• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Месяц зайшоў, і неба стала шэрае. Я пакланіўся пяску і ўзняў рукі, развітваючыся з бацькам Сэнмутам і маткаю Кіпай. Хай навечна зберагуцца іх целы і хай будзе прыемным іх жыццё ў Краіне Захаду, бо толькі дзеля іх я хацеў бы, каб тая краіна існавала, але сам ужо не верыў у гэта. Развітаўшыся, я пайшоў прэч і больш не азіраўся назад. У руцэ я нёс свяшчэннага скарабея, і яго сіла была такой моцнай, што ахоўнікі мяне не заўважылі, хоць я добра іх бачыў: яны ўжо выйшлі са сваіх буданоў і распальвалі вогнішчы, каб гатаваць ежу. Сіла скарабея была такой моцнай, што мае ногі не слізгаліся па камянях, а скарпіёны і змеі не кранулі мяне, хоць за плячыма ў мяне ўжо не было скрутка з бацькоўскімі целамі. Тым жа вечарам я дабраўся да берага Ніла і напіўся нільскай вады. Потым я кінуўся на зямлю і заснуў у чаратах. Mae ногі былі збітыя да крыві, мае рукі кроватачылі, пустэльня асляпіла мне вочы, а сонца да пухіроў выпаліла цела. Але я быў жывы, і боль мне не перашкодзіў заснуць, бо я быў смяротна стомлены.
    6
    Уранні, калі Амон плыў па небе на сваім залатым чоўне, я прачнуўся ад крыку качак у чаратах. 3-за ракі даносіўся шум горада, па Ніле сноўдалі лодкі і праплывалі караблі пад чыстымі ветразямі, прачкі ляскалі пранікамі, смяяліся і гучна перагукаліся між сабой. Ранак быў празрысты і свежы, але сэрца маё спусцела і жыццё здавалася попелам на далоні.
    Боль у целе ўзрадаваў мяне, бо сведчыў, што я ўсё яшчэ існую на гэтым свеце. Да гэтай пары ў мяне была мэта, і сваёй адзінай задачай я лічыў забяспечыць маім бацькам вечнае жыццё, якое я ў іх украў, стаўшы прычынай іх заўчаснай смерці. Цяпер жа маё злачынства — наколькі гэта магчыма — было выкупленае, і жыццё страціла мэту і прызначэнне. 3 вопраткі на мне, як на рабе, была толькі падраная паясная павязка, спіну пакрывала струп'е, і ў мяне не было ніводнай палоскі медзі, каб купіць ежы. Калі б я куды-небудзь рушыў, дык мяне хутка спынілі б з ахоўнікі. Яны аклікнулі б мяне і спыталі, хто я і адкуль іду, а я не змог бы ім адказаць, бо лічыў, што імя Сінухе праклятае на вякі вечныя. 3 той жа прычыны я не мог пайсці да сваіх сяброў, бо не хацеў, каб яны падзялялі са мной маю ганьбу або, ускінуўшы рукі, пракліналі мяне і паварочваліся да мяне спінай. Я лічыў, што і без таго ўжо ўчыніў нямала бедаў.
    Думаючы пра ўсё гэта, я заўважыў, што вакол мяне ціхенька кружляе нейкая істота. Спачатку я не падумаў нават, што гэта можа быць чалавек, — я палічыў, што гэта пачвара з якога-небудзь паганага сну. Замест носа ў істоты зеўрала чорная дзірка, вушы былі абрэзаныя, a цела — страшэнна худое. Прыгледзеўшыся, я заўважыў, што рукі ўяго
    вялікія, моцныя і мазолістыя, а жылістае цела спрэс пакрытае ранамі ад пераноскі грузаў і намулянае вяроўкамі.
    Заўважыўшы, што я заўважыў яго, Бязносы загаварыў. Ён спытаў:
    — Што ты там так моцна сціскаеш у сваёй руцэ?
    Я расціснуў далонь і паказаў свяшчэннага скарабея, якога знайшоў ля фараонавай грабніцы. Тады ён папрасіў:
    — Аддай яго мне: няхай прынясе мне шчасце — беднаму чалавеку гэта так патрэбна.
    — Я таксама бядняк, — запярэчыў я, — і ў мяне, апроч гэтага скарабея, нічога няма. Таму я хачу яго захаваць сабе. Гэта будзе мой амулет, які прынясе мне ўдачу.
    Тады ён сказаў:
    — Я сапраўды бедны і няшчасны, але я дам табе кавалак срэбра, хоць за такі маленькі размаляваны каменьчык гэта занадта. Але я шкадую тваю беднасць і хачу заплаціць табе. — I ён сапраўды дастаў з-за пояса кавалак срэбра. Але я цвёрда вырашыў пакінуць скарабея сабе і зноў паўтарыў гэта незнаёмцу. Ён раззлаваўся і сярдзіта крыкнуў:
    — Ты забываеш, што я мог бы цябе забіць, калі ты спаў: я доўга сачыў за табой і мне вельмі хацелася ведаць, што ж ты так моцна сціскаеш у руцэ. Але я пачакаў, пакуль ты прачнешся, і цяпер шкадую аб гэтым, бо ты аказаўся няўдзячны.
    Я адказаў яму:
    — Па носе і вушах я бачу, што ты злачынец і ўцёк з каменяломняў. Калі б ты забіў мяне падчас сну, то зрабіў бы добрую справу, бо я застаўся на гэтым свеце адзін і не ведаю, якім шляхам ісці далей. Але сцеражьіся і лепей бяжы адсюль, бо ахоўнікі, убачыўшы цябе, зловяць, паб'юць палкамі і павесяць на гарадскім муры дагары нагамі ці адашлюць туды, адкуль ты ўцёк.
    — Каб я захацеў, дык забіў бы цябе і зараз, бо,можа, з выгляду я і худы і варты жалю, але ў мяне яшчэ шмат сілы, — сказаў ён. — Але забіваць цябе дзеля нейкага каменя не лічу вартым: непадалёк Горад мёртвых, і ахоўнікі могуць пачуць твае крыкі. Так што пакінь гэтае шчасце сабе — можа, ты сапраўды маеш у ім больш патрэбы. Але ты, відаць, чужаземец, калі не ведаеш, што мне няма чаго баяцца ахоўнікаў, бо я ўжо вольны чалавек, а не раб. Я нават мог бы пайсці і ў горад, але не хачу хадзіць па вуліцах, бо дзеці палохаюцца майго твару.
    — Хіба чалавек, асуджаны на вечную працу ў рудніках, можа быць вольным? Я ж усё бачу па тваіх вушах і тваім носе, — кпліва сказаў я, думаючы, што незнаёмец проста выхваляецца.
    — Я не буду злавацца на твае словы, бо я чалавек пабожны і богабаязны, — адказаў ён. — Таму я і не забіў цябе соннага. Няўжо ты сапраўды не ведаеш, што наследнік, калі на яго ўсклалі карону абодвух цар-
    стваў, загадаў раскаваць усе кайданы і вызваліць з руднікоў і каменяломняў усіх асуджаных на вечнае рабства, і з той пары там працуюць за плату толькі свабодныя людзі. — Ён доўга смяяўся нечаму свайму, a потым працягваў. — Нас тут у чаратах шмат дужых хлопцаў. Мы харчуемся ахвярамі з магіл багацеяў у Горадзе мёртвых, бо ахоўнікі баяцца нас, а нябожчыкі нам не страшныя. Ведай жа, што чалавек, які пабываў у каменяломнях нічога больш не баіцца, бо нічога больш страшнага з ім адбыцца не можа. Многія з нас не баяцца нават багоў, але, на маю думку, вернасць ім лепш зберагчы, таму я і застаўся пабожным, хоць правёў у каменяломнях дзесяць гадоў.
    Такім чынам я даведаўся, што наследнік, узышоўшы на трон пад імем Аменхатэпа IV, вызваліў усіх рабоў і вязняў, ад чаго руднікі і каменяломні на ўсходнім беразе мора спусцелі, як спусцелі і руднікі Сіная. Ва ўсім Егіпце не знайшлося ніводнага вар'ята, каб добраахвотна пайсці працаваць на руднікі. Фараонам стаў чалавек, які шанаваў новага бога, а яго вялікаю жонкай стала прынцэса з Мітанні, якая яшчэ гуляла ў лялькі.
    — Напэўна яго бог — зусім адмысловы бог, — сказаў былы раб, — калі ён дазваляе фараону рабіць неразумныя ўчынкі. Цяпер рабаўнікі і забойцы свабодна ходзяць па абодвух царствах, руднікі спусцелі, а Егіпет больш не ўзбагачаецца. Праўда, я сам не рабіў злачынстваў і пацярпеў праз несправядлівасць, але такое здаралася і будзе здарацца заўсёды. Гэта ж вар'яцтва — выпусціць на волю сто і тысячу злачынцаў дзеля таго, каб вызваліць аднаго невінаватага. Але гэта фараонава справа, а не мая. Хай фараон думае за мяне.
    Кажучы гэта, ён разглядаў мяне, мацаў мае рукі і шнары на спіне. Смурод Дома смерці, які ішоў ад мяне, не палохаў яго, і ён, мусіць, пашкадаваў маю маладосць, бо прапанаваў:
    — У цябе абгарэла скура. А я маю крыху алею. Калі хочаш, магу памазаць цябе. — I ён змазаў мне спіну, ногі і рукі, але робячы гэта лаяўся і прыгаворваў:
    — Клянуся Амонам, я напраўду не ведаю, чаму раблю гэта! Мне ж ад цябе ніякай карысці, дый мяне ніхто ніколі не змазваў, калі я ляжаў пабіты і праклінаў багоў за тую несправядлівасць, што ўчынілі са мною.
    Я ведаў, што асуджаныя і рабы ўсе клянуцца, што яны невінаватыя, але ж гэты паставіўся да мяне вельмі дружалюбна, і таму я вырашыў быць з ім прыветным. Апроч таго, я быў такі самотны, што баяўся застацца сам-насам са сваім сэрцам, і таму не хацеў, каб ён мяне пакінуў.
    —	Раскажы мне пра несправядлівасць, якую з табой учынілі, каб я мог пашкадаваць разам з табою, — сказаў я.
    —	Усю шкадобу з мяне выбілі ў медным рудніку палкамі яшчэ на першым годзе. Нянавісць была мацнейшая і пражыла ўва мне пяць
    гадоў, але і яе не выбілі, і маё сэрца пазбавілася ўсякіх чалавечых пачуццяў. Зрэшты, чаму б, і праўда, не расказаць табе, проста каб пазабавіць... Дык ведай, што раней я быў свабодным чалавекам, араў зямлю, меў хаціну, быкоў, жонку, і ў маіх збанах заўсёды вялося піва. I быў у мяне сусед, магутны чалавек, якога звалі Анукіс, хай спрахне ягонае цела. Яго землі нельга было акінуць вокам, а гавяды ў яго было, як пяску ў пустэльні, і рыканне ягонай скаціны аглушала, нібы марская бура, але нягледзячы на гэта, ён квапіўся і на мой кавалак зямлі. Таму ён чыніў мне розныя падступствы, і кожны раз пасля разводдзя, калі зямлю мералі зноў, памежны камень падсоўваўся ўсё бліжэй да маёй хаціны, і я паступова страчваў свае палеткі. 1 я нічога не мог зрабіць: каморнікі слухаліся яго, а не мяне, бо ён падносіў ім багатыя падарункі. Ён запрудзіў маю палівальную канаву і не пускаў ваду на маё поле, мае быкі пакутавалі ад смагі, мае палеткі сохлі, і піва ў збанах скончылася. Але ён не чуў мае скаргі, бо ўзімку жыў у Фівах, у сваім вялікім доме, а калі ўлетку прыязджаў палюбавацца сваімі землямі, яго слугі збівалі мяне друкамі і цкавалі сабакамі, каб я не мог да яго наблізіцца. — Бязносы глыбока ўздыхнуў, націраючы мне алеем спіну, і распавядаў далей: — Можа, я і цяпер жыў бы ў сваёй хатцы, каб багі не праклялі мяне, паслаўшы мне дачку-прыгажуню. У мяне было пяцёра сыноў і тры дачкі, бо беднякі плодзяцца хутка. Падросшы, яны сталі мне добрымі памочнікамі і прыносілі шмат радасці, хоць аднаго сына яшчэ малога ўкраў праезджы сірыйскі гандляр. Затое самая малодшая мая дачка была сапраўднаю прыгажуняй, і я па сваёй дурноце ганарыўся гэтым і не даваў ёй рабіць цяжкую працу, ні гнуць спіну на полі, ні насіць ваду. Хоць было б куды разумней абстрыгчы ёй валасы ды выпацкаць сажаю твар, бо аднойчы Анукіс убачыў яе і загарэўся жаданнем. Пасля гэтага не было ў мяне ніводнага спакойнага дня. Ён выклікаў мяне ў суд і пакляўся, што мае быкі вытапталі яго поле, а мае сыны знарок запрудзілі яго палівальныя канавы і закідалі студні падлай. Ён пакляўся таксама, што, калі здарыўся неўраджайны год, ён пазычыў мне зерне, і ягоныя слугі пацвердзілі гэта, а суддзя нават не захацеў мяне слухаць. Зрэшты, Анукіс пакінуў бы мне поле, калі б я яму саступіў дачку, але я не пагадзіўся на гэта, спадзеючыся, што знайду сваёй прыгожай дачцэ прыстойнага мужа, які будзе са мною літасцівы і на старасці гадоў пракорміць мяне. Урэшце слугі Анукіса напалі на мяне, а ў мяне з сабою быў толькі кіёк, якім я так моцна ўдарыў аднаго раба, што той памёр. Тады мне адрэзалі нос і вушы ды адправілі на руднікі, a дзяцей і жонку прадалі ў рабства за нібыта нявыплачаныя даўгі. Праўда малодшую маю дачку Анукіс узяў сабе і, навесяліўшыся з ёю ўдосталь, аддаў на пацеху слугам. Таму я і лічу, што са мной учынілі несправядлівасць, паслаўшы на руднікі. Але цяпер, калі я, вызвалены праз