• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    — Будучыня, якую ты прадракаеш, магла б узрадаваць крумкачоў ды шакалаў, — адказаў я, — але мяне яна не радуе і нічога смешнага я тут не знаходжу. Я бачыў, што вашыя жорны круцяць людзі з выкалатымі вачыма, а пра вашу жорсткасць у памежных краінах складаюць легенды. Я не збіраюся іх тут табе паўтараць, каб не абразіць твае вушы, але ж, павер, адукаванаму народу такое зусім не пасуе.
    — А што такое адукацыя ці асвета? — спытаў ён у адказ і падліў сабе віна. — Мы таксама ўмеем чытаць і пісаць і збіраем у сваім архіве гліняныя таблічкі. А вочы палонным, якім да скону наканавана круціць жорны, мы выколваем па сваёй дабрыні, бо гэта вельмі цяжкая праца, і яна падалася б ім яшчэ цяжэйшай, каб яны бачылі вольнае неба, зямлю і птушак у паднябессі. Гэта выклікала б у іх марныя думкі, і нам давялося іх б забіваць пры спробах уцёкаў. Калі нашыя воіны каму і ламаюць рукі ці здзіраюць з галавы скуру, дык робяць гэта не па прыроднай жорсткасці. Ты сам бачыў, што ў сябе дома мы дружалюбныя і гасцінныя людзі, мы любім маленькіх дзяцей і маленькіх звяркоў, мы нават не б'ём сваіх жонак. А жорсткасць мы праяўляем дзеля таго, каб
    выклікаць страх і жах у варожых народаў, каб у патрэбны час яны скарыліся нам без бою, не асуджаючы сябе на дарэмныя пакуты і спусташэнне сваіх земляў. Нам зусім не даспадобы людскія пакуты і разбурэнне, наадварот, мы хочам, каб зваяваныя намі краіны былі як мага меней спустошаныя, а гарады дасталіся б нам цэлымі, а не зруйнаванымі. Вораг, які баіцца, ужо напалову пераможаны.
    — Ці ж усе народы — вашыя ворагі? — з'едліва спытаўся я. — Няўжо ў вас зусім няма сяброў?
    — Нашы сябры — усе народы, якія скараюцца перад намі і плацяць нам даніну, — павучальна сказаў ён. — Мы дазваляем ім жыць паводле іхніх законаў і нават не вельмі абражаем іхніх багоў і звычаі, — дастаткова таго, што яны падпарадкуюцца нам. Нашы сябры таксама ўсе народы, якія не жывуць побач з намі, пакуль яны не робяцца нашымі суседзямі, бо тады мы заўважаем у іх розныя абразлівыя для нас рысы, якія перашкаджаюць мірнаму суіснаванню і вымушаюць нас ваяваць з імі. Так было дагэтуль, і так будзе і пасля, наколькі я ведаю нашага вялікага цара.
    А хіба вашы багі нічога на гэты конт не кажуць? — спытаўся я. — У іншых краінах багі часта вызначаюць, што правільна, а што — не.
    — А што правільна і што няправільна? — у сваю чаргу спытаў ён. — Для нас правільна тое, чаго хочам мы, і няправільна тое, чаго хочуць суседнія народы. Гэта вельмі простае вучэнне, яно дае вялікую палёгку ў жыцці і кіраванні краінай і, думаю, не вельмі адрозніваецца ад вучэння багоў у раўнінных краінах, бо, калі я правільна разумею, і на раўнінах багі лічаць правільным тое, чаго хочуць багатыя, і няправільным тое, чаго хочуць бедныя. А калі ты цікавішся нашымі багамі, то я скажу табе, што адзіныя нашы багі — гэта Маці Зямля і Неба, і ў іх гонар мы кожную вясну ладзім святы, калі першы дождж з неба апладняе зямлю, падобна таму, як семя мужчыны апладняе жанчыну. Пад час гэтых святаў наш характар мякчэе і робіцца не такім жорсткім, бо зямля ўмацоўваецца дзецьмі і раннімі шлюбамі. Як і ў іншых народаў, прасталюдзіны маюць шмат сваіх бажкоў, але на іх можна не звяртаць увагі, бо для дзяржавы яны не маюць ніякага значэння.
    — Чым больш я чую пра багоў, тым больш яны мне надакучваюць, — сумна сказаў я, але загадчык царскіх архіваў толькі засмяяўся і адкінуўся на падушкі, ківаючы чырвоным ад віна носам.
    — Калі ты чалавек празорлівы, то застанешся ў нас і будзеш служыць нашым багам, бо іншыя народы ўжо адпанавалі сваё, а цяпер настае наша чарга, прыходзіць наш час. Нашы багі вельмі магутныя, і завуць іх Улада і Страх, мы паставім ім вялікія алтары з выбеленых чалавечых чарапоў. Я нават не забараняю табе расказваць пра гэта прадстаўнікам любых іншых народаў, калі ты будзеш такі дурны, што
    пакінеш нашыя землі, — табе ўсё адно ніхто не паверыць, бо ўсе лічаць, што хеты — брудны і слабы народ пастухоў, якія любяць толькі свае пашы ды жывуць у гарах разам са сваімі козамі ды авечкамі. Ну, ды зрэшты, я ўжо прабавіў з табой шмат часу, і мне пара на службу — пара рабіць сваю справу: наганяць страх на пісарчукоў ды адціскаць выяву паходні на мяккай гліне, запэўніваючы ўсе народы ў нашых добрых намерах.
    Ён пайшоў, і тым жа вечарам я сказаў Мінеі:
    — Я дастаткова даведаўся пра зямлю хетаў і пабачьгў усё, што хацеў пабачыць. Цяпер, калі на тое будзе воля багоў, мы з табой можам адсюль паехаць, бо тут смярдзіць трупамі і маё горла пераціскае ад такога смуроду. Пакуль мы тут, смерць лунае нада мной неадступным ценем, бо іх цар адразу пасадзіць мяне на кол, калі даведаецца, што мне ўдалося выведаць. Калі яны караюць чалавека смерцю, то не вешаюць яго на гарадскім муры, як робяць усе цывілізаваныя народы, а садзяць небараку на кол, і ён так сядзіць жывы, з прапоратымі вантробамі, пакуль сканае. Таму, пакуль я буду ў гэтай краіне, жывот мне будзе ўвесь час балець. А ўвогуле, пасля таго, што я тут пабачыў, я пачынаю думаць, што лепш бы мне нарадзіцца крумкачом, а не чалавекам.
    3 дапамогай сваіх знатных наведнікаў я атрымаў дазвол дабрацца да ўзбярэжжа і сесці на карабель, каб пакінуць краіну, хоць мае хворыя былі вельмі засмучаныя маім ад'ездам. Яны ўгаворвалі мяне застацца, кажучы, што калі я застануся і буду іх лекаваць, то праз некалькі год стану вялікім багатыром. Але ніхто з іх не спрабаваў мяне затрымаць, a я, усміхаючыся, расказваў ім казкі, да якіх яны заўсёды былі вялікімі аматарамі, і ў выніку мы рассталіся сябрамі і нават на ад'езд я атрымаў шмат падарункаў. У вызначаны дзень мы пакінулі жахлівыя сцены Хатушаша, за якімі вырастала будучыня ўсяго свету. Мы праехалі вярхом на аслах паўз млыны, дзе рабы з выкалатымі вачыма круцілі цяжкія жорны, прамінулі цэлы шэраг пасаджаных на калы абапал дарогі магаў, бо ў Хатушашу магам лічыўся той, хто распаўсюджваў вучэнне не адобранае дзяржавай, а дзяржава прызнавала толькі адно вучэнне. Я прыспешваў сваіх спадарожнікаў, як мог, і праз дваццаць дзён мы дабраліся да партовага горада.
    4
    У гэты порт прыходзілі караблі з Сірыі і марскіх выспаў, ён быў падобны да ўсіх іншых партовых гарадоў, хоць хеты, якія ахоўвалі яго, бралі з караблёў даніну, а ў тых, хто пакідаў краіну, правяралі гліняныя таблічкі. Але ніхто, прыехаўшы на караблях, нават не імкнуўся пранікнуць углыб краіны, усе ведалі толькі гэты порт, а ў ім, як і ў іншых, былі такія самы таверны, дамы ўцехаў, дзяўчаты ды дзікая сірыйская музы-
    ка, а таму ўсе мараплаўцы адчувалі сябе тут, як дома, і не надта спяшаліся адплываць назад, хоць для пэўнасці прыносілі ахвяры не толькі сваім багам, чые выявы капітаны трымалі ў сябе ў каютах, але задобрывалі і хецкіх — Маці Зямлю і Неба.
    Зыкаючы, нібы цэлы рой мух, маракі збіраліся на ўзбярэжных і праз саломінкі смакталі з глякоў піва, так што вакол аднаго гляка можна было ўбачыць чалавек дзесяць-дванаццаць з розных краінаў свету. Хецкае піва было моцнае і так задурвала галаву, што па вечарах п'яныя гулякі ламаліся ў дзверы дамоў уцехаў, білі ў ганчарных майстэрнях гаршчкі, зацягвалі на караблі дзевак, білі адзін аднаго палкамі і рэзалі нажамі, пакуль падаспеўшая хецкая варта не супакойвала іх ударамі дзідаў. Але што б яны ні зрабілі, ім дазвалялася адкупіцца серабром або меддзю, так што яны загадзя ведалі колькі каштуе разбітая галава, ці выкалатае вока, ці адкрытая рана на целе. Таму яны рагаталі і, гучна перамаўляючыся, казалі: «Гэта добрая краіна, ны сюды яшчэ вернемся». А пабачыўшы мага, пасаджанага на паль, казалі: «Чарадзейства — паганая справа, гэты ёлуп сам сваім языком пракалоў сабе кішкі». А найбольш спрактыкаваных мараплаўцаў хеты пераваблівалі да сябе на службу, бо самі не былі марскім народам. Падобна таму, як у іншых краінах на службу наймаюць воінаў, хеты наймалі маракоў, лоцманаў, умелых карабельных будаўнікоў і ставіліся да іх вельмі добра. У выніку тыя ўголас пахваляліся сваімі добрымі заробкамі і выдатнымі ўмовамі, спакушаючы гэтым іншых маракоў уцякаць з караблёў і наймацца да хетаў таксама.
    На пэўны час мы затрымаліся ў гэтым горадзе, хоць ён быў шумны і ў ім квітнела злачыннасць. Затрымка была выкліканая тым, што Мінея, аглядаючы той ці іншы карабель, што ішоў на Крыт, казала:
    —	Гэтае судна занадта маленькае і можа трапіць у бяду, а я не хачу зноў стаць ахвярай караблекрушэння.
    А калі судна было большых памераў, яна казала:
    —	Гэта сірыйскі карабель, і я не хачу на ім плысці.
    Пра трэці карабель яна казала:
    —	У гэтага капітана нядобрае вока — баюся, ён прадае сваіх пасажыраў у рабства ў далёкія краіны.
    Такім чынам, мы ўсё больш затрымліваліся ў порце, але мяне гэта не турбавала як лекар я меў тут багата працы: я зашываў і чысціў раны, ускрываў разбітыя чарапы. Маёй дапамогай карыстаўся і начальнік партовай аховы, які пакутаваў на хваробу, якая не дазваляла яму цешыцца з жанчынамі. Але гэтая хвароба была мне вядомая яшчэ з Сіміры, і я вылечыў начальніка зёлкамі сімірскіх лекараў. Яго ўдзячнасць была бязмежная — цяпер ён зноў мог весяліцца з партовымі дзеўкамі! А гэта быў яго прывілей, бо любая дзяўчына, што хацела займацца сваім
    рамяством у порце, мусіла задарма ўлагоджваць начальніка і ягоных пісарчукоў. I тое, што ён доўга не мог карыстацца гэтаю дармавой паслугай, вельмі яго засмучала.
    Калі я вылечыў яго, ён сказаў:
    —	Што я магу падараваць табе, Сінухе, за тваё вялікае майстэрства? Можа адважыць табе кавалак золата памерам з тое, што ты вылечыў?
    Але я адказаў:
    —	He трэба мне твайго золата. Лепш падары мне нож, што вісіць у цябе на поясе, а я, гледзячы на твой падарунак, буду цябе ўспамінаць.
    —	Гэта ж самы звычайны нож,запярэчыў ён.— У яго і лязо не ўпрыгожанае бягучымі ваўкамі, і ручка не аздобленая серабром.
    Але ён так казаў таму, што гэты нож быў зроблены з хецкага металу, а яго не дазвалялася ні дарыць, ні прадаваць чужаземцам. 3 гэтай прычыны я і не змог купіць такую зброю ў Хатушашу: я не хацеў здацца надта навязлівым і выклікаць падазрэнне. Такія нажы я раней бачыў толькі ў знатных людзей Мітанні. За іх давалі ў дзесяць разоў болей золата і ў чатырнаццаць разоў болей срэбра, чым яны важылі самі. Уладальнікі рэдкай зброі ні за што не хацелі яе прадаваць, бо такіх нажоў было вельмі мала ва ўсім вядомым свеце. Але ў хетаў такія нажы былі рэчамі не надта каштоўнымі, бо іх нельга было прадаваць чужынцам.