Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Ад такіх яе словаў у вачах у мяне пацямнела, нібы сонца зайшло за хмары, я затросся, і душа мая напоўнілася тугой: я зразумеў, што Мінея не для мяне. Гэта была знаёмая казка, якую жрацы расказваюць ва ўсіх краінах, але Мінея верыла ў яе, і гэта нас назаўжды раздзяляла. Таму я не захацеў казаць марных словаў, а ўзяўшы яе рукі ў свае далоні і трошкі іх адагрэўшы, прамовіў:
— Я разумею, што ты хочаш вярнуцца да свайго бога. Што ж, я адвязу цябе на выспу Крыт, бо ведаю, што ты адтуль родам. Я здагадваўся пра гэта яшчэ тады, калі ты расказвала пра быкоў, а цяпер упэўніўся цалкам, калі ты сказала, што ён жыве ў цёмных сутарэннях. Мне казалі пра твайго бога мараплаўцы з Сіміры, але я тады не паверыў ім. Праўда, яны казалі, што жрацы забіваюць тых, хто спрабуе вярнуцца з боскіх палацаў, каб ніхто не даведаўся, як той марскі бог выглядае. Але хутчэй за ўсё гэта звычайныя марацкія байкі ды прыдумкі прасталюдзінаў, але ж ты пасвечаная і ведаеш лепш за іх.
— Я павінна туды вярнуцца, — папрасіла яна. — Нідзе на зямлі, ні ў якой іншай краіне, я не знайшла б спакою, бо з самага маленства расла ў храмах гэтага бога. Праўда, сёння я радуюся кожнаму дню і кожнай хвіліне, праведзеным побач з табой, Сінухе. 1 зусім не таму, што ты выратаваў мяне ад вялікай бяды, а таму, што няма ў мяне нікога ў
свеце, хто параўнаўся б з табою. Я нават ужо не так моцна, як раней, прагну трапіць у палац майго бога, і нават пачынаю думаць пра гэта з тугою ў сэрцы. Калі мне дазволяць, я, мусіць, праз пэўны час вярнуся да цябе, — мне не верыцца, каб адтудь ніколі ніхто яшчэ не вяртаўся. Але ў нас мала часу, і ты сам казаў, што заўтрашні дзень невядомы нікому. Таму давай, Сінухе, радавацца кожнаму дню, давай радавацца птушкам, якія пралятаюць над намі, махаючы крыламі, давай радавацца рэчцы і чаратам, смачнай страве і добраму віну і не думаюць пра тое, чаго нельга пазбегнуць. Так будзе лепей.
Каб я меў іншы характар, я, бадай, прымусіў бы яе мне аддацца ці ўзяў бы яе гвалтам, завёз бы ў Егіпет і пражыў бы там з ёю ўсё жыццё. Але я ведаў, што яна кажа праўду і што ў яе не было б ніводнага спакойнага дня, калі б толькі яна здрадзіла свайму богу, дзеля якога расла і жыла. А потым настаў бы дзень, калі яна пракляла б мяне і ўцякла б з майго дома. Багі маюць вельмі вялікую ўладу над кожным, хто ў іх верыць, але перад тым, хто ў іх не верыць, яны бяссільныя. Таму я думаю, яна, мусіць, праўда памерла б, бо раней, у Доме жыцця, мне ўжо даводзілася бачыць, як людзі марнелі і паміралі, таму што лічылі сябе вінаватымі перад богам, у якога верылі.
Ды ўжо, напэўна, усё гэта было прадвызначана зоркамі яшчэ да майго нараджэння, і змяніць што-небудзь я быў няздольны. Таму мы елі і пілі ў чоўне, схаваным у трыснягу, і заўтрашні дзень падаваўся нам бязмежна далёкім. Мінея нахіляла галаву і яе валасы прыемна казыталі мой твар, яна ўсміхалася, а калі аднойчы, паспытаўшы віна, дакранулася да маіх вуснаў, салодкі боль працяў маё сэрца, і гэты боль быў нават яшчэ саладзейшы за цялеснае валоданне гэтай дзяўчынай. Але тады я пра гэта не думаў.
2
Адвячоркам Каптах, які спаў пад стрэшкай у чоўне, прачнуўся, вылез з-пад дывана і, працёршы вочы, абвясціў:
— Дзякуючы скарабею і незабыўнаму Амону, мая галава больш не звініць, як кавадла ў кузні, я зноў у ладах з наваколлем, і мне не пашкодзіла б чаго-небудзь з'есці, ато здаецца, што ў маім жываце пасяліліся некалькі галодных ільвоў.
He пытаючыся дазволу, ён падсеў да нас і пачаў прагна паглынаць засмажаную ў гліне дзічыну, бесклапотна выплёўваючы ў ваду косткі.
Яго выгляд зноў нагадаў мне, у якім мы цяжкім становішчы, і я злосна сказаў:
— Ах ты, п'яны кажан! Заместтаго, каб дапамагчы нам парадай, як выкруціцца з бяды, ты напіўся ды заснуў, як свіння ў лужыне! А нас усіх траіх могуць павесіць на гарадскім муры дагары нагамі! Дык давай,
кажы, што нам рабіць, бо царская варта ўжо гоніцца за намі на чаўнах.
Аднак Каптах не спалохаўся і спакойна прамовіў:
Калі ўсё, што ты мне распавёў, — праўда, цар не будзе шукаць нас бліжэйшыя трыццаць дзён, бо сам абяцаў прагнаць цябе бізунамі, калі ты насмелішся з'явіцца ў яго палацы раней гэтага тэрміну. Таму я лічу, што нам не абавязкова спяшацца. Бо калі пра твае ўцёкі пусцілі чутку насільшчыкі ці што-небудзь сказалі скапцы, то нам тады ўсё адно не ўцячы і не ўратавацца. Але я веру ў нашага скарабея. Галоўную памылку ты зрабіў не ў гэтым, а ў тым, што напаіў мяне сонным зеллем, ад якога галава ў мяне разбалелася, быццам яе пракалоў шылам шавец. Я думаю, ты паспяшаўся, бо цар Бурабурыяш усё роўна падавіўся б косткай ці спатыкнуўся б і зламаў сабе шыю. Тады я стаў бы царом Вавілоніі і ўладаром чатырох бакоў свету, і мы цяпер нікога не баяліся б. Я цвёрда веру ў нашага скарабея і дарую табе твой легкадумны ўчынак, бо ты мой гаспадар і нічога лепшага прыдумаць не мог, як дарую і тое, што ты запхнуў мяне ў гэты гарлач, дзе я ледзьве не задушыўся, што зусім не адпавядала б маёй годнасці. Але калі ўжо так адбылося, дык мне спачатку трэба было прывесці ў парадак сваю галаву, а тады ўжо даваць парады, бо ўранку табе лепш бы параіў гнілы пень, чым я. А вось цяпер я гатовы падзяліцца зх табой усёй сваёй мудрасцю, бо вядома, што ты без мяне, як ягняці без маткі.
Я перабіў яго, загадаўшы спыніць гэтую балбатню, і спытаў, што нам рабіць, каб як мага хутчэй выбрацца з Вавілоніі. Каптах пачухаў патыліцу і сказаў:
— Праўду кажучы, гэты човен занадта вялікі, каб мы ўтраіх маглі рухацца на ім супраць цячэння, дый апроч таго, я не люблю веславаць, бо ад вёслаў у мяне пухіры на далонях. Нам трэба сысці на бераг, украсці дзе-небудзь пару аслоў і пакласці на іх нашы пажыткі. А яшчэ нам трэба пераапрануцца ў лахманы, каб не прыцягваць лішняй увагі, і таргавацца на заезных дварах у вёсках. Лепш за ўсё прыкінуцца вандроўнымі акторамі, што ходзяць па вёсках і вечаровым часам забаўляюць сялян. Таму табе лепш не паказваць свайго лекарскага майстэрства, а прыкінуцца прадказальнікам: цябе ж вучылі там гадаць па алею, вось і будзеш прадвяшчаць земляробам добрыя ўраджаі, а я буду распавядаць смешныя байкі, якіх ведаю незлічона. Ну, а дзяўчына будзе зарабляць свой хлеб танцамі. Вядома, было б нядрэнна наняць весляроў, якія давезлі б нас да самай мяжы, — я думаю, на вадзе скарабей аберагаў бы нас гэтак жа добра, як на зямных шляхах. Але надзейней усё ж пакінуць човен тут: я лічу гэта зусім непрыстойным — рабаваць бедных весляроў, якія схаваліся ў чаратах і толькі чакаюць цемры, каб нас забіць ды забраць свой човен. Давайце лепш неадкладна рушым у дарогу! А калі весляры надумаюць нацкаваць на нас царскую варту,
дык ім усё адно ніхто не паверыць: яны ж пачнуць вярзці пра злых духаў у гарлачах ды іншыя цуды, таму іх ні воіны, ні суддзі не захочуць і слухаць, а бадай яшчэ і пашлюць лячыцца ў храм да жрацоў, каб тыя з іх павыганялі нячысцікаў.
Вечарэла, і нам трэба было спяшацца, бо Каптах, безумоўна, меў рацыю, кажучы, што весляры могуць адолець страх і забраць свой човен, а яны ж былі ўдзесяцёх супраць нас траіх. Таму мы намасцілася алеем, што знайшлі ў весляроў у чоўне, перапэцкалі глінай вопратку й твары і падзялілі рэшткі майго срэбра й золата, схаваўшы іх у паясах і пад вопраткай. Мой лекарскі куфэрак мы закруцілі ў дыван і ўзвалілі на спіну Каптаху, нягледзячы на яго пярэчанне, а потым кінулі човен у чаратах і пабрылі да беразе. У чоўне мы пакінулі запасы ежы і пару гарлачоў з віном.бо на думку Каптаха, гэта мусіла вельмі паспрыяць нашым уцёкам: весляры, знайшоўшы віно, абавязкова кінуцца яго піць і нават не падумаюць гнацца за намі, а калі, працверазеўшы, пойдуць да суддзяў ці вартаўнікоў, дык кожны з іх будзе ўсё распавядаць пасвойму, так што суддзі не захочуць слухаць такой лухты, а проста загадаюць прагнаць іх палкамі. Я таксама спадзяваўся на гэта.
Так пачалося наша вялікая вандраванне. Мы дайшлі да апрацаваных земляў, адшукалі караванны шлях і ішлі па ім усю ноч, не зважаючы на жаласную лаянку Каптаха, які праклінаў дзень і час свайго нараджэння, згінаючыся пад ношай, што скручвала яму шыю. Уранні мы дайшлі да вёскі, жыхары якой вельмі ветла і паважна прынялі нас за тое, што мы не збаяліся злых духаў і ішлі ўначы. Яны накармілі нас кашай, зваранай на малацэ, прадалі нам двух аслоў, а на развітанне наладзілі вясковае свята: гэта былі прастадушныя людзі, якія месяцамі не бачылі срэбнай манеткі, а свае даўгі сплачвалі скацінай і зернем, жывучы ў гліняных буданах разам з дамашняй жывёлай.
Так, дзень за днём, мы ішлі па дарогах Вавілоніі, сустракаючы гандляроў ды іншы люд і з паклонам саступаючы дарогу насілкам са знатнымі спадарамі. Сонца апякло нам твары, адзенне ператварылася ў лахманы, і нам ужо стала звычным выступаць на цвёрда ўтаптаных гліняных таках. Я ліў у ваду алей і прадказваў сялянам добрыя часы, багатыя ўраджаі, удалыя шлюбы і нараджэнне сыноў, бо спачуваў іх вечнай галечы і не хацеў прадказваць дрэннага. Яны верылі і вельмі радаваліся. Але каб я трымаўся праўды, то мусіў бы ім казаць пра нахабных і няўмольных зборшчыках подацяў, аб пакаранні бізунамі, аб сквапных суддзях, аб голадзе ў час няўроду, аб цяжкіх хваробах у час паводкі, аб саранчы ды мухах, аб палючых засухах і гнілой вадзе, аб непасільнай працы, за якой следам ідзе смерць, бо такое ўжо ў гэтых бедных людзей жыццё. Каптах расказваў ім казкі пра чараўнікоў і князёўнаў, пра далёкія краіны, дзе людзі ходзяць з галовамі пад пахай, раз у год пера-
твараючыся ў ваўкоў, а яны верылі ягоным гісторыям, вельмі яго шанавалі і частавалі так, што ён аж патаўсцеў. Мінея танчыла на гліняных пляцоўках, бо, каб не страціць навыкаў і майстэрства, ёй трэба было танчыць штодня, а сяляне дзівіліся і казалі: «Ніколі раней мы не бачылі нічога падобнага».
Гэтае падарожжа было мне вельмі карыснае, бо дзякуючы яму я зразумеў, што не толькі багатыя ды знатныя, але і беднякі ва ўсіх краінах і гарадах, па сутнасці, аднолькавыя і думаюць вельмі падобна, нягледзячы на тое, што маюць розныя звычаі, а ў іх багоў розныя імёны. Я ўпэўніўся, што беднякі дабрэйшыя за багацеяў, бо, прымаючы нас таксама за бедных, яны кармілі нас кашай і сушанай рыбай і не чакалі ад нас падарункаў у адказ на сваю дабрыню, у той час як багатыя палкамі адганялі беднякоў ад сваіх дзвярэй і ўвогуле ставіліся да іх з пагардай. Я даведаўся, што беднякі таксама ведаюць, што такое радасць жыцця і смутак, туга і смерць, і што бядняцкае дзіцё прыходзіць на свет такім самым, як дзіцё багацея. Гледзячы на іх даверлівасць і прастадушнасць, я ўсім сэрцам спачуваў гэтым людзям і не мог адмовіцца палекаваць тых, што хварэлі, ускрыць нарыў ці прамыць вочы, бо ведаў, што ў іншым выпадку чалавек хутка аслепне. Я рабіў гэта па сваім жаданні і не прасіў ніякай платы ці падарункаў.