• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Яна змоўкла, чакаючы, пакуль я пайду, але я застаўся. I тады, ціха ўздыхнуўшы, нібы ёй абрыдла гэта гульня, яна прамовіла:
    — Хай будзе так! Прыйдзецца даць табе тое, чаго ты так прагнеш. Але не будзь надта палкі, бо я так стамілася, што баюся заснуць у тваіх абдымках.
    Яна павяла мяне ў спачывальню. I там, легшы на ложак, зроблены са слановай косці і чорнага дрэва, скінула з сябе ўсё адзенне і раскрыла перада мною абдымкі. Мне здавалася, усё маё цела, сэрца, уся істота згараюць у гэтых абдымках. Але неўзабаве яна пачала пазяхаць і сказала:
    — Я сапраўды вельмі стамілася, але цяпер веру, што ты не зведаў яшчэ ніводнай жанчыны: ты быў настолькі няўклюдны, што не прынёс мне ніякай радасці. Але юнак, які ўпершыню прыходзіць да жанчыны, сапраўды прыносіць ёй неаплатную ахвяру. Таму я не прашу ў цябе ніякага іншага падарунка. А цяпер ідзі і дай мне заснуць, ты ўжо атрымаў, што хацеў.
    Калі я паспрабаваў зноў абняць і прылашчыць яе, яна рашуча мяне адштурхнула і адаслала прэч. Ідучы дадому, я адчуваў, як гарыць маё цела, як усё бурліць і звініць ува мне. I я зразумеў, што забыць яе не змагу ніколі.
    6
    На другі дзень я загадаў рабу Каптаху адаслаць усіх хворых, што сабраліся пад маімі дзвярыма, і параіць ім пашукаць іншага лекара. А сам схадзіў да цырульніка, памыўся, нацёр цела духмяным алеем і,
    апрануўшыся, сабраўся ўжо ісці да Нефернефернефер, калі раптам прыйшоў Харэмхеб і затрымаў мяне.
    — Мой сябра Сінухе, — паскардзіўся ён, — усё вакол зноў — тое самае дзярмо.
    — Я спяшаюся, — нецярпліва паведаміў я. — Ідзі да майго раба, ён дасць табе салёнай рыбы і халоднага піва ў гліняным збане.
    Я рушыў да дзвярэй, але Харэмхеб ухапіў мяне за руку, а паколькі ён быў дужэйшы, я мусіў вярнуцца, каб выслухаць ягоныя скаргі. Ён жаваў салёную рыбу, запіваў яе півам і гаварыў:
    — Жанчына, з якой я ўчора пайшоў, была вельмі са мной ласкавая, але наўрад ці яна магла прапанаваць мне больш, чым самая танная рабыня, — ён хвілінку падумаў. — Праўда, цела ў яе было пяшчотнае й белае, і на п'яныя мазгі мне было прыемна слухаць, як яна енчыць пад маім націскам, але потым я падумаў, ці варта гэтак сябе натамляць дзеля такой справы? Апроч таго, яна замужам, яе муж цяпер у ад'ездзе, а калі ён вернецца, мне давядзецца яго забіць, бо іначай ён заб'е мяне.
    — Ну, гэтага не трэба баяцца, — нецярпліва сказаў я. — У Фівах так рабіць не прынята. Калі ты раптам сустрэнеш яе з мужам, проста пакланіся яму, апусціўшы да каленяў рукі. Тады ён пачастуе цябе віном, дый сам нап'ецца, а ты зможаш павесяліцца з ягонай жонкай у яго ўласным ложку. Так было і так будзе, і яны абое застануцца задаволеныя: жонка — табой, а муж — жонкаю, якая дазволіла яму напіцца, не лаючыся і не катуючы бясконцымі павучаннямі, як робяць зазвычай жонкі.
    — Яе муж сухарэбры, пляшывы і сквапны, як яна мне сказала, — працягваў Харэмхеб, каўтаючы піва. — Я аддаў ёй свой залаты ланцут, бо мне золата — што пыл пад нагамі, калі яно не здабытае ў бітве. А яна мне падаравала свой парык, бо мы сапраўды былі на добрым падпітку. Але што з ім рабіць цяпер, я й не ведаю. — Харэмхеб дастаў з-пад адзення парык і пачаў няўцямна круціць яго ў руцэ. Бліскучыя валасы на парыку былі па-майстэрску пафарбаваныя ў зялёны колер. — Адно мяне засмучае — нападпітку я забыў у яе пад ложкам бізун, і цяпер воіны на вуліцы не вітаюць мяне. Як ты мяркуеш, ці можна на рынку выменяць гэты парык на вайсковы бізун? Бо я ўжо наўрад ці калі-небудзь да яе завітаю, якой бы мяккай і пяшчотнай яна ні была.
    Я сказаў, што можна, і яшчэ раз нагадаў, што вельмі спяшаюся. Але Харэмхеб і не думаў сыходзіць. Ён сказаў, што ў роце ў яго такі смак, нібы ён усю ноч еў глей і, што яго верне ад жаночага паху, якім быццам наскрозь прасякнуліся яго рукі. Потым ён панюхаў мяне і вырашыў, што я таксама правёў ноч з жанчынай, бо і ад мяне тхне масцямі. Я адказаў, што проста быў у цырульніка: мне падалося надта абразлівым паставіць Нефернефернефер упоравень з ягонай кабетай. Я адчуваў,
    што са мной адбылося зусім не тое, што з ім, бо ўся мая істота была нібы аплеценая залатымі ніцямі.
    I відаць, я меў рацыю, бо галоўнае ўсё-ткі не ў тым, што чалавек робіць, а ў тым, што адчувае ягонае сэрца, калі ён гэта робіць.
    — Ты памятаеш клятву, якую я прынёс учора? — спытаў Харэмхеб,— Праўда, я выпіў зашмат віна, але віно прасвятліла мне шмат такога, аб чым я раней не думаў. Я зразумеў, што ўсе, хто цешыцца і ганарыцца сваім багаццем і знатнасцю, — усяго толькі мухі вакол мяне. Можа, нават каханая мной прынцэса Бэкетамон — усяго толькі пыхлівая і самазадаволеная муха ў параўнанні са мною. Адзіная важная рэч — гэта ўлада. А без зброі ўлады не бывае. Так што мой сокал не памыліўся, калі зрабіў з мяне воіна.
    — Улада належыць не тым, хто за яе ваюе, — сказаў я, — а тым, хто пасылае воінаў за яе біцца.
    — Я не дурань, — сказаў Харэмхеб. — Але тыя, хто ўяўляе сябе ўладарамі і сядзіць на высокіх пасадах, могуць насамрэч нічым не валодаць, а сапраўдная ўлада будзе тым часам патаемна належаць зусім іншым людзям. Вось я і думаю, што рада жрацоў Амона — гэта і ёсць тая самая магутная ўлада ў Егіпце, а той жрэц, што сёння сядзіць праваруч ад Вялікай царскае маці, трымае ў руках вялікую сілу. Аднак калі б знайшоўся хто-небудзь, хто сабраў бы вялікае войска, хто павёў бы яго за сабой і прымусіў выконваць свае загады, той і стаў бы сапраўдным уладаром краіны, хай сабе нікому і невядомым.
    — I ўсё-ткі які ж ты дурань! — здзівіўся я. — Бо воін перадусім мусіць паклясціся ў вернасці фараону. А фараон заўсёды стаіць вышэй за ўсіх.
    — Твая праўда, — згадзіўся Харэмхеб, — воін павінен быць верны, на тым трымаецца ўвесь вайсковы парадак. Простых людзей навучаюць вернасці бізуном, а военачальнік ведае, што без вернасці няма войска, а калі вышэйшы военачальнік няверны, дык і падначалены — таксама, і тады ўсё развальваецца. I ў гэтым замінка. Але я, нягледзячы на гэта, вырашыў застацца ў Фівах і пачакаць, пакуль настане мой час. Цяпер, калі я пераспаў з жанчынай, я стаў нашмат спакайнейшы, і хоць паранейшаму кахаю сваю недасяжную, гэтае каханне ўжо суцішылася ў маім сэрцы і боль ад яго не мацнейшы за боль у страўніку. Таму я ўдзячны табе, мой сябра Сінухе, за твае добрыя парады, і калі табе раптам спатрэбяцца мае парады або дапамога, ты знойдзеш мяне ў Залатым палацы.
    Харэмхеб нарэшце пайшоў на рынак выменьваць зялёны парык на бізун, а я, не жадаючы пэцкаць ногі і вопратку вулічным пылам, замовіў насілкі і загадаў насільшчыкам як мага хутчэй несці мяне да дому Нефернефернефер.
    Мой аднавокі слуга Каптах занепакоена глядзеў мне ўслед і трос
    галавой, бо раней удзень я ніколі не пакідаў свайго рабочага пакоя ў. Ён баяўся, што праз такое маё нядбайства ў нас больш не будзе дарункаў ад хворых. А ў маёй галаве панавала ўсяго адна думка, і ўсё маё цела гарэла агнём. Але гэты агонь быў вельмі пяшчотны.
    Служанка ўпусціла мяне ў дом і правяла ў пакой да Нефернефернефер. Тая наводзіла прыгажосць перад люстэркам і зірнула на мяне абыякавымі і жорсткімі вачыма, падобнымі да зялёных каменьчыкаў.
    — Што табе трэба, Сінухе? — спытала яна. — Твая прысутнасць мне непрыемная.
    — Ты добра ведаеш, што мне трэба,— адказаў я і паспрабаваў абняць яе, памятаючы якою прыхільнай яна была гэтай ноччу. Але яна рэзка мяне адштурхнула.
    — Ты што — звар'яцеў ці задумаў нядобрае, нашто замінаеш мне, — абурана сказала яна. — Хіба ты не бачыш, што мне трэба прывесці сябе ў парадак? I У Фівы прыехаў гандляр з Сідона, які прывёз знойдзеную ў грабніцы дыядэму царыцы. Я даўно ўжо хачу мець такую аздобу — якой не мае ніхто, — і гэтым вечарам мне хто-небудзь абавязкова яе падаруе. А таму я павінна паспець як след упрыгожыць твар і нацерціся духмяным алеем.
    Ніколькі не саромеючыся, яна распранулася і ўлягла на ложак, каб рабыня нацерла яе цела духмянымі масцямі. Ад убачанай прыгажосці маё сэрца паднялося ажно да горла, і далоні спацелі.
    — Чаго ты цягнеш, Сшухе? — спытала яна, па-ранейшаму лежачы ў ложку, калі рабыня пайшла. — Чаму не сыходзіш? Мне трэба апрануцца,
    I тут, няздольны больш працівіцца страсці, я кінуўся да яе, але яна так спрытна мяне адхіліла, што я нічога не змог зрабіць і заплакаў ад бяссільнай пажадлівасці. Урэшце я ціха прамовіў:
    — Ты добра ведаеш, што, каб я меў сродкі, то купіў бы табе гэтую дыядэму. Я не магу дазволіць, каб да цябе дакранаўся хтось іншы. Я лепш памру.
    — Праўда? — лёгка сказала яна, прыжмурыўшы вочы. — Ты, праўда, не можаш дазволіць, каб мяне абдымаў нехта іншы? А калі б я ахвяравала табе гэты дзень? Калі б я піла і ела, і весялілася з табою, Сінухе, увесь сённяшні дзень (бо заўтрашні невядомы нікому), што б ты мне даў? Яна падняла рукі і павярнулася на ложку, зграбна выгнуўшы перад маімі вачыма. У яе на целе не было ніводнае валасінкі ні на галаве, ні ў якім другім месцы, дзе яны звычайна растуць.
    — Дык што ты мне дасі? — зноў спытала яна, пацягваючыся і запытальна гледзячы на мяне.
    — Мне няма чаго табе даць, — адказаў я, азіраючыся вакол. Падлогу з лазурковага ляпісу ўпрыгожвалі ўзоры з натуральнае бірузы, а ўздоўж сцен стаяла шмат залатых вазаў. — У мяне сапраўды няма нічога тако-
    га, што я мог бы падараваць табе, — паўтарыў я і павярнуўся на аслабелых нагах, каб пайсці прэч, але яна спыніла мяне.
    — Мне шкада цябе, Сінухе, — бестурботна сказала яна і зноў мякка пацягнулася ўсім целам. — Ты ўжо аддаў мне самае каштоўнае, што ў цябе было, але, на маю думку, каштоўнасць гэтага вельмі была перабольшаная. Але ў цябе ёсць дом, адзенне і прылады, якімі карыстаюцца лекары. Выходзіць, ты не такі ўжо бедны.
    Мяне скаланула з галавы да ног, але я сказаў:
    — Калі ты пажадаеш, усё гэта будзе тваё, Нефернефернефер. Усё гэта будзе тваё, калі ты павяселішся сёння са мною. Зрэшты, мая маёмасць каштуе не дорага, але ж дом абсталяваны для лекавання хворых, і можа, які-небудзь вучань з Дома жыцця будзе здольны даць за яго неблагую цану, калі ў ягоных бацькоў знойдуцца сродкі.
    — Праўда? — спытала яна і павярнулася да мяне голай спінай, разглядаючы сябе ў люстры. — Хай будзе па-твойму. Пакліч пісарчука, хай ён напіша паперу, паводле якой я перавяду на сябе ўсю тваю ўласнасць. Бо хоць я і жыву адна, але ж я не якая-небудзь нікчэмная і распусная жанчына і павінна паклапаціцца пра сваю будучыню, калі ты, Сінухе раптам захочаш мяне пакінуць.