Сёстры  Мікола Адам

Сёстры

Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
82.84 МБ
10
янствам і з шырокім размахам, быццам у школьным дзённіку настаўнік, не шкадуючы месца ў вымалёўванні двойкі. Вочы Аксаны — колеру дажджу ў марскіх хвалях цёплага блакіту пад доўгімі густымі, нібы штучнымі, аднак натуральнымі вейкамі (якім зайздросцілі яшчэ з часоў студэнцтва аднакурсніцы і прасілі падзяліцца сакрэтам іх прыгажосці, ды сакрэта ніякага не было, акрамя ўмення карыстацца касметычнымі сродкамі, да таго ж вейкі ад прыроды былі такімі доўгімі, і яна падфарбоўвала адно верхнія) — як люстэрка адлюстроўвалі яе ўнутраны стан, быццам прыкуты кайданамі да каменных і волкіх сцен досведу, падобных на лёхі ў палацы Патоцкіх, адкуль тхнула страхам і загадкавай таямнічасцю праз агеньчыкі ліхтарыкаў у руках дзяўчат, што падпальвалі цемру, нібы паперу, і адчуваўся нават смурод, як ад гарэлага мяса. Зрэшты, чаго толькі не прывярэдзіцца ў памяшканні, аплеценым стагоддзямі, а не адно павуцінай. Велікаваты рот Аксаны з беласнежнымі роўнымі зубамі і вуснамі, падобнымі на мандарынавыя долькі, нібыта звужаўся пры судакрананні з чырвонай памадай альбо, інакш кажучы, скараўся ёй, ператвараўся ў надзвычайнае ўпрыгожванне, вусны рабіліся пульхнымі і сакавітымі, як вішні, ад якіх немагчыма было адвесці позірк. Прамы, але цікаўны, як і яго гаспадыня, нос нярэдка сутыкаўся з непрыемнасцямі такога кшталту, якія можна было б асацыяваць і з прыемнасцямі таксама. Справа густу, не больш. Гладкая скура, натуральнага, не бледнага колеру на дотык нагадвала шоўк, праўда,
на шыі ўжо намячаліся адбіткі часу, якія на тканіне былі б падобнымі на драпінкі. Пастрыжаныя валасы колеру апалага лісця ўжо адрасталі і тырчэлі кудзеркамі з-за вушэй. Каб на вочы не падала доўгая грыўка, яны былі зачасаныя назад і прыціснуты да галавы абручом. Падпяразаная «патранташам» з прыладамі для фотаапарата, і жаночым начыннем для падтрымкі прыгажосці, Аксана абняла па чарзе кожную дзяўчынку на развітанне, тыя ў адказ абнялі яе і разбегліся ў розныя бакі да наступнага ўрока праз некалькі дзён. Зірнула на гадзіннік і прыспешыла крок, бо дужа затрымлівалася, чаго вельмі не любіла і старалася не спазняцца. Хада яе, хоць і хуткая, трэба адзначыць, не мела нічога агульнага з мітуслівасцю і вінаватасцю. Аксана ішла ўпэўненымі крокамі чалавека, які ведае, хто ён і для чаго на гэтым свеце, звычайна без пагарды да тых, хто акружае, але і не заўважаючы іх. Цяпло і лагода, што выпраменьваліся кожнай клетачкай яе цела зусім нядаўна побач з дзяўчатамі, зніклі ўмомант пасля развітання з імі. Холад, аддаленне і недасягальнасць суправаджалі Аксану нябачным, на першы позірк, шчытом, на які неаднаразова натыкаліся незнаёмцы ў раптоўным спадзеве пазнаёміцца з ёю. Аксану ніхто не цікавіў да таго часу, пакуль яна сама кімсьці не зацікавіцца, таму сцяну паміж сабой і светам пабудавала адмыслова, хоць і вымушана, меліся на тое прычыны. Але ніколі пра гэта не шкадавала. Зрэшты, ад свету дзяўчына не адгароджвалася, прымала яго, аднак па ўласных законах, вядомых толькі ёй.
11
12
Яна спазнілася на пятнаццаць хвілін. Сораму не адчувала, бо папярэдзіла загадзя аб магчымай затрымцы: усё ж выкладала не абы-які прадмет, якому ў школе не вучаць, да таго ж тым, хто зацікаўлены апрыёры ў яе ведах. А яшчэ фотакурсы з’яўляліся адной з частак яе фінансавага прыбытку, не такой прыбытковай, як фатаграфаванне вяселляў, дзён нараджэння ды іншых святаў, але дужа важнай для ўнутранага стану, задавальнення ўласных патрэб.
Соню, малодшую сястру, з якой і дамовілася сустрэцца яшчэ з учарашняга вечара, Аксана ўгледзела адразу, як толькі выйшла на Вечавую плошчу. Тая сядзела пад велізарным дубам, што рос пасярэдзіне плошчы, акальцаваным драўлянымі лаўкамі, якія рэдка калі пуставалі, хіба што ўначы, бо цень ад яго дужых мускулістых, бы ў казачнага волата, рук-галін заўжды ратаваў усіх жадаючых і ад сонца, і ад ветру. Аксана абмінула фантан, які заўжды акупаваны дзецьмі, дарослымі, і наблізілася да сястры.
— Прывітанне, сістэр! — прамовіла да яе.
Тая, відаць, аб нечым задумаўшыся ці некага вышукваючы ў шматлюднай плыні плошчы, нават уздрыгнула ад нечаканасці, але ўзрадавана падхапілася з месца і памкнулася да сястры. Яны абняліся па звычаю, нават жарсна, нібыта не бачыліся сто гадоў, зрэшты, так і было, калі не ўлічваць відэаразмоў па скайпе, клюнулі адна адну ў шчаку, потым узяліся за рукі і колькі імгненняў не адпускалі іх, узіраючыся ў вочы.
Соня была маладзейшай за Аксану на пяць гадоў і здавалася вышэйшай за сястру, магчыма, з-за
хударлявасці, бо на самай справе рост абедзве мелі аднолькавы. Доўгія саламяныя валасы Соні падалі на яе вострыя плечы сонечнымі прамянямі, хоць звычайна яна іх збірала ў тугі хвост і перахоплівала ззаду гумкай, адно залатыя кудзеркі вытыркаліся па баках і лажыліся па скронях уніз. Але твар тады выглядаў не вельмі прывабна: і без таго хваравітую бледнасць скуры падкрэслівалі выразныя скулы, завостраны нос і тонкая нітачка бясколерных вуснаў. Адно вочы свяціліся ліхаманкавым бурштынавым бляскам. Вызваленыя з хвастатага палону валасы ўпрыгожвалі твар, надавалі яму круглейшую форму, хавалі ў сабе яго безабароннасць перад светам. Да таго ж доўгая тонкая шыя пад валасамі не нагадвала шыю жырафы, па словах самой Соні. Насамрэч яна проста іранізавала, бо шыя яе, калі параўноўваць, больш была падобная на лебядзіную. У байцы з каптуром на спіне і Куртам Кабэйнам на грудзях, апранутай на белую футболку, сініх фірмовых джынсах з адмысловымі дзіркамі на каленях і ружовых кедах, дзяўчына нічым не вылучалася сярод мінакоў Станіславава, хоць па факце з’яўлялася грамадзянкай Злучаных Штатаў Амерыкі. I размаўляла яна на роднай мове без акцэнту, які зазвычай штучным чынам узнікаў у большасці эмігрантаў, магчыма, міжвольна. Голас Соні нагадваў мурканне пяшчотнай хатняй кошачкі, яго хацелася слухаць бясконца і дазваляць яму рабіць з сабой што заўгодна. Здавалася, ён пакрываў суразмоўцу з ног да галавы мёдам і лашчыў нябачным языком сэрца, ад чаго займала
13
14
дыханне. Голас Аксаны не меў падобнага эфекту, але вылучаўся іншымі цікавосткамі. Яна валодала ім, як прафесійная актрыса, нездарма некалькі гадоў наведвала заняткі па рыторыцы, і яе выключным артыкуляцыйным дадзеным зайздросціла не адна сапраўдная актрыса з мясцовага драмтэатра.
— Дужа рада цябе бачыць! — нарэшце выдыхнула Соня.
— Я цябе таксама, — усміхнулася Аксана ў адказ.
— Ты... так... — падбіраючы словы, каб вымавіць наступную фразу, Соня разгубілася, аднак глядзела ў вочы сястры з непрыхаваным захапленнем. — Карацей, калі б я была хлопцам, — нарэшце знайшла патрэбныя словы, — абавязкова ў цябе закахалася б. — I выгукнула: —Ксан, ты такая прыгажуня!
— Дзякую, — стрымана ўсміхнулася тая.
Ёй было прыемна, што малодшая сястра зрабіла камплімент, на які старэйшая не напрошвалася. Але факт заставаўся фактам. Аксана сапраўды выглядала шыкоўна насуперак усім тым жыццёвым віхурам, якія, як зграя ваўкоў, пераследвалі яе з часоў заканчэння школы. Бясспрэчна, Соня выглядала не менш прывабна, нягледзячы на хударлявасць, якая мімаволі кідалася ў вочы. Мела б яна больш высокі рост — і дзверы безлічы мадэльных агенцтваў магла б адчыняць нагой.
— I ты не Папялушка, Соня, — мусіла Аксана засведчыць відавочнае і дадала: — Ажно свецішся ўся.
— Так, прасвечваюся, як прамакашка, — засмяялася Соня з сябе і адкінула валасы з вачэй рукамі
ў чорных празрыстых пульсэтках. I пульсэткі, і байка ніколькі не перашкаджалі ёй радавацца жыццю ў амаль трыццаціградусную гарачыню. Соня была мярзлячкай, таму зараз жыла там, дзе ніколі не бывае холадна, — у паўднёвым штаце Луізіяна, а менавіта ў горадзе Батан-Руж, які вылучаўся еўрапейскай архітэктурай і больш нагадваў Еўропу, чым Амерыку — дзіўна, але нагадваў нават паветрам, якім дыхалі яго жыхары. Толькі прысутнасць тут кракадзілаў падказвала кожнаму, што гэта ўсё ж Амерыка. Гэтыя стварэнні, рыхтык сельскія куры, корпаліся на ўзбярэжжы каналаў у гразі ці адпачывалі ад будзённасці пад вадой, не ведаючы аніякага страху перад людзьмі. Іх ніхто не чапаў, і яны нікога не чапалі.
Аксана не паспела запярэчыць сястры ці запытаць у яе, як яна пачувае сябе дома. Пытанне, як кажуць, на засыпку, але не абавязкова галоўнае і, хутчэй за ўсё, неарыгінальнае, а таму і добра, што засталося незададзеным. Неўзабаве на плошчы з’явіўся малады чалавек, які падышоў да сясцёр (дакладней, да Соні) з некалькімі пірожнымі «картошка» ў руках і адно працягнуў Соні, адно Аксане, а трэцяе пакінуў сабе. Аксана пазнала ў ім Сонінага нарачонага Томаса (ён неаднаразова прымаў удзел у размовах па скайпе з будучай сваячкай), узяла пірожнае, падзякавала, а потым Томас абняў яе і сказаў на вушка, зразумела, па-англійску, што вельмі рады знаёмству ў рэале. Соня тым часам назвала іх імёны адно адному, што было лішнім, аднак і неабходным па правілах этыкету.
15
16
Томас узвышаўся над сёстрамі, як дуб над горадам, вышэйшы за іх на галаву, калі не на дзве. Прынамсі, так здавалася Аксане. Магчыма, падобны эфект узнікаў з-за сапраўды яго вялікага росту, хоць да 180 не дацягваў. Малады чалавек меў спартыўную фігуру, шырокія плечы, мускулістыя валасатыя рукі і грудзіну, якія рэльефна вылучаліся праз белую футболку з амерыканскім сцягам на правым рукаве ў выглядзе нашыўкі, падобнай на вайсковую. He менш мускулістымі выглядалі і яго ногі ў клятчастых шортах, пакрытыя валасамі нават на каленях, усунутыя ў карычневыя сандалеты з прарэзамі для пальцаў. Аксане знешне не дужа падабаліся падобныя мужчыны, бо нічога эстэтьгчнага ў так званай атлетычнай прыгажосці не бачыла, наадварот, тыя бугры на целе, якія мужчыны любоўна называлі біцэпсамі, трыцэпсамі ды іншай трасцай і цешыліся як дзеці іх наяўнасцю, палохалі яе, хоць сама яна таксама сачыла за сваёй фігурай, ніводнага разу не прапусціла заняткаў у фітнес-цэнтры і ганарылася зайздроснымі кубікамі прэса на жываце. Хаця мускулы Томаса не здаваліся лішнімі наростамі і не нагадвалі чужародныя пухліны. Ён быў падцягнуты, сухаваты, і мускулы адно дапаўнялі агульны малюнак яго постаці, да таго ж ён вылучаўся не абы-якой прывабнасцю і прыцягальнасцю, не салодкай, як некаторыя прыгажуны з шоу-бізнесу, а прыроднай, сапраўды мужчынскай, да якой карцела калі не прыхінуцца, то хаця б паспытаць яе водару. Кароткія чорныя валасы ззаду, а спераду, наадварот, доўгія. Ён іх увесь