Сёстры
Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
Мікола Адам
СЁСТРЫ
Раман
Мінск «Галіяфы» 2020
УДК 821.161.3-31
ББК 84(4Бен)-44
А28
Адам,М.
А28 Сёстры : раман / Мікола Адам. — Мінск : Галіяфы, 2020. — 328 с.
ISBN 978-985-7209-61-3.
Новы раман «Сёсгры» Міколы Адама правакуе на кожным кроку. Выкраданне, вайна на Данбасе, каханне, Берлін, Нью-Ёрк, Мінск — карагод падзей і гарадоў раскручваецца, нібыта спіраль. Жыццё дзвюх родных сёстраў ператвараецца ў салраўдны трылер.
УДК 821.161.3-31
ББК 84(4Бен)-44
ISBN 978-985-7209-61-3 © Адам М„ 2020
© Афармленне. ПВУП «Галіяфы», 2020
1
Сонца з недасяжных вышынь усміхалася гарэзлівым дзяўчом, гайдалася, бы на арэлях, у паветры бязвоблачнага неба, што здавалася і намаляванай гуашшу карцінай, і свежапамытай, толькі што адпрасаванай бялізнай, і навюткай гладкай шаўковай прасціной сочнага блакітнага колеру, завіслай над нябачным ложкам у чаканні свайго прызначэння. Да яе карцела дацягнуцца, пакратаць рукой і нават сцягнуць уніз, на сябе, захутацца, як у кокан, у нябесную празрыстасць і пяшчоту, каб прыўзняты настрой захаваць надалей, каб ён нікуды і ніколі не знік, прынамсі, пакуль доўжыцца жыццё, якому заўжды так бракуе пяшчоты і сонца, быццам вязню, навечна асуджанаму на пакаранне. Ды хіба жыццё — гэта пакаранне? Калі навокал рознагалоссе фарбаў і вясёлкавы гоман птушак? Калі ты проста ідзеш па вуліцы і табе ўсміхаюцца зусім незнаёмыя людзі, тыя, што ідуць насустрач, і тыя, што абганяюць цябе? Іх твары светлыя, вочы бліскучыя, рухі ўпэўненыя, галасы звонкія, постаці дзівосныя!.. На кожным рагу цалуюцца парачкі... Дзяўчаты ў лёгкіх сукенках, у любы момант
гатовыя ўзляцець нават без крылаў. Зрэшты, крылы ім дораць хлопцы. Пацалункамі. Увагай. Клопатам. Пачуццямі... Яны носяць сваіх дзяўчат на руках, а некаторыя на спіне і нават на шыі. Побач з імі спыняюцца паважныя старыя, абапіраючыся на кавенькі, узіраюцца ў маладыя твары, пазнаючы ў іх сябе. Правальваюцца ў настальгію былых гадоў, пражытых, але не забытых. Жыццё — суцэльная памяць, такое ж, як неба. Яно ніколі не перарываецца. Жыццё няспыннае, рыхтык знак бясконцасці, упэўненае ва ўласнай неўміручасці.
Лета сонечнымі прамянямі, што пераскоквалі з твару на твар жоўтымі малпачкамі, абяцала шчасце. Святло, што сыходзіла ад яго, не асляпляла тэатральнымі сафітамі і ліхтарамі, сілкавалася салодкай ватай, шакаладам, які раставаў проста на вачах і ліпнуў да пальцаў вязкай масай, халодным квасам і фантанамі, у якіх плёскалася маленькімі дэльфінамі дзятва, дурэючы разам з дарослымі.
Летам быў аплецены, як выкшталцонай павуцінай, і горад Станіславаў, што знаходзіўся ў самым цэнтры Галічыны і з’яўляўся ці не сэрцам яго. Прынамсі, падобнае адчуванне ўзнікала падчас першага знаёмства з ім і павялічвалася ў разы на Стометроўцы — ці інакш вуліцы Незалежнасці, якая, у сваю чаргу, была сэрцам самога горада. Яна брала пачатак ад Вечавай плошчы з двухкаскадным фантанам, побач з якім зазвычай прызначаліся спатканні і сустрэчы, і цягнулася аж да вуліцы Івана Франко (найстарэйшай у горадзе, цяністай з-за высачэзных ліп
ды каштанаў і зацішнай), але даўжыня яе складала амаль пяцьсот метраў, а не ўмоўных сто. Паводле легенды, яшчэ ў часы цара Гароха тут панавала царства павеўн на любы смак, густ і кошт. Там, дзе сёння разнастайнае багацце кавярняў, раней стаялі бардэлі ці прытулкі спакусы і асалоды, — як неверагодна дарагія, для багатых на грошы і фантазіі кліентаў, так і несамавітыя, танныя, пафарбаваныя ў жоўты колер будыначкі для менш заможных наведвальнікаў, але не менш ахвочых да жаночага аголенага цела і ласкавак. Будынкі ляпіліся адзін да аднаго паабапал дарогі з абодвух яе бакоў і пазіралі вокны ў вокны, асабліва ў начную пару, калі асвятленне дазваляла нават зазіраць у шыбы. Дзеля рэкламы, у якой, дарэчы, ніводзін з падобных дамоў не меў патрэбы, тым не менш уласніцы і гаспадыні выправаджвалі на вуліцу, быццам на варту, дзяўчат, якіх меней за астатніх замаўлялі. Рабілася гэта і ў выхаваўчых мэтах, і ў якасці пакарання, бо працэс прыбытку не павінен быў пакутаваць з-за незапатрабаванасці асобных прадстаўніц найстаражытнейшай прафесіі. Прынамсі, яны і ўтваралі тую «стометроўку», сваімі постацямі падпіраючы сцены дамоў, да якіх належалі, перагукваліся адна з адной, дражнілі адна адну, смяяліся адна з адной, абражалі адна адну і ўмомант заціхалі, калі міма праходзіў патэнцыйны кліент. Прычым самая непрыгожая з іх, з’едзеная сіфілісам, празрыстая, як пергамент, вачыма асвятляючы, нібы ліхтарамі, сябе і свае паслугі, шчыравала спрытней за астатніх каляжанак у спробах заарка-
ніць хоць каго-небудзь. На дзіва, ёй гэта ўдавалася, пацвярджаючы слушнае выслоўе, што непрыгожых жанчын не бывае. Ці ведалі яны, ці хоць на хвіліну задумваліся пра тое, якой стане іх вуліца праз гады? Наўрад ці яны ўвогуле пра штосьці думалі. Тым не менш, тыя самыя будынкі, адрэстаўраваныя і падлечаныя, змененыя цалкам, што не пазнаць, ператварыліся ў кнігарні і кавярні самага рознага кшталту з аднаго боку, а з другога, вокнамі ў горад, — у элітнае жыллё, гатэлі і банкі.
Менавіта сюды спяшалася і Аксана, ужо нават спазнялася патрапіць у пэўны час да фантана, побач з якім сама ж і прызначыла сустрэчу. Зрэшты, затрымалася яна непадалёк ад Стометроўкі, праводзіла заняткі па фотамайстэрству (курс гэты складаў дванаццаць практычных урокаў з тэарэтычнымі абгрунтаваннямі па месцы лакацыі, накіроўваючы і падказваючы чатыром дванаццацігадовым дзяўчатам, яе вучаніцам, пра фокус, ракурс і святло) у палацы Патоцкіх — занядбаных, сляпых збудаваннях з высокімі столямі, адкуль шматамі сыпалася тынкоўка, аблезлымі сценамі, таемнымі лёхамі і магнетычнай прыцягальнасцю даўніны ды міжвольнай рамантычнай фантазіяй, што абавязкова ўзнікала, калі ты знаходзіўся ўнутры палаца. Пасля развалу СССР палац выкупілі ў дзяржавы польскія камерсанты, нягледзячы на тое, што той больш як трыста гадоў з’яўляўся вайсковым, а потым проста шпіталем і належаў гораду. Магчыма, палякі лічылі інакш, магчыма, мелі намер аднавіць гістарычную спадчыну графаў Патоцкіх, але ў іх нічога з гэтага
не выйшла, і праз дваццаць пяць гадоў яны вярнулі права Станіслававу валодаць палацам, які ўжо выглядаў як бомж з працягнутай рукой, просячы міласціны. Адміністрацыя горада вырашыла зрабіць з палаца музей дзеля памяці і турыстаў, аб’явіла тэндэр на рэканструкцыю, але кошты патэнцыйныя мецэнаты не спяшаліся вылучаць на абнаўленне старых будынкаў. Музейныя супрацоўнікі ўласнымі сіламі намагаліся даводзіць памяшканні да ладу, звярталіся да людзей, заахвочвалі валанцёраў, фатографаў, журналістаў пашыраць звесткі пра гістарычны помнік... Між іншым, гэта гетман каронны і шляхетны ваявода Станіслаў Рэвера Патоцкі заснаваў і палац, і горад яшчэ ў 1654 годзе. Чароўная маляўнічая мясцовасць, на якой размешчаны сённяшні Станіславаў, колішняе паселішча Забалоцце, што існавала з 1437 года, у свой час вельмі захапіла графа. Ён вырашыў заснаваць тут горад, а выкананне ўласнага рашэння даручыў сыну Андрэю.
Горад-крэпасць, названы Андрэем Патоцкім у гонар бацькі (па іншых версіях, у гонар сына), быў узведзены за досыць кароткі тэрмін (пяць месяцаў) у 1662 годзе па праекце французскага архітэктара Франсуа Карасіні ў форме правільнага шасцікутніка з дадатковымі бастыёнамі, рэдутамі і фортам. На вастрыях шасцікутніка размясціліся бастыёны — знешнія пяцікутныя ўмацаванні, якія дазвалялі ажыццяўляць флангуючы мушкетны абстрэл уздоўж сцен. Папярочны разрэз сцен складаў земляны вал шырынёй 20-30 метраў, умацаваны звонку дубовымі
бярвёнамі. Пасля 15 гадоў заснавання Станіславаўская крэпасць была настолькі моцнай, што здолела спыніць у 1672 годзе велізарную турэцкую армію і вытрымаць доўгую аблогу.
Работы над умацаваннем Станіславаўскай крэпасці працягваліся да сярэдзіны XVIII стагоддзя. У 1679-1682 гадах інжынер Караль Бенуа ўдасканаліў крэпасць у напрамку новазбудаванага палаца Патоцкага. У 1734~175О гадах частакол замянілі на камень і цэглу, арсенал цалкам перабудавалі. Сцены сталі цаглянымі, а вароты — каменнымі. Усяго налічвалася сем вялікіх і малых крапасных бастыёнаў. Вышыня крапасных сцен дасягала ю метраў. Крэпасць апярэзвалі земляныя валы, за імі цягнуліся равы, якія запаўняліся вадой з Быстрыцы, і ў горад можна было трапіць толькі праз перакідныя масты, якія апускаліся з дапамогай ручных калаўротаў — такім чынам адкрываліся гарадскія вароты. 3 поўдня доступ да крэпасці перакрываўся чорным лесам і паласой суцэльных балотаў.
Па еўрапейскіх канонах горадабудаўніцтва ў гарадах, якія мелі магдэбургскае права, галоўнай плошчай прызначалі плошчу Рынак з узведзенай на ёй Ратушай, якая з’яўлялася не толькі органам самакіравання і ўпрыгожваннем горада, але і вартавой вежай, самым высокім пунктам горада-крэпасці, з якой вяліся назіранні за тым, ці не набліжаецца да горада вораг і ці не ўспыхнуў дзе пажар. У самой Ратушы знаходзіліся магістрат, суд і крама. Першыя памяшканні Ратушы былі драўлянымі.
У 1699 годзе завяршылася будаўніцтва каменнай Ратушы. Кожны бок плошчы Рынак шчыльна забудавалі дамамі, што, як правіла, не маглі мець вышэй за два, а пазней за тры паверхі і не болып за тры-чатыры акны. Падобнае патрабаванне традыцыі горадабудаўніцтва па магдэбургскім праве было прадыктавана меркаваннямі бяспекі.
Пасля далучэння Галічыны да Аўстрыйскай манархіі ў 1772 годзе Станіславаўская крэпасць страціла сваё абарончае значэнне. Імператарскім указам ад 1804 года знесены муры, засыпаны крапасныя равы, валы разбіралі да 1870 года. Па засыпаных равах праклалі вуліцы, з каменя і цэглы муроў выклалі 4 плошчы, 24 вуліцы і пабудавалі жылыя дамы.
Збольшага Аксана, што ведала, тое і распавяла дзяўчатам, знешне, між іншым, амаль не адрозніваючыся ад іх, хоць узрост мела бальзакаўскай жанчыны. Росту ніжэй сярэдняга на сантыметраў дзесяць, з прывабнай зграбнай фігурай пад лёгкім сарафанам у кветачкі, што падолам ледзь кранаўся прыгожых каленяў (сарафан яна апранула паўзверх белай футболкі з доўгімі рукавамі), з акруглымі паддеткавымі плечукамі, з караткаватымі, але вытанчанымі ножкамі, абутымі ў бела-ружовыя красоўкі на матузках; побач з вучаніцамі яна сапраўды нагадвала школьніцу, асабліва калі не прыглядацца да яе адмыслова, не ўзірацца ў твар яе. Зрэшты, толькі па вачах і можна было зразумець, што жыццё след свой пакінула не абы-які, як у душы Аксаны, так і на сэрцы: аўтографам распісвалася з зайздросным паста-