Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
2
Але я па-ранейшаму заставаўся самотны, і маё жыццё не радавала мяне. Мне абрыдда нават віно, якое не весяліла больш маё сэрца. Ад яго толькі твар рабіўся чорны, як сажа, і, напіўшыся, я не жадаў нічога, апроч сваёй смерці. Каб не пакінуць сабе ўдзень ніводнай вольнай хвіліны і ўначы спаць глыбокім сном, я пашыраў свае веды, вывучаў вавілонскае пісьмо і мову, бо ў кожнае імгненне, калі я не быў заняты, маё сэрца разрывалася ад роспачы, і боль за мінулыя ўчынкі раз'ядаў яго мацней за шчолак.
Каб паглядзець, ці могуць сірыйскія багі даць мне якія-небудзь новыя веды, я пачаў вывучаць мясцовых багоў, якія — як і ўсё астатняе ў Сіміры — былі зусім не такія, як у Егіпце. Галоўным богам Сіміры быў Ваал — жорсткі і бязлітасны бог, які за сваю прыхільнасць да горада патрабаваў чалавечых ахвяраў, а яго жрацы самі спакладалі сябе. Марскія багі таксама патрабавалі чалавечых ахвяраў, а Ваалу трэба было прыносіць у ахвяру і маленькіх дзяцей — у выніку гандляры і гарадскія чыноўнікі няспынна шукалі ахвяры гэтым багам. Таму ў Сіміры не было вінаватых рабоў і бедных людзей — за самую маленькую віну бедняка, які, напрыклад, украў рыбіну на рынку дзеля пракорму сваёй сям'і, спальвалі на ахвярным агні Ваала. Затое багаты чалавек, які ашукаў другога, падмяшаўшы срэбра ў золата або змахляваўшы з вагой тавараў, не меў ніякага пакарання, а наадварот заслугоўваў славу добрага гандляра, бо ў Сіміры казалі: «Чалавек створаны, каб быць ашуканым». Калі ж маракі і капітаны караблёў кралі ў іншых узбярэжных
гарадах і нават у Егіпце дзяцей, каб прынесці іх у ахвяру Ваалу, гэта залічвалася ім у вялікую заслугу.
Іх багіняй была Астарта, або, як яе называлі ў Ніневіі, Іштар. У яе было шмат грудзей, і кожны дзень яе апраналі ў светлыя строі і ўпрыгожвалі рознымі аздобамі маладыя жанчыны, якіх чамусьці называлі храмавымі дзевамі, хоць яны не былі ніякімі дзевамі, а наадварот, павінны былі весяліцца ў храме, бо гэта лічылася жаданым багіняю ўчынкам, і тым болей жаданым, чым болей золата ахвяравалі храму мужчыны. А таму гэтыя жанчыны проста спаборнічалі між сабой у майстэрстве любіць мужчын рознымі спосабамі, да чаго іх прывучалі з ранняга дзяцінства, каб мужчыны дзеля іх багата адорвалі Астарту. I гэты звычай быў адваротны егіпецкаму, дзе весяліцца з жанчынай у храме было вялікім грэхам, і калі хто пападаўся на тым, дык злачынцу адсылалі на руднікі, а ў храме праводзілі ачышчальны абрад.
Але сваіх жонак сімірскія гандляры сцераглі пільна, трымаючы іх дома пад моцнымі запорамі і загортваючы з галавы да ног у шчыльную тканіну, каб не маглі яны ніяк прывабіць позіркі мужчын. А самі мужчыны, каб разнастаіць жыццё і дагадзіць багам, часта наведваліся ў храмы. Таму ў Сіміры не было дамоў уцех, як у Егіпце, а калі нехта не здавальняўся храмавымі дзевамі, яму трэба было жаніцца або купіць на рынку маладую рабыню і весяліцца з ёю. На рынку штодзённа прадавалі вялікае мноства рабоў, прывезеных на караблях у сімірскую гавань. Там былі рабы і рабыні на любы густ — розных колераў і адценняў скуры, тоўстыя і тонкія, дзеці і маладыя дзяўчаты. Правініўшыхся рабоў па таннай цане куплялі гарадскія ўлады і прыносілі іх у ахвяру Ваалу. Пасля кіраўнікі ўсміхаліся і білі сябе ў грудзі ў знак гонару і задавальнення, што ім удалося так спрытна ашукаць свайго грознага бога. Калі раб трапляўся стары, бяззубы, бязногі ці смяротна хворы, Ваалу завязвалі вочы — каб бог не бачыў ніякіх заганаў, а задавальняўся толькі пахам ахвярнай крыві.
Я таксама прыносіў ахвяры Ваалу, бо ён быў галоўным богам горада, і з ім лепш было мець добрыя адносіны. Але я егіпцянін, а таму ніколі не прыносіў Ваалу чалавечых ахвяраў, а даваў толькі золата. Хадзіў я часам і ў храм Астарты, які адчыняўся ўвечары, слухаў там музыку і глядзеў, як маладыя жанчыны — не хачу называць іх дзевамі — выконвалі спакушальныя танцы ў гонар сваёй багіні. Я весяліўся з імі, як таго патрабаваў звычай, і, на здзіў, яны навучылі мяне шмат чаму такому, што мне было невядома. Але маё сэрца побач з імі не радавалася, я хадзіў туды дзеля цікаўнасці, а калі зведаў усё, што маглі даць храмавыя жанчыны, то й перастаў наведваць храм, бо іх майстэрства пачало мне здавацца на дзіва аднастайным.
Каптах быў занепакоены маім станам і гаротна трос галавой, бачачы,
як старыцца мой твар, як усё глыбейшымі робяцца маршчыны над маім пераноссем і як маё сэрца замыкаецца ад усяго свету. Таму ён хацеў, каб я купіў сабе рабыню і ў вольны час весяліўся з ёю, калі ўжо ўзяць жонку з чужога народа мне нельга, а з егіпецкай абшчынай я не маю зносін. Паколькі Каптах быў маім асэсарам і распараджаўся ўсім маім золатам, ён купіў мне на рынку маладую рабыню на свой густ, памыў, апрануў, намасціў яе духмяным алеем і паказаў мне вечарам, калі я, стомлены пасля доўгага дня лекавання хворых, збіраўся ўжо ісці спаць.
Гэта была дзяўчына з выспаў, беласкурая, белазубая, не вельмі тоўстая, з вялікімі ласкавымі, як у цяляці, вачыма. Яна пачціва глядзела на мяне і баялася чужога горада. Каптах паказаў мне яе і натхнёна ўзяўся ўсхваляць яе прыгажосць. Каб дагадзіць яму, я паспрабаваў павесяліцца з рабыняй. Я зрабіў усё што мог, каб не застацца самотным, але сэрца маё не ўзрадавалася і я не змог назваць яе сястрой.
Але паставіўшыся да яе прыязна і добразычліва, я зрабіў памылку, бо яна заганарылася і пачала перашкаджаць мне нават тады, калі я прымаў хворых. Яна шмат ела, пачала таўсцець, бясконца выпрошвала ў мяне ўсё новыя аздобы ды строі, хадзіла следам, не зводзячы з мяне вачэй і ўвесь час хацела са мной весяліцца. He дапамагала нават тое, што мне часта даводзілася ездзіць углыб краіны і па ўзбярэжжы. Як толькі я вяртаўся, яна першая сустракала мяне, плакала ад радасці і зноў неадчэпна хадзіла за мною, бясконца жадаючы весяліцца. Аднойчы я ў злосці адлупцаваў яе кійком, але і гэта аказалася марным — яна толькі яшчэ больш распалілася і прыйшла ў захапленне ад маёй сілы. Жыццё ў доме рабілася невыносным, і я вырашыў аддаць яе Каптаху, бо ўрэшце той купіў яе на свой густ, дык няхай і весяліцца з ёю, а мяне пазбавіць ад свайго падарунка! Але яна пачала драпацца і кусацца, пабіла Каптаха, лаючыся на незразумелай нам мове яе родных выспаў і тымі словамі, якія паспела вывучыць у Сіміры. He дапамагло і тое, што мы абодва пабілі яе кійкамі, бо яна толькі яшчэ больш захацела мяне.
Але скарабей зноў прынёс мне ўдачу, бо аднойчы, прачуўшы пра маю славу, да мяне прыехаў незвычайны хворы гэта быў цар Азіру з Амарэі, краіны ў глыбіні земляў, далёка ад мора. Я агледзеў ягоныя зубы, сапсаваныя пакрыў золатам, а на месца страчанага ў бітве з суседзямі паставіў новы, зроблены са слановай косці. Пакуль я ўсё гэта старанна рыхтаваў і рабіў, цар жыў у Сіміры, праводзячы перамовы аб справах, што тычыліся стасункаў паміж Амарэяй і Сімірай, і кожны дзень прыходзіў да мяне. Тут ён і прыкмеціў маю маладую рабыню, якую я празваў па назве яе роднай выспы — Кефцью, бо вымавіць яе варварскага імя я быў няздольны. Цар Азіру быў дужы, як бугай, скура ў яго была светлая, а чорная барада адлівала сінім, і вочы глядзелі дзёрзка і фанабэрыста. Кефцью таксама пачала заглядацца на яго: жанчын
заўсёды вабіць што-небудзь новае. Ён быў асабліва ўражаны незвычайнай у такім маладым узросце паўнацеласцю Кефцью і вельмі ўпадабаў яе ўбранне, якое на крыцкі лад закрывала шыю і пакідала адкрытымі грудзі, што тут было вялікім дзівам, бо мясцовыя жанчыны хадзілі захутаныя ў тканіну з галавы да ног. Нарэшце ён не змог працівіцца свайму жаданню і, цяжка ўздыхнуўшы, сказаў мне:
— Я шчыры твой сябар, Сінухе-егіпцянін, ты мне вылечыў зубы і зрабіў так, што рот у мяне ззяе золатам, — і гэтым ты павялічыў славу маёй зямлі, Амарэі. Я надзялю цябе за ўсё гэта такімі багатымі дарункамі, што ты здзіўлена ўскінеш рукі. Але нягледзячы на ўсю маю ўдзячнасць, мне давядзецца нанесці табе цяжкую абразу, хоць мне вельмі не хацелася б гэтага. Ды што зробіш, калі, гледзячы на тваю рабыню, я страціў спакой і больш не магу супраціўляцца жаданню, якое раздзірае маё цела як дзікая кошка. Тут нават ты са сваім майстэрствам не зможаш вылечыць мяне. Мая цяга да гэтай жанчыны мацнейшая за любую хваробу! Я ніколі не бачыў такой прыгажуні і добра разумею, як ты даражыш ёю, калі яна па начах сагравае цябе ў тваім ложку. Але я прашу цябе аддаць яе мне, каб я мог зрабіць яе адной са сваіх жонак і вызваліць з рабства. Я твой сябар і чалавек сумленны, а таму кажу шчыра, што заплачу за яе, колькі ты скажаш, а калі ты не згодзішся, то ўкраду яе і звязу ў сваю краіну, дзе ты ніколі яе не знойдзеш. Нават калі ты ўцячэш з ёй з Сіміры на край зямлі, мае людзі знойдуць цябе і заб'юць, а жанчыну прывязуць да мяне. Я кажу табе ўсё гэта загадзя, бо я чалавек сумленны і не хачу ўчыняць подласці свайму сябру.
Мяне гэтыя словы так узрадавалі, што ад захаплення я ўзняў рукі, але Каптах, які таксама ўсё чуў, пачаў ірваць на сабе валасы і са слязьмі залямантаваў:
— Сёння дрэнны дзень, і лепш бы майму гаспадару не нараджацца на свет, бо ты хочаш забраць у яго адзіную жанчыну, якая весяліць яго сэрца! Такую страту нічым не заменіш, бо гэтая жанчына для майго гаспадара даражэйшая за ўсякае золата, каштоўныя камяні і заморскія духмянасці, яна прыгажэйшая за маладзік, яе жывот, якога ты яшчэ не пабачыў, белы і круглы, нібы гурба пшаніцы, а грудзі, як ты можаш пераканацца, цвёрдыя і пукатыя, нібы дыні.
Ён сказаў усё гэта, наслухаўшыся, як сімірскія гандляры расхвальваюць свой тавар. Ну і, вядома, хацеў атрымаць за дзяўчыну як мага вышэйшую цану, хоць мы абодва марылі пазбавіцца ад яе. Пачуўшы такую размову, Кефцью расплакалася і абвясціла, што ніколі не пакіне мяне, а сама тым часам з захапленнем глядзела праз пальцы на цара Азіру і яго кучаравую бараду.
Я ўзняў руку, прымусіў усіх замаўчаць і, зрабіўшы засмучаны выгляд, сказаў:
— Мой сябра Азіру, уладар Амарэі! Гэтая жанчына напраўду каханка майго самотнага сэрца, і я называю яе сястрой, але тваё сяброўства мне даражэйшае за ўсё ў гэтым свеце, і таму я аддаю яе — у знак нашага сяброўства — табе ў падарунак, і не трэба мне ніякай платы. Валодай жа ёю і рабі з ёй усё, чаго патрабуе дзікая кошка, што пасялілася ў тваім целе, тым больш што, калі я не памыляюся, сэрца Кефцью таксама павярнулася да цябе, і яе цела раздзірае такая самая дзікая кошка.