Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Яна спыніла мяне жэстам і недаверліва сказала:
— Ты, мусіць, мне хлусіш, ты лічыш мяне старой і непрыгожай і проста забаўляешся, кажучы мне няпраўду.
Яна паглядзела на мяне, і вочы, як раней, засвяціліся радасцю, а маё сэрца яшчэ мацней закалацілася ад гэтага яе позірку.
— Гэта праўда, я ніколі яшчэ не дакранаўся да жанчыны. Але я хачу быць з табой шчыры і скажу, што чакаў я толькі цябе адну. Паўз мяне прамільгнула шмат усякіх жанчын — прыгожых і не вельмі, маладых і старых, разумных і дурных, але я глядзеў на іх толькі вачыма лекара, і ніводная з іх не запаліла маё сэрца жаданнем, а чаму так — я не ведаю.
I яшчэ я дадаў:
— Лягчэй за ўсё сказаць, што гэта ідзе ад твайго каменя, які ты дала мне ў знак нашай друж'бы і, сама таго не ведаючы, зачаравала мяне. А можа чараўніцтвам быў дотык тваіх пяшчотных вуснаў? Але гэта не тлумачэнне. Ты можаш тысячу разоў спытаць у мяне: «Чаму?» — але адказаць табе я не змагу.
— А можа, ты ў дзяцінстве ўпаў з воза ды ўцяўся галавой аб аглоблю, і ад таго стаў такі журботны і жывеш у самоце? — насмешліва сказала яна. I дакранулася да маёй рукі так, як да мяне не дакраналася яшчэ ніводная жанчына.
Адказваць ёй не было патрэбы, яна і сама ведала, што кажа няпраўду Тады яна хуценька адвяла сваю руку і шапнула:
— Давай вып'ем разам віна ды пацешым нашыя сэрцы. Можа, я сапраўды яшчэ павесялюся з табою, Сінухе?
Мы выпілі. Рабы ўжо выносілі некаторых гасцей да насілак. Харэмхеб абдымаў жанчыну, што сядзела побач, і называў яе сястрою. А яна, я ўсміхаючыся і прыклаўшы яму палец да вуснаў, казала, што не любіць глупстваў, аб якіх ён пашкадуе ўжо на другі днём. Тады Харэмхеб падняўся з чашай у руках і выгукнуў:
— Я ніколі не пашкадую аб тым, што зрабіў і зраблю. I я буду глядзець толькі наперад і ніколі не азірнуся назад. Клянуся ў гэтым сваім сокалам і тысячамі багоў Верхняга і Ніжняга Егіпта. Хоць я не магу назваць іх усіх на імя, але хай яны пачуюць гэтую маю клятву.
Ён сарваў з шыі залаты ланцуг і хацеў павесіць яго на жанчыну, але тая адмовілася і сярдзіта сказала:
— Я прыстойная жанчына, а не вулічная самадайка.
Раззлаваная, яна ўстала і пайшла прэч, але на парозе неўпрыкмет падала Харэмхебу запрашальны знак, і той адразу рушыў за ёй. Гэтым вечарам я іх болей не бачыў.
На іх адсутнасць ніхто не звярнуў увагі, бо час быў позні і госці пачалі разыходзіцца. На развітанне ўсе стараліся выпіць як мага болей віна, хістаючыся, блукалі па зале, спатыкаліся аб зэдді і штомоц грымелі адабранымі ў сірыйскіх музыкаў бразготкамі. П'яныя госці абдымаліся, называлі адзін аднаго братамі і сябрамі, а праз хвіліну пачыналі бойку, абзываючы «сяброў» і «братоў» свіннямі і кастратамі. Жанчына бессаромна скідалі свае парыкі і дазвалялі мужчынам лашчыць аголеныя макушкі, бо з тае пары, як багатыя і знатныя жанчыны пачалі галіць галовы, ніякая іншая ласка не распаляла так моцна мужчынскае жаданне. Некаторыя мужчыны падыходзілі і да Нефернефернефер, але тая іх адганяла. Калі ж яны рабіся занадта навязлівымі і нахабнымі, я проста наступаў ім на ногі, не зважаючы на іх знатнасць і высокае становішча, бо ўсе здорава перапілі і ніхто ўжо сябе не памятаў.
Але ж сам я віна не піў — я і так быў п'яны ад таго, што сядзеў побач з гэтай жанчынай, я быў п'яны ад дотыку яе рукі. Нарэшце яна падала знак, і рабы пачалі тушыць святло, выносіць сталы і зэдлі, падбіраць растаптаныя кветкі і вянкі і выносіць да насілак гасцей, якія пазасыналі ля глячкоў з віном. Тады я спытаў:
— Мне, напэўна, таксама пара?
Але кожнае слова пякло маё сэрца, як соль пячэ адкрытую рану. Я не хацеў яе страціць, і кожная хвіліна без яе здавалася мне безжыццёвай.
— Куды ты намерыўся ісці ? — спытала яна, прыкідваючыся вельмі здзіўленай.
— Пайду, каб правесці ноч перад тваім домам, — адказаў я. — Пайду прыносіць ахвяры ў кожным храме Фіваў у падзяку багам за сустрэчу з табой, бо ўбачыўшы цябе зноў, я зноў паверыў багам. Пайду ірваць кветкі з дрэваў, каб пасыпаць імі твой шлях, калі ты выйдзеш з дома. Пайду купляць міра, каб змазаць ім завесы на тваіх дзвярах.
Але яна ўсміхнулася і сказала:
— Тады лепш не ідзі, бо кветкі і міра ў мяне ёсць. He ідзі, бо распалены віном ты пойдзеш да іншай жанчыны, а я гэтага не хацела б.
Гэтыя словы так узрушылі мяне, што я ледзь не схапіў яе ў абдымкі, але яна ўхілілася і сказала:
— He трэба! Я не хачу, каб бачылі слугі. Я хоць і жыву адна, але я прыстойная жанчына. Калі ты быў шчыры са мною, буду шчырай з табою і я. Мы крыху пачакаем з тым, дзеля чаго ты прыйшоў сюды, a тым часам я завяду цябе ў сад і раскажу табе казку.
Мы выйшлі ў асветлены месяцам сад, напоўнены духмяным водарам міртаў і акацыяў. Лотасы ўжо згарнулі свае кветкі на ноч, і стракатыя камяні па краях вадаёма зіхцелі ў месячным святле. Рабы палілі нам на рукі і паставілі перад намі смажанку з гусей ды садавіну ў мёдзе. Нефернефернефер сказала:
— Еш і весяліся са мною, Сінухе.
Але горла ў мяне перасохла ад страсці, і я не мог ні есці, ні піць. А яна ела са смакам, усміхаючыся і гарэзліва на мяне паглядаючы, і кожны раз у яе зялёных вачах адбівалася месячнае святло. Паеўшы, яна сказала:
— Я абяцала расказаць табе казку і раскажу, бо да рання яшчэ далёка, а спаць мне не хочацца. Гэта казка пра Сэтне і Табубуэ — жрыцу багіні Баст.
— Гэтую казку я чуў ужо сто разоў, сястра мая, — нецярпліва адказаў я. — Прыйдзі ж, каб я мог абняць цябе, і ты заснеш у маіх абдымках. Прыйдзі, сястра, бо маё цела збалелася ад жадання і, калі ты не прыйдзеш, я буду біцца галавою аб камень і крычаць ад жадання.
— Цішэй, Сінухе, цішэй, — сказала яна і пагладзіла мяне па руцэ. — Ты занадта гарачы, і я баюся цябе. А таму хачу распавесці казку, каб цябе супакоіць. Дык вось: аднойчы вельмі даўно Сэтне, сын Хэмвесе, шукаючы ў храме Тота кнігу, убачыў Табубуэ, жрыцу багіні Баст, і загарэўся да яе такім вялікім жаданнем, што паслаў слугу прапанаваць ёй дзесяць дэбенаў золата, каб яна хоць гадзінку пагадзілася павесяліцца з ім разам. Але Табубуэ сказала: «Я жрыца, а не распусная жанчына. Калі твой гаспадар сапраўды хоча таго, аб чым кажа, няхай сам прыйдзе ў мой дом, дзе ніхто нас не ўбачыць і мне не спатрэбіцца паводзіць сябе як нейкай таннай вулічнай дзеўцы». Сэтне ўзрадаваўся такому адказу і паспяшаўся ў дом Табубуэ, дзе быў сардэчна сустрэты
і пачаставаны віном. Распаліўшы сябе напоямі, Сэтне хацеў адразу аддацца таму, дзеля чаго прыйшоў, але Табубуэ спыніла яго словамі: «Ты трапіш туды, куды так імкнешся, але не забывай, што я жрыца, а не танная вулічная дзеўка. Калі ты сапраўды хочаш таго, пра што кажаш, ты павінен аддаць мне ўсё — свае грошы, маёмасць, дом і зямлю — усё, што ты маеш». Сэтне зірнуў на яе і адразу паслаў па спрактыкаванага пісара-заканазнаўцу, каб той склаў дамову, паводде якой ён, Сэтне, перадаваў усю сваю ўласнасць Табубуэ. Тады жрыца ўстала і апранулася ў царскі лён, праз які прасвечвала яе боскае цела, і ўпрыгожыла сябе каштоўнымі аздобамі. Але калі Сэтне да яе пацягнуўся, яна зноў сказала: «Ты ўжо хутка трапіш у месца сваіх жаданняў. Але я жрыца, a не танная вулічная дзеўка, а таму ты павінен выгнаць з свайго дома жонку, каб я не баялася, што ты можаш зноў вярнуцца да яе сваім сэрцам». Сэтне зірнуў на яе і паслаў рабоў выгнаць жонку з хаты. Тады Табубуэ сказала: «Ідзі ў маі пакоі і ляж на мой ложак — там ты атрымаеш сваю ўзнагароду». Узрадаваны Сэтне кінуўся ў спачывальню і лёг на ложак, чакаючы ўзнагароды, але тут увайшоў раб і сказаў: «Твае дзеці стаяць ля брамы і ў слязах шукаюць сваю маці». Але Сэтне не слухаў яго і нічога не хацеў чуць, ён хацеў аддацца таму, дзеля чаго прыйшоў у дом Табубуэ. Тады гаспадыня сказала: «Я жрыца, а не танная вулічная дзеўка, і таму падумала, што твае дзеці змогуць захацець судзіцца з маімі за тваю спадчыну. Каб такога не здарылася, ты павінен дазволіць мне забіць тваіх дзяцей». I Сэтне дазволіў ёй гэта зрабіць і выкінуць дзяцей праз акно, каб іх там пажэрлі сабакі ды кошкі. I папіваючы з Табубуэ віно, ён чуў, як жывёлы б'юцца між сабой за іх мяса.
Тут я перапыніў Нефернефернефер, бо ў мяне зноў сціснулася cappa, як некалі ў дзяцінстве, калі я слухаў гэтую казку:
— Усё гэта толькі сон. Бо потым, лежачы на ложу Табубуэ, Сэтне пачуў яе крык і прачнуўся. Ён быў увесь гарачы, нібы толькі што выйшаў з распаленай печы, і не было на ім ні шматка адзення. Гэта быў проста сон, які забаўляючыся наслаў на яго Неферкаптах, — пра яго ёсць другая казка.
Але Нефернефернефер спакойна сказала:
Так, Сэтне бачыў сон і прачнуўся, але шмат хто прачынаецца толькі ў Доме смерці. Сінухе, я павінна табе сказаць, што я таксама жрыца, а не якая-небудзь нікчэмная жанчына. I маё імя таксама можа быць Табубуэ.
Але калі яна пазірала на мяне, у яе вачах адбівалася месячнае святло, і я не паверыў ёй. Я пацягнуўся да яе, але яна адхілілася і спытала:
— Ці ведаеш ты, чаму выява багіні кахання Баст, мае выгляд кошкі?
— Няма мне справы ні да кошак, ні да багоў, — адказаў я, ловячы жанчыну ў абдымкі, і мае вочы дрыжэлі слязамі страсці.
Але яна зноў адвяла мае рукі і сказала:
— Ты хутка зможаш дакрануцца да майго цела і пакласці рукі на мае грудзі і ўлонне, калі гэта супакоіць цябе. Але спачатку ты мусіш мяне паслухаць, каб ведаць, што і жанчына, і страсць падобны да кошкі. У іх мяккія лапы, але яны маюць драпежныя кшцюры, якімі бязлітасна раздзіраюць чалавека да самага сэрца. Жанчына напраўду падобна да кошкі, бо, як і кошка, адчувае асалоду, здзекуючыся са сваёй ахвяры, прычыняючы ёй пакуты, драпаючы вострымі кшцюрамі, і такая забава ніколі не надакучвае ёй. Толькі змучыўшы да знямогі сваю ахвяру, кошка з'ядае яе і выпраўляецца на пошукі новай. Я кажу табе гэта толькі таму, што хачу быць з табою шчырай і не хачу чыніць табе ліха. Я не хачу прычыніць табе ліха ні ў якім выпадку, паўтарыла яна, безуважна ўзяла маю руку і паклала сабе на грудзі, а другую на ўлонне, ад чаго я ўвесь затрымцеў і слёзы паліліся з маіх вачэй. Але яна тут жа адштурхнула мае рукі і сказала:
— Маё імя Табубуэ, і цяпер, калі ты ведаеш гэта, ідзі прэч і не вяртайся ніколі, каб я не зрабіла табе бяды. А калі застанешся, не вінаваць мяне ў няшчасцях, якія могуць адбыцца з табой.