Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
калясніцамі ўсіх гэтых хабіраў. — Ён зноў глынуў віна і казаў далей. — Мой бог — Гор, і я не маю нічога супраць Амона, бо ў Фівах я навучыўся такой адмысловай лаянцы імем Амона, якая безадмоўна дзейнічае на воінаў. Я, вядома, разумею, што Амон забраў надта вялікую сілу, і новы бог змагаецца з ім, каб умацаваць фараонаву ўладу. Пра гэта мне сказала сама Боская царыца-маці, а таксама жрэц Эйе, які цяпер носіць жазло праваруч ад фараона. 3 дапамогай Атона яны спадзяюцца калі не звергнуць Амона, дык, прынамсі, абмежаваць яго моц, бо сапраўды нікуды не варта, калі жрацы Амона маюць у Егіпце ўладу большую, чым у фараона. Як воін, я добра разумею, што дзяржаўная мудрасць патрабуе новага бога. I я нічога не маю супраць, калі фараон задаволіцца пабудовай храмаў у гонар свайго бога і будзе плаціць ягоным жрацам, але ён зашмат разважае і ўвесь час толькі й гаворыць пра свайго бога, так што ўвогуле нічога нельга зрабіць, каб гаворка рана ці позна не прывяла зноў жа да гэтага бога. Людзі вакол фараона вар'яцеюць ад гэтага больш за яго. Ён кажа, што жыве па праўдзе, але праўда — гэта як востры нож у руках дзіцяці. Але ў руках вар'ята яна робіцца яшчэ небяспечнейшаю, чым нож, бо нож трэба трымаць у похвах і вымаць толькі пры сапраўднай патрэбе. I найболып небяспечнай праўда бывае для саміх уладароў і правадыроў.
Ён адпіў яшчэ віна і сказаў:
— Я ўдзячны свайму сокалу, што выбраўся з Фіваў, бо з новым богам Фівы сталі сапраўдным змяіным кублом, а я не хачу ўмешвацца ў сварку паміж багамі. Жрацы Амона распаўсюджваюць непрыстойныя байкі наконт нараджэння фараона і падбухторваюць супраць яго народ. Шлюб фараона таксама выклікаў дрэнную пагалоску, бо фараонава нявеста, прынцэса з Мітанні, якая яшчэ гуляла ў лялькі, раптам памерла, і фараон узяў сабе ў царскія жонкі дзяўчыну, якую завуць Неферціці, дачку жраца Эйе. Праўда, гэтая Неферціці жанчына прыгожая, і апранаецца яна прыгожа. Але яна вельмі ўпартая — сапраўдная дачка свайго бацькі.
— А як памерла мітаннійская прынцэса? — спытаў я, бо некалі бачыў гэтую дзяўчынку з вялікімі вачыма і памятаў, як яна глядзела на Фівы, калі яе, упрыгожаную, быццам багіню, неслі на насілках праз Алею бараноў.
— Лекары кажуць, што яна не вытрывала егіпецкага клімату, — адказаў Харэмхеб і засмяяўся. — Гэта недарэчная хлусня, бо нідзе на свеце няма болей здаровага клімату, чым у Егіпце. Але ты сам ведаеш, як шмат дзяцей памірае на жаночай палавіне фараонава палаца, — як гэта не дзіўна — нават больш, чым у гліняных хацінах фіванскіх беднякоў. Лепш не называць ніякіх імёнаў, але калі я адважыўся б гэта зрабіць, дык скіраваў бы сваю калясніцу да дома жраца Эйе.
Ён гаварыў лёгка і бестурботна, пахлопваючы сябе па лытках залатым бізуном, але кідалася ў вочы, што гэта быў не ранейшы марнаслоўны юнак, а пасталелы мужчына, поўны мяцежнага духу.
— Калі хочаш пазнаёміцца з новым фараонавым богам, — прапанаваў ён, — прыходзь заўтра на асвячэнне храма, які я збудаваў у гэтым гарадку на вяршыні скалы. Я пашлю яму вестку аб адкрыцці новага храма, а пра забітых і кроў, што тут пралілася, яму ведаць не абавязкова. Хай сабе сядзіць у Залатым палацы ды радуецца свайму богу.
На развітанне ён сказаў:
— Пераначуй у намёце, калі знойдзеш месца. Мне па майму чыну давядзецца начаваць у палацы тутэйшага князька, а там столькі вошай! Але вошы, як голад, раны ды спаленыя селішчы — абавязковыя складнікі любой вайны, так што мне скардзіцца не выпадае.
Я ўтульна ўладкаваўся і пераначаваў у намёце, бо на ўзбярэжжы, па дарозе ў Ерусалім, пасябраваў з начальнікам, які ведаў усімі вайсковымі прыпасамі. Я сказаў яму, што буду вайсковым лекарам, і ён пачаў усяляк мне дагаджаць, бо які салдат перад бітвай не захоча быць з лекарам у добрых стасунках. Увесь вечар ён уздыхаў і скардзіўся:
— Чым нарадзіцца воінам, лепш бы мне зусім не з'яўляцца на гэты свет, бо страх галодным пацуком дзень і ноч грызе сэрца воіна. Ужо ў дзяцінстве яму дастаецца больш бізуноў, чым харчоў, а ў паходзе ён, нібы асёл, павінен цягнуць на ўласных плячах прыпасы — правіянт і ваду, ад чаго шыя ў яго дубее і звязкі плячэй расцягваюцца. Непрыяцель нявечыць яго цела дзідамі і стрэламі, а калі воін трапляе ў палон, яго, быццам птушку, садзяць у клетку, збіваюць і вяжуць па руках і нагах. Смагу ў паходах ён наталяе пратухлай вадой, а ўся плата — толькі тое, што яму ўдасца нарабаваць ці забраць у непрыяцеля на вайне. Воін, якому нарэшце дазваляюць вярнуцца ў Егіпет, падобны да паточанага чарвякамі дрэва і ўжо ні на што не прыдатны. Ён бездапаможна ляжыць на спіне асла, звалены з ног хваробай ці ранамі, яго вопратку скралі, а слуга ўцёк. Сапраўды, лепей бы мне не з'яўляцца на гэты свет воінам.
Ён паказаў мне двух воінаў, якія спрабавалі ўцячы, і Харэмхеб загадаў іх павесіць на гарадскім муры дагары нагамі. Нябогі, на іх шчасце, ужо сканалі: іх сябры-лучнікі, злітаваўшыся з былых паплечнікаў, выкарысталі іх замест мішэняў перад бітвай. Паказаў ён мне і двух палонных хабіраў двух здаравенных злосных дзецюкоў з тоўстымі насамі і скрываўленымі галовамі. Потым мы нарэшце пайшлі спаць у намёт.
Уранні мяне разбудзілі трубы, воіны збіраліся па атрадах і шыкаваліся ў шэрагі, а малодшыя камандзіры і начальнікі бегалі ўздоўж, піхалі воінаў у спіны і лупцавалі бізунамі. Калі нарэшце ўсталяваўся парадак, да войска з бруднага глінянага палаца мясцовага правіцеля выйшаў
Харэмхеб з залатым бізуном у руках. Пакуль Харэмхеб прамаўляў да войска, слуга трымаў над ім парасон і вялікім веерам адганяў мух. А Харэмхеб казаў:
— Егіпецкія воіны! Калі я кажу «егіпецкія воіны», то маю на ўвазе і вас, паганыя негры, і вас, брудныя сірыйскія капейшчыкі, і вас, сарданы, і каляснічых, больш за ўсё падобных да сапраўдных воінаў, і сапраўдных егіпцян сярод гэтага вісклівага статку. Я доўга ставіўся да вас з вялікай спагадай і навучаў з вялікім цярпеннем, але цяпер маім цярпенню і спагадзе настаў канец, і я не магу прымусіць вас займацца вайсковымі практыкаваннямі, бо калі вы рушыце маршам, дык павыколваеце дзідамі адзін аднаму вочы, а страляючы на бягу з лукаў — параніце адзін аднаго і дарэмна патраціце стрэлы, якіх у нас — хвала фараону, хай на вякі зберажэцца ягонае цела — і так не хапае. Замест таго я павяду вас сёння на бітву, бо мае выведнікі данеслі, што хабіры наладзілі стойбішча за гарамі, але выведнікі не сказалі, колькі гэтых хабіраў, бо ад страху кінуліся на ўцёкі, не паспеўшы іх пералічыць. Я спадзяюся, аднак, што іх дастаткова, каб перабіць вас усіх, — тады мне больш не давядзецца глядзець на вашы баязлівыя мярзотныя храпы, і я змагу вярнуцца ў Егіпет, каб сабраць войска, у якім будзе дастаткова сапраўдных мужчын, якія любяць славу, пашану і здабычу. Ва ўсякім выпадку, я даю вам сёння апошнюю магчымасць паспрабаваць стаць сапраўднымі воінамі. Гэй, ты, камандзір з разбітым носам! Дай выспятка таму паганцу, што калупаецца ў задніцы, пакуль я прамаўляю! Так, я даю вам шанец паспрабаваць апошні раз!
Харэмхеб абвёў войска суровым позіркам, які дасягнуў кожнага воіна, і ніхто не адважыўся варухнуцца, а ён тым часам працягваў:
— Я павяду вас на бітву, і хай кожны ведае, што я сам пайду ў першых радах і не буду аглядвацца — ідзе хто за мной ці няма нікога. Бо я сын Гора, і сокал ляціць перада мною, і сёння я разаб'ю войскі хабіраў, хай нават застануся адзін. Але я кажу загадзя, што з майго бізуна гэтым вечарам далібог зацурчыць кроў, бо я аддупцую кожнага, хто не пойдзе следам за мною, хто паспрабуе схавацца ці ўцячы, адлупцую так, што яны пашкадуюць, што нарадзіліся. Я кажу вам гэта, бо мой бізун будзе страшнейшы за дзіды хабіраў, зробленыя з дрэннай крохкай медзі. Ведайце, што апроч сваіх галасоў, хабіры не маюць нічога страшнага, хоць сваім крыкам яны сапраўды ўмеюць наводзіць жах. Таму, калі хто баіцца крыку хабіраў, хай залепіць вушы глінай. Вялікай бяды ал таго не будзе, бо ўсё адно камандаў у такім гвалце вы не пачуеце: кожны проста павінен ісці за сваім начальнікам, а ўсе разам — за маім сокалам. I яшчэ скажу вам пра хабіраў: яны б'юцца без ніякага парадку, а вас я вучыў выступаць радамі, а лучнікаў — страляць разам і па камандзе. I хай Сэт з усімі сваімі нячысцікамі спаліць таго, хто
выпусціць стралу раней і не нацэліўшыся. I не ідзіце ў бой з віскам, як перапалоханыя бабы, прыкіньцеся хоць раз мужыкамі, апранутымі ў паясныя павязкі, а не ў жаночыя спадніцы. Калі вам удасца разбіць хабіраў — зможаце забраць і падзяліць паміж сабой усё — скаціну, майно, — і вы станеце багатымі, бо хабіры нарабавалі шмат здабычы ў спаленых селішчах. Сабе ж я не вазьму ніводнага раба і ніводнага быка. Можаце дзяліць паміж сабой і жанчын, — я ўпэўнены, што вам будзе прыемна прабавіць з імі вечар, бо жанчыны ў хабіраў — гарачыя і любяць адважных ваяроў.
Харэмхеб паглядзеў на свае палкі, і воіны раптам дружна загукалі, малоцячы дзідамі па шчытах і махаючы лукамі. Харэмхеб усміхнуўся, абыякава махнуў бізуном і сказаў:
Я бачу, што вам карціць хутчэй дастаць у каршэнь, але спачатку трэба асвяціць храм Атона, новага фараонава бога. Ён, праўда, не надта ваяўнічы бог, і я не думаю, што вам будзе ад яго вялікая карысць. Таму хай перадавыя дружыны выступаюць, а астатнія пойдуць асвяціць храм, каб заслужыць прыхільнасць фараона. Вас чакае доўгі шлях, і я намераны прывесці вас на бітву такімі стомленымі, каб у вас не стала сілы ўцякаць і вы былі вымушаныя біцца да апошняга, ратуючы сваё жыццё.
Харэмхеб зноў махнуў залатым бізуном, і воіны зноў адгукнуліся радаснымі крыкамі. Пасля гэтага войска ў беспарадку рушыла з горада, але кожная дружына ішла пад сваім сцягам, які плыў на доўгай жардзіне над галовамі на чале калоны. Так яны выступілі на бітву, ідучы за значкамі з ільвінымі хвастамі, сокаламі ці кракадзілавымі галовамі, a перад імі ехалі лёгкія калясніцы, указваючы шлях. Тым часам тылавыя атрады разам з вышэйшым начальствам рушылі за Харэмхебам на ўскраіну горада, да скалы, на якой стаяў новы храм. Я чуў, як некаторыя военачальнікі па дарозе незадаволена перакідваліся між сабою словамі:
— Дзе гэта бачна, каб начальнік ішоў на бітву першы? Ужо мы прынамсі не збіраемся так рабіць! Спрадвеку заведзена, што начальнікаў нясуць на насілках следам за байцамі, бо толькі начальнікі ўмеюць пісаць і змогуць занатаваць, каго трэба ўзнагародзіць, а каго — пакараць.