• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Мяне ахапіў страх, бо гэта было напраўду жахліва: нізкародны адважыўся кідаць позіркі на дачку фараона і, мала таго, пажадаў яе ў сваім сэрцы! Таму я сказаў:
    — Ніводзін просты смяротны не можа да яе дакрануцца, і толькі яе брат, наследнік фараонскага трона можа пасадзіць яе побач, як Вялікую Боскую жонку. Так павінна адбыцца, я прачытаў гэта ў вачах прынцэсы, калі бачыў яе ля смяротнага фараонава ложка, — яна глядзела толькі на свайго брата. I я ўжо тады жахнуўся, бо гэта была жанчына, цела якой не мусіў сагрэць ніводзін мужчына, і ў яе мігдалападобных вачах застылі пустэча і смерць. Таму і я скажу табе: «Ідзі прэч, сябра мой, Харэмхеб, бо Фівы не для цябе».
    Але Харэмхеб нецярпліва сказаў:
    — Усё гэта я добра ведаю, і нават лепш за цябе, а таму твае словы — як зыканне мухі ў маіх вушах. Вернемся лепш да таго, пра што ты нядаўна казаў як пра нейкую злую сілу. Маё сэрца сапраўды перапоўненае жаданнем, а цяпер, выпіўшы віна, я тым больш захацеў, каб мне ўсміхнулася якая-небудзь жанчына. Але строі ў яе павінны быць з царскага ільну, і на галаве мусіць быць парык, а вусны і шчокі — падведзены чырвоным. I май на ўвазе, калі яе вочы не будуць прадаўгаватыя, як месяц на небе, я таксама яе не захачу.
    Я ўсміхнуўся і сказаў:
    Ты кажаш мудра. А зараз давай падумаем па-сяброўску, што табе зрабіць. Ці шмат у цябе золата?
    Харэмхеб высакамерна адказаў:
    Я не прыніжуся да таго, каб узважваць сваё золата. Золата — гэта бруд пад нагамі. Але на шыі ў мяне залаты ланцуг, а на руках бранзалеты. Гэтага хопіць?
    — Можа, золата і не спатрэбіцца, — адказаў я. Можа, нават будзе
    разумней, калі ты сам усміхнешся, бо жанчыны, якія апранаюцца ў царскі лён, істоты капрызлівыя, а твая ўсмешка можа якую-небудзь з іх распаліць. Няўжо ў палацы няма такіх, каб табе не траціць дарэмна сваё золата?
    — Сцаць я хацеў на сцены палаца. Але я ведаю іншы спосаб. Са мной служыць адзін наёмнік з Крыта, яго завуць Кефта. Я некалі даў яму добрага выспятка за тоое, што ён з мяне пасміхаўся, дык цяпер ён дужа пачаў мяне паважаць. Ён запрашаў мяне сёння з сабою на вечарыну ў нейкі дом, дзе сабяруцца высакародныя. Гэты дом стаіць ля храма багіні з кашэчаю галавой, але імя багіні я не запомніў, бо і не збіраўся туды ісці.
    — Ты маеш на ўвазе багіню Баст? — сказаў я. — Я ведаю той храм і лічу, што дзеля твайго намеру гэта вельмі падыходзіць, бо легкадумньім жанчынам падабаецца ўзносіць малітвы кашэчагаловаму божышчу, Яны прыносяць багатыя ахвяры, каб знайсці багатых палюбоўнікаў.
    — Але я не пайду туды, калі ты не пойдзеш са мною, Сінухе, — прамовіў Харэмхеб са збянтэжаным выглядам. — Я нізкародны і ўмею толькі раздаваць грымакі ды махаць бізуном. Я не ведаю, як паводзіць сябе ў Фівах, а яшчэ менш — як трэба абыходзіцца з фіванскімі жанчынамі. Ты чалавек свецкі і нарадзіўся ў сталіцы, а таму павінен пайсці са мной.
    Выпітае віно кружыла мне галаву, Харэмхебавы словы прыемна лашчылі душу, і я не захацеў прызнавацца, што ведаю жанчын яшчэ менш за яго. Пад уплывам віна я паслаў Каптаха па насілкі і, пакуль Харэмхеб дапіваў віно, каб разбудзіць адвагу ў сэрцы, дамовіўся з насільшчыкамі аб памяркоўнай цане. Але данёсшы нас да храма Баст і ўбачыўшы, што перад домам, у які мы кіраваліся, гараць паходні і лямпы, насільшчыкі пачалі гучна лаяцца і патрабаваць прыбаўкі. Урэшце Харэмхеб выцяў іх сваім бізуном, і тыя пакрыўджана падаліся прэч. Каля храмавай брамы стаялі маладыя жанчыны, якія зазыўна нам усміхаліся і запрашалі разам прынесці ахвяры. Але яны былі апранутыя не ў царскі лён, і парыкоў на іх не было, а таму мы не спынілі на іх сваёй ўвагі.
    Я пайшоў наперадзе, і мы ўвайшлі ў дом, дзе ніхто не здзівіўся нашаму прыходу, а вясёлыя дзяўчаты-служанкі палілі нам на рукі, і яшчэ на тэрасе да нас данесліся пахі гарачай ежы, водар духмяных націрак і кветак. Рабы ўпрыгожылі нас вянкамі, і мы смела рушылі ў залу, бо віно абудзіла адвагу ў нашых сэрцах.
    Але як толькі я ўвайшоў у залу, усё вакол для мяне знікла і мой позірк за астыў на адной жанчыне, якая ішла нам насустрач. Яна была апранутая ў тонкі царскі лён, праз які прасвечвала яе цела, і здавалася, нам насустрач плыве сама багіня. Яе галаву пакрываў важкі сіні парык, плечы і рукі зіхацелі чырванню незлічоных упрыгожанняў, куточкі вачэй былі падведзены чорным, а ніжнія павекі пакрывалі зялёныя цені.
    Але яшчэ зелянейшымі былі самі яе вочы, падобныя Нілу пад летнім гарачым сонцам, і маё сэрца абарвалося, бо гэта была Нефернефернефер, тая самая жанчына, якую я аднойчы сустрэў у каланадзе вялікага храма Амона. Але яна не пазнала мяне, а толькі пытальна зірнула на нас і ўсміхнулася Харэмхебу. Той прывітальна падняў у адказ свой начальніцкі бізун. Юнак з Крыта, якога звалі Кефта, таксама заўважыў Харэмхеба і, спатыкаючыся аб зэдлі, падбег да яго, абняў і назваў сваім сябрам. На мяне ж ніхто не звярнуў увагі, і я мог спакойна любавацца на тую, каго называў сястрой свайго сэрца. Я памятаў яе больш маладою. Цяпер яе вочы ўжо не ўсміхаліся, застаючыся ўвесь час жорсткімі і халоднымі, як зялёныя камяні. Усміхаючыся аднымі вуснамі, яна позіркам дала зразумець, што заўважыла залаты ланцуг на Харэмхебавай шыі.
    Гэтая сустрэча мяне так уразіла, што я адчуў слабасць у каленях. У зале было шмат іншых гасцей. Сцены тут былі распісаныя найлепшымі мастакамі, а столь трымалася на калонах у форме ліліяў. У зале былі замужнія і незамужнія жанчыны, апранутыя ў тонкі лён, паўсюль віднеліся цяжкія парыкі ды зіхцелі каштоўныя аздобы. Кабеты смяяліся і жартавалі з мужчынамі, маладымі і старымі, прыгожымі і брыдкімі, таксама абвешанымі залатымі аздобамі, у каўнярах, цяжкіх ад каштоўных камянёў, і ў залатых вышывак. Усе крычалі і смяяліся, на падлозе валяліся перакуленыя чашы і гарлачы з-пад віна, пярэсціліся затаптаныя кветкі, а сірыйскія музыкі шчыравалі так, што за іх бразготкамі нельга было разабраць ні слова. Усе ўжо выпілі шмат віна, і адной жанчыне зрабілася нават блага. Служанкі не паспелі ёй паднесці сасуд, і яна ўквэцала сабе вопратку, што яшчэ больш развесяліла прысутных, і ўсе з яе кпілі.
    Кефта-крыцянін абдымаўся ўжо і са мной. Сваімі масцямі ён перапэцкаў мне ўвесь твар і называў не іначай, як сваім сябрам. I тут Нефернефернефер, зірнуўшы на мяне, сказала:
    — Цябе зваць Сінухе? Я некалі ведала аднаго Сінухе. Ён таксама хацеў стаць лекарам.
    — Я той самы Сінухе і ёсць, — прамовіў я, і маё цела затрымцела пад позіркам яе зялёных вачэй.
    — He, ты не той самы Сінухе, — сказала яна, адмоўна махнуўшы рукой. — Сінухе, якога ведала я, быў малады хлопец, і ў яго былі светлыя і палахлівыя як у газелі вочы. А ты ўжо сталы мужчына, і павадкі ў цябе мужчынскія, дый твар не такі гладкі, як у яго, а на пераноссі ў цябе дзве маршчыны.
    Тады я паказаў ёй пярсцёнак з зялёным каменем у сябе пальцы. Але яна, недаверліва пахітаўшы галавой, сказала:
    — Я, напэўна, прымаю ў сваім доме рабаўніка, бо ты, мусіць, забіў
    таго Сінухе, чый позірк некалі радаваў маё сэрца. Ты забіў яго і сцягнуў з яго пальца пярсцёнак, падораны мною на ўспамін аб нашым сяброўстве. А ў дадатак і ўкраў ягонае імя. Няма больш таго Сінухе, які мне так спадабаўся.
    Тады я зняў з пальца пярсцёнак і працягнуў яго жанчыне:
    — To забяры свой пярсцёнак назад, а я лепш пайду, каб не псаваць табе вясёлага свята.
    Але яна сказала:
    — Застанься!
    I як некалі раней, лёгка дакрануўшыся да маёй рукі, ціхім голасам сказала:
    — He ідзі нікуды.
    Калі толькі яна гэта зрабіла, я зразумеў, што яе абдымкі апякуць мяне мацней за агонь і я ўжо ніколі не здолею быць без яе шчаслівым.
    Жанчына, якая нядаўна званітавала, прапаласкала рот і выпіла зноў. Потым зняла запэцканую вопратку, скінула парык і засталася зусім голая. Яна сціснула рукамі грудзі ў лодачку, загадала рабу наліць у ямку віна і прапаноўвала адтуль піць усім, хто хацеў. Хістаючыся яна хадзіла па зале і гучна смяялася. Яна была маладая, прыгожая і гарэзлівая. Спыніўшыся каля Харэмхеба, яна прапанавала выпіць са свайго незвычайнага сасуда і яму. Харэмхеб нахіліўся і выпіў, а калі падняў галаву зноў, яго твар стаў чырвоны. Ён зірнуў жанчыне ў вочы, узяў яе за галаву рукамі і пацалаваў. Усе засмяяліся, і жанчына таксама, але потым раптам збянтэжылася і запатрабавала чыстую вопратку. Слугі апранулі яе, яна зноў усклала на галаву парык і села побач з Харэмхебам, але віна больш не піла. Сірыйскія музыкі зайгралі зноў, і я адчуў у крыві і ва ўсім целе пякучае полымя фіванскай ліхаманкі. Я зразумеў, што створаны жыць у свеце, чые дні ўжо злічаныя, але мне гэта было ўсё роўна, бо я мог сядзець побач з сястрой майго сэрца і любавацца на яе зялёныя вочы і пурпурныя вусны.
    Так, дзякуючы Харэмхебу, я зноў сустрэў Нефернефернефер, але лепш бы я ніколі яе не сустракаў.
    5
    — Гэта твой дом? — спытаў я, калі яна села побач і зірнула на мяне халоднымі зялёнымі вачыма.
    — Гэта мой дом, — адказала яна, — і гэта мае госці. Яны прыходзяць сюды кожны дзень, бо я не хачу быць адна.
    — Ты, мусіць, вельмі багатая, — сказаў я засмучана, бо не мог сябе лічыць яе роўняй.
    Але яна засмяялася, нібыта пачуўшы гаворку малога дзіцяці, і адказала словамі са старой казкі:
    — Я жрыца, а не нікчэмная жанчына. Чаго ты ад мяне хочаш?
    Але я не зразумеў, што яна мае на ўвазе.
    — А што Метуфер? — спытаў я, бо хацеў ведаць праўду, хоць гэта было і нялёгка.
    Яна ўважліва паглядзела на мяне, крыху нахмурыўшы бровы.
    — Хіба ты не ведаеш, што Метуфер памёр? — спытала яна. — Ён памёр, бо патраціў грошы, якія фараон даў ягонаму бацьку на будаўніцтва храмаў. Ён памёр, а ягоны бацька перастаў быць царскім будаўніком. Ты гэтага не ведаў?
    — Калі гэта праўда, — з усмешкай адказаў я, — дык я гатовы паверыць, што Амон пакараў яго за знявагу.
    I я расказаў, як Метуфер са жрацом плявалі ў твар выяве Амона і мазалі сябе свяшчэнным алеем, прызначаным для націрання божышча. Яна слухала, усміхаючыся, але яе вочы заставаліся халоднымі і абыякавымі, і яна глядзела некуды ўдалячынь. Раптам яна спытала:
    — Чаму ты не прыйшоў да мяне тады, Сінухе? Калі б ты мяне шукаў, то знайшоў бы. Ты зрабіў вельмі дрэнна, што прыйшоў не да мяне, a падаўся з маім пярсцёнкам да іншых жанчын.
    — Я быў зусім дзіцём і, бадай што, баяўся цябе, — адказаў я. — Але ў сваіх снах я называў цябе сваёю сястрой, і ты можаш смяяцца, Нефернефернефер, але я яшчэ не спазнаў ніводнай жанчыны, я ўсё чакаў цябе.