• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Апроч таго, я загадаў Каптаху прынесці скрынку, у якой ляжаў драўляны кракадзіл — усе цацкі, якія прадаваліся ў Вавілоне, былі гліняныя, — а я, успомніўшы драўлянага кракадзіла, з якім забаўляўся ў дзяцінстве, загадаў спрактыкаванаму майстру зрабіць такога ж, дапамагаючы яму сваімі парадамі. Майстар зрабіў кракадзіла з кедра і срэбра і размаляваў яго так, што ён выглядаў, як сапраўдны жывы кракадзіл. Я выняў яго са скрынкі і пацягнуў за сабой па паддозе: ногі ў яго адразу пачалі рухацца, і пашча заляскала, як у драпежніка, што гоніцца за здабычай. Гэтага кракадзіла я падараваў цару, і ён быў вельмі задаволены, бо ў яго рэках такія кракадзілы не вадзіліся. Цягаючы яго за сабой па зале, цар так забаўляўся, што зусім забыўся на свой боль, a лекары пераглядваліся між сабой і радасна ўсміхаліся.
    Пасля таго, шчодра ўзнагародзіўшы сваіх лекараў — а зубніка ён
    проста азалаціў, — цар загадаў ім пакінуць палац. Аднак мяне пакінуў, і я навучыў яго ператвараць ваду ў кроў, і даў яму парашок, які трэба ўсыпаць у ваду, каб яна стала чырвонай. Як і любое вялікае мастацтва, гэты цуд таксама быў просты, і кожны, хто валодаў яго таямніцай мог лёгка паўтарыць цудоўнае ператварэнне вады ў кроў. Але цар вельмі дзівіўся, усяляк хваліў мяне і не задаволіўся, пакуль не паклікаў сваіх прыдворных у сад, дзе ва ўсіх на вачах ператварыў ваду ў кроў, ад чаго і знатныя, і прасталюдзіны — усе закрычалі ад жаху і кінуліся ніцма перад уладаром.
    Пра свой хворы зуб ён ужо не ўспамінаў і сказаў мне:
    — Сінухе-егіпцянін! Ты пазбавіў мяне ад жахлівага болю і сваімі цудамі парадаваў маю печань. Прасі за гэта ў мяне ўсё, што хочаш, назаві любы падарунак, і я аддам табе яго, што б гэта ні было, бо я таксама хачу парадаваць тваю печань.
    Тады я сказаў яму:
    — Цар Бурабурыяш , уладар чатырох бакоў свету! Я, просты лекар, трымаў пад пахай тваю галаву і чуў, як ты лямантаваў дурным голасам, і мне здаецца проста непрыстойным, каб у мяне, чужаземца, заставаўся такі ўспамін пра цара Вавілоніі, калі я вярнуся дамоў і пачну расказваць, што тут бачыў. Будзе лепш, калі ты навядзеш на мяне жах і дрыжыкі, паказаўшы ўсю сваю моц, калі падвяжаш бараду, падпярэжашся ільвіным хвастом і загадаеш свайму войску прайсці перад табой урачыстым маршам, каб я адчуў усю тваю веліч і мог кінуцца перад табой ніцма, выціраючы вуснамі зямлю каля тваіх ног. Нічога іншага я ў цябе не прашу.
    Мая просьба, напэўна, прыйшлася яму даспадобы, бо ён адказаў:
    — Напраўду, ніхто так не размаўляў са мною, як ты, Сінухе, а таму я выканаю тваю просьбу, хоць гэта і цяжкая справа — цэлы дзень сядзець на залатым троне: мае вочы стамляюцца, і я ўвесь час пазяхаю. Але хай будзе па-твойму.
    Ён разаслаў загады па ўсіх сваіх землях, склікаючы войскі, каб яны прайшлі перад намі.
    Войскі праходзілі ля Брамы Іштар, цар сядзеў на залатым троне, ля яго ног ляжаў леў, а ўсе знатныя прыдворныя пры поўнай зброі стаялі абапал, і нібы зіхоткае воблака золата, срэбра і барвы клубілася вакол яго. Войскі ішлі па ніжняй шырокай дарозе — кап'яносцы і лучнікі шэрагамі па шэсцьдзесят чалавек, калясніцы ехалі па шэсць, і гэтае відовішча доўжылася цэлы дзень, пакуль апошні воін не прайшоў перад уладаром. Колы ваенных калясніцаў грукаталі, як гром, гукі крокаў і бразгат зброі нагадвалі шум раз'юшанага мора, так што, гледзячы на ўсё гэта, пачынала круціцца галава і не трымалі ногі.
    Я ціха сказаў Каптаху:
    — Сказаць, што ў Вавілоніі войскаў — як пяску ў моры ці зорак на небе, — гэта значыць не сказаць нічога. Трэба пералічыць усё.
    Каптах прабурчаў:
    — Гэта немагчыма, мой гаспадар. На свеце няма такіх вялікіх лікаў.
    I ўсё ж я палічыў, што змог. Пешых воінаў было шэсцьдзесят разоў па шэсцьдзесят, бо ў Вавілоніі шэсцьдзесят — свяшчэнны лік, гэтак сама, як лікі пяць, сем і дванаццаць, але чаму так -не ведаю. Жрацы спрабавалі мне патлумачыць, але я не змог зразумець іх тлумачэнняў.
    Я бачыў, што шчыты і дзіды царскай аховы блішчаць срэбрам і золатам, і таксама срэбрам і золатам блішчаць іхнія латы, а твары воінаў ільсняцца ад духмянага алею, але я заўважыў таксама, што яны атлусцелі і, прабягаючы паўз царскае месца, дыхалі ўжо цяжка, як статак быкоў. Але ахоўнікаў было не шмат, а воіны, што прыйшлі з правінцыі, былі загарэлыя і брудныя, ад іх патыхала сцакамі, а іх вочы былі да чырвані аб'едзеныя мухамі. Шмат хто не меў нават дзіды — так нечакана выклікаў іх цар у сталіцу. Калясніцы былі старыя і рыпучыя, ад некаторых на хаду адвальваліся колы, а прымацаваныя да калясніцаў баявыя косы паспелі пакрыцца зялёнай іржой.
    Вечарам цар запрасіў мяне да сябе і спытаў:
    — Цяпер ты бачыў усю маю моц, Сінухе?
    Я кінуўся перад ім ніцма і, выцершы вуснамі пыл перад яго нагамі, сказаў:
    — Напраўду, няма магутнейшага цара, чым ты, нездарма цябе клічуць уладаром чатырох бакоў свету. Mae вочы стаміліся, галава закруцілася, і ногі падагнуліся ад страху, бо воінаў у цябе столькі, колькі пяску ў моры ці зорак на небе.
    Ён задаволена ўсміхнуўся і прамовіў:
    — Ты атрымаў, што хацеў, Сінухе, хоць мог бы і так паверыць. Ато мае дарадцы цяпер злуюць на мяне за гэтую прыхамаць, якая абышлася ў падатак з цэлай правінцыі, бо воінаў трэба сёння накарміць, напаіць, а тады яны, як звычайна, пачнуць шумець ды чыніць у горадзе ўсялякае паскудства, і яшчэ месяц на дарогах будзе праз іх неспакойна. Так што я больш такіх аглядаў рабіць ніколі не буду. Ну, ды цяпер давай піць віно, бо ў мяне ад сядзення на залатым троне ўся задніца анямела, а галава ідзе кругам. Давай парадуем свае пячонкі пасля цяжкага дня. I апроч таго, я таксама маю задаць табе яшчэ шмат пытанняў.
    Я піў віно, а цар пытаўся ў мяне пра ўсякае-рознае, як пытаюцца малыя дзеці, якія нічога яшчэ не бачылі і нідзе не бывалі. Яму падабаліся мае адказы і тлумачэнні, і нарэшце ён спытаў:
    А ў твайго фараона ёсць дачка? Пасля таго, што ты распавёў мне пра Егіпет, я вырашыў узяць у жонкі дачку твайго фараона. Праўда, у маіх жаночых пакоях ужо жывуць чатырыста жонак і мне іх болей чым
    дастаткова, бо сілы ў мяне хапае павесяліцца толькі з адной на дзень, дый гэта мне надакучыла б, каб яны былі аднолькавыя. Але мая слава ўзрасла б, калі б сярод іх была і дачка фараона, і тады народы, якімі я ўладару, шанавалі б мяне яшчэ больш, чым сёння.
    У жаху я ўскінуў рукі і прамовіў:
    — Бурабурыяш , ты не ведаеш, што кажаш, бо ніколі з тае пары, як стаіць свет, фараонавы дочкі не выходзілі замуж за чужаземцаў, яны бяруцца шлюбам толькі са сваімі братамі, а калі братоў няма, дык так і застаюцца ў дзеўках і робяцца жрыцамі. Твае словы абражаюць багоў Егіпта, але я дарую табе, бо ты не ведаеш, што кажаш.
    Цар нахмурыўся і незадаволена сказаў:
    — Хто ты такі, што можаш дараваць мне за мае словы? Хіба мая кроў не такая боская, як у фараонаў?
    — Я бачыў тваю кроў, калі ты яе выплёўваў. I я бачыў кроў вялікага фараона Аменхатэпа і не магу сказаць, што паміж вашай крывёю ёсць нейкая розніца. Але не забывай, што мой фараон ажаніўся нядаўна, і я не ведаю, ці паспела ў яго нарадзіцца дачка.
    — Нічога, — адказаў Бурабурыяш і хітра паглядзеў на мяне — Я яшчэ малады і магу пачакаць. Апроч таго, калі ў твайго фараона няма дачкі ці ён не захоча мне яе паслаць, дык хай прышле любую высакародную дзяўчыну з Егіпта, каб я мог сказаць, што гэта дачка фараона. Тут, у Вавілоніі, ніхто не засумняваецца ў маіх словах, а фараон ад таго нічога не страціць. Калі ён не згодзіцца і на гэта, то я пашлю на Егіпет свае дружыны, і ўжо яны здабудуць мне ягоную дачку, бо я ўпарты і ніколі не адмаўляюся ад таго, што аднойчы забраў сабе ў галаву.
    Яго словы мяне напалохалі, і я сказаў, што вайна абышлася б занадта дорага, вельмі пашкодзіла б гандлю, а яго страты былі б болыпыя, чым у Егіпта. Я сказаў таксама:
    — Можа табе было б лепей пачакаць, пакуль у фараона народзяцца дочкі. Тады ты зможаш паслаць яму гліняную таблічку з просьбай, і калі ён згодзіцца, то абавязкова прышле табе сваю дачку і не падмане, бо ў яго цяпер новы магутны бог, перад тварам якога ён заўсёды праўдзівы, а ўсякі падман для яго — страшны грэх.
    Але Бурабурыяш не мог гэтага зразумець.
    — Я не хачу нават слухаць пра гэтага бога, — сказаў ён. — I мне вельмі дзіўна, што твой фараон выбраў сабе такога, бо ўсе ведаюць, што залішнія праўдзівасць і шчырасць толькі шкодзяць чалавеку, нясуць адны беды і разараюць дазвання. Што да мяне, дык я малюся ўсім багам, — нават тым, каторых не ведаю, бо так яно болей надзейна. Але з тым, пра якога ты кажаш, не хачу мець ніякага дачынення і буду трымацца ад яго падалей.
    I яшчэ ён сказаў:
    —	Віно падбадзёрыла мяне і парадавала маю печань, а твае расповеды аб прыгажосці фараонавых дачок мяне распалілі, таму пайду я, бадай, у жаночыя пакоі. Пойдзем са мною — табе, як лекару, гэта дазволена, а паколькі жонак у мяне больш, чым дастаткова, дык я не раззлуюся, калі ты выглядзіш сабе якую і ды пацешышся з ёю.Глядзі толькі не зрабі ёй дзіцяці, бо гэта можа выклікаць розныя цяжкасці. Апроч таго, мне цікава паглядзець, як егіпцянін цешыцца з дзеўчынай, бо кожны народ мае ў гэтым свой звычай, і ты не паверыў бы і дужа здзівіўся, каб я табе расказаў пра звычкі жанчын, якіх мне прывезлі з далёкіх краін.
    He зважаючы на маё пярэчанне, ён амаль сілком пацягнуў мяне ў жаночыя пакоі і там папрасіў звярнуць увагу на кафлю, якая пакрывала ўсе сцены. Мастакамі на кафлі былі намаляваныя выявы мужчын і жанчын, якія цешыліся самымі рознымі спосабамі. Потым ён паказаў мне некаторых сваіх жонак, абвешаных каштоўнасцямі і аздобамі, апранутых у дарагія ўборы, сярод іх былі і немаладыя жанчыны, і зусім юныя дзяўчаты не толькі з усіх вядомых мне краінаў, але і з варварскіх плямёнаў. Аблічча і колер скуры варварак рэзка адрозніваліся ад іншых, яны гучна, нібы статак малпаў, гергеталі на сваіх мовах і танчылі перад царом, агаляючы жываты, усяляк яго спакушаючы і стараючыся заваяваць прыхільнасць свайго ўладара. Цар настойліва прапаноўваў мне выбраць якую-небудзь адну, пакуль я не сказаў, што даў свайму богу слова не датыкацца да кабет перад лекаваннем, а заўтра мне трэба лячыць аднаго прыдворнага, і таму я не хачу зняславіць сваё лекарскае мастацтва, парушыўшы свяшчэнную клятву. Цар паверыў гэтаму і адпусціў мяне, а жанчыны былі вельмі засмучаныя, выказваючы жэстамі і словамі, якія яны незадаволеныя. Калі не лічыць скапцоў, яны ніколі не бачылі на сваёй палавіне маладых мужчын, бо цар быў яшчэ вельмі малады, кволы і безбароды.