Сёстры
Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
— Зацані! — Арцём трымаў пісталет на далоні, адчуваючы яго салодкі цяжар і холад сталі.
— Сапраўдны? — зацікавіўся Тарас, але веры не даваў. Зрэшты, Арцём не паклікаў бы выхваляцца цацачным пісталетам.
— A то! — закапыліў губу Арцём. — Выцягнуў з кабуры дзядзькі, які ў дзевяностыя кілерам падпрацоўваў.
— Ara, — зноў не паверыў Тарас. — I дасюль жывы?!, — усміхнуўся.
— Яшчэ як жывы! — запэўніў Арцём. — Гарэлку жлукціць зараз з татам паўнюткімі гранёнымі шклянкамі. Адзначаюць сустрэчу.
— Даўно не бачыліся?
— Хто? — не зразумеў Арцём.
— Дзядзька твой з бацькам, —патлумачыў Тарас.
— Даўно, — кіўнуў той.
— Дасі патрымаць? — запытаў раптам Тарас. Яму сапраўды захацелася хаця б дакрануцца да рэчы, якая забівае, што ўласціва, бадай, кожнаму хлопцу. Пра Арцёмавага дзядзьку больш не ўзгадваў, пра наступствы ўчынку Арцёма ўвогуле не задумаўся. Пісталет быў тут і зараз, і калі ён сапраўдны — то магічна ўздзейнічаў на абодвух сябрукоў.
— Хадзем, — паклікаў Арцём за сабой, і яны пасунуліся ў глыб падвалу.
Падвал на той час ніколі не замыкаўся. Дый для чаго яго замыкаць? Нічога каштоўнага ў ім не захоўвалася, і сам ён ніякай каштоўнасці не ўяўляў, хоць меў патаемныя хады, падобныя на тыя, што захаваліся ў Пніўскім палацы (іх яшчэ «бандэраўцы» выкарыстоўвалі, бо тыя выводзілі ў горы і ў лес), хіба што ў мініяцюрным эквіваленце. Гэтыя хады Арцём з Тарасам і адшукалі, выпадкова, праўда (калі выносілі па просьбе дырэктара непатрэбнае савецкае лайно з былога памяшкання піянерскага кутка, якое за нейкім чынам зрабілі музеем, як высветлілася, непатрэбным, і таму ку-
25
26
ток мусіў стаць неўзабаве камп’ютарным класам; Арцём тады ў літаральным сэнсе праваліўся пад зямлю, шыхтуючы ў рад спісаны інвентар побач з апорнай сцяной, пад якой якраз і апынуліся лёхі на радасць цікаўным юным «следапытам»), аднак нікому пра тое не распавялі, пакінулі ў сакрэце, бо ён, сакрэт, быў выключна іх таямніцай, схаванай ад чужога вока пад стальніцай, што некалі належала дыхтоўнаму сталу з шуфлядамі пад ключ ды ўшчэнт струхлелымі гнутымі ножкамі. Хады, надзіва, асвятляліся электрычнасцю. Адразу пад лазам меўся шчыток з рубільнікам, які запальваў святло, што сыходзіла ад цьмяных слабых лямпачак пад столлю, размешчаных праз кожныя дзесяць метраў адна ад адной на голай праводцы. Хады мелі тры накірункі, адзін з якіх заканчваўся даволі прасторным памяшканнем, дзе, відаць, нехта адпачываў, пра што сведчылі драўляны стол у куце, стальніца якога была амаль з’едзена тэрмітамі, некалькі даволі крэпенькіх зэдлікаў ды канапа, больш падобная на вожыка з-за вострых спружын, якія раздзерлі дзермацінавы покрыў, бы Тузік грэлку, і бязлітасна пазіралі навокал, здавалася, з надзеяй яшчэ б каго распатлашыць. На сцяне над сталом вісела мапа СССР, пакрытая поліэтыленам і брудным шэрым пылам ад часу, як, зрэшты, і ўся мэбля. Да гэтага закутка хлопцы і мкнулі. У іх быў пісталет, была атмасфера. Яны адчувалі сябе «бандэраўцамі», загнанымі ў пастку, але жывымі іх ворагу не ўзяць. Яшчэ невядома, чыя возьме, бо клятыя маскалі не
арыентаваліся ў падзямеллі, а Арцём з Тарасам ведалі хады, як свае пяць пальцаў. Хутчэй за ўсё яны выберуцца з лёхаў у горы, а пераследнікаў падарвуць, каб назаўжды адбіць ахвоту ганяцца за імі...
Тараса таксама апанавала трапяткое пачуццё хвалявання і ўрачыстага моманту, як нядаўна Арцёма, калі ён трымаў пісталет у руках. Так карцела навесці яго на ўяўнага ворага, прыцэліцца і стрэліць. Калі яшчэ надарыцца нагода?.. Ён сказаў пра гэта сябру, але Арцём запярэчыў, што нельга, хоць і яму хацелася пастраляць. Ды хоць разок стрэльнуць, усё адно дзядзька яго заб’е, мабыць, і дамоў вяртацца няварта. Ну нонсэнс жа, мець сапраўдны пісталет і не скарыстацца выпадкам?!.
Яны дамовіліся зрабіць па адным стрэле ў канапу. Права першаму паспытаць удачу бясспрэчна належала Арцёму, і Тарас без ваганняў згадзіўся. Ён вярнуў сябру пісталет, які ў чарговы раз захоплена разглядаў (пры гэтым неасцярожным рухам зрушыў засцерагальнік з месца), рукаяткай да яго, ствалом да сябе. Арцём пры перадачы зброі адчуў, як палец кладзецца на гачок і цісне на яго; ён хацеў утрымаць пісталет у руках, бо той слізгануў з далоні. Выбух, які пачуў Арцём, нагадваў бомбавы, у вушах звінела, перад вачыма — заслона пылу ці дыму, і Тарас чамусьці ляжаў дагары на канапе, хапаў паветра шырока адкрытым ротам, кадык яго хадзіў ходарам, а правы бок (ён адразу не заўважыў) набрыняў крывёй, густой і ліпкай. Ён адчуў яе на руках, калі кінуўся да сябра, не разумеючы,
27
28
што адбылося. Некалькі спружын пракалолі рукі Тараса наскрозь.
— Тарас, ты чаго? — укленчыў перад ім Арцём, тузануў.
Вусны Тараса крывавіліся, з вачэй цяклі слёзы, ён намагаўся нешта вымавіць, але з рота толькі булькала і пенілася. Ён цяжка дыхаў і раптам, умомант, перастаў.
— Тарас, — прашаптаў Арцём. Усведамленне непапраўнага паўстала перад тварам цаглянай сцяной. Але ж ён невінаваты, пісталет стрэліў сам, выпадкова... Трэба неадкладна вярнуць яго на месца, і ніхто не даведаецца. Нічога не было. Ніхто не ведае пра хады. Дзядзька дакладна яго заб’е, калі не вярнуць зброю своечасова.
Яшчэ адзін позірк на Тараса, і Арцёма сагнула напалам у ванітных пазывах. Але ён усё адно пазіраў на сябрука, пад якім расцякалася кроў і па кроплі падала на падлогу, марудна, быццам рабіла ласку адмыслова для Арцёма, якога зноў і зноў выварочвала, здавалася, што зараз выхаркае кішкі. Ён трываў гэты стан, прымаў яго за пакаранне, згаджаўся ў думках з тым, што заслужыў яго, потым пасунуўся прэч на паўсагнутых нагах, непаслухмяных і няўстойлівых. Хутчэй на паветра, бо паветра катастрафічна не хапала, у вачах цьмяна, цела хістала ў бакі, быццам ён знаходзіўся на караблі ў дрэннае надвор’е, а не пад зямлёй, замураваны ў волкасць і шэрасць. Калі выкараскаўся з сутарэння і хапануў кіслароду, бы махануў сто грамаў, раптам зразумеў, што забыў пісталет. Ён
згубіў яго адразу пасля стрэлу, калі не разам са стрэлам, і пакінуў ляжаць на падлозе маўклівым сведкам забойства. Як гэта страшна гучала: забіў чалавека! Ды не ён, а пісталет, які з пісталета сведка, калі страляў пісталет! Пісталет і ёсць забойца! Але яго трэба вярнуць на месца, пакуль не позна. А калі позна? Што чакае яго дома? Арцём заскуголіў, як шчанюк, якога шпурнулі на вуліцу пад дождж і снег. Ён шкадаваў сябе, шкадаваў Тараса, якога ўжо не вярнуць, дык трэба хоць вярнуць пісталет і пазбавіцца ад найболып верагоднай праблемы, бо ўсё ж дзядзькавага гневу баяўся так, быццам грэшнік пекла. Дзядзька лёгка мог яго забіць проста на вачах у бацькі. Бацька б і не рыпнуўся на яго. Арцём жа паміраць не хацеў, бо і не жыў яшчэ. Тарас таксама не хацеў паміраць, але так атрымалася. Выпадковасць. Ніхто не вінаваты. Судзіць трэба пісталет, бо стрэліў ён, па сваёй ахвоце, без папярэджання напаў на Тараса, як Гітлер на Савецкі Саюз. Супакойваючы сябе падобным чынам, Арцём вярнуўся ў памяшканне з целам Тараса на KaHane. Пісталет застыў у нерухомасці за два крокі ад яе. 3 нутра зноў падбіралася хваля ванітаў, рабілася млосна. Арцём падабраў пісталет і паспяшаўся назад, на хаду клацнуў затворам, паставіў пісталет на засцерагальнік, быццам нацягнуў наморднік на пысу бульдога, схаваў пад кашуляй за спінай.
Пакуль выбраўся з падвала на двор, здавалася, мінула вечнасць. На самай справе прайшло паўгадзіны з моманту сустрэчы яго і Тараса. Сонца адно сабралася сысці на бакавую да загадзя падрыхта-
29
30
ванага аблокамі ложка пад барвовым балдахінам захаду. Арцём адвёў ад яго вочы, бо яно нагадала яму кроў сябра, і патэпаў дамоў. Сэрца яго замёрла, калі ён увайшоў у вітальню. 3 гасцёўні за шклянымі дзвярыма даносіліся гучныя галасы, тосты і п’янае прыцмокванне слоў. Хлопец разуўся і на дыбачках па сценцы прасачыўся да пакоя, у якім пасцялілі дзядзьку на ноч. Пустая кабура на скураным рэмені вісела на крэсле гэтаксама, як ён і пакінуў яе. Арцём запхнуў у кабуру пісталет, быццам запячатаў змяю кляпам, і адхапіў руку. 3 палёгкай выдыхнуў. Падаўся спінаю назад, да дзвярэй. Пры гэтым не зводзіў вачэй з кабуры-змяі, быццам тая магла выплюнуць кляп і накінуцца на яго, каб пакараць за глупствы. Потым зачыніўся ў сваім пакоі, паваліўся тварам у падушку, заплакаў. Наўзрыд. Затым уключыў музыку — «Рамштайн» — у спадзеве, што тая дапаможа яму забыцца. Праз некалькі гадзін яго затрэсла, бы ў ліхаманцы, ён пакрываўся потам з ног да галавы, паднялася тэмпература, а галаву апанаваў страшэнны боль: здавалася, што ў чэрап уставілі бур, як у шахце, і здабываюць нешта, не іначай прызнанне яго віны ў смерці Тараса, які, магчыма, і забраў бы Арцёма з сабой (удваіх усё не так страшна), ды перашкодзіла маці сябрука, якая зайшла ў пакой да сына, занепакоеная тым, што той не адгукаўся, колькі яго ні клікалі. Прыйшлося выклікаць «хуткую». Давялося рэаніміраваць. Па ўсіх прыкметах: мікраінсульт. Арцёма, тым не менш, паспелі выратаваць, але напалохаў ён усіх сваякоў. Яны з-за святочнага
стала перабраліся ў бальнічны калідор Першай гарадской клінікі, ламаючы галаву над тым, якім чынам хлопец мог падчапіць мікраінсульт, нібыта той быў вірусам. Дзядзька яго, як толькі даведаўся, што небяспека для жыцця пляменніка мінула, развітаўся з братам і з’ехаў. Ці здагадваўся ён, што пісталет натрапіў на прыгоды, пакуль гаспадар адпачываў?.. Ніхто і ніколі яго больш у Станіслававе не бачыў.
У той вечар Тарасава маці — мініяцюрная, падобная на вераб’я з-за птушынага выразу твару, але даволі прывабная жанчына — доўга не магла заснуць. Яе вялікія бледна-блакітныя вочы, амаль такога ж колеру, як пабляклыя ад сонца і мыцця сацінавыя фіранкі на вокнах у бібліятэцы, дзе яна працавала, незразумела ўзіраліся ў столь над ложкам (святла яна не выключала). У кутах столі павукі, невялікія з выгляду, але на доўгіх тонкіх лапках, здавалася, адпачывалі, хоць таксама пазіралі зверху на жанчыну з тым, аднак, адрозненнем, што не бачылі яе, яна ім не перашкаджала ў паляванні на мошак, якіх набілася ў пакоі процьма. Тыя праз адчыненую фортку ляцелі на святло, быццам загіпнатызаваныя, апякалі аб яго свае крыльцы. Некаторыя падалі на падлогу і разбіваліся, некаторых адкідала, быццам токам, у куты столі, дзе яны траплялі ў павуціну і заблытваліся ў ёй на радасць павукам, якія, зрэшты, ніяк той радасці не выказвалі, а былі нерухомымі ў чаканні ежы. Так ужо ў свеце заведзена: моцны з’ядае слабога, пакуль моцнага не з’есць мацнейшы за яго, і да бясконцасці паўтараецца адно і тое.