Сёстры  Мікола Адам

Сёстры

Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
82.84 МБ
55
56
што пасля школы паступіць на гістарычны факультэт, каб працягваць вывучаць мінуўшчыну роднага краю, які столькі захоўваў таямніц і незвычайных скарбаў, што хапіла б на дзясяткі жыццяў пасля яе. Прынамсі, Аксану дужа хвалявала пытанне, як выглядаў Станіславаў у першапачатковым, некранутым ні бурамі стагоддзяў, ні войнамі выглядзе. He без яе ўдзелу быў створаны яго графічны макет паводле таго кавалка бастыёна, у якім сёння адбываюцца разнастайныя імпрэзы і мерапрыемствы, ды куды, быццам у Меку, прыходзяць турысты. Але спыняцца на дасягнутым утрапёная шукальніца «скарбаў» не збіралася. Тады ж яна пачала і фатаграфаваць на звычайную мыльніцу, вядома, проста дзеля таго, каб упадабаныя мясціны заўжды былі пад рукой. Аднак тата не ўхваляў захопленасці дачкі. Ён увогуле не лічыў гісторыю годным заняткам, тым больш не жадаў, каб ёю займалася яго дзіця. Для агульнага развіцця, зразумела, веданне нейкіх векапомных падзей не перашкодзіла б, але выключна ў рамках школьнай праграмы. Будучага для дачкі ён жадаў канкрэтнага, практычнага і празрыстага: або эканоміка і фінансы, або дыпламатычная служба перакладчыка, да таго ж здольнасці да вывучэння замежных моў Аксана мела. Тата нічога не хацеў слухаць пра карысць гісторыі, упэўнены ў тым, што больш за пасаду вясковай настаўніцы Аксане не свеціць. He ў іх краіне сур’ёзна займацца гісторыяй, якая перапісваецца штогод, а праўда наўмысна замоўчваецца. Ды гэта паўбяды. Бяда ў тым, ён быў упэўнены, што дзяўчына даволі
хутка расчаруецца ў бяздумна абраным шляху, асабліва калі сутыкнецца з падводнымі камянямі ў асобах выкладчыкаў і прафесараў, якія тое расчараванне ёй і прышчэпяць. Аксана даводзіла адваротнае, плакала і пагражала, але тата заставаўся непахісным у аднойчы прынятым рашэнні. Ён заўсёды выходзіў пераможцам. Яна скарылася, бо татаў аўтарытэт яшчэ ўздзейнічаў на яе, яшчэ меў на яе ўплыў, пахістваўся, як шыбенік перад самагубствам, балансуючы на зэдліку, але трымаўся. Дзяўчына закінула кнігі па гісторыі (не выкінула, канешне, паставіла на паліцы і толькі пазірала на іх перад сном у роспачы, але ў рукі не брала, хоць адчувала, як яны прасілі маўклівымі кацянятамі, каб хаця пагартала, пашамацела старонкамі, ім бы хапіла і гэтага, ды адварочвалася тварам да сценкі, бы здрадніца) і абклалася падручнікамі ды слоўнікамі па англійскай мове. Тата ёй давёў слушнасць перакладчыцкай дзейнасці, і яна згадзілася паступаць на факультэт замежных моў, аднак у Кіеў не адпусціў. Добра, што Станіславаў меў не горшыя за сталічныя навучальныя ўстановы.
Аксана пастутгіла, але вучобу, менавіта на факультэце замежных моў, не лічыла сваёй, не ляжала душа да яе, асабліва спярша, не адчувала дзяўчына сябе шчаслівай у новым дарослым жыцці, бо вымушана была паслухацца тату. Яна быццам падзялілася на дзвюх Аксан, і падзел гэты руйнаваў яе псіхіку, перашкаджаў агульнаму развіццю. Другое «я» дзяўчыны, якому карцела дыхаць напоўніцу і карыстацца кожным момантам існавання, падабацца
57
58
хлопцам і бацькам, выклікаць адным узмахам вей захапленне асяроддзя і рухацца, несупынна рухацца наперад, заваёўваць сабе месца пад сонцам, не зважаючы ні на што, паглынала першае — пяшчотную і рамантычную істоту ў ружовых акулярах, вязня мінуўшчыны, непрыдатнага да суворых сучасных будняў. I хутка паглынула, зачыніла ў галаве за кратамі загадзя пабудаванай каморы, звязала па руках і нагах чырвонымі атласнымі стужкамі, спавіла плотнай тканінай у кокан, запячатала рот і вочы кніжнымі старонкамі і пакінула ў суцэльнай цемры, папярэдзіла, праўда, што будзе наведваць час ад часу. Новы вобраз Аксаны кардынальна адрозніваўся ад папярэдняга. Яна пафарбавала свае русявыя валасы да плячэй у насьгчаны чорны колер, апраналася выключна ў стылі мілітары, касметыка яе і вопратка мелі агрэсіўны характар, цела і позірк дыхалі сексам, нават не дыхалі, а сексам і былі. Калі дзяўчына ішла на пары або вярталася з іх па вуліцы, мінакі мужчыны ледзь не ламалі сабе шыі, абарочваліся на яе, рэагуючы, як сабакі на загад «фас». Адным няўлоўным рухам пальчыка Аксана магла кінуць сабе пад ногі кожнага з іх, растаптаць і не заўважыць. У сценах універа яе з’яўленне таксама выклікала непрыхаванае захапленне не толькі студэнтаў, але і выкладчыкаў. Вечарынкам і дыскатэкам, на якіх прысутнічала дзяўчына, спадарожнічаў нечуваны поспех. Яе хацелі ўсе, ды яна не хацела нікога, бо сапраўдную сябе пакінула на антрэсолі памяці. Тым не менш вучылася Аксана з ахвотай, засвойвала ма-
тэрыял лепей за астатніх аднакурснікаў, на выдатна адказвала на ўсіх практычных занятках, пісала шыкоўныя курсавыя, рыхтавала хатнія практыкаванні, а вымаўленне, калі размаўляла па-англійску, вельмі паходзіла на амерыканскае, куды дзяўчына мела намер з’ехаць адразу пасля атрымання дыплому. На той час яна лічыла сябе годнай большага за тое, што ёй магла прапанаваць айчына ці тата ў асобе айчыны. Зусім інакш наконт Аксаны думаў яе старэйшы на некалькі гадоў стрыечны брат на адным з агульна-абавязковых сямейных святаў, што праходзілі зазвычай у сяле, з усіх бакоў падпёртым лясістымі гарамі, у хаце татавай маці, якая якраз незадоўга да таго пахавала мужа, Аксанінага дзеда. Па словах бабулі, яна ніколі не кахала дзеда, выйшла за яго замуж таму, што так трэба было, таму, што так з ім дамовіўся бацька. Цярпела ўсё жыццё дзедавы п’янкі, сваркі і бойкі, бо пажаліцца не было каму, да таго ж у хаце мела не толькі чарку, але і скварку да яе ды каўбасу, пальцам піханую, чым пахваліцца магла далёка не кожная гаспадыня ў сяле. Дзед працаваў ад відна да відна, не шкадаваў сябе, але не шкадаваў і бабу. 3 палёгкай яна ўздыхнула, калі той памёр, адчула сябе, нарэшце, вольнай, бо да таго пачувалася ці не батрачкай, дый дзед, напэўна, збольшага адносіўся да яе як да батрачкі, чалавека ўвогуле ў ёй не бачыў. Пайсці ад яго, зноў жа, не было куды і да каго, паўсюль адно і тое ж з нязначнымі адрозненнямі. Пра развод ніхто і не заікаўся ніколі, гэтая тэма ў сяле з’яўлялася ўсеагульным табу, а культ сям’і ледзьве не абагаўляўся.
59
60
Жанчына не мела права голасу, затое мусіла нараджаць, працаваць ды ўлагоджваць мужа. Такі сабе феадальны лад дваццатага стагоддзя. Аксану ажно перасмыкнула ад бабуліных расповедаў, і яна выйшла на двор падыхаць свежым паветрам, бо кульнула колькі кілішкаў з самаробным віном, а таму даволі моцным, і адчувала, як літаральна гарэлі яе вушы і шчокі. Двор сустрэў дзяўчыну прыемнай прахалодай, якая лягла на яе плечы плашчом, дыхаць стала лягчэй. Якраз толькі-толькі бралася на вечар, барвавела ўдалечыні справа, за гарамі, куды падала сонца, бы збітая птушка. Сельскія гукі, якіх ніколі не пачуеш у горадзе, апанавалі з хуткасцю саранчы. 3 усіх бакоў даносіліся непарушныя нічым сілы прыроды. Кваканне жабак з рачулкі, стракатанне конікаў, здавалася, проста з-пад ног у траве, цвырканне цвіркуноў недзе зверху над галавой, пошум ад узмахаў крылаў матылёў, камарыны піск, незадаволены буркат жука-плывунца, які, відаць, прыняў за непрадбачаную перашкоду Аксаніны ногі, месершмітывосы, што нахабна праразалі сабой паветра перад вачыма. Дзяўчына раптам усміхнулася: узгадала выпадак з дзяцінства. Тады капалі бульбу, прыселі перакусіць, разаслалі на траве пад раскідзістым дрэвам ручнік, на яго пасыпаліся памідоры, парэзаныя напалам і пасоленыя адна аб адну палавінкі гуркоў, сала свежае і падсмажанае, хлеб, смажаныя яйкі разам з хлебам, журавінны морс у літровай пластыкавай бутэльцы, пляшка з гарэлкай, бо як жа без яе, хоць тата асабліва не злоўжываў, нават маючы на той час
здароўе. Мама пазяхнула, шырока раскрыўшы рот, соладка пацягнулася, распраўляючы плечы, і адна з вос, якая кружляла над галовамі, сіганула ў мамін рот, як у пячору. Пячора тут жа зачынілася, а мама заекатала ад дзікага, напэўна, болю, бо аса, шукаючы паратунку, укусіла яе, тым самым прабіла сабе шлях на свабоду, спалохаўшыся, мабыць, болей за маму. Нічога смешнага, зразумела. Маміна шчака распухла ўмомант. Але сам факт укусу... праз шмат гадоў... здаваўся вясёлым. Ці гэта пад уздзеяннем віна? Мама не прабачыла б Аксане нават намёку на ўсмешку, калі б дзяўчына зараз вярнулася і распавяла ёй пра выпадак, што яе насмяшыў не толькі цяпер, але і тады. Мама на самай справе выглядала смешна, як бы жорстка гэта ні гучала. Адна палова твару адначасова нагадвала паветраны шарык і кітайца, другая — спалоханае кураня. Вядома, тата падхапіў маму на рукі і паспяшаўся як мага хутчэй даставіць яе ў лякарню. Добра, што ў яе не выявілі ніякіх алергій, і за даволі хутка твару вярнулі былую прывабнасць і прыгажосць.
Нахабная аса, што кружляла перад вачыма, відаць, упэўненая ва ўласнай неўміручасці, тым часам быццам прыляпілася да Аксаны, што не дзіўна: яе вусны былі салодкімі ад віна. Дзяўчына адмахнулася ад яе раз, другі, трэці, аднак тая, здавалася, не разумела, што ёй не рады, і працягвала круціцца з намерам ісці на таран, як сапраўдны фашысцкі самалёт. Аксана зняла з нагі красовак і ледзь не ўпала, балансуючы на адной назе. Яна, бясспрэчна, не ўтрымала б раўнавагу, калі
61
62
б яе не падхапіў ззаду Руслан — стрыечны брат, які якраз выйшаў пакурыць. Дзяўчына адно войкнула, але падзякавала, што той яе ўтрымаў. Яны рэдка бачыліся, Руслан не быў заўзятым аматарам сямейных пасядзелак і, калі атрымлівалася, збягаў з іх. Ен заўжды нудзіўся побач са сваякамі, бо яго ніяк не цікавіла існаванне апошніх, асабліва пасля таго, як вярнуўся з войска. Патуляўшыся па розных фірмах і прадпрыемствах, куды ўладкоўвалі яго сваякі, нідзе Руслан не прыжыўся, бо працаваць трэба было, а не лынды біць, да якіх ён быў звыклы, таму зноў па пратэкцыі трапіў на службу ў паліцыю, а менавіта ў пэпээснікі, дзе і затрымаўся надоўга. Хлопец ён быў кемлівы, да таго ж меў спартыўную фігуру і валодаў не абы-якімі практычнымі ведамі па самаабароне ды рукапашным боі. У дзяцінстве Аксана некалькі разоў з ім перасякалася. Ужо тады ён пазіраў на яе неяк дзіўна, прасіў задзерці ўгору сукенку ці спадніцу, але дзяўчына паказвала яму сярэдні палец і ўцякала. У той момант, калі Руслан падхапіў дзяўчыну, каб яна не ўзарала носам бабулін двор, рукі яго міжвольна затрымаліся на яе грудзях пад надзейнай аховай плотнай фланэлевай кашулі і станіка, а гарачы подых яго апёк ёй патыліцу. Аксана падзякавала за выратаванне і вызвалілася з абдымкаў сваяка, якія падаліся ёй зусім не сваяцкімі. Руслан з вялікай неахвотай адпусціў яе, але не сыходзіў, трымаўся побач. Потым сказаў: