Сёстры
Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
31
32
Тарас упершыню не прыйшоў начаваць дамоў, але маці яго, хоць і чакала, бо сын абяцаў прыйсці раней і дапамагчы ёй у бібліятэцы, падумала, што ў таго з’явілася нешта больш важнае за дапамогу ёй. Зразумела, ёй было непрыемна асэнсаваць той факт, што сын вырас і мае клопат не пра яе адну, таму і не стала яму тэлефанаваць, каб не патурбаваць незнарок. Аднак душу і сэрца вярэдзілі неспакойныя адчуванні і нават злосць, бо мог жа патэлефанаваць і папярэдзіць, каб маці не чакала і не хвалявалася за яго. Няўжо так цяжка набраць яе нумар і сказаць некалькі слоў? Яна хаця б заснула, бо зранку на работу ды яшчэ справаздачы пісаць... Гэта эгаістычна з яго боку і зусім на яго не падобна. Аднак усё адно не патэлефанавала сыну, варочалася з боку на бок у ложку, драмала, на працу выйшла без настрою і вельмі нагадвала ўскудлачанага вераб’я. Потым усё ж перасіліла сябе і патэлефанавала сыну. Аўтаадказнік абыякавым жаночым голасам паведаміў ёй, што абанент па-за зонай сеціва або выключаны, і параіў патэлефанаваць пазней. Тады пачала абзвоньваць аднакласнікаў сына, ды тыя нічога не ведалі пра яго, нехта параіў звязацца з Соняй. Дзяўчынай з фотаздымкаў, якімі абвешаны быў увесь пакой Тараса. Як яна адразу не дадумалася? Ёй і трэба было тэлефанаваць. Аднак і Соня не ведала, куды падзеўся Тарас, прынамсі, яна сказала, што хлопец даволі рана сышоў ад яе ўчора, маючы намер дапамагчы маці на працы. Яна таксама адчувала неспакой, бо перад сном не атры-
мала звыклых і нават абавязковых паведамленняў з пажаданнем добрай ночы праз тэлефон. Набірала Тарасаў нумар, але той не адказваў. Абедзве зразумелі, што з Тарасам нешта здарылася. Маці яго звярнулася ў паліцыю, рукі яе калаціліся, яна заікалася ў намаганнях данесці да дзяжурнага сэнс уласных перажыванняў. Ды ніхто не хацеў пачуць болю жанчыны. Ёсць пратакол падобных спраў: толькі праз трое сутак пасля знікнення чалавека паліцыя пачынае варушыцца. Звычайна за гэты тэрмін чалавек знаходзіцца самастойна. Тарасавай маці параілі супакоіцца і вяртацца дамоў, дзе, магчыма, яе ўжо чакае сын, якога яна быццам бы згубіла. Жанчына хацела б, каб так і адбылося, спадзявалася на тое, спяшалася, ляцела дадому бы на крылах. Аднак Тараса не было. Ён не вярнуўся ні на другія суткі, ні на трэція, ні на чацвёртыя. У паліцыі стараліся не сустракацца вачыма з ёй. Тараса пачалі шукаць. Менавіта тады Соню ахапіў холад упершыню. Напэўна, каханне да Тараса сагравала яе, магчыма, рабіла няўразлівай. He стала яго (хоць пра тое яшчэ ніхто не ведаў і нават не здагадваўся, акрамя, зразумела, Арцёма) не стала і цяпла, як і святла, якімі Тарас забяспечваў Соню напоўніцу. Дзяўчына мерзла на сонцапёку, бы ў мароз. Падрыхтоўка да іспытаў не давалася ёй, выслізгвала, быццам лядзяш з рук. Якая размова магла весціся пра вучобу, калі ўсе думкі яе былі толькі пра Тараса?! Невядомасць паглынала яе, з’ядала знутры, бы глісты. Паліцыя нічым не магла суцешыць. Усе
33
34
пошукавыя працэдуры скончыліся нічым, ніякай зачэпкі следчая група не выявіла. Пакуль раптам не загаварыў Арцём. Праз восем дзён свайго знаходжання ў клініцы. Правы бок яго паралізавала. Твар таксама перакрывіла. Хлопец увесь час бязгучна плакаў, слёзы каціліся па шчоках безупынку, пакідалі мокрыя празрыстыя сцяжынкі на скуры, быццам пракладалі для некага ці для нечага шлях. Маці яго таксама не стрымлівала слёзы, але адварочвалася да акна палаты, каб яшчэ больш не вярэдзіць сына, і насоўкай прамакала вочы. Аднак плечы ёй здраджвалі і ўздрыгвалі пры кожным нявольным яе ўсхліпе. Бацька Арцёма трымаўся мужна, як і належыць дзяржслужачаму, адно кусаў губы ад роспачы і жалю да сына, якому ён нічым не мог дапамагчы, бо не валодаў паўнамоцтвамі Бога, ад дотыку якога хлопец падняўся б на ногі ўмомант. Сем дзён Арцём знаходзіўся ў коме, тое, што яго паралізавала часткова, дактары лічылі добрай прыкметай і запэўнівалі бацькоў пра часовасць з’явы. Арганізм малады — адужае немач. Ды бяда, як кажуць, не ходзіць адна.
Захлёбваючыся ў плачы, глытаючы канчаткі, Арцём сіліўся данесці да бацькі тое, што зрабіў, і менавіта за гэта цяпер расплачваўся.
— Што ты такое гаворыш? — не разумеў яго бацька.
— Я не хацеў, — выў і скуголіў Арцём. — He хацеў, чуеш, тата? Само атрымалася.
— Што атрымалася? — намагаўся пачуць сына бацька, але ў яго нічога пакуль што не атрымоўвалася.
— Там... у падвале... Тарас... — працягваў Арцём. Яму было цяжка і маральна, і фізічна прызнавацца ў здзейсненым.
— Тарас? — прыслухалася маці і хутка адышла ад акна, прысела на краёк ложка сына.
— Так, Тарас, — пацвердзіў Арцём.
— Што з Тарасам? — мякка запытала ў яго маці.
— Ён там... ляжыць... адзін...
— Дзе там?
— У падвале... у школе... нежывы...
— Нежывы? — нарэшце дайшоў сэнс сказанага да бацькі Арцёма.
— Я не хацеў... — пускаў пузыры з рота хлопец.
— Што не хацеў? — бацькаў твар пахмурнеў на вачах у прадчуванні непапраўнага.
— Выпадкова... Пісталет стрэліў сам...
— Зачыні дзверы ў палату! — пачуўшы апошнія словы сына, хутка загадаў жонцы бацька Арцёма. Тая ўмомант яго зразумела і выканала загад.
— Які пісталет? — нахіліўся над хлопцам.
— Дзядзькаў... я яго скраў... — прызнаўся Арцём. — Хацеў паказаць Тарасу... А ён стрэліў...
— Тарас стрэліў?
— He... пісталет стрэліў сам у Тараса.
— Божа! — схапілася рукой за сэрца маці Арцёма.
— Як пісталет мог стрэліць сам? — даволі голасна выгукнуў бацька.
— He крычы! — асадзіла яго жонка.
— Я не вінаваты... не вінаваты... — запэўніваў іх сын.
— Дзе ён? — жорстка запытаў бацька.
35
36
— У падвале... там... хады падземныя мы знайшлі... ніхто не ведае пра іх... ён там... у школе... у тых хадах. Там люк пад сталом...
— Хадзем са мной! — сказаў бацька Арцёма жонцы, і яны імкліва выйшлі з палаты, пакінулі клініку і накіраваліся ў бок свайго дома, да школы.
Падвал, як і заўжды, быў адчынены. Яны бесперашкодна дабраліся да ламачча, побач з якім пад стальніцай выявілі схоў. Бацька Арцёма першым спусціўся ўніз, пасвяціў сабе тэлефонам, абмацаў святлом ад тэлефона сцены і столь, натыкнуўся позіркам на рубільнік, пацягнуў на сябе, успыхнула, але ляніва, як бы не хочучы, электрычнае святло. Тады дапамог спусціцца жонцы.
— Кашмар нейкі! — азірнулася вакол сябе жанчына. — I гэта адбываецца з намі? — ці то да мужа звярнулася, ці то пытанне было рытарычным. У любым выпадку, муж яе не адрэагаваў. Ён марудна рухаўся наперад, і яму не падабалася тая сітуацыя, якая вымалёўвалася сваёй жорсткай відавочнасцю проста на вачах. Прызнанне сына насцярожыла яго, але не напалохала, не верылася, што Арцём здзейсніў злачынства, пра якое так эмацыйна распавёў, хутчэй за ўсё гэта вынік крывацёку ў мозг, парушэнне ўспрыняцця рэчаіснасці, ва ўсякім разе падобна на тое. Аднак лаз і падземны ход пад ім — не прытрызнены хворай фантазіяй пад уздзеяннем лекаў — вось ён, як на далоні, сапраўдней за якую-небудзь сапраўднасць. I ўсё ж да апошняга бацька Арцёма спадзяваўся на тое, што сын нагаворваў на сябе.
Жонка першаю адчула саладкаваты пах мерцвяка. Затым і яму ў нос ударыў трупны пах, быццам кулаком у баксёрскай пальчатцы. Яго галава хіснулася, як ад сапраўднага ўдару. Крокі Арцёмавых бацькоў міжвольна замарудзіліся, асуджана, бы па інерцыі, аднак, усё ж рухаліся далей. Маці хлопца голасна ўскрыкнула, калі пабачыла цела Тараса, вочы яе пашырыліся ад жаху пабачанага. Пальцы і вушы юнака былі з’едзены пацукамі, месца раны таксама згрызена. Бацьку Арцёма кінула ў халодны пот, але не ад жалю да загінулага, Тараса ўжо не вернеш, жаль агарнуўяго да сына, якому давядзецца адказваць, нягледзячы на тое, што ён ужо расплачваўся за смерць сябра ўласным здароўем. Патыхала катастрофай і для яго, і для ўсёй сям’і. Яе непазбежнасць адчувалася проста зараз, і пахла яна смерцю.
Жонка скуголіла і галасіла, кружыла на адным месцы, быццам ганялася за хвастом, як кошка. Бацьку Арцёма яе паводзіны раздражнялі і выводзілі з раўнавагі. Ён ледзьве стрымліваўся, каб не спагнаць усю сваю злосць, увесь свой адчай на ёй.
— Сціхні! — усё ж працадзіў, не накрычаў. Ды няхай бы накрычаў, магчыма, лягчэй бы стала. Хаця не, не стала б. I не стане ўжо ніколі.
Жанчына падняла на мужа вочы, страшныя, ахопленыя страхам, быццам завязаныя ім, як стужкай.
— Давай на паветра! — загадаў ён. — Выклікай паліцыю! — Як?.. — усхліпнула тая.
— Рабі, што я кажу, — упэўнена вымавіў Арцёмаў бацька і падштурхнуў жонку да дзеяння: адпіхнуў ад сябе рукой у плячо.
37
38
Яе ногі запляталіся, калі яна ішла назад, цела кідала ў бакі, плечы балюча шорхаліся аб сцены. Муж ішоў следам, панурыўшы галаву.
Свежае паветра ап’яніла, рыхтык сто грамаў каньяку, калі выбраліся з падвала. Жанчына палезла па тэлефон у сумачку. Рукі яе не слухаліся. Тэлефон выслізнуў і разбіўся аб асфальт. Запчасткі, гарэзліва падскокваючы, разляцеліся па баках. Жанчына стомлена наблізілася да бліжэйшага дрэва, абняла камель і павольна спусцілася па ім да зямлі, абліваючыся слязьмі.
Арцёмаў бацька выклікаў паліцыю і «хуткую». Паведаміў, што знайшоўся Тарас і што ён чакае іх каля школы.
Неўзабаве высветлілася, што хлопца можна было ўратаваць, калі б Арцём паклікаў каго-небудзь на дапамогу. Тарас памёр толькі праз паўгадзіны пасля атрыманага ранення. Арцёма судзілі. Улічваючы стан здароўя хлопца, суд прысудзіў яму сем гадоў пазбаўлення волі ўмоўна. Бацька Арцёма мусіў сысці з працы: асуджальныя позіркі кожнага наведвальніка дзяржадміністрацыі, здавалася, праціналі яго наскрозь. Ён дамовіўся з судовымі выканаўцамі на пераезд з Станіславава ў іншую мясцовасць: так было лепш і для горада, і для сям’і Арцёма. Потым яны ўвогуле з’ехалі некуды ў Беларусь, на радзіму Арцёмавай маці.
Соня, здавалася, таксама памерла разам з Тарасам. Было такое адчуванне, што яе пахавалі разам з ім. Выглядала яна як жывы мярцвяк. Пераўтва-
рыцца ў чалавека, зразумела, адбылося не адразу, паступова. На пахаванні дзяўчына ледзь не страціла прытомнасць, калі труну з целам хлопца апусцілі ў яму і пачалі закопваць. Соня пахіснулася і, як самнамбула, зрабіла крок да яе, маючы, відаць, намер, магчыма, неасэнсаваны, скочыць у магілу, каб і яе таксама закапалі разам з каханым. Аксана паспела ў апошнюю секунду затрымаць сястру і адцягнуць убок. Але ўдзячнасці ў яе позірку не пабачыла. Толькі боль, які пасяліўся павуком у зарумзаных вачах. Зрэшты, у той дзень Соня не плакала, слёзы, нібы лёд, застылі ў кутках яе вачэй. Адно плечы ўздрыгвалі ад душэўнага холаду, ад пустэчы, у якую гэты жорсткі свет акунуў дзяўчыну, пакінуўшы ёй адзіноту і пакуты. Ніхто не верыў, што Соня была здатная на такія глыбокія пачуцці, бо ў сучаснай рэчаіснасці ім асабліва не надавалі ўвагі, адмахваліся з-за недахопу часу: каханне лічылася раскошай, якая даўно належыць сферы літаратуры. Грамадства ўспрымала пакуты кахання выключна на старонках раманаў, курчылася і перажывала разам з выдуманымі персанажамі, але нават уявіць не магло, што кніжныя жарсці магчымыя наяве. Дзяўчына яшчэ не бачыла жыцця, казалі пра Соню, не пакаштавала яго на смак, не адрознівала, што добра, а што дрэнна, не мела за плячыма важкага заплечніка з досведам, каб прэтэндаваць на месца фаварыткі кахання. Яго заслужыць трэба, ды не абы-якімі вартасцямі, а імі яна дакладна не валодала. Нават бацькі сумняваліся ў малодшай дачцэ, згаджаліся з агульным меркаваннем і спадзяваліся на