• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    — Ты, чужаземец, калі-небудзь бачыў такіх воінаў і такія калясніцы? — з гонарам пытаюцца вавілоняне ў кожнага прышлага.
    У час майго прыезду царом Вавілона быў яшчэ бязвусы і безбароды хлопчык, — таму, сядаючы на трон, ён мусіў прывязваць фальшывую бараду. Яго звалі Бурабурыяш, ён любіў цацкі, займальныя гісторыі і казкі пра цуды, а паколькі мая слава ляцела перада мной і дасягнула Вавілона раней, чым я туды прыехаў, то пасяліўшыся ў «Альтанцы Іштар», абышоўшы храмы і пагаварыўшы з лекарамі і жрацамі Вежы, я неўзабаве даведаўся, што цар кліча мяне ў палац. Каптах, як заўсёды, спалохаўся і прапанаваў:
    — He хадзі туды, давай лепш уцячэм, бо ад цароў нічога добрага чакаць не даводзіцца.
    — Дурань, — адказаў я яму. — Ці ты забыў, што з намі наш скарабей?
    — Скарабей скарабеем, я пра яго памятаю, але заўсёды лепш быць асцярожным. Мы не павінны ўвесь час выпрабоўваць яго цярпенне. Калі ж ты ўсё-ткі цвёрда рашыў туды ісці, то і я пайду за табою — прынамсі, хоць памрэм разам. Апроч таго, калі нам выпадзе некалі вярнуцца ў Егіпет, я хачу там расказваць, што сам біў чалом перад царом Вавілоніі, — таму я быў бы апошнім дурнем, калі б не скарыстаў выпадак, які сам плыве ў рукі. Але ідучы ў палац, мы павінны зберагчы сваю годнасць: па-першае, ты павінен запатрабаваць, каб па нас прыслалі царскія насілкі, а па-другое, мы павінны ісці не сёння, бо сёння па тутэйшых прыкметах дрэнны дзень — гандляры пазачынялі ўсе свае крамы і людзі адпачываюць дома, нічога не робячы, бо на сёмы дзень тыдня ўсе справы ідуць няўдала.
    Я падумаў і вырашыў, што Каптах мае рацыю: хоць егіпцяне лічаць усе дні аднолькавымі, — апроч тых, на якія, як на нешчаслівыя, паказваюць зоркі, — можа, у гэтай краіне сапраўды кожны сёмы дзень прыносіць няшчасце, а таму нават егіпцяніну лепей быць асцярожным. Таму я сказаў царскаму пасланцу:
    — Можа, ты лічыш мяне за дурня ці спадзяешся, што я чужаземец і нічога не ведаю, калі клічаш да цара ў такі дзень? Я прыйду да твайго цара заўтра, калі ён прышле па мяне насілкі: я не які-небудзь валацуга, каб з'яўляцца ў царскі палац з нагамі, запэцканымі асліным дзярмом.
    — Баюся, паганы ты егіпцянін, што за такія словы цябе прывядуць да цара, казычучы тваю задніцу дзідамі.
    Ён пайшоў, але, напэўна, адчуў да мяне павагу, і назаўтра ў «Альтанку Іштар» прыслалі царскія насілкі. Але гэта былі звычайныя абшарпаныя насілкі, на якіх у палац насілі гандляроў і простых людзей, якія прывозілі на продаж каштоўныя аздобы ці цешылі вяльможаў малпінымі штукарствамі. Таму Каптах грозна закрычаў на царскага вестуна:
    — Клянуся Сэтам і ўсёй зграяй ягоных нячысцікаў, што мой гаспадар не сядзе ў гэтае карыта! Пайшлі прэч, і хай ваш Мардук аддупцуе вас сваёй скарпіёнавай нагайкай!
    Насільшчыкі збянтэжыліся, а вястун пагразіў Каптаху друком. Каля «Альтанкі Іштар» сабраўся немалы натоўп, людзі смяяліся і крычалі:
    — Хацелася б нам пабачыць твайго гаспадара, якому не даспадобы царскія насілкі!
    Тады Каптах наняў вялікія насілкі, на якіх сорак дужых рабоў у асабліва ўрачыстых выпадках насілі паслоў вялікіх дзяржаваў ці чужаземных багоў, калі тых дастаўлялі ў горад на чале якой-небудзь працэсіі. I смех у натоўпе сціх, калі я, апрануты ў строі з дарагой тканіны, упрыгожанай срэбрам і золатам, спусціўся ўніз, і мой каўнер зіхцеў і пераліваўся на сонцы золатам і каштоўнымі камянямі, а на маёй шыі звінелі залатыя ланцужкі, і слугі з «Альтанкі Іштар» неслі за мной куфэркі з чорнага дрэва і кедру, упрыгожаныя інкрустацыямі са слановай косці, у якіх ляжалі мае прылады і лекі. Людзі ўжо не смяяліся, а нізка схіляліся перада мною і ціха казалі адзін аднаму:
    — Гэты чалавек сваёй мудрасцю, напэўна, роўны малодшым багам. Пойдзем за ім да палаца.
    I вялізны натоўп ішоў за маімі насілкамі аж да самай брамы палаца, а наперадзе ехаў Каптах на белым асле, збруя на якім звінела срэбнымі званочкамі. Але ўсё гэта я зрабіў не дзеля сябе, а дзеля Харэмхеба, бо гэта ён даў мне шмат золата, пажадаўшы, каб мае вочы былі яго вачыма, а мае вушы — яго вушамі.
    Перад брамай у палац воіны дзідамі разагналі натоўп і паднялі шчыты, якія ўтварылі суцэльную сцяну з бліскучага золата і срэбра. I мяне панеслі па дарозе, уздоўж якой, нібы вартавыя, стаялі крылатыя львы. Дарога прывяла нас у двор царскага палаца, дзе я ўбачыў старога чалавека з паголеным тварам, што было прыкметай вучонасці. У вушах у яго блішчалі залатыя завушніцы, шчокі грэбліва звісалі да падбароддзя. Ён агледзеў на мяне злымі вачыма і потым прамовіў:
    — У мяне разбалелася пячонка ад усяго гэтага пустога шуму, які ты ўзняў сваім прыходам, а ўладар чатырох бакоў свету пытае, што гэта за чалавек, які прыходзіць калі яму хочацца, а не тады, калі яго кліча цар, ды яшчэ з’яўляецца з такім гвалтам і грукатам?
    Я адказаў:
    — Стары! Твае словы — як зыканне мухі ў маіх вушах, але я ўсё ж у цябе папытаюся, хто ты, што адважваешся так гаварыць са мною?
    — Я асабісты лекар уладара чатырох бакоў свету, — злосна сказаў ён, — і галоўны сярод яго лекараў! А вось ты, відаць, — прайдзісвет, які з'явіўся, толькі каб сваімі штукарствамі выманіць у цара срэбра і золата! Дык ведай, калі цар у сваёй шчодрасці дасць табе клеймаванага царскага срэбра ці золата, ты павінен палову гэтага аддаць мне.
    Я адказаў:
    — Хваробы тваёй пячонкі мяне ніколькі не турбуюць, і лепей бы ты пагаварыў з маім рабом, бо гэта яго справа адганяць ад мяне навязлівых жабракоў ды вымагальнікаў. Але я хачу стаць тваім сябрам, бо ты чалавек стары і дрэнна цяміш, што і калі трэба рабіць. У знак нашага сяброўства я дам табе залатыя бранзалеты з маіх рук, каб ты ведаў, што золата і срэбра ддя мяне, што пыл пад нагамі, і я прыехаў сюды не па золата, а па веды.
    Я аддаў яму залатыя бранзалеты са сваіх прыцэўкаў, і ён так разгубіўся, што нават не знайшоў, што адказаць, і, дазволіўшы Каптаху ісці са мной, адвёў нас да цара.
    Цар Бурабурыяш , які аказаўся распешчаным хлопчыкам, падпіраючы шчаку, сядзеў на мяккіх падушках у вялікім пакоі, сцены якога блішчалі рознакаляроваю кафляй. Каля яго ног ляжаў леў, які гучна зарыкаў, як толькі мы ўвайшлі ў пакой. Стары лекар адразу кінуўся на жывот, вуснамі выціраючы перад царом падлогу, і Каптах наследаваў яго прыкладу, але пачуўшы ільвіны рык, як лягушка, ускочыў на карачкі і так закрычаў ад жаху, што цар зарагатаў і пачаў качацца па падушках, задыхаючыся ад смеху. А Каптах, незалюбіўшы, сказаў:
    — Няхай выведуць адсюль гэтую пачвару, пакуль яна мяне не ўкусіла! Я ніколі ў жыцці не бачыў нічога страшнейшага, а гэты рык нагадвае мне грукат баявых калясніц на фіванскай плошчы, калі яшчэ п'яныя пасля святаў воіны выпраўляюцца на вучэнні.
    Ён сеў на паддозе і закрыўся рукамі. Але леў сеў таксама і, гучна пазяхнуўшы, зачыніў пашчу з такім клацаннем, быццам гэта зачыніўся храмавы куфэрак, паглынаючы ўдовіна паднашэнне.
    Цар рагатаў так, што ажно слёзы цяклі ў яго з вачэй. Але потым, успомніўшы пра свой зубны боль, ён нахмурыўся, завохкаў і зноў схапіўся за набрынялую шчаку. Стары паглядзеў на яго і паспешліва сказаў:
    — Вось, гэта і ёсць той упарты егіпцянін, які не захацеў прыйсці, калі ты загадаў. Скажы толькі слова, і я загадаю воінам праткнуць дзідамі яму печань.
    Але цар даў старому выспятка і прамовіў:
    — Няма чаго балбатаць рознае глупства, хай ён мяне, як мага хутчэй,
    вылечыць, бо я ўжо не магу трываць гэтага нясцерпнага болю і некалькі дзён нічога не ем, харчуючыся толькі булёнам.
    Стары ляснуўся ілбом аб падлогу і плаксіва загаварыў:
    — Уладар усіх чатырох бакоў свету, мы зрабілі ўсё, каб цябе вылечыць, прыносілі ў ахвяру багам зубы і сківіцы, каб выгнаць злога духа, які пасяліўся ў тваім роце, мы білі ў бубны, дулі ў дудкі, апрануўшыся ў чырвоныя строі, каб напалохаць нячысціка, а больш мы не маглі нічога зрабіць, бо ты не дазволіў нам да сябе датыкацца, каб мы маглі цябе вылечыць. Я не веру, што гэты паганы егіпцянін зможа зрабіць гэта лепей за нас.
    — Я Сінухе, егіпцянін, Самотнік, Сын дзікага асла, — загаварыў я, — і мне не трэба цябе аглядаць, каб зразумець, што твая шчака ўспухла ад твайго кутняга зуба, які ты не дазволіў своечасова пачысціць ці вырваць, як, напэўна, табе прапаноўваў твой лекар. Такая хвароба — гэта хвароба малога дзіцяці, а не ўладара чатырох бакоў свету, перад якім дрыжаць народы і сам леў схіляе сваю галаву. Але я ведаю, што твой боль нясцерпны і хачу дапамагчы табе.
    Цар трымаўся за шчаку і ледзь прамовіў:
    — Твае словы такія дзёрзкія, што, калі б я быў здаровы, то загадаў бы вырваць твой нахабны язык і праткнуць тваю печань. Але цяпер на гэта ў мяне няма часу, так што вылечы мяне і атрымаеш вялікую ўзнагароду. Але калі ты прычыніш мне боль, я адразу загадаю забіць цябе.
    — Хай будзе па-твойму, — адказаў я. — Мяне абараняе маленькі, але вельмі магутны бог, па чыйму жаданню я не прыйшоў учора, бо ўчора гэта было б дарэмна. А цяпер я бачу, што твой нарыў выспеў і яго можна ўжо пракалоць. Калі хочаш, я зраблю гэта, але ад болю чалавека не могуць абараніць нават багі. Я буду лячыць цябе з вялікаю асцярогай і абяцаю, што табе адразу палегчае, а праз пэўны час ты і не ўспомніш нават пра былы боль.
    Цар падпёр шчаку рукою і задумаўся, разглядаючы мяне шалёнымі вачыма. Калі б не ўспухлая шчака, ён быў бы прыгожым, хоць і саманадзейным, юнаком, і я адчуў, што ён мне падабаецца. Ён адчуў мой позірк і злосна крыкнуў:
    —	Дык рабі хутчэй, што можаш!
    Стары зноў пачаў біцца лбом аб падлогу і плакаць, але я, не звяртаючы на яго ўвагі, загадаў нагрэць віна, дадаў туды дурманнага зелля і даў выпіць цару. Неўзабаве ён павесялеў і сказаў:
    —	Боль прайшоў, не чапай мяне.
    Але мая воля была мацнейшая за волю маладога цара, і я прымусіў яго раззявіць рот, моцна заціснуў ягоную галаву пад пахай і прарэзаў нарыў нажом, ачышчаным у свяшчэнным агні, які Каптах прынёс з сабою. Праўда, гэта быў не свяшчэнны агонь Амона, які па Каптахавым
    недаглядзе згас падчас падарожжа па рацэ. Гэты агонь ён распаліў у сябе ў пакоі вогненным свярдзёлкам, думаючы ў сваім вар'яцтве, што скарабей не меней магутны, чым Амон.
    Як толькі нож дакрануўся да цара, ён дзіка ўскрыкнуў, а леў ускочыў на ногі і зароў, бліскаючы вачыма і матляючы хвастом. Цар выплёўваў гной, які выцякаў з нарыва, а я дапамагаў яму, націскаючы на шчаку, і, такім чынам, ён хутка адчуў сябе лепш. Плачучы ад радасці, ён казаў: