• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    мандзіры, апамятаўшыся, пачалі бізунамі зганяць воінаў да месца збору. Толькі мой звар'яцелы асёл ніяк не сунімаўся і насіў мяне кругамі па ўсёй раўніне, так што я падлятаў на яго спіне, як той мяшок, і ўжо сам не ведаў, ці застануся жывы. Воіны рагаталі і кпілі з мяне, пакуль адзін нарэшце не даў аслу па храпе дзяржаннем дзіды, і тады той агаломшана спыніўся, і мне ўдалося з яго злезці. 3 той пары воіны празвалі мяне Сынам дзікага асла.
    Палонных сагналі ў загон, зброю пакідалі ў кучы, а пастухоў паслалі сабраць статкі, што разбрыліся па раўніне. Хабіраў было так шмат, што іх большая частка ўсё-ткі паспела ўцячы, але Харэмхеб вырашыў, што цяпер яны будуць бегчы ўсю ноч і ўжо не адважацца вярнуцца. Харэмхебу паднеслі свяшчэнную скрынку, і ён, асветлены пажарам лагера хабіраў, адчыніў яе і паказаў воінам ільвінагаловую Сэхмет, якая горда выпінала грудзі ў водблісках агню. Радасныя воіны ўрачыста апырскалі яе крывёю са сваіх ранаў і накідалі перад ёю вялізную кучу адсечаных у ворагаў рук, прычым былі і такія, што прынеслі па чатыры і пяць такіх трафеяў. Харэмхеб узнагародзіў іх залатымі нашыйнымі ланцугамі і бранзалетамі, а найбольш адважных зрабіў малодшымі камандзірамі. Ён быў пакрыты пылам і крывёю, якая капала нават з ягонага залатога бізуна, але яго вочы ўсміхаліся і ён называў воінаў сваімі любымі свінкамі і кровапускальнікамі.
    Тым вечарам у мяне было шмат працы, бо дзіды і булавы хабіраў пакінулі жахлівыя раны. Я працаваў пры святле палаючых варожых шатроў, і стогны параненых змешваліся з енкам палонных жанчын, з якімі забаўляліся воіны, кідаючы жэрабя, каму выпадзе першаму цешыцца з імі. Я прамываў і зашываў адкрытыя раны, запіхваў кішкі назад у распоратыя жываты і прышываў здзёртую скуру на галовах. Паміраючым я даваў піва і дурманнае зелле, каб яны паміралі без пакутаў.
    Я лячыў і хабіраў, што не паспелі ўцячы, але навошта я гэта рабіў, і сам не ведаю, — можа, каб Харэмхеб атрымаў за іх добрую цану, калі будзе прадаваць у рабства. Але многія не хацелі маёй дапамогі і зноў раздзіралі свае раны, чуючы, як плачуць іх дзеці і лямантуюць жонкі, што дасталіся на пацеху егіпцянам. Яны скручваліся ў абаранак, закрывалі галовы вопраткай і паміралі ад крывацёку.
    Я глядзеў на іх і ўсё менш ганарыўся перамогай, бо гэта быў бедны народ і голад гнаў яго на сірыйскія раўніны па хлеб і жывёлу. Усе яны былі страшна худыя, і шмат хто меў хворыя вочы. Але нягледзячы на гэта, хабіры заўсёды біліся як шалёныя і былі ў баі страшнымі праціўнікамі. Там, дзе яны праходзілі, заставаліся палаючыя пасяленні і чуліся плач ды лямант людзей. Але цяпер, калі іх тоўстыя насы пабялелі і яны, паміраючы, нацягвалі на галаву свае лахманы, я шкадаваў іх, хоць і не мог нічым дапамагчы.
    Назаўтра я сустрэўся з Харэмхебам. Ён падзякаваў мне за працу, а я параіў яму часова пакінуць на гэтай раўніне лагер з аховай, бо воіны з цяжкімі ранамі маглі не вытрымаць дарогі і сканаць па дарозе да Ерусаліма. Харэмхеб яшчэ раз падзякаваў за параду і дапамогу і сказаў:
    Я не думаў, што ты такі смелы, каб на вачах ва ўсіх кінуцца ў самае пекла бітвы на ашалелым асле. Ты, напэўна, не ведаў, што лекарская праца на вайне пачынаецца пасля бітвы. Я чуў, што воіны называюць цябе Сынам дзікага асла. Калі хочаш, другі раз, едучы ў бой, я буду браць цябе ў сваю калясніцу, бо табе шанцуе, калі ты застаўся жывы, хоць не было ў цябе ні дзіды, ні нават простага палена.
    Ён глядзеў на мяне сур'ёзна, і я не ведаў, ён смяецца з мяне ці кажа праўду, а таму я адказаў:
    — Я ніколі раней не быў на вайне і хацеў паглядзець яе зблізу. Але на вайне я не пазнаў нічога мудрага, і, калі ты дазволіш, я вярнуся ў Сіміру.
    — Сваім майстэрствам ты выратаваў жыццё многім воінам і заслугоўваеш такой самай узнагароды, як і военачальнік, што аберагае жыццё воінам сваімі майстэрствам і адвагаю.
    Але я адмовіўся:
    — Кінь, мне хапае і свайго золата. Такая ўзнагарода будзе мне, як пыл на маіх нагах.
    — Можа, і так, — згадзіўся Харэмхеб. — Але для мяне, чалавека простага, залаты ланцуг, заслужаны ў бітве, значыць многае. Цяпер, пабачыўшы сваё войска ў баі, я ведаю, што ілвінагаловая Сэхмет прыхільная да мяне, — дзякуючы гэтаму я і змог перамагчы, і калі я захачу, мая перамога будзе ўвекавечаная ў пісьмёнах, выразаных на камяні. Але такая перамога — як пыл на маіх нагах, бо перамогі над гэтымі паганымі злодзеямі, што крадуць жывёлу, не патрабуюць вялікага майстэрства.
    — Твае воіны ўслаўляюць тваё імя і клянуцца пайсці за табой, куды захочаш, — сказаў я крыху лісліва. — Але як гэта здарылася, што на табе няма нават драпіны, хоць я думаў, што ты абавязкова загінеш, першым кінуўшыся на коп'і ды стрэлы?
    — У мяне спрактыкаваны вазніца, — адказаў ён. — I апроч таго, мяне аберагае мой сокал, бо я патрэбен яшчэ для вялікіх здзяйсненняў. А таму ў маіх паводзінах няма ні заслугі, ні адвагі — проста я ўпэўнены, што варожая зброя не прычыніць мне шкоды. Я імчуся першы, бо мне наканавана праліць шмат варожай крыві, але забіваючы, я не радуюся патокам крыві, і крыкі ворагаў з-пад маёй калясніцы таксама мяне не цешаць. Калі мае воіны здабудуць дастаткова вайсковага досведу і перастануць баяцца смерці, я загадаю насіць сябе следам за войскам у залатых насілках, як гэта робіць кожны разумны военачальнік, бо са-
    праўдны палкаводзец не робіць сваімі рукамі брудную і крывавую працу, якую можа выканаць самы танны раб ці наёмнік. Военачальнік працуе галавой і аддае шматлікім пісарчукам важныя загады, якіх ты, Сінухе, не разумееш, бо гэта не твая праца, гэтак сама, як я нічога не разумею ў лекаванні, хоць паважаю твае веды і ўменне. Напэўна, я мушу саромецца, што мае рукі і твар у крыві гэтых зладзюг з пустэльні. Але зрабіць іначай я проста не мог. Калі б я не павёў сваіх воінаў наперад, яны імгненна згубілі б усю сваю смеласць, кінуліся на калені і пачалі вішчаць ад жаху. Праўду кажучы, цяперашняе егіпецкае войска, чые воіны ўжо два пакаленні не бачылі і не ведалі вайны, — гэта яшчэ больш агідны і баязлівы зброд, чым хабіры. Таму я і называю іх свінымі рыламі, а яны нават ганарацца такой мянушкай.
    I ўсё ж я не мог даць веры, што яму зусім не было страшна за сваё жыццё, калі ён на чале войска ляцеў проста на варожыя дзіды. Таму я спытаў:
    — У цябе цёплая скура, і пад ёй, як ва ўсіх людзей, бяжыць кроў. Можа, ты зачараваны, якімі-небудзь моцнымі чарамі, і таму цябе немагчыма параніць? Іначай як ты можаш не ведаць страху?
    Ён адказаў:
    — Я чуў пра падобнае чарадзейства, і шмат хто з воінаў носіць адмысловыя капшучкі з чароўнымі абярэгамі, але пасля сённяшняй бітвы такія абярэгі знайшлі на шыях у многіх забітых. Таму я не веру ў гэтае чарадзейства, хоць і яно мае сваю карысць, бо надае цёмнаму чалавеку ўпэўненасць у сабе і робіць яго адважным у баі. А па праўдзе, Сінухе, чарадзейства — гэта лухта і дурасць. Што да мяне, дык тут усё зусім іначай: я ведаю, што мне наканавана здзейсніць вялікія справы, але адкуль ведаю — сказаць не магу. Воіну шанцуе або не шанцуе, а шанец заўжды быў са мной з той пары, як мой сокал прывёў мяне да фараона. Праўда, у палацы мой сокал так і не прыжыўся. Ён паляцеў і больш не вярнуўся. Але калі я са сваім войскам крочыў праз Сінайскую пустэльню ў Сірыю, пакутуючы ад голаду і асабліва ад пякучай смагі (бо ўсе цяжкасці я пераношу разам з воінамі, каб ведаць усё, што ім выпадае на долю і такім чынам навучыцца лепей камандаваць імі), я ўбачыў у адной даліне ахоплены полымем куст. Гэта быў жывы агонь, падобны да вялікага куста ці дрэва, ён палымнеў і не згасаў, хоць гарэў удзень і ўначы, а вакол расцякалася незвычайная духмень, ад якой у мяне закруцілася ў галаве, і мяне напоўнілі адвага і мужнасць. Я бачыў гэты агонь, калі імчаўся праз пустэльню на чале войска, калі паляваў на дзікіх звяроў, але ніхто апроч мяне і майго вазніцы, які можа ўсё пацвердзіць, яго не бачыў. I ў той момант я спасціг, што ні дзіда, ні страла, ні булава не крануць мяне, пакуль не настане мой час, але як я спасціг гэта — сказаць не магу, бо гэта схавана ад людзей.
    Я паверыў аповеду Харэмхеба і адчуў да яго вялікую павагу, бо ніякай прычыны выдумляць нешта, каб мяне пазабавіць у яго не было. Дый я не думаю, каб Харэмхеб мог прыдумаць такую гісторыю, нават калі б захацеў, бо гэта быў чалавек, які верыў толькі ў тое, што бачыў і што мог памацаць рукамі.
    Заняўшы лагер хабіраў, ён дазволіў войску ўдосталь есці і піць, і страляць з лукаў ды цэліць дзідамі па мішэнях, у якасці якіх служылі моцна параненыя ці асабліва непакорлівыя палонныя, якіх усё адно немагчыма было б прадаць у рабства. У выніку воіны не пярэчылі такім «ваенным вучэнням», а наадварот — стралялі і шпурлялі дзіды з задавальненнем. Але на трэці дзень смурод ад трупаў стаў невыносны, a крумкачы, шакалы ды гіены, збіўшыся ў вялікія зграі, так жахліва крычалі і вылі ўначы, што не давалі нікому заснуць. У дадатак да гэтага, многія палонныя жанчыны задушылі сябе сваімі доўгімі валасамі, не жадаючы стаць пацехаю ворагам. Па большасці гэта былі кашчавыя, сухарэбрыя істоты з дзікімі вачыма, але воіны за іх сварыліся, лічачы нават прыгожымі, бо даўно не бачылі жанчын. Наглядзеўшыся на ўсё гэта, я ўжо не бачьіў у вайне нічога забаўнага і цікавага, і на сэрцы ў мяне стала цяжка ад пакутаў і жахаў, якія людзі чыняць адзін аднаму. Гледзячы на мёртвыя целы, падзяўбаныя крумкачамі ды пашкуматаныя шакаламі і гіенамі, я сказаў свайму сябру, вайсковаму забеспячэнцу:
    — Хутка ўсе гэтыя чарапы збялеюць, і ніхто ўжо не зможа адрозніць чэрап егіпцяніна ад чэрапа хабіры. I нават самі высокія багі не скажуць, чыё сэрца было чысцейшае і справядлівейшае і хто змагаўся на правільным баку.
    Але мой сябра быў у добрым настроі: ён занатоўваў, абмяраў і пералічваў захопленыя ў хабіраў скаціну і збожжа, і таму лагодна адказаў мне:
    — У нас вялікі і мудры палкаводзец, і ягоны голас гучыць у бітве страшней за ільвіны рык. Дый галасы шакалаў і гіенаў мне куды прыемнейшыя за ваяўнічыя клічы хабіраў. Таму лепш ужо я буду чуць смурод ад іх трупаў, чым смяротны пах наканечнікаў іхніх дзід, што ўпіваюцца ў маё цела. А наконт таго, што ты кажаш пра чарапы ды багоў, тут яшчэ трэба падумаць: я некалі чуў, што, калі егіпцянін, які моліцца Амону і шчыра верыць у Асірыса, гіне ў бітве, ён адразу трапляе ў Краіну Захаду, нават калі яго цела не зберажэцца. I ўсё-ткі я рады, што не загінуў у гэтай бітве. Бо ў багоў напраўду будзе шмат неразбярыхі — хто маліўся сапраўдным багам, а хто быў няверным паганцам? Я не загінуў толькі таму, што гарлаў нечалавечым голасам, так што нават хабіры ў страху кідалі на зямлю дзіды.