Сёстры
Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
— Дарэчы, —прамовіла Аксана, — спачатку палац быў драўляным. Ён знаходзіўся на месцы сучаснай грэка-каталіцкай катэдры і менавіта ў ім нарадзіўся сын Андрэя Патоцкага — Станіслаў. Гэты палац будаваўся адначасова з горадам і хутчэй за ўсё яму адводзілася роля часовай рэзідэнцыі, — распавядала яна і адначасова кіравала сястрой і Томасам, дзе і як тым стаць, каб атрымаўся добры фотаздымак.
Томас уважліва слухаў Аксану, прыслуховаўся да кожнага слова, каб запомніць і, хто ведае, можа, распавесці дзе-небудзь у Амерыцы. Соня таксама не без цікавасці слухала сястру, бо раней нават ніколі не задумвалася пра гісторыю палаца і ніколі не звяртала на яго ўвагу. Зрэшты, магчыма, таму, што палац тады з усіх бакоў быў абгароджаны высокім жалезным плотам і з’яўляўся нечай прыватнай уласнасцю.
— Адзін з еўрапейскіх падарожнікаў, — працягвала Аксана, — які наведаў Станіславаў у 1687 годзе,
напісаў у сваіх успамінах, што «пабачыў новы палац, пабудаваны з каменя і выдатна ўпрыгожаны». Ён уяўляў сабой трохпавярховы будынак, — Соня і Томас азірнуліся назад, каб упэўніцца ў праўдзівасці Аксаніных слоў, — які хаваўся ў глыбіні саду і мусіў па плане складацца з цэнтра, левага і правага крыла. Аднак у XVIII стагоддзі паспелі пабудаваць толькі цэнтр і левую частку. У цэнтры саду знаходзілася старая кухня, а па баках, быццам каменныя вартавыя, пасталі новая кухня і другасныя памяшканні для яе. Гэтыя двухпавярховыя збудаванні з грубымі сценамі, якія захаваліся дасюль, адначасова выконвалі яшчэ і абарончую ролю. Ад горада палацавы комплекс адгароджваў драўляны плот з каменнымі слупамі, сапраўдным упрыгожваннем якога стала парадная ўязная брама, аздобленая ваеннымі даспехамі. Плошча перад агароджай называлася эспланадай і была вольная ад усякай забудовы. У выпадку пажару агонь спыніўся б на гэтай пустцы, а пры абароне палаца яна дазваляла весці артылерыйскі агонь з саду па плошчы. У канцы XVIII стагодцзя патрабаванні бяспекі трохі памякчэлі, што дазволіла ўзвесці на эспланадзе стайню і вазоўню, дзе захоўваліся панскія карэты. На жаль, ні планаў, ні графічных малюнкаў палаца не захавалася. Аднак да нас дайшло апісанне яго аздаблення ў XVIII стагоддзі. Такім чынам, замак у ніжняй частцы складаўся з шасці невялікіх скляпеністых пакояў, кухні і сенцаў. Па вінтавой лесвіцы падымаліся на другі паверх, «да вялікай залы з паркетнай падлогай, палатнянай бела-маляванай
49
50
столлю і дзвярыма, за якімі хаваліся спальны пакой і «гардэробка», далей «пакой для жанчын», «кавярня», другая «гардэробка», пярэдні пакой. Да выхаду на вал (ён з трох бакоў акружаў палац з усімі яго пабудовамі) вяла пара вялікіх зашклёных дзвярэй. За імі быў мост, які выводзіў аж да вала. У зале ўсе сцены абабітыя палатном з рознакаляровымі палосамі. 3 гэтай залы праз падвойныя, пафарбаваныя набела, з пазалочанай лістотай дзверы можна было патрапіць у пакой кампаніі з дубовай падлогай, белай палатнянай столлю, шафавідным камінам з цэглы, двума падвойнымі вокнамі». Трэці паверх складаўся з васьмі пакояў, даволі сціпла абстаўленых. Зразумела, што за доўгую гісторыю існавання палац бачыў у сваіх сценах шмат ганаровых гасцей. Акрамя, вядома, шматлікай сям’і Патоцкіх, тут спыняўся і польскі кароль Ян III Сабескі, і ўладар Трансільваніі Ферэнц II Ракоцы, знаходзілі прытулак жонка і дочкі ўкраінскага гетмана Піліпа Орліка, і нават аўстрыйскі імператар Іосіф II завітваў сюды. Як і кожная магнацкая сям’я, Патоцкія проста вымушаны былі жыць заможна. Таму даволі часта ладзілі балы, званыя вечары, вяселлі і іншыя забавы. Калі нарадзіўся французскі прынц, што прыходзіўся сваяком жонцы ўладальніка Станіславава, то ў палацы зладзілі феерверк у гонар венцаноснага немаўляці. Акрамя вясёлых святаў адзначалі і сумныя падзеі. Так, эпідэмія чумы 1729-1730 гадоў забрала жыцці многіх прадстаўнікоў сям’і, а пахаванне Язэпа Патоцкага ў 1751 годзе наогул набыло маштабы дзяржаўнай значнасці. Ад-
нак з пераходам Галічыны пад уладу Аўстрыйскай імперыі ўплыў Патоцкіх на горад рэзка паменшыўся, а пасля банкруцтва апошняга ўладальніка Станіславава Прота Патоцкага ў 1801 годзе горад наогул перайшоў у дзяржаўную ўласнасць. Аўстрыйцы зрабілі з палаца ваенны шпіталь, які больш за дзвесце гадоў не мяняў свайго прызначэння. Зразумела, што новыя гаспадары перапланавалі палац згодна з яго новым прызначэннем і знішчылі інтэр’ер. У першай трэці XIX стагоддзя, падчас пажару згарэла цэнтральнае крыло збудавання. Вайскоўцы не сталі аднаўляць яго, а проста разабралі. Так што неяк так...
Аксана без усякага пераходу ад аповеду звярталася то да Томаса, то да Соні, падказвала, як ім лепш стаць, каб кадр атрымаўся ўдалы, змяняла адну за другой лакацыі, бо недзе сонца перашкаджала, недзе, наадварот, дапамагала святлом ухапіць тое няўлоўнае ў тварах, што звычайна не заўважаецца, што бачна, і тое не заўсёды, толькі праз аб’ектыў камеры. Яе бездакорная акцёрская дыкцыя, хочаш не хочаш, быццам спакушала і трымала на сабе ўваіу гэтаксама, як чароўная дудачка ў вуснах факіра — кобру ці анаконду. Соня, уражаная ведамі сястры, хоць і мусіла памятаць пра жарсць Аксаны да гісторыі, не стрымалася выказаць сваю захопленасць ёю.
— Ты сапраўдная Вікіпедыя! — усклікнула яна, калі Аксана прыпыніла «лекцыю».
— Гэта зараз сарказм такі быў ці камплімент, не разумею? — прымружыла вочы Аксана, бо яна павярнулася тварам да сонца, і яно нязграбна лашчыла яе.
51
52
— Ды я ў захапленні ад тваіх ведаў! — правуркатала Соня, наблізілася да сястры і абняла яе. — I адкуль толькі ты ўсё гэта памятаеш?..
— Мушу прызнацца, — уздыхнула Аксана жартоўна, — што Вікіпедыя адпачывае ў параўнанні са мной. Але думкі твае мне падабаюцца, — цмокнула Соню ў шчаку.
— Экскурсаводам, часам, не падпрацоўваеш тут? — кіўнула Соня на палац, маючы на ўвазе той факт, што пусцілі іх у зону палацавага ансамбля бесперашкодна.
— Пакуль не, — шчыра адказала Аксана, — але ідэя спакуслівая. Хаця, — імгненне падумала, — не ў маім выпадку.
— Што так? — пацікавілася Соня.
— He ў тым ужо ўзросце, прабач, каб займацца альтруізмам.
— Грамадскі пачатак, значыць, цябе не прываблівае?
— Hi кроплі.
— А як жа вялікае мастацтва ў масы? Народ павінен ведаць сваіх герояў?..
— Соня, прыдушу цябе зараз! — не стрывала Аксана кепікі сястры, але кожная ведала, што гэта толькі словы, прычым не пагрозлівыя, а гарэзлівыя. Тым не менш Соня зрабіла выгляд, што спалохалася і адбегла да Томаса. Побач з ім яна не баялася паказваць Аксане язык. Амаль як у дзяцінстве. Соня нешта ўтворыць, атрымае ад Аксаны на гарэхі (не балюча, звычайна, але непрыемна) і бяжыць скардзіцца да таты. Той, зразумела, насварыцца на старэйшую дачку,
пакіне без прысмакаў альбо пакарае нейкім іншым чынам, а малодшая тым часам выглядвае з-за яго спіны і робіць міны Аксане ці высалупвае язык. Гэта яна ўмела: задурыць тату галаву і віць з яго вяроўкі. 3 самага маленства Соня лічылася татавай пястухай. Аксана ж ніколі не апраўдвалася, не даказвала ні віну сястры, ні сваю невінаватасць. Моўчкі зносіла пакаранне, няхай і несправядлівае, бо лічыла ніжэй уласнай годнасці дарма нешта даказваць. Занурвалася ў гістарычныя раманы і прападала ў іх: забывалася на навакольны свет, тату і Соню разам узятых. Магчыма, дзякуючы Соні, яе непрыгожым паводзінам у дзяцінстве, Аксана і захапілася гісторыяй. Спачатку праз кнігі Дзюма, Вальтэра Скота, творы пра Анжаліку, потым з’явілася цікавасць да больш сур’ёзнай літаратуры, датычнай айчыннай мінуўшчыны, да лёсу змагароў з УПА, постацяў Бандэры і Мельніка, Віннічэнкі і Франко. Неўзабаве надышла чарга захапіцца гісторыяй роднага горада, яго вуліц і будынкаў. Да прыкладу, сучасная вуліца Яўгена Канавальца — першага лідара АУН (Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў), палкоўніка Арміі УНР, подла забітага нкусаўцамі ў 1938 годзе, якую Аксана пешшу вымерала ўздоўж і ўпоперак, бо тая падзяляла яе дом па вуліцы Петлюры ад дому бацькоў, да таго ж злучала з Цэнтрам, — доўгі час мела назву Зосіна Воля. Аксана ведала аж тры легенды, якія тлумачылі паходжанне назвы. Паводле першай легенды, вуліцу назвалі ў гонар Сафіі Патоцкай (папольску Zofia, ласкальна Zosia), дачкі Язэпа Патоц-
53
54
кага i Вікторыі Ляшчынскай. Дзяўчына вылучалася дабрынёй і міласэрнасцю, ахвотна дапамагала бедным. Гарадскія жабракі і калекі пераважна жылі якраз на гэтай вуліцы, і Сафія разам з маці іх часта наведвала. Паданні сведчылі, што Сафія Патоцкая, акрамя таго, мела не абы-якую прывабнасць, таму хворыя адчувалі сябе лепш з-за адной толькі прысутнасці побач з красуняй. Па просьбе дачкі Язэп Патоцкі пабудаваў там прытулкі і вызваліў жыхароў вуліцы ад выплаты падаткаў.
Паводле іншай версіі, Сафія была зусім не добрай і міласэрнай, а вельмі капрызнай паненкай. Аднойчы ёй прыйшло ў галаву пакатацца на санках... летам. Каб выканаць капрыз дачкі, Язэп Патоцкі загадаў засыпаць вуліцу соллю, якая ў тыя далёкія часы каштавала вельмі дорага. Дзяўчына праехалася па вуліцы на санках, а жыхары пасля пазбіралі соль для ўласных патрэб. 3 тых часоў вуліцу пачалі называць Зосінай воляй.
Існавала і трэцяя версія: Зося з’яўлялася не высакароднай паненкай, а... прастытуткай. Дзяўчына служыла ў аднаго багатага мясцовага спадара, сын якога закахаўся ў бедную служанку. Раз’юшаны спадар, які чакаў зусім не такой нявесткі, выгнаў служанку з дому і паклапаціўся, каб яна нідзе ў горадзе не магла ўладкавацца на працу. Каб выжыць, Зося гандлявала ўласным целам і, дзякуючы сваёй прыгажосці, набыла вядомасць у горадзе. Аднак працаваць мела права толькі на той вуліцы, дзе жыла, гэта значыць толькі там мела волю.
На вуліцы Нізавой, непадалёк ад абласнога мастацкага музея, у будынку лазні, між іншым, збіраліся ў 1892 годзе радыкалы на чале з Іванам Франко. Вуліца гетмана Івана Мазепы вядомая з 1798 года; яна з’яўлялася дарскай дарогай, вяла ад Станіславава да паселішча Лісец, у якім меўся хутар Гарадзішча, які савецкая ўлада знішчыла за падтрымку УПА, зараз, відаць, найдаўжэйшая, і вядзе да парку Шаўчэнкі, гарадскога возера і моста, праз які можна патрапіць на выспу Кахання. Таксама на вуліцы размешчаны Музей Алексы Доўбуша...
Аксана натхнялася водарам звестак пра родны горад, якія акрылялі яе. Яна нават адчувала тыя крылы за спінай. Ёй здавалася, што яны насамрэч растуць з яе, вылузваюцца праз скуру, быццам парасткі з зямлі, і выклікаюць прыемны сверб пад лапаткамі. Валоданне таямніцамі мінуўшчыны, датычнасць да падзей і людзей, якія ніколі не паўторацца, але ўсё адно існуюць у памяці цікаўнай дзяўчыны, прычым жывейшыя за любога сучасніка, уздымалі Аксану ва ўласных вачах, надавалі ёй значнасці і ўпэўненасці ў сабе. 3 ёй размаўлялі будынкі горада — помнікі архітэктуры дзевятнаццатага стагоддзя, — якіх засталося яшчэ багата, асабліва ў Цэнтры, быццам з уладаркай, давяралі ёй і дзяліліся набалелым. Кранаючыся халодных звонку сцен каменных дамоў, Аксана чула іх цяпло, чула дыханне і біццё сэрца кожнай пабудовы. Яна гладзіла іх так, як бы гладзіла адданага пса, казычучы ў яго за вушамі. Без гісторыі дзяўчына не ўяўляла далейшага жыцця і не сумнявалася,