Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
вае нічога..Яны шкодзяць толькі сабе, зноў пагружаючыся ў бруд сваёй страсці.
Павольна і беражліва Рамосэ кароткімі абцужкамі выняў праз нос тонкія асколкі з чэрапа, потым узяў іншыя, доўгія і гнуткія, абцугі і, дастаўшы імі мазгі, паклаў іх у сасуд з густым алейным растворам.
— Чаму ж калі пасля смерці чалавечае цела халоднае і нічога не адчувае, яго трэба зберагаць вечна? — спытаўся я.
Рамосэ зірнуў на мяне маленькімі круглымі жаўлаковымі вачыма, выцер фартухам рукі і нагбом адпіў шва з гарлача, што стаяў побач з сасудам з мазгамі знатнага чалавека.
— Так было і так павінна быць, — адказаў ён. — Хто я такі, каб тлумачыць тое, што робіцца спрадвечна? Кажуць, што ў магіле Ка чалавека — а гэта і ёсць яго душа — зноў вяртаецца ў цела і есць ежу, якую прыносяць нябожчыку, і цешыцца кветкамі, якія кладуць перад магілай. Але Ка спажывае так мала, што чалавечае вока не заўважае гэтага. А таму адной і той жа ахвяры хапае многім: ахвяры фараону, напрыклад, потым нясуць на магілы знаці, а ўвечары жрацы даядаюць ахвяраваныя стравы. Чалавечы дух Ба вылятае праз нос у момант смерці, a куды ён ляціць — сказаць не магу. Але ўсё адбываецца менавіта так, і ва ўсе часы гэтаму было шмат сведкаў. Паміж чалавечым Ка і чалавекам толькі і розніцы, што ў Ка няма ценю, а ў чалавека ёсць. У астатнім яны падобныя.
— Твае словы, Рамосэ, як зыканне мухі ў маіх вушах, — адказаў я. — Я не такі ўжо невук, каб ты паўтараў мне тое, што я чуў і чытаў тысячу разоў да адурэння. Але што ёсць ісціна?
Рамосэ хлебануў з гарлача зноў і безуважна ўтаропіўся на кавалачкі мазгоў, што плавалі ў суседнім сасудзе.
— Ты яшчэ малады і залішне гарачы, — сказаў ён, скрывіўшы грымасу, і ціха засмяяўся. — Тваё сэрца гарыць, таму ты і задаеш такія пытанні. А маё сэрца старое і пакрытае шнарамі, яго пытанні ўжо не вярэдзяць. Ці будзе чалавеку карысць, калі яго цела зберагуць пасля смерці, — гэтага я сказаць не магу, дый ніхто не можа, нават жрацы. Але ж калі яно так пастаноўлена і рабілася ва ўсе часы, дык лепей трымацца звычаяў, прынамсі бяды гэта нікому не ўчыніць. Я ведаю толькі, што ніхто яшчэ не вяртаўся з Краіны Захаду, каб распавесці, што там адбываецца. Некаторыя, праўда, кажуць, што Ка іх каханых наведвае іх у сне і дае ім парады, папярэджвае аб небяспецы і навучае мудрасці жыцця, але ж сон — гэта ўсяго толькі сон і ўранні ён рассейваецца бясследна. Праўда, адна жанчына ажыла ў Доме смерці і, вярнуўшыся да мужа і бацькоў, пражыла да старасці, пакуль зноў памерла, але на маю думку, гэта адбылося таму, што першы раз яна памерла не па-сапраўднаму, а проста нехта яе зачараваў, каб украсці цела і пака-
рыстацца ім на свой лад, — такое таксама здараецца. Тая жанчына расказвала, што пасля смерці трапіла ў цёмную апраметную прорву, дзе нейкія страхалюдныя пачвары, падобныя да сабакагаловых павіянаў, лезлі да яе абдымацца і цалавалі яе, а страшыдлы з галовамі кракадзілаў кусалі яе за грудзі. Увесь гэты аповед запісаны і зберагаецца ў храме, і яго чытаюць усім жадаючым за пэўную плату. Але хто верыць бабскім плёткам? Ва ўсякім выпадку, смерць так яе ўразіла, што яна стала апантана пабожнай, кожны дзень хадзіла ў храм і растраціла на ахвяры ўвесь свой пасаг, маёмасць дзяцей і мужа, так што ўрэшце яны засталіся поўнымі беднякамі і ў іх не было нават чым заплаціць за яе бальзамаванне, калі яна сапраўды памерла. Затое храм падараваў ёй магілу і набальзамаваў яе цела. Гэтую магілу і цяпер паказваюць у Горадзе мёртвых, можа, і ты яе ведаеш.
Але чым больш ён гаварыў, тым больш мацнела маё жаданне зберагчы целы маіх бацькоў. Мая віна перад імі была вялікай, але цяпер, пажыўшы ў Доме смерці, я ўжо не ведаў, ці будзе бацькам карысць ад майго клопату. Спадзеў на тое, што іх целы зберагуцца вечна, быў іх адзінаю радасцю ў старасці, і мне хацелася, каб гэтая надзея спраўдзілася. 3 дапамогай Рамосэ я набальзамаваў і загарнуў у тканіну іх целы, дзеля чаго правёў у Доме смерці сорак дзён і сорак начэй, — іначай я не паспеў бы ўкрасці ўсё патрэбнае, каб правесці бальзамаванне належным чынам. Але я не меў для іх ні магілы, ні нават драўлянай дамавіны, і таму зашыў абаіх у шкуру быка, каб у краіне вечнага жыцця яны заставаліся разам.
Нарэшце я быў гатовы пакінуць Дом смерці, але маё сэрца раптам закалацілася ў нерашучасці. Рамосэ, які высока цаніў спрыт маіх рук, вельмі мяне прасіў застацца. Працуючы ў яго памочнікам, я мог бы добра зарабляць, шмат красці і пражыў бы ўвесь век пад скляпеннямі Дома смерці без клопату і журбы. I ніхто з маіх сяброў ніколі не даведаўся б, дзе я і што са мною. Але я не застаўся, а чаму — сам не магу сказаць, бо паспеў прывыкнуць да гэтых змрочных пячораў і пачуваўся ў іх добра, не аб чым не шкадуючы і не сумуючы.
— Заставайся, — казаў Рамосэ. — Нябожчыкі халодныя і нерухомыя, але іх кампанія лепшая за кампанію жывых. Нябожчыкі нікога не абражаюць, не крыўдзяць і не раняць, як гэта робяць жывыя. А тваё сэрца працята стралой, бо іначай ты не прыйшоў бы сюды. Навошта табе вяртацца ў чалавечы натоўп, дзе зыкаюць атручаныя стрэлы, дзе табе павыколваюць вочы, паламаюць рукі і параняць сэрца так, што яно састарэе, пакрыецца шнарамі, і яго ўжо нічога болып не кране.
А чаму ты сам прыйшоў у Дом смерці, Рамосэ? спытаўся я. — Ты чалавек мудры і вучоны і мог бы пракарміць сябе іншым заняткам. Чаму ты прыйшоў сюды?
Але Рамосэ закруціў галавой, як жаўлак, уцягнуў шыю і нават не паглядзеў на мяне.
— Ты ведаеш, што ў Дом смерці ніхто не прыходзіць, калі не вымушаны зрабіць гэтага, — адказаў ён. — Хопіць табе і такога адказу.
Тады ён хіхікнуў і адпіў з гарлача халоднага піва.
— Мне тут добра, — прамовіў ён. — Я не аб чым не сумую і не шкадую, бо ўсё вакол марнасць. Але ты мусіш ведаць, што той, хто аднойчы пабываўу Доме смерці, застаецца з ім назаўсёды, бо ён сам пранікае ў цябе, і ты ўжо нікуды не можаш падзецца.
Тады я не зразумеў гэтых словаў, палічыўшы яго вар'ятам. Я старанна памыўся, пачысціўся і пакінуў Дом смерці, а мыйшчыкі трупаў пасылалі мне ўслед праклёны і здзекі. Зрэшты, яны рабілі гэта без злосці, а толькі таму, што ў іх была звычка так размаўляць між сабою — іначай яны проста не ўмелі. Затое яны дапамаглі мне вынесці скрутак з бацькоўскімі целамі. Але як я ні чысціўся і ні мыўся, смурод Дома смерці так уеўся ў мяне, што людзі кідаліся ад мяне прэч і грэбліва заціскалі насы. Ніхто не згадзіўся перавезці мяне на другі бераг ракі. Тады я дачакаўся ночы і, не баючыся вартаўнікоў, скраў трысняговы човен ды павёз сам целы маіх бацькоў за раку, у Горад мёртвых.
5
Горад мёртвых пільна ахоўваўся днём і ноччу, і я не змог знайсці ніводнай магілы, каб пахаваць бацькоў і каб у іх у вечным жыцці была б магчымасць карыстацца ахвяраваннямі, што прыносяць багатым і знатным нябожчыкам. Тады я вырашыў аднесці скрутак у пустэльню, але там бязлітаснае сонца да таго высмаліла мне спіну і выпаліла ўсе сілы з майго цела, што я пачаў задыхацца і ледзь сам не памёр. Тады я панёс целы бацькоў у горы, ідучы па небяспечнай сцяжынцы, па якой асмельваюцца хадзіць толькі рабаўнікі царскіх магілаў, і ўрэшце прыйшоў у запаветную Даліну цароў, дзе хавалі фараонаў. Тут усю ноч вылі шакалы і шыпелі ядавітыя змеі, а па гарачых камянях поўзалі скарпіёны, але я не адчуваў страху, і ў маім сэрцы панавала поўная абыякавасць. Хоць я і быў малады, але небяспека смерці не кранала мяне, і я толькі вітаў бы смерць, калі б яна захацела мяне. Калі б я зноў вярнуўся пад святло сонечнага дня і пабачыў людзей, вострае пачуццё ганьбы раз'ела б маё сэрца, як шчолак, і жыццё не магло даць мне нічога добрага.
Тады я яшчэ не ведаў, што смерць пазбягае таго, хто прагне яе, a ганяецца за тым, чыё сэрца прыкіпела да жыцця. Напэўна таму з маёй дарогі спаўзлі ўсе змеі, скарпіёны не прычынілі мне шкоды і нават паўдзённая спёка пустэльні не задушыла мяне. Ахоўнікі запаветнай даліны таксама аглухлі і аслеплі, і не пачулі шуму камянёў, якія каціліся ў мяне з-пад ног, калі я спускаўся ў даліну. Калі б яны ўбачылі мяне,
дык адразу забілі б, а цела кінулі б на пажор шакалам. Але я прыйшоў уначы, а самі ахоўнікі, напэўна, баяліся даліны, якую ахоўвалі, таму што жрацы зачаравалі і заклялі магілы фараонаў самымі моцнымі загаворамі і закляццямі. Калі б яны ўбачылі, як я ў месячным святле іду па даліне са скруткам на спіне, дык ад страху адвярнуліся б і закрылі галовы плашчамі, думаючы, што па даліне блукаюць мерцвякі. Таму я не хаваўся ні ад каго, дый не змог бы схавацца, бо не ведаў, дзе стаіць ахова і дзе можна схавацца. Запаветная даліна адкрылася перада мною ў смяротным спакоі і цішы, болей змрочная і велічная, чым жывы фараон на троне.
Усю ноч я кружляў па даліне, шукаючы запячатаныя жрацамі дзверы, якія вялі б у грабніцу якога-небудзь вялікага фараона, бо па маёй дзёрзкай задуме, бацькам пасавала толькі такое пахаванне. Апроч таго, я хацеў знайсці магілу фараона, які ступіў у човен Амона не надта даўно, каб прынесеныя яму ахвяры былі яшчэ свежыя, а догляд за магілай і службы ў пасмяротным храме на беразе ракі былі бездакорныя, бо мае бацькі мусілі мець толькі самае лепшае, калі ўжо я не змог забяспечыць іх уласнай магілай.
Калі маладзік зайшоў, я выкапаў побач з дзвярыма фараонавай грабніцы яму, апусціў у яе скрутак з целамі бацькоў і засыпаў іх пяском. Недзе ўдалечыні завылі шакалы, і я зразумеў, што па пустэльні ходзіць Анубіс, жадаючы паклапаціцца пра маіх бацькоў і правесці іх у апошні шлях. Я зразумеў, што сэрцы маіх бацькоў, узважаныя на вагах вялікага вагаўшчыка Асірыса, прайшлі іспыты і без складзенай жрацамі хлуслівай Кнігі мёртвых, з дапамогай якой багатыя імкнуцца забяспечыць сабе бесклапотнае вечнае жыццё. I, засыпаючы бацькоў жменямі пяску, я адчуваў вялікую палёгку. Я ведаў, што яны будуць жыць вечна побач з вялікім фараонам і спажываць тыя цудоўныя ахвяры, што прыносяць да вялікага фараона. У Краіне Захаду яны будуць плаваць на фараонавым чоўне, есці фараонаў хлеб і піць фараонава віно. Я зрабіў гэта, падстаўляючы сваё цела пад дзіды ахоўнікаў, але не варта залічваць мне гэта ў заслугу: я зусім не баяўся іх дзідаў, бо смерць той ноччу была б для мяне саладзейшай за міра.
Але калі я ўжо амаль засыпаў яму, мая рука наткнулася на нешта цвёрдае, і я дастаў з пяску свяшчэннага скарабея, спрэс пакрытага святымі пісьмёнамі. Яго цела было выразанае з чырвонага каменя, а вочы зроблены з маленькіх каштоўных каменьчыкаў. Я ўвесь ажно скалануўся, і мае слёзы пырснулі на пясок: тут, пасярод Даліны мёртвых, я атрымаў ад сваіх бацькоў знак і цяпер цвёрда ведаў, што яны задаволеныя і ім добра. Мне вельмі хацелася так думаць, хоць я разумеў, што скарабей, відаць, проста вываліўся ў пясок падчас пахавальнай працэсіі фараона.