• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    6
    Пасля гэтага я ўжо не мог больш ні радавацца, ні весяліцца, хоць і палац, і яго двары былі поўныя народу, і ўсе пілі піва і віно ды шалелі, нібыта здзічэўшы ад розных забаваў, якія нястомна прыдумваў Каптах, забыўшыся на свае сумныя прыгоды ў жаночых пакоях. Сіняк у яго пад вокам пераліваўся рознымі колерамі, але не вельмі балеў, бо да яго прыкладвалі прымочкі з сырога мяса. Што мучыла мяне, я сказаць не мог, бо і сам таго добра не ведаў.
    Я думаў, што мне яшчэ шмат чаму трэба было б навучыцца ў Вавілоне, бо маё навучанне на авечай печані было не скончанае і я не ўмеў яшчэ ліць алей у ваду так, як гэта рабілі вавілонскія жрацы. Дый Бурабурыяш быў нямала мне вінаваты за выздараўленне і сяброўства, і я ведаў, што, калі б я застаўся яму сябрам, ён шчодра адарыў бы мяне перад ад'ездам. Але чым больш я думаў, тым больш мяне турбаваў прастадушны Мінеін твар і тым больш непакоіў лёс Каптаха, якому ўвечары было наканавана памерці ад дурной прыхамаці цара, бо той вырашыў назначыць яго фальшывым царом, хоць добра ведаў, што Каптах мой слута.
    Думаючы так, я ўсё мацней раз'юшваў сваё сэрца. Я лічыў, што Бурабурыяш проста мне здрадзіў, і я зраблю слушна, калі здраджу яму таксама. Праўда, сэрца падказвала мне, што такім учынкам я апаганю ўсе законы сяброўства. Але ж я быў самотны чужынец, і ніякія законы мяне не звязвалі! Таму надвячоркам я пайшоў на бераг ракі і наняў човен з дзесяткам весляроў і сказаў ім:
    Сёння дзень фальшывага цара, і я ведаю, што вы сп'янелі ад піва ды ўцехаў і будзеце веславаць без натхнення. Але я заплачу ўдвая, бо памёр мой багаты дзядзька і я мушу як мага хутчэй прывезці яго на могілкі продкаў. Зрабіць гэта трэба раней, чым мае браты пачнуць звадкі з-за спадчыны і пакінуць мяне жабраком. Плысці далёка, але вы атрымаеце багатыя падарункі, калі мы своечасова дабярэмся да месца. Mae продкі пахаваныя паблізу свайго былога маёнтка, непадалёк ад межаў Мітанні.
    Весляры пачалі злосна бурчаць, але я купіў ім два гарлачы піва і сказаў, што яны могуць піць яго да заходу сонца, абы змаглі б адправіцца адразу, як сцямнее. Яны горача запярэчылі:
    —	Мы нізавошта не паплывём у цемры, бо ўначы паўсюль поўна вялікіх і малых злых духаў, якія крычаць страшнымі галасамі. Яны могуць перакуліць човен і ўтапіць нас.
    Я адказаў на гэта:
    -	Я зараз пайду ў храм і прынясу ахвяры, каб з намі ў дарозе не здарылася нічога дрэннага, а звон срэбра, якое вы атрымаеце, так шчыльна заткне вам вушы, што вы не пачуеце нават не тое што крыку, а і шэпту злых духаў.
    Я пайшоў у Вежу і паклаў на ахвярнік авечку. У храме амаль нікога не было, бо ўвесь люд сабраўся каля царскага палаца. Я разглядваў авечую печань, але мае думкі так блыталіся, што нічога значнага я на печані не згледзеў. Я звярнуў толькі ўвагу, што печань была цямнейшая, чым звычайна, і ў дадатак ад яе брыдка пахла. Гэта ўсяліла ў мяне дрэнныя прадчуванні. Але нягледзячы на гэта я сабраў у скураны мяшок авечую кроў і панёс яго ў палац. Каля дзвярэй у жаночыя пакоі над маёй галавой праляцела птушка далёкай радзімы — ластаўка, і я вырашаў, што яна была вястунняй удачы. Гэта дадало мне адвагі.
    Я ўвайшоў у жаночыя пакоі і сказаў скапцам:
    —	Пакіньце мяне сам-насам з гэтай шалёнай жанчынай, каб я мог выгнаць з яе злога духа.
    Яны паслухаліся мяне і адвялі ў невялічкі пакой. Там я растлумачыў Мінеі, што яна павінна зрабіць, і пакінуў ёй нож, а таксама мяшок з крывёю. Яна абяцала выканаць мае ўказанні, пасля чаго я пайшоў прэч, зачыніў за сабою дзверы і сказаў скапцам, каб яны не перашкаджалі ёй, бо я даў ёй лекі, якія выганяць з яе злога духа, а гэты злы дух можа
    выпадкова ўсяліцца ў першага, хто адчыніць дзверы без майго дазволу. Яны адразу паверылі мне.
    Сонца садзілася, і ўсе пакоі палаца залівала крывава-чырвонае святло, Каптах усё еў і піў, а цар Бурабурыяш прыслужваў яму, увесь час смеючыся, як дураслівая дзяўчына. На падлозе ўпокат валяліся простыя і знатныя людзі: напіўшыся віна, яны спалі. Я звярнуўся да Бурабурыяш а:
    —	Каптах мой слуга, і я хачу ўпэўніцца, што ён памрэ лёгкай смерцю, без пакутаў.
    Ён адказаў:
    —	Тады паспяшайся, бо мой стары лекар ужо гатуе смяротны напой і падлівае ў віно атруту. Твой слуга памрэ адразу пасля заходу сонца, як таго патрабуе наш добры звычай.
    Я адшукаў старога, які быў асабістым лекарам Бурабурыяш а, і той паверыў, што мяне паслаў сам цар, ён нешта спяваў, нешта бурчэў сам сабе пад hoc, а потым прапанаваў:
    —	Будзе лепш, калі ты сам уліеш у віно атруту, бо рукі ў мяне дрыжаць ад віна, а вочы слязяцца, і я амаль нічога не бачу. Я сёння ўдосталь насмяяўся з вар'яцкіх штукарстваў твайго дурнога слугі.
    Я выліў прыгатаванае ім зелле, узяў вялікі кубак віна і дадаў туды гэтулькі макавага соку, колькі патрэбна для смяротна моцнага сну. Аднёсшы напой Каптаху, я сказаў:
    —	Каптах, можа, мы з табой ніколі больш не сустрэнемся, бо ты зафанабэрыўся да таго, што заўтра, напэўна, і не пазнаеш мяне. Вазьмі і выпі віно, якое я падношу табе. Выпі і ведай: што б з табою ні адбылося, я жадаю табе толькі дабра. I памятай пра нашага скарабея.
    Каптах адказаў:
    —	Словы гэтага егіпцяніна былі б падобныя да зыкання мухі ў маіх вушах, каб у іх не шумела віно — так, што я амаль нічога не чую. Але ў кубак з віном я ніколі не пляваў, што, дарэчы, даводжу сваім любым падданым увесь сённяшні дзень. Так што я вып'ю і гэтую чашу, хоць добра ведаю, што заўтра маю няшчасную галаву будуць малаціць капытамі сто дзікіх аслоў.
    Ён асушыў кубак, і ў гэты момант сонца зайшло, у залу прынеслі паходні і пачалі запальваць свяцільні, усе падняліся, шум сціх і ў зале запанавала мёртвая цішыня. А Каптах сцягнуў з галавы ўбор вавілонскага цара і сказаў:
    —	Гэта паганая карона цісне мне галаву, яна мне надакучыла. Ногі мае здзервянелі, павекі нібыта наліліся свінцом, і лепей я пайду спаць.
    Сказаўшы гэта, ён ухапіўся за абрус і зваліўся на падлогу. Разам з абрусам на яго паляцелі са стала збаны і кубкі з віном, такім чынам ён, як і абяцаў уранні, апынуўся па шыю ў віне.
    Але царскія слугі распранулі Каптаха, нацягнулі мокрыя царскія строі на Бурабурыяш а, надзелі яму на галаву карону, далі ў рукі знакі царскай улады і пасадзілі на трон.
    -	Гэта быў цяжкі дзень, — сказаў Бурабурыяш , — але я прымеціў тых, хто не аказваў мне належнага гонару пад час гульні, спадзеючыся, што і я захлынуся гарачым булёнам. Падыміце бізунамі ўсіх з падлогі і выганіце іх вон з палаца, а гэтага прыдурка, які мне надакучыў за дзень, пакладзіце ў пахавальны гарлач, калі ён сапраўды памёр.
    Каптаха перавярнулі на спіну, і стары лекар, у якога дрыжэлі рукі і слязіліся вочы, пагардліва агледзеў яго і сказаў:
    — Так ёсць, гэты чалавек мёртвы, як гнойная муха.
    Тут слугі прынеслі вялізны гліняны гарлач, у якіх вавіланяне хавалі сваіх нябожчыкаў, запіхнулі туды Каптаха і заляпілі гарлач глінай. Цар загадаў, як таго вымагаў звычай, аднесці гарлач у сутарэнне, дзе зберагаліся астанкі ўсіх фальшывых цароў, але я запярэчыў:
    — Гэты чалавек — егіпцянін. Як і мне, яму зроблена абразанне, і таму я павінен зберагчы яго цела па егіпецкім абрадзе і падрыхтаваць усё патрэбнае для яго пераходу ў Краіну Захаду, каб ён мог пасля смерці спакойна есці, піць і весяліцца. На гэта патрабуецца трыццаць або семдзесят дзён — у залежнасці, наколькі чалавек быў знатны. Каптаху хопіць і трыццаць дзён: ён быў усяго толькі мой слуга. Калі я ўсё закончу, то прывязу яго сюды і пахаваю побач з іншымі фальшывымі царамі ў сутарэнні палаца.
    Бурабурыяш з цікавасцю выслухаў мяне і адказаў:
    — Хай будзе так, хоць на маю думку, усе твае клопаты дарэмныя, бо нябожчык ляжыць нерухома, і калі родзічы не трымаюць гарлач з яго целам у сваім доме, каб ён мог есці тыя ж харчы, што і яго сям'я, то яго душа блукае паўсюль і, не знаходзячы спакою, есць аб'едкі на вуліцах. Так здараецца з усімі, апроч мяне, якога багі пасля смерці забяруць да сябе, і мне не давядзецца думаць пра кашу ды піва. Але рабі з ім, што хочаш, калі гэта адпавядае звычаям тваёй краіны, — я не хачу спрачацца пра звычаі, пра якія нічога не ведаю, і малю багоў дараваць грахі, якіх я не нарабіў, бо з багамі лепш прадугледзець усё магчымае.
    Я загадаў слугам вынесці гарлач з целам Каптаха і пакласці яго ў насілкі, якія чакалі мяне перад варотамі палаца, але раней, чым пайсці, я папярэдзіў цара:
    —	Ты не ўбачыш мяне трыццаць дзён, бо бальзамуючы цела, я не магу сустракацца з людзьмі, каб не перанесці на іх злых духаў, што лятаюць вакол трупа.
    Бурабурыяш засмяяўся і адказаў:
    —	Хай будзе так. Цяпер, нават калі ты з'явішся раней, я загадаю слугам прагнаць цябе палкамі, каб ты не занёс сюды гэтых духаў!
    Я падышоў да насілак і зрабіў некалькі дзірак у свежай гліне, якой быў заткнуты пахавальны гарлач, каб Каптах не задыхнуўся. Потым я вярнуўся ў палац і прайшоў у жаночыя пакоі. Скапцы, убачыўшы мяне, вельмі ўзрадаваліся: яны баяліся, каб не прыйшоў цар. Я адчыніў дзверы ў пакой, дзе ляжала Мінея, адразу адхіснуўся назад і пачаў з крыкам раздзіраць на сабе адзенне:
    — Зайдзіце і гляньце, што здарылася, — крычаў я. — Вось яна ляжыць скрываўленая і не дыхае! А побач валяецца нож, і нават валасы ўсе ў крыві!
    Скапцы зайшлі ў пакой, убачылі кроў, якой яны вельмі баяліся, і так напалохаліся, што нават не змаглі дакрануцца да дзяўчыны. Яны пачалі плакаць і енчыць, баючыся царскага гневу. А я сказаў ім:
    — Мы ўсе трапілі ў дрэнныя абставіны, і вы, і я. А таму хуценька нясіце сюды дыван, у які мы закруцім мёртвае цела, і потым чысценька вымыйце кроў, каб ніхто нават не западозрыў, што адбылося. Цар чакаў шмат радасці ад гэтай дзяўчыны, хоць і не бачыў яе, і яго гнеў будзе страшны, калі ён даведаецца, што мы далі ёй памерці па загадзе ейнага бога. Ідзіце і як мага хутчэй купіце другую дзяўчыну замест гэтай, і добра, каб яна была з далёкіх краёў і не ведала вашай мовы. Апраніце яе і навешайце на яе аздобаў, а калі яна будзе супраціўляцца, дык адлупцуйце палкамі ў прысутнасці цара — ён будзе вельмі задаволены і шчодра вас узнагародзіць.
    Скапцы палічылі мудрымі мае словы, і я, не таргуючыся, даў ім палову срэбра, якое, па іх словах, патрабавалася на куплю новай дзяўчыны для цара, хоць добра ведаў, што яны прысвояць гэтае срэбра, а на дзяўчыну возьмуць грошы з царскай скарбніцы, дый тое палову зноў украдуць, бо прымусяць гандляра напісаць на глінянай таблічцы значна большую цану, чым ён атрымае напраўду, — так было заўсёды, і такі ўжо звычай у скапцоў ва ўсім свеце, але я не хацеў пачынаць з імі спрэчкі. Яны прынеслі дыван, у які я загарнуў цела Мінеі, і дапамаглі мне вынесці яго праз цёмны двор да насілак, дзе ўжо ляжаў у пахавальным гарлачы Каптах.