Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Але перш, чым я выйшаў, цар сказаў, усміхнуўшыся:
— Рэкі разліліся, і прыйшла вясна. Таму жрацы выбралі трынаццаты дзень, пачынаючы з сённяшняга, святочным днём і днём фальшывага цара. На гэты дзень я падрыхтаваў табе сюрпрыз, які, на маю думку, вельмі цябе пазабавіць, дый мне прынясе шмат вясёлага і цікавага, але што гэта, я зараз табе не скажу, каб ты не сапсаваў мне забавы.
Выслухаўшы гэта, я пайшоў у чаканні ўсяго самага нядобрага, я баяўся, што забавы цара Бурабурыяш а не будуць мне даспадобы. I KanTax быў цалкам са мною згодзен.
4
Царскія лекары не ведалі, як мне лепш выказаць сваю ўдзячнасць: дзякуючы мне яны пазбеглі жахлівай сілы царскага гневу і, наадварот, атрымалі багатыя падарункі. Апроч таго, я сам усяляк славіў іх май-
стэрства і веды перад царом. Я рабіў гэта таму, што кожны з іх сапраўды быў у сваёй галіне выдатным лекарам, і мне шмат чаму было ў іх навучыцца, а яны не ўтойвалі нічога. I галоўнае, што я ў іх выведаў, — гэта як гатаваць адмысловае зелле з малачка, выціснутага з макавых галовак. У залежнасці ад колькасці малачка тое зелле прыносіла чалавеку добры сон, пазбаўляла прытомнасці або нават жыцця. Яго ўжывалі шмат вавіланянаў, дадаючы ў віно, ато і без віна. Яны казалі, што адчуваюць ад яго вялікую асалоду. Жрацы таксама яго прымалі, каб выклікаць у сябе відзежы, а потым тлумачылі іх, прадракаючы будучыню: яны лічылі, што ад гэтых зёлак мудрасць вельмі ўзрастае. Дзеля гэтага мак у Вавілоніі вырошчвалі на неабсяжных палях, і гэтыя стракатыя ад кветак прасторы рабілі на падарожніка незвычайнае ўражанне. Яны называліся палямі багоў, бо належалі Браме і Вежы.
Апроч таго, жрацы апрацоўвалі таемным, толькі ім вядомым спосабам зерне канопляў і таксама атрымлівалі з іх зелле, ад якога ў чалавека знікаў страх болю і нават ад страх смерці, а калі яго ўжывалі памногу і часта, то ўрэшце знікала і цікавасць да ўсяго зямнога, нават і да кабет, і чалавек пачынаў жыць відзежамі нябесных жанчын і радасцяў з імі. Але больш за ўсё мяне ўразіла, як жрацы здабываюць з горнага крышталя празрыстае шкло, якое, калі глядзець праз яго, павялічвае прадметы. Я не паверыў бы ў гэтае дзіва, каб сам не трымаў таго шкла ў руках і сам праз яго не глядзеў, аднак чаму яно мае такую сілу, жрацы не здолелі растлумачыць, дый, бадай, растлумачыць гэта не зможа ніхто. Знатныя і багатыя тут карыстаюцца гэтымі шкельцамі, калі зрок у іх слабне, таму нават на старасці яны могуць чытаць дробныя надпісы на гліняных таблічках і ўпэўнена завяраць напісанае сваёю пячаткай.
Але, напэўна, яшчэ большае дзіва ў тым, што калі прапусціць скрозь гэтае шкло сонечнае праменне, дык можна, без дапамогі ўсякага вогненнага свярдзёлка, здабыць агонь, падпаліўшы сухое лісце і трэскі. Магутнасць крышталёвага шкла схіліла мяне да думкі, што вавілонскія чарадзеі валодаюць болей магутнай сілай, чым чарадзеі ўсіх іншых краінаў, і я пачаў вельмі паважаць іх. Праўда, крышталёвае шкло каштуе неверагодна дорага — за яго адсыпаюць золата нашмат больш за ваіу шкла, але царскі зубны лекар, убачыўшы, што мне дужа даспадобы гэтыя шкельцы, падараваў мне адзін крышталь. У адказ я падараваў яму кедравыя дзверы для яго дома і загадаў мастаку на егіпецкі лад намаляваць на гэтых дзвярах цара і самога лекара, які выдзірае ў цара зуб, а той потым абсыпае лекара багатымі падарункамі. Дрэва ў Вавілоніі такое каштоўнае, што драўляныя дзверы перадаюцца ў спадчыну, а калі нават вельмі багаты чалавек пераязджае з аднаго дома ў другі, то абавязкова забірае дзверы з сабою.
Вельмі зацікавіла мяне таксама ўменне вавілонскіх жрацоў прадказ-
ваць будучае, а як бо я карыстаўся вялікай прыхільнасцю цара, то за мяне папрасілі царскія лекары, і тады ў Вежы мне дазволена павучыцца мастацтву прадказанняў. Я навучыўся чытаць па авечай печані, адрозніваць па звілістасці і пакручастасці яе жылак горы і рэкі, брамы і вежы, галаву і вушы, рукі і ногі, пальцы і ўсё астатняе да самай нязначнай дробязі, што вельмі карысна лекару, бо, калі пашанцуе, ён можа па авечай печані прачытаць хваробу свайго наведніка і зразумець, як яго лячыць, не турбуючы хворага аглядам. Вавілонскія лекары часта ўжывалі гэты спосаб, калі не маглі зразумець, на якую хваробу захварэў чалавек, а таксама калі хацелі адчуваць сябе болей упэўнена.
Аднак самыя дакладныя і беспамылковыя веды пра тое, што ёсць і будзе, можна прачытаць па нябесных зорных пісьмёнах. Але я за іх вывучэнне не ўзяўся, бо яно патрабуе гады і нават дзесяцігоддзі, і нездарма ўсе зоразнаўцы тут — сівабародыя людзі, а іх вочы стомленыя ад бясконцага сузірання начнога зорнага неба. Апроч таго, яны ўвесь час сварацца між сабою, не згаджаючыся ў тым, што азначае становішча той ці іншай зоркі, і гэта сталася яшчэ адной прычынай, чаму я палічыў за лепшае не марнаваць свой час. Тым не менш жрацы распавялі мне, што ўсе нябесныя падзеі пэўным чынам адбіваюцца на зямлі і, калі добра вывучыцца гэтаму мастацтву, па зорках можна прадказаць самую нязначную падзею, не кажучы ўжо пра падзеі вялікай значнасці. Такое вучэнне падалося мне болей пераканаўчым і зразумелым, чым шматлікія навукі аб людзях і багах, апроч таго, яно палягчае чалавеку жыццё, пераконваючы яго ў тым што ўсё робіцца па строгім законе і ніхто не можа змяніць свой лёс, бо нікому не падуладна змяніць рух нябесных свяцілаў. Пасля глыбокага роздуму я зразумеў, што гэтае вучэнне па сваёй сутнасці бліжэй да людзей і прыроды і больш зразумелае за іншыя, а таму адпавядае веры чалавечага сэрца, хоць вавіланяне ў гэтых выпадках кажуць не пра сэрца, як егіпцяне, а пра печань, але гэта залежыць толькі ад звычкі выказвацца і ні ад чаго іншага.
Дзівосная навука зоразнаўцаў так захапіла мяне, што я пэўны час нават думаў, ці не застацца мне ў Вавілоніі, адмовіўшыся ад падарожжаў і ўсяго іншага, каб праз гады або дзесяцігоддзі спасцігнуць зорную мову, бо няма нічога больш значнага ў жыцці чалавека, чым разуменне таямніцаў зорнага свету. Я сказаў пра гэта Каптаху, але ён адказаў:
— Якая чалавеку карысць ад таго, што ён марна патраціць гады, узіраючыся ў неба, пакуль не аслепне? Калі зоркі сапраўды пішуць усё, што з намі здарыцца, дык нават усё загадзя ведаючы, чалавек не можа нічога змяніць — успомні казку пра царэвіча і яго сабаку. Калі чалавек будзе загадзя ведаць усё паганае, што яго чакае, ён зажурыцца, у яго пачнуцца нелады з жыватом, а старацца пазбегчы наканаванага — дарэмны клопат і марная справа. А калі ў яго наперадзе толькі добрае, —
чаго ніколі ні з кім не бывае, — дык ці не лепш проста радавацца шчасцю, а не сядзець, вылупіўшыся на зоркі? 3 чалавекам адбываецца напераменку то добрае, то дрэннае — так вызначылі багі, а чытаць зоркі — чыстая марнасць. Лепш нам спадзявацца на свайго скарабея.
Я адказаў яму:
— Калі ўсё, што павінна адбыцца, напісана на зорках, дык і скарабей нічога не зменіць у нашым лёсе, няма ў яго такой сілы.
Mae словы вельмі абразілі Каптаха:
— Ты кажаш глупства і ад тваіх словаў патыхае свінарняй, бо калі ўсё так, як ты кажаш, значыць, на зорках напісана, што скарабей прыносіць нам шчасце, і на зорках пералічаны ўсе нашы вялікія і малыя ўдачы. Без нашага скарабея мы даўно ўжо віселі б на гарадскім муры дагары нагамі ці можа твой чэрап бялеў бы дзе-небудзь на полі бітвы.
Мне нечага было адказаць, і я адмовіўся ад думкі застацца ў Вавілоніі. Прыслухаўшыся да свайго сэрца, я зразумеў, што гэтае рашэнне нават узрадавала мяне: я быў настолькі прасякнуты прагаю падарожжаў, што мае вочы ўвесь час і нястомна шукалі ўбачыць што-небудзь новае. Апроч таго, мяне суцяшала думка, што, пакідаючы Вавілонію, я раблю так, як і павінна быць, бо ўсе разважанні Каптаха былі ўжо даўно напісаны на зорках — мусіць, яшчэ раней, чым я нарадзіўся, — так што я ўсё адно не змог бы застацца, нават каб вельмі захацеў.
Замест зоразнаўства я стаў вывучаць авечыя печані і запісаў на памяць вядомыя жрацам Мардука прыкметы ў палётах птушак, каб улічваць, што яны прадвяшчаюць. Я патраціў шмат часу, назіраючы, як жрацы наліваюць алей у ваду і робяць прадказанні па фігурах, што ўтварыліся на паверхні, але ў гэта я верыў меней, бо фігуры заўсёды атрымліваліся розныя і, каб іх тлумачыць, патрэбныя былі не так веды, як спрытны балбатлівы язык. Аднак я запомніў усё, што казалі жрацы нават і пра гэтае мастацтва.
Я так усім гэтым захапіўся, што на пэўны час забыўся на лекарскія абавязкі і цэлыя дні праводзіў у храме, адсылаючы хворых да царскіх лекараў, чым тыя былі вельмі задаволеныя, бо іх слава расла. А я, злучыўшы егіпецкую мудрасць з мудрасцю вавілонскай, нават таго забаяўся, уявіўшы, што валодаю цяпер усёй мудрасцю, якую людзі сабралі на працягу доўгіх тысячагоддзяў ва ўсіх баках свету. Думаючы так, я адчуваў, як мае сілы дужэюць, і ажно раздзімаўся ад гонару, уяўляючы, што для мяне нічога няма немагчымага. Такі малады і неразумны я быў, нягледзячы на ўсе свае веды і досвед.
Але раней, чым распавесці пра дзень фальшывага цара і свята вясны ў Вавілоніі, лічу патрэбным паведаміць пра адну важную рэч, якая тычыцца майго нараджэння. Разглядаючы печань і наліты ў ваду алей, жрацы мне казалі:
— Тваё нараджэнне звязанае са страшнаю таямніцай, якую мы не здольныя прачытаць, але з яе выцякае, што ты напраўду не егіпцянін, як думаеш, а чужаземец ва ўсім сусвеце.
Тады я распавёў ім, што нарадзіўся не так, як усе людзі, а аднойчы ўначы прыплыў па рэчцы ў трысняговым чоўне, і маці знайшла мяне ў чароце. Тут жрацы нізка схіліліся перада мной і сказалі:
— Мы здагадваліся пра гэта.
I яны расказалі, як іх вялікі цар Саргон, што пакарыўусе бакі свету і чыя ўлада распасціралася ад паўночнага да паўднёвага мора і аж да марскіх выспаў, прыплыў па рацэ ў прасмоленым трысняговым чоўне яшчэ немаўляткам, і ніхто нічога не ведаў пра яго нараджэнне, пакуль яго вялікія здзяйсненні не паказалі, што ён сын багоў.
Ад пачутага маё сэрца сціснулася, я паспрабаваў засмяяцца і спытаў: — Вы ж не думаеце, што я, просты лекар, народжаны багамі?
Але яны не засмяяліся мне ў адказ і прамовілі:
— Гэта нам невядома, але з табой лепш быць асцярожным, і таму мы схіляемся перад табою.
I яны зноў нізка пакланіліся. Але мне гэта ўжо надакучыла, і я сказаў: — Хопіць жартаў, зоймемся справай.