Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
дзесяць гадоў фараонам, паспяшаўся дадому, я ўбачыў, што на маіх палях пасвяць чужую скаціну, маю хатку разбурылі, і нават мая дачка не захацела мяне прызнаць, лінуўшы варам на мае ногі, калі я зайшоў у дом да жывёлагадоўцаў. Але я даведаўся, што Анукіс памёр і пахаваны ў вялікай грабніцы ў Горадзе мёртвых непадалёк ад Фіваў і што на дзвярах ягонай магілы маецца вялікі надпіс. Таму я прыйшоў у Фівы, каб пацешыць сваё сэрца, пабачыўшы, што напісана на яго магіле, але я не ўмею чытаць і мне ніхто так і не прачытаў гэты надпіс, хоць, распытваючы людзей, я знайшоў магілу.
— Калі хочаш, я магу прачытаць табе, што там напісана, — прапанаваў я, — бо я ўмею чытаць.
— Хай навечна зберажэцца тваё цела, — узрадаваўся Бязносы, — калі ты хочаш зрабіць мне такую паслугу! Я бедны чалавек і веру ўсяму напісанаму. Вось я і хачу перад смерцю даведацца, што там напісалі пра Анукіса.
Ён нацёр мне цела алеем і памыў маю паяснічную павязку. Тады мы разам рушылі ў Горад мёртвых, і ахоўнікі не спынілі нас. Мы ішлі паміж шэрагамі магіл, пакуль ён не паказаў мне вялікую грабніцу, перад якою ляжалі мяса, рознае печыва, плады і кветкі. Побач стаяў запячатаны гарлач з віном. Бязносы паеў сам і даў паесці мне, а потым папрасіў прачытаць надпіс на дзвярах грабніцы. Я прачытаў: «Я, Анукіс, вырошчваў збожжа, садзіў дрэвы, і ўраджаі ў мяне былі вялікія, бо я баяўся багоў і ахвяраваў ім пятую частку ад сваіх ураджаяў. Ніл быў да мяне прыхільны, і ніхто не ведаў голаду на маіх землях. У дні майго жыцця мае суседзі таксама не пакутавалі ад голаду, бо я накіроўваў ваду на іх палеткі і карміў іх сваім хлебам у час няўроду. Я асушаў слёзы сірот і не рабаваў удоў, а дараваў ім усе пазыкі, так што маё імя ўслаўлялі па ўсіх землях. Калі хто страчваў свайго быка, я, Анукіс, дарыў яму другога. Ніколі ў жыцці я не перасоўваў памежных камянёў і не перашкаджаў паліваць палеткі суседзяў, я быў заўсёды богабаязны і справядлівы. Усё гэта я, Анукіс, рабіў, каб багі былі да мяне прыхільныя і каб яны зрабілі мой шлях у Краіну Захаду лёгкім».
Бязносы ўважліва слухаў, а калі я скончыў чытаць, ён заплакаў горкімі слязамі і сказаў:
— Я бедны чалавек і веру ўсяму, што напісана. Цяпер я бачу, што Анукіс быў пабожны і праведны чалавек, і таму яго шануюць нават пасля смерці. I наступныя пакаленні прачытаюць гэты надпіс і будуць услаўляць яго. А я — нікчэмны злачынец, пазбаўлены вушэй і носа, каб кожны бачыў маю ганьбу. I калі я памру, маё цела выкінуць у раку, і я не спазнаю вечнага жыцця.
Ён сарваў пячатку з віннага гарлача і стаў піць віно. Ахоўнік падышоў да яго і пагразіў палкай, але Бязносы сказаў:
— Анукіс зрабіў мне шмат добрага ў жыцці. Таму я хачу ўшанаваць яго памяць, паеўшы мяса і папіўшы віна на яго магіле. Калі ты кранеш мяне і майго сябра, вучонага чалавека, які ўмее чытаць і стаіць побач са мною, або паклічаш іншых ахоўнікаў, ведай, што нас, моцных хлопцаў з нажамі, шмат у чаратах, і ноччу мы прыйдзем і перарэжам табе глотку. Мне гэта было б вельмі непрыемна, бо я чалавек пабожны і нікому не хачу чыніць зла. Лепей прыкінься, што не бачыў нікога і пакінь нас у спакоі. Так будзе лепей табе самому.
Ён так шалёна глядзеў на ахоўніка і выгляд у яго быў такі страшны, што той паслухаўся і пайшоў прэч, баязліва азіраючыся. Мы елі і пілі пад прахалодным ценем ахвярнай павеці каля магілы Анукіса. Напіўшыся віна, Бязносы сказаў:
— Цяпер я разумею, што было б лепей па сваёй волі аддаць дачку Анукісу. Можа, ён і пакінуў бы мне маю хаціну і нават падараваў бы што-небудзь, бо мая дачка была прыгожая і нявінная, хоць цяпер ператварылася ў посцілку для ўсіх Анукісавых рабоў. Цяпер я ведаю, што на свеце няма ніякага іншага права, апроч права моцнага і багатага, a словы беднякоў не далятаюць да вушэй фараона.
Ён высока ўзняў гарлач з віном, гучна зарагатаў і выгукнуў:
Дык будзь жа здаровы, справядлівы Анукіс, хай зберажэцца тваё цела навечна, але я не хачу пайсці за табой у Краіну Захаду, дзе ты і табе падобныя вядуць вясёлае жыццё з блаславення багоў. Думаю, што будзе правільна, калі ты ўчыніш на зямлі яшчэ некалькі добрых справаў і падзелішся са мною тымі залатымі чашамі і аздобамі, якія ляжаць у тваёй магіле. Таму ноччу я прыйду павітаць цябе, як толькі месяц зойдзе за хмары.
— Што ты кажаш, Бязносы? — спалохана спытаўся я і міжволі зрабіў аберагальны знак Амона. — He думай нават стаць рабаўніком магілаў, бо гэта самае ганебнае злачынства перад людзьмі і багамі!
Але асмялелы ад віна Бязносы запярэчыў:
Ты вярзеш вучоную лухту, але ж Анукіс сёе-тое мне вінаваты, а я не такі літасцівы і міласэрны, як ён. I таму запатрабую ўсё, што ён мне вінен. Каліты збіраешся мне перашкодзіць, я проста скручутабе шыю, а калі ты чалавек разумны, то пойдзеш са мною: па-першае, чатыры вокі лепей за два, а па-другое, калі мы ўзломім грабніцу, дык удвух знясем болей, чым здолее знесці адзін.
Я не хачу, каб мяне павесілі на гарадской сцяне дагары нагамі, спалохана адказаў я.
Але падумаўшы, прыйшоў да высновы, што мая ганьба наўрад ці ўзрасце, нават калі сябры ўбачаць мяне на гарадской сцяне, — сама ж смерць мяне не палохала.
Мы елі і пілі, а спустошыўшы гарлач, разбілі яго і параскідалі ас-
кепкі вакол магілы. Ахоўнікі не крычалі на нас, а сядзелі, павярнуўшыся спінамі, бо былі вельмі спалоханыя. На ноч ахоўваць магілы ў Горадзе мёртвых прыехалі з Фіваў воіны, але новы фараон не зрабіў ім ніякіх падарункаў пасля каранацыі, і яны незадаволена бурчэлі, а потым запалілі паходні, напіліся ахвярнага віна і кінуліся самі рабаваць магілы. Таму ніхто не перашкодзіў нам і не спыніў, калі мы з Бязносым узламалі магілу Анукіса і ўзялі гэтулькі залатых чашаў і аздобаў, колькі змаглі панесці. На світанні каля берага ракі з'явіўся цэлы натоўп сірыйскіх гандляроў, гатовых купіць у нас каштоўнасці, каб звезці іх уніз па рацэ. Мы прадалі ім сваю здабычу і атрымалі амаль дзвесце дэбенаў золата і срэбра. Потым мы ўсё гэта падзялілі паміж сабой адпаведна з вагою, пазначанай на кавалках. Але цана, якую мы атрымалі за выкрадзеныя з магілаў каштоўнасці, была толькі малою часцінкай іх сапраўднай вартасці, дый золата, якое мы атрымалі, было не зусім чыстым. Нягледзячы на гэта, Бязносы быў вельмі ўзрадаваны і сказаў:
— Я стану багатым чалавекам. Бо займацца гэтым нашмат выгадней, чым цягаць цяжары на прыстанях ці насіць ваду на палі.
Але я папярэдзіў яго:
— Панадзіўся гарлач ваду цягаць, там яму й чарапкамі стаць.
Мы разышліся, я пераплыў на той бок ракі ў лодцы ганддяра і вярнуўся ў Фівы. Я набыў новае адзенне, паеў і папіў у шынку, бо смурод Дома смерці амаль выветрыўся з мяне. Але ўвесь дзень з Горада мёртвых даносіліся гукі ваенных труб і бразгат зброі. Баявыя калясніцы праносіліся ўздоўж магіл, і целаахоўнікі палявалі на вызваленых з руднікоў рабоў і воінаў, якія рабавалі магілы, так што іх смяротныя крыкі даносіліся да самага горада. А вечарам гарадскія муры пакрыліся павешанымі дагары нагамі злачынцамі, і ў Фівах зноў усталяваўся парадак.
7
Пераначаваўшы на заезным двары, я пайшоў да свайго былога дома і паклікаў Каптаха. Ён выйшаў, кульгаючы, са шчакой, распухлаю ад пабояў, і ўбачыўшы мяне, заплакаў ад радасці, праліваючы слёзы адзіным сваім вокам. Кінуўшыся мне ў ногі, ён сказаў:
— Ты вярнуўся, мой гаспадар, а я так баяўся, што ты памёр. Я думаў, што, калі б ты бьгў жывы, дык прыйшоў бы зноў папрасіць у мяне медзі і срэбра. Той, хто даў адзін раз, мусіць даваць яшчэ. Але ты не прыходзіў, хоць я ўжо накраў у новага гаспадара — каб спарахнела ягонае цела — столькі грошай, колькі быў здольны, як ты можаш меркаваць па маёй шчацэ і калене, якое ён мне разбіў учора. Яго кракадзіліхаматка — каб яна спрахла — прыгразіла мяне прадаць, а таму я ў вялікай журбе. Пойдзем хутчэй ад гэтага паганага дома, мой гаспадар! Я з задавальненнем уцяку разам з табою.
Я крыху вагаўся, і ён, зразумеўшы гэта па-свойму, сказаў:
— Я накраў гэтулькі, што пэўны час змагу цябе пракарміць, мой гаспадар, а калі запасы скончацца, я буду на цябе працаваць, толькі забяры мяне ад гэтай кракадзіліхі і ейнага сынка.
— Я прыйшоў толькі, каб аддаць табе доўг, Каптах, — сказаў я і высыпаў яму ў жменю золата і срэбра, якое шматкроць перавышала ўсё, што ён мне даў. — А калі хочаш, дык я выкуплю цябе ў твайго гаспадара на свабоду, і ты зможаш пайсці, куды захочаш.
Адчуўшы ў руках цяжар золата і срэбра, Каптах аж зайшоўся ад радасці і стаў падскокваць, забыўшыся на сваю кульгавасць і свой узрост. Але потым засаромеўся і сказаў:
— Я тады сапраўды горка плакаў, аддаючы табе свае зберажэнні, — не лічы гэта за вялікі грэх. Але ж калі б ты мяне цяпер выкупіў, куды б я пайшоў? Я ўсё жыццё быў рабом. Без цябе я буду як сляпое кацяня ці ягня, якога кінула маці. I не варта табе страціць дарагое золата на тое, што і так належыць табе.
Ён пачаў падміргваць мне сваім адзіным вокам, паказваючы, які ён вялікі пралаза.
— Я чакаў цябе і разведваў, як адыходзяць караблі з горада. Сёння ў Сіміру адплывае вялікі і моцны з выгляду карабель. Калі багам прынесці добрую ахвяру, на ім можна смела выпраўляцца ў падарожжа. Нядобра толькі, што адмовіўшыся ад Амона, які насылаў на нас толькі няшчасці, я пакуль не знайшоў дастаткова моцнага новага бога-заступніка. Я цікавіўся рознымі багамі і нават новым богам фараона, чый храм нядаўна адкрылі ў Фівах і куды ходзіць шмат люду, каб заслужыць фараонаву прыхільнасць. Але я чуў, нібыта фараон казаў, што яго бог жыве толькі па праўдзе, і таму баюся, што гэта вельмі нязручны бог і ад яго мне наўрад ці будзе якая карысць.
Тут я ўспомніў пра скарабея, якога знайшоў у горадзе мёртвых, і працягнуў яго Каптаху са словамі:
— Вось табе, хоць і маленькі, але магутны бог. Беражы яго, бо ён павінен прынесці нам шчасце — тым больш цяпер, калі ў мяне ёсць золата ў капшуку. Апраніся ў сірыйскую вопратку і, калі хочаш, бяжы, але, папаўшыся як беглы раб, не вінаваць мяне. Хай табе дапаможа гэты маленькі бог! А нашыя сродкі, напэўна, сапраўды будзе лепш зберагчы, каб заплаціць за дарогу ў Сіміру. У Фівах, дый ва ўсім Егіпце я ўжо не змагу паглядзець у вочы нікому. Але ж жыць недзе трэба... Таму я, мусіць, таксама паеду і ў Фівы больш не вярнуся ніколі.