• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Азіру гучна закрычаў ад радасці і абвясціў:
    — Далібог, Сінухе, хоць ты і егіпцянін і ўсё дрэннае ідзе з Егіпта, але з сённяшняга дня ты будзеш мне сябрам і братам, а тваё імя будзе блаславёнае па ўсёй зямлі амарэйцаў, і калі ты прыедзеш да мяне ў госці, я пасаджу цябе праваруч і паперадзе ўсіх самых знатных маіх вяльможаў і гасцей, хай сабе гэта будуць нават цары і князі.
    Сказаўшы гэта ён засмяяўся, бліснуўшы залатымі зубамі, і зірнуў на Кефцью, якая ўжо забылася на свае слёзы. Вочы ў Азіру загарэліся, як вуголлі, ён схапіў дзяўчыну ў абдымкі так, што ажно ўскінуліся акруглыя дыні яе грудзей, і лёгка, нібы тая нічога не важыла, закінуў яе ў свае насілкі. Пакінуўшы маё жытло, ён зачыніўся ў сваім доме, і наступныя трое сутак яго не бачылі ў горадзе. А мы з Каптахам вельмі ўзрадаваліся, што пазбавіліся ад навязлівай дзеўкі. Праўда, Каптах папракаў мяне, што я не папрасіў падарункаў, хоць мог бы атрымаць усё, што хацеў. Але я сказаў яму:
    — Я звязаў Азіру сяброўствам, падараваўшы яму дзяўчыну. А заўтрашні дзень невядомы нікому. Хоць царства Амарэя малое і нікчэмнае, і там гадуюць толькі аслоў ды авечак, дружба цара — гэта дружба цара, і можа так стацца, што яна будзе даражэйшай ад золата.
    Каптах у роздуме патрос галавой, пачухаў патыліцу, а потым дастаў нашага скарабея, памазаў мірам і прынёс яму новую ахвяру за тое, што мы пазбавіліся ад Кефцью.
    Перш чым вярнуцца ў сваё царства, Азіру яшчэ раз прыйшоў да мяне, схіліўся перада мной да зямлі і прамовіў:
    Я не прапаную табе падарункаў, Сінухе, бо немагчыма аддзячыць ніякімі дарамі за тое, што ты даў мне. Дзяўчына аказалася яшчэ лепшай, чым я думаў, яе вочы падобны да бяздонных калодзежаў, і я ніяк не магу насыціцца ёю, хоць яна выціснула з мяне ўсё семя, як алей з аліўкавых ягад. Скажу табе шчыра, што мая краіна не вельмі багатая і здабыць золата я магу толькі абдзіраючы гандляроў, якія праязджаюць праз мае землі, ці ваюючы з суседзямі, а егіпцяне адразу налятаюць на мяне, як авадні, і прычыняюць мне большыя выдаткі, чым мая ваенная здабыча. А таму я не магу адарыць цябе так, як таго заслугоўвае твая шчодрасць. I я не люблю Егіпет, які вынішчыў старадаўнія свабоды маёй зямлі і не дазваляе мне весці войны, як я хачу, і ўдосталь рабаваць
    гандляроў, як гэта рабілі мае продкі. Але калі ты прыедзеш да мяне ў госці, то можаш атрымаць усё, што захочаш, апроч гэтай жанчыны ды коней, якія мне патрэбны дзеля баявых калясніцаў. Затое ўсё астатняе, што толькі ў маёй уладзе, ты ад мяне атрымаеш. А калі хто-небудзь пакрыўдзіць цябе, дык мне толькі паведамі, і мае людзі заб'юць крыўдзіцеля, дзе б ён ні быў, бо я маю сваіх людзей і тут, у Сіміры, і па ўсяму ўзбярэжжу, і ў іншых сірыйскіх гарадах, але гэта я прашу цябе зберагаць у тайне. Я расказваю табе пра свае таямніцы, каб ты ведаў, што я загадаю забіць любога, і тваё імя не будзе замешанае. Вось такое вялікае маё сяброўства.
    Сказаўшы гэта, ён па сірыйскім звычаі абняў мяне, а потым у знак пашаны і захаплення зняў з шыі залаты ланцуг і павесіў яго на мяне, хоць гэта быў для яго вялікі дар, і я пачуў, як ён пры гэтым уздыхнуў. А таму я аддзячыў яго сваім залатым ланцугом, які некалі атрымаў ад самага багатага суднаўладальніка ў Сіміры за тое, што ўратаваў яго жонку падчас цяжкіх родаў, і Азіру ніколькі не страціў ад такога абмену, чаму ён вельмі ўзрадаваўся. Так мы развіталіся.
    3
    Пазбавіўшыся ад рабыні, я адчуў, што маё сэрца стала лёгкім і вольным, як нябесная птушка, і вачам захацелася пабачыць што-небудзь новае, і неспакой ахапіў маю душу так, што я ўжо не мог уседзець у Сіміры. Зноў наступіла вясна, караблі ў гавані рыхтаваліся ў далёкія падарожжы, а жрацы, як толькі зямля зазелянела, выйшлі за горад, каб выкапаць свайго бога Таммуза, якога ўвосень яны пахавалі пад гучны плач і лямант, у скрусе да крыві раздзіраючы свае целы.
    Неспакой і цікаўнасць тачылі мяне, і я разам з гурмамі людзей пайшоў за жрацамі. Зямля блішчала яркаю зелянінай, на дрэвах лопаліся пупышкі, варкавалі галубы, квакалі на балотах жабы. Жрацы адкацілі з магілы камень, выкапалі бога і гучна абвясцілі, што Таммуз уваскрос і вярнуўся да жыцця. Увесь народ таксама выбухнуў радаснымі крыкамі і пачаў ламаць галінкі з дрэваў ды піць піва і віно ў намётах, якія спрытныя гандляры паставілі непадалёк ад магілы ўваскрослага бога. Жанчыны прывалаклі на калясніцы вялізны драўляны фалас і, калі настала ноч, не памятаючы сябе ад радасці, паскідалі з сябе адзенне і разбегліся па лугах, не зважаючы на тое, што сярод іх былі і замужнія. У вялікай радасці яны аддаваліся першым стрэчным, і хутка палі і схілы пагоркаў напоўніліся любоўнымі стогнамі. Гэтым яны таксама цалкам адрозніваліся ад егіпцян. Гледзячы на іх, я адчуў зайздрасць і падумаў, што, відаць, я нарадзіўся ўжо стары, бо мая родная Чорная зямля старэйшая за ўсе іншыя землі, а гэтыя народы — маладыя і служаць сваім багам, учыняючы тое, да чаго схільныя іх багі.
    Але вясна прынесла таксама і дрэнную вестку. Пайшла пагалоска, што з пустэльні прыйшлі хабіры і што, разрабаваўшы памежныя з Сірыяй землі, яны ідуць з поўдня на поўнач, спальваючы вёскі і абкладаючы гарады. Аднак фараонавы войскі прайшлі ім насустрач праз Сірыйскую пустэльню з Таніса, разграмілі іх і прагналі назад у пустэльню, захапіўшы ў палон іхняга правадыра. Нашэсце хабіраў адбывалася кожнай вясной, але гэтым разам жыхары Сіміры ўсхваляваліся, бо хабіры разрабавалі горад Катну, дзе стаяў егіпецкі гарнізон. Яны забілі мясцовага правіцеля і пасеклі мечамі ўсіх егіпцян, не шкадуючы жанчын і дзяцей і нікога не беручы ў палон дзеля выкупу, як рабілі раней заўсёды. Такіх дзеянняў хабіраў ніхто не помніў, бо звычайна яны пазбягалі нападаць на гарады з егіпецкімі гарнізонамі.
    Такім чынам, у Сірыі ўспыхнула вайна, а я вайны ніколі не бачыў. Мне захацелася набыць і ваенны досвед, пабачыць, што такое вайна і ці можа яна навучыць мяне чаму-небудзь новаму і невядомаму. Таму я адправіўся да фараонавых войскаў. Апроч таго, я хацеў папрактыкавацца ў лекаванні ранаў, нанесеных ваеннай зброяй. Але найпершай прычынай майго падарожжа было тое, што начальнікам фараонавых войскаў быў Харэмхеб, а я ў сваёй вечнай самоце вельмі хацеў пабачыць твар сябра і пачуць яго голас. Праўда, спачатку я баяўся, што ён не захоча са мной гаварыць з прычыны маіх мінулых ганебных учынкаў. Але за два гады шмат чаго адбылося, і маё сэрца, відаць, загрубела: успаміны пра мае злачынствы ўжо не надта мяне жахалі і сорам не паліў маё сумленне. Я сеў на карабель і паплыў уздоўж узбярэжжа на поўдзень, а потым далучыўся да атрадаў, якія везлі харчаванне ўтлыб краіны і, то на аслах, то на калёсах з віном і алеем, паціху дабраўся да маленькага гарадка на вяршыні гары. Гарадок быў абнесены мурам і называўся Ерусалім. Там стаяў невялікі егіпецкі гарнізон, і Харэмхеб, рыхтуючыся да далейшых паходаў, размясціў у ім сваю стаўку. Чуткі, якія хадзілі ў Сіміры, пераболыпвалі сілу фараонавых войскаў, бо пад камандай Харэмхеба быў толькі атрад калясніцаў ды тысячы дзве воінаў, узброеных лукамі і дзідамі, а чуткі сцвярджалі, што ў Хабіры гэтай вясной воінаў было больш, чым пяску ў пустэльні.
    Харэмхеб прыняў мяне ў бруднай глінянай хацінцы. Ён здзіўлена паглядзеў на мой сірыйскі плашч, які я звьічайна насіў, і сказаў:
    — Я ведаў аднаго Сінухе. Ён быў лекарам і маім сябрам.
    Як і ён, я за гэтыя гады пастарэў, і мой твар змяніўся, але ён усё ж пазнаў мяне, узняў у знак прывітання свой залаты камандзірскі бізун і, радасна ўсміхнуўшыся, сказаў:
    -У імя Амона, гэта ты, Сінухе! А я думаў, ты памёр.
    Ён выгнаў усіх штабных служак і пісарчукоў з іх папірусамі ды картамі і, загадаўшы прынесці віна, прапанаваў мне выпіць са словамі:
    — Дзіўныя шляхі вызначае Амон, калі мы сустракаемся тут, у Чырвонай зямлі, у гэтым запаганеным гарадку.
    Пры гэтых словах сэрца страсянулася ў маіх грудзях, і я зразумеў, што даўно ўжо па ім сумую. Я распавёў пра падзеі, што адбыліся ў маім жыцці, пра ўсё, што лічыў патрэбным, і ён прапанаваў:
    — Калі хочаш, можаш пайсці з маім войскам, як лекар, і падзяліць з намі славу, бо я ўсур'ёз думаю даць гэтым брудным хабірам такога дыхту, што яны навек запомняць маё імя і вечна будуць аплакваць той дзень, калі з'явіліся на свет.
    I яшчэ ён сказаў:
    — Калі мы сустрэліся першы раз, я, напэўна, быў зусім дурны хлопец з нямытымі нагамі. А ты ўжо тады быў паважаны і вядомы чалавек, і ты даў мне шмат карысных парадаў. Цяпер я ведаю і разумею нашмат больш, і ў маіх руках, як ты бачыш, залаты бізун. Але я зарабіў яго нікчэмнаю службай, ганяючыся з фараонавымі ахоўнікамі за злачынцамі і рабаўнікамі, якіх фараон у бяздум'і выпусціў з руднікоў. Нам давялося шмат папрацаваць, пакуль мы іх усіх перабілі. I вось, пачуўшы пра нашэсце хабіраў, я папрасіў фараона даць мне некалькі атрадаў, каб выступіць супраць, і ніхто з высокапастаўленых ваяводаў не захацеў са мною супернічаць: золата і ўзнагароды хутчэй можна атрымаць паблізу ад фараона, чым у дзікай пустэльні, а дзіды ў хабіраў вострыя, і іх ваяўнічы кліч наганяе жах. Такім чынам я нарэшце маю магчымасць набрацца сапраўднага ваеннага досведу і навучыць у гэтых бітвах сваіх воінаў. Але фараон мае ўсяго адзін клопат: каб я прагнаў хабіраў, не праліваючы крыві. — Харэмхеб засмяяўся і сцебануў бізуном па халяве. Я таксама засмяяўся, але ён раптам перарваў смех, глынуў віна і працягваў:
    — Праўду кажучы, Сінухе, я моцна змяніўся пасля нашай апошняй сустрэчы, бо чалавек, які пажыве побач з гэтым фараонам, міжволі мяняецца. Ён выклікае ў мяне занепакоенасць. Ён так шмат разважае і гаворыць пра свайго бога, што ў Фівах мне часта здавалася, што ў мяне ў мазгах бегаюць мурашкі. Я не мог спаць па начах, калі толькі не напіваўся ці не весяліўся з жанчынамі, каб у маёй галаве хоць крыху пасвятлела. У яго дзіўны, незвычайны бог. Гэты бог не мае аблічча, ён круглы, ён прысутнічае адразу паўсюдна і бласлаўляе ўсіх сваімі даўгімі рукамі, і раб, і вяльможа — усе роўныя перад ім. Скажы мне, Сінухе, ці гэта не трызненне хворага чалавека? Бо я не магу прыдумаць іншага тлумачэння — відаць, фараона ў дзяцінстве ўкусіла хворая малпа. Толькі вар’ят можа ўвабраць у галаву, што хабіраў можна прагнаць, не праліваючы крыві. Ты сам пачуеш, як жахліва яны крычаць у баі, і ўпэўнішся, што я кажу праўду. А фараон, калі яму так хочацца, можа атрэсці рукі, бо я з радасцю вазьму на сябе грэх перад яго богам і перадушу