і спраўдзілася яно самым горшым чынам, які толькі можна было ўявіць, бо ў адрозненне ад Каптаха я страціў не толькі дах над галавой і мяккі ложак, а па жаданню фараона мусіў на сабе адчуць усе цяжкасці і жахі вайны. Тады я і заўважыў, што чалавеку трэба старанна абдумваць свае пажаданні, перш чым выказаць іх уголас, бо такія пажаданні маюць дрэнную ўласцівасць спраўджвацца, і асабліва лёгка збываюцца тыя, у якіх жадаюць благога якому-небудзь іншаму чалавеку. Я маю на ўвазе, што благое пажаданне, выказанае чужому чалавеку, заўсёды збываецца лягчэй, чым добрае.
    Пра ўсё гэта я гаварыў з Тутмесам за кубкам віна, плывучы ўніз па рацэ на фараонавым караблі. Але Тутмес загадаў мне змоўкнуць і пачаў маляваць на папірусе птушку, якая ляцела над нашым караблём. Намаляваў ён і мяне, але малюнак мне не спадабаўся, і я з дакорам сказаў, што сапраўдны сябар не мог бы намаляваць мяне ў такім выглядзе. У адказ ён сказаў, што мастак падчас працы над малюнкам не можа быць нічыім сябрам, а павінен падпарадкоўвацца толькі сваім вачам. Я ўзлаваўся і сказаў яму:
    — Калі так, значыць, твае вочы зачараваныя злымі чарамі, бо ты бачыш усіх выроддівымі, смешнымі і нікчэмнымі, і я на тваім малюнку таксама смешны. Толькі Неферціці ў тваіх вачах выглядае красуняй, хоць шыя ў яе доўгая і худая, шчокі праваліліся, а сама яна з кожным днём робіцца ўсё больш пачварнай ад сваіх бясконцых цяжарнасцяў.
    Тутмес плюхнуў мне ў твар цэлую чашу віна і крыкнуў:
    — He кажы так пры мне аб Неферціці!
    Але хутка ён супакоіўся і пашкадаваў аб сваім п'яным учынку. Ён выцер віно з майго твару і са скрухай у голасе прамовіў:
    — Я не хацеў прычыніць табе шкоды, але, мусіць, гэтая жанчына сапраўды зачаравала мае вочы, бо мне, далібог, здаецца, што няма нікога прыгажэйшага за яе, як няма нікога выродлівейшага і мярзотнейшага за фараона Эхнатона, хоць я павінен бы любіць яго за ўсё добрае, што ён мне зрабіў.
    Я адказаў яму па-сяброўску:
    Табе проста мроіцца нешта дурное, бо наўрад ці Неферціці можа даць табе болей, чым самая апошняя рабыня.
    Але мая мудрасць яго не суцешыла, а толькі раз'ятрыла. Таму мы зноў з вялікай ахвотай выпілі віна, бо віно не толькі абуджае спрэчкі і сваркі, але гэтыя ж сваркі і суцішае, а сяброў прымірае, і няма такіх неладоў, якіх нельга было б заліць віном, калі выпіць яго ў дастатковай колькасці.
    Так мы даплылі да Хетнечута, маленькага мястэчка на беразе ракі, дзе авечкі і гавяда пасвіліся на вуліцах, а храм быў пабудаваны з цэглы. Гарадскія старшыні сустрэлі нас з вялікай пашанай, і Тутмес урачыста паставіў статую Харэмхеба ў храме, які раней быў прысвечаны Гору, a цяпер па жаданні фараона Эхнатона быў аддадзены богу Атону. Але жыхароў мястэчка гэта ніякім чынам не збянтэжыла, яны па-ранейшаму пакланяліся свайму богу з сакалінаю галавою, хоць усе яго выявы былі з храма выкінутыя. Людзі з вялікай радасцю сустрэлі статую свайго земляка і, думаецца мне, будуць гэтак жа натхнёна пакланяцца Харэмхебу, атаясамліваючы яго з Горам, бо Атон выявы не мае, а чытаць у гарадку амаль ніхто не ўмеў.