Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Адразу, як толькі падвярнуўся выпадак, я наблізіўся да Каптаха і ціхенька прашаптаў, каб не пачуў ніхто іншы:
— Каптах, хадзі са мною, мы схаваемся і ўцячэм, бо ўсё гэта дабром не скончыцца.
Але Каптах ужо ап'янеў ад выпітага ў нямеранай колькасці віна, жывот у яго раздзьмуўся ад смачнай ежы, і ён пагардліва адказаў мне:
— Твае словы падобны да зыкання мухі ў маіх вушах, бо я ніколі не чуў нічога дурнейшага. Няўжо я павінен кудысь уцякаць — цяпер, калі гэты добры народ зрабіў мяне сваім царом і ўсе схіляюцца перада мною? Усё гэта зрабіў мой скарабей, і я добра ведаю, што дзякуючы яму, гэтыя людзі змаглі правільна ацаніць усе мае вартасці. I не думай болей называць мяне Каптахам, быццам я твой раб ці слуга, ты не павінен гаварыць са мною так непачціва, ты павінен схіляцца перад царом, як робяць усе астатнія.
Але я не пераставаў угаворваць яго, кажучы:
— Каптах, за гэтую забаву ты можаш заплаціць вельмі дорага. Бяжы адгэтуль, пакуль не позна, а я дарую табе тваю грубасць.
Але Каптах выцер запэцканы тлушчам твар, замахнуўся на мяне аслінай косцю і закрычаў:
— Выкіньце вон гэтага паганага егіпцяніна, пакуль я не раззлаваўся і не пачаставаў яго сваім кійком!
I тут чалавек у львінай скуры кінуўся на мяне, укусіў за нагу, паваліў на падлогу і пачаў пазногцямі драпаць мне твар. Гэта магло дрэнна скончыцца, калі б у гэтую хвіліну не затрубілі трубы і не абвясцілі, што цару трэба ісці чыніць суд, — і я быў адразу забыты.
Каптах крыху збянтэжыўся, калі яго павялі ў дом правасуддзя, і сказаў, што цалкам давярае законнікам гэтай краіны, лічачы іх людзьмі чэснымі і непадкупнымі. Але народ запярэчыў бурнымі крыкамі:
— Нам хочацца пабачыць мудрасць нашага цара і ўпэўніцца, што ён сапраўдны цар і ведае законы!
Так Каптах апынуўся ў крэсле суддзі, перад ім паставілі знакі судзейскай улады бізун і ланцугі, а народу абвясцілі, што ўсе, хто жадае, могуць звярнуцца непасрэдна да цара са сваімі справамі.
Першы ў ногі да Каптаха кінуўся чалавек, які разадраў на сабе вопратку і пасыпаў галаву попелам. Ён тварам выціраў пыл з ног Каптаха, плакаў і крычаў:
— Няма нікога мудрэйшага за нашага цара і ўладара чатырох бакоў свету, і я звяртаюся да яго мудрасці і справяддівасці ў маёй справе! Чатыры гады таму я ажаніўся, але ў нас не было дзяцей, а тут раптам мая жонка зацяжарала. А ўчора я даведаўся, што мая жонка падманвала мяне з адным воінам, я заспеў іх разам, але воін быў вялікі і дужы і я нічога не мог яму зрабіць, а цяпер мая печань поўніцца сумневам і смуткам, бо я не ведаю: тое, што народзіцца, будзе маім дзіцём ці гэта будзе зачаты воінам вырадак? Таму я прашу царскага суду, каб дакладна ведаць чыё гэта будзе дзіцё і каб паводзіць сябе адпаведным чынам!
Каптах памаўчаў, устрывожана азірнуўся, а потым рашуча сказаў:
— Прынясіце дубцы і адсцябайце гэтага чалавека так, каб ён усё жыццё памятаў гэты дзень.
Слугі з дому правасуддзя схапілі таго чалавека і так адлупцавалі яго, што той зароў і пачаў прасіць заступы ў народа:
— Хіба ж гэта справяддіва!
Народ пачаў абурана прасіць тлумачэнняў. Тады Каптах сказаў:
— Гэты чалавек заслугоўвае добрай лазы ўжо толькі за тое, што лезе да мяне з такою лухтой, але яшчэ болей за сваю дурасць, бо нечуваная справа, каб чалавек, які не засеяў сваё поле, прыходзіў скардзіцца, што нехта зрабіў гэта за яго і пакінуў яму ўвесь ураджай. Гэта не жонка вінаватая, што звярнулася да другога мужчыны, а гэты ёлуп, які не здагадаўся даць ёй таго, чаго яна хацела! Таму ён і заслужыў лупцоўку.
Пачуўшы такое тлумачэнне, народ радасна засмяяўся і гучна закрычаў, услаўляючы царскую мудрасць. Тым часам перад царом з'явіўся сур'ёзны стары чалавек і сказаў:
— Перад гэтым каменем, на якім выбітыя нашы законы, перад тварам цара, я патрабую справядлівасці ў сваёй справе. Я пабудаваў дом, але будаўнік падмануў мяне і дом абваліўся, прычым чалавек, які праходзіў міма, загінуў пад гэтым абвалам. Цяпер родзічы нябожчыка абвінавачваюць мяне і патрабуюць віру. Што мне рабіць у гэтым выпадку?
Каптах падумаў і адказаў:
— Гэта складаная справа і патрабуе падрабязнага расследавання, і на маю думку, гэта болей справа багоў, чым людзей. Але што кажа пра гэта закон?
Тут выйшлі наперад вучоныя законнікі, прачыталі адпаведны пункт закона і патлумачылі:
— Калі праз нядбайнасць майстра дом рушыцца і забівае ўладальніка, майстра трэба забіць. Калі гіне сын уладальніка, трэба забіць сына будаўніка. Болей закон не гаворыць нічога, але мы лічым так: калі дом, разваліўшыся, што-небудзь знішчае з маёмасці гаспадара, дык трэба знішчыць адпаведную частку маёмасці будаўніка. Нічога іншага мы сказаць не можам.
Каптах сказаў:
— Вось не ведаў я, што тут такія несумленныя будаўнікі, і цяпер буду вельмі асцярожны ў дачыненнях з імі. А паводле закона гэтая справа вельмі простая: няхай родзічы забітага чалавека пойдуць да дома майстра, падпільнуюць там першага прахожага і заб'юць яго. Так будзе выкананы закон. Аднак, хай яны самі разлічваюцца, калі родзічы забітага запатрабуюць расплаты за гэтую смерць. Гэта напраўду справа болей багоў, чым людзей. А болей за ўсіх тут вінаваты прахожы, які ходзіць ля дома, што развальваецца на вачах. Так не можа зрабіць ніводзін разумны чалавек, калі багі таго не пажадаюць. Таму я вызваляю майстра-будаўніка ад адказнасці, а чалавек, які прыйшоў да мяне патрабаваць правасуддзя, проста дурань, бо не прасачыў, каб майстар працаваў сумленна і якасна, а майстра, які абкруціў яго, зрабіў правільна, бо дурняў і трэба падманваць, каб яны вучыліся набірацца досведу. Так было і павінна быць.
Народ зноў стаў услаўляць царскую мудрасць, а прысаромлены скаржнік пайшоў прэч. Потым да цара падышоў тоўсты гандляр у дарагой вопратцы і расказаў:
— Тры дні таму я пайшоў да Брамы Іштар, дзе ўначы на вясенняе свята збіраюцца бедныя дзяўчаты, каб паводле звычаю прынесці сваю нявіннасць у ахвяру багіні і сабраць срэбра на пасаг. Адна з гэтых дзяўчат вельмі мне спадабалася, і я, крыху патаргаваўшыся, даў ёй цэлую груду срэбра. Мы зладзіліся і, калі сабраліся прыступіць да справы, у мяне раптам схапіў жывот. Я мусіў пабегчы на нейкі час у кусты, а калі вярнуўся, то ўбачыў, што мая дзяўчына ўжо згаварылася з іншым, атрымала ад яго шмат срэбра і стварыла з ім тое, дзеля чаго і прыходзіла да Брамы багіні. Яна, праўда, прапанавала і мне пацешыцца з ёю, але я адмовіўся, бо яна ўжо не была нявіннай дзяўчынай. Я запатрабаваў сваё срэбра назад, але яна не аддала яго. Таму я шукаю справядлівасці ў цара, бо дзяўчына падманула мяне: я страціў сваё срэбра і нічога не атрымаў узамен. Калі я, напрыклад, купляю гаршчок, ён належыць мне,
і толькі я маю права яго разбіць, а ганчар, які мне яго прадаў, разбіць пасудзіну і прапанаваць мне чарапкі не мае права.
Пачуўшы тое, Каптах ускочыў з нагамі на крэсла, замахаў бізуном і закрычаў:
— Сапраўды, нідзе я не сутыкаўся з такой дурасцю, як у гэтым горадзе! Смяецца з мяне гэты стары казёл, ці што! ? Тая дзяўчына зрабіла вельмі правільна, што аддалася другому, калі гэты ёлуп не змог узяць таго, па што прыйшоў. Апроч таго, дзяўчына зрабіла высакародны і дабрадзейны ўчынак, калі прапанавала гэтамудурню адпрацаваць выдаткі, чаго ён ніякім чынам не быў варты. Ён павінен быць удзячны дзяўчыне і другому чалавеку за тое, што яны аблегчылі яму працу, калі знішчылі тую дзявочую перашкоду, ад якой толькі непрыемнасці і смутак. А ён заявіўся да мяне са сваімі дурнымі скаргамі, ды яшчэ чаўпе пра нейкія гаршчкі. Калі ён лічыць маладых дзяўчат гаршчкамі, дык я прысуджаю яго з сённяшняга дня весяліцца толькі з гэтымі ганчарнымі вырабамі, а не з маладымі дзеўкамі.
Абвясціўшы гэты прысуд, Каптах адчуў, што яму надакучыла тварыць суд і расправу, а таму ён пацягнуўся ў крэсле і сказаў:
— Я сёння напіўся і наеўся, і, на маю думку, напрацаваўся, пакуль чыніў суд ды натамляў сваю галаву. Калі будуць яшчэ якія скаргі, хай законнікі самі робяць сваю справу, бо апошняя справа мне нагадала, што я цар і ў маі палацы ёсць жаночыя пакоі, дзе мяне чакаюць чатырыста жонак. Мне трэба пайсці праверыць сваю ўласнасць, і не будзе вялікага дзіва, калі я разаб'ю пару новюткіх гаршчэчкаў, бо ад віна і ўлады я адчуў сябе на здзіў магутным і дужым, як сапраўдны леў.
Пачуўшы гэта, натоўп гучна зароў, і здавалася, што гэты крык не спыніцца ніколі. Потым усе павялі Каптаха ў палац і засталіся чакаць ля дзвярэй жаночых пакояў. Але Бурабурыяш ужо не смяяўся. Убачыўшы мяне, ён падбег і сказаў:
— Сінухе, ты мой сябар, і як лекар можаш пайсці туды з ім разам. Ідзі і прасачы, каб ён не нарабіў нічога, пра што яму потым давядзецца моцна пашкадаваць, бо, калі толькі ён асмеліцца дакрануцца да маіх жонак, я жыўцом здзяру з яго скуру і павешу яе сушыцца на гарадскім муры, а калі ён будзе паводзіць сябе прыстойна, я абяцаю яму лёгкую смерць.
Я спытаў у яго:
— Бурабурыяш , я сапраўды твой добры сябар і хачу табе толькі добрага, але скажы, што азначае ўся гэтая гульня, бо мая печань пакутуе, калі я бачу, як цябе ператварылі ў служку ўсім на пасмех.
Ён раздражнёна сказаў:
— Дык гэта ж усім вядома — сёння дзень фальшывага цара, Паспяшайся за ім, каб не здарылася бяды.
Але я не паслухаўся, хоць ён штомоц тузаў мяне за рукаў. Я сказаў: — Звычаяў тваёй краіны я не ведаю, і ты павінен растлумачыць мне, што ўсё гэта значыць.
Тады ён патлумачыў:
— У Вавілоне штогод на дзень фальшывага цара выбіраецца самы дурны і смешны чалавек, які цэлы дзень, з усходу за захаду сонца, можа ўладарыць, як сапраўдны цар, а сапраўдны цар павінен яму служыць. Я ніколі не бачыў смяшнейшага цара, чым Каптах, якога сам я і выбраў. Але самае смешнае, што ён не ведае, што яго чакае.
— А што яго чакае? — спытаў я.
— Калі сонца закоціцца, яго заб'юць гэтак жа нечакана, як нечакана каранавалі на досвітку, — сказаў Бурабурыяш . — Па маім загадзе ён можа памерці жудаснай смерцю, але звычайна яму даюць у віне атруту, так што ён проста засынае, не ведаючы, што болей ужо не прачнецца, — бо нельга ж пакінуць жывым чалавека, які цэлы дзень кіраваў, як сапраўдны цар. Некалі вельмі даўно здарылася так, што сапраўдны цар сербануў гарачага булёну і памёр, таму што варыва пайшло не ў тое горла, а краінай пачаў кіраваць той самы фальшывы цар, і кіраваў трыццаць шэсць гадоў, прычым ніхто не скардзіўся на ягонае кіраванне. Таму мне трэба асцерагацца, каб сёння не выпіць гарачага булёну. Дык ідзі хутчэй, каб твой слуга не нарабіў там глупстваў, аб чым ён вельмі пашкадуе ўвечары.