Сёстры  Мікола Адам

Сёстры

Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
82.84 МБ
152
Вось бы гэтаю вадой мог быць Тарас: як бы яна яго кахала! Соня ні з кім не мела ніякіх стасункаў пасля гібелі Тараса, за выключэннем нязначных выпадкаў інтымнай блізкасці з некаторымі ўплывовымі, але прыгожымі і далікатнымі мужчынамі сферы шоу-бізнесу, зразумела, выпадкі былі разавымі і ніколі не паўтараліся. Акрамя плоцкага задавальнення, нярэдка сумніўнага, яны нічога не прыносілі. Соні не хапала каханага, гармоніі, паяднання душаў і сэрцаў. Яна марыла пра чалавека, які абавязкова аднойчы сустрэнецца, і яна ў ім растворыцца, як рафінад. Магчыма, такія мужчыны ўжо сустракаліся на яе шляху, але заўсёды паміж імі і ёй паўставаў вобраз Тараса, нават не вобраз, а прывід, прычым цалкам рэальны прывід, які адштурхоўваў не прэтэндэнтаў на Соніна сэрца і месца ў пасцелі, а, уласна, саму Соню праз яе пачуццё віны перад хлопцам, якога даўно не было на свеце. Так, яна хацела памерці і патрапіць да Тараса, у каторы раз Соня нема крычала ў столь. Пытанне: чаму выжыла? Напэўна, таму, што Тарас недастаткова моцна хацеў яе мець побач з сабой, недастаткова моцна кахаў, недастаткова моцна трымаў яе за руку і сам адпусціў руку дзяўчыны. Яны маглі быць шчаслівымі ў іншым свеце, Соня насамрэч верыла ў гэта. На жаль для Тараса, а мо і не на жаль, нічога не адбылося. Яна жыла, ён — не. А жывым — жывое. Навошта тады Тарас пераследваў яе, не даваў ані маленькага шансу на звычайнае жаночае шчасце? Пакрыўдзіўся, што загінуў, а яна — не? Дык сам жа не ўтрымаў, а цяпер помсціў пастаяннай прысутнас-
цю. I ўсё ж уяўляла Соня толькі яго, калі марыла пра каханне, калі застывала ў ванне нерухомай багіняй і дазваляла гарачым подыхам і рукам воднай гладзі лашчыць яе і песціць, цалаваць і нашэптваць цікавосткі пра сябе на вушка. Шкада, цяпло хутка сыходзіла, дакладней, вада аддавала цяпло Соні і станавілася непрыдатнай для далейшага ўжытку. На шчасце, у дзяўчыны з’явіўся чароўны халат, які навобмацак атаясамліваўся з цяплом, адно дрэнна, што ён не мог замяніць чалавечае цяпло. Яна захуталася ў яго і села ў мяккі фатэль перад тэлевізарам. Нічога не хацелася пасля ванны. He хацелася ісці кудысьці... Дый навошта? He хацелася нават устаць, каб наліць сабе соку. Агульная млявасць авалодала ўсім Соніным целам. Вочы заплюшчваліся. Цяжка было сачыць за кліпамі на экране тэлевізара. Хаатычнае мільгаценне 153 перад вачыма пагрузіла дзяўчыну ў сон, якому яна і не супраціўлялася. Прачнулася яна бадзёрай і гатовай да прыгодаў, ад прадчування якіх, здавалася, сэрца скочыць з грудзей проста на падлогу ружовым кролікам. У Соні аж дух заняло і заказытала ў паднябенні, хоць яшчэ колькі гадзін таму яна сумнявалася ў мэтазгоднасці прапановы Фрыдрыха, бо гэта была авантура чыстай вады. Зазвычай Соня нікуды не хадзіла, але не таму, што не хацела, праца забірала ўвесь яе час, і на выхадных дзяўчына проста ляжала і пазірала ў столь як дурніца, а пасля раптам засынала. Зрэшты, і ў вольны час яна працавала. Мозг, не напружаны мітуснёй працоўнай атмасферы, менавіта ў моманты адпачынку найболып якасна сябе праяў-
154
ляў, дзякуючы чаму Соня прыдумляла незабыўныя вобразы і крэатыўныя ідэі, датычныя яе прафесійных здольнасцяў. Яна пачала хвалявацца, чакаючы Фрыдрыха, бо вечар ужо плаўна пераходзіў у ноч, а музыкант быццам забыў пра яе. Аднак тэлефанаваць яму не стала. Можа, і добра, што ён пра яе забыў. I без таго даволі шмат зрабіў для дзяўчыны-незнаёмкі. Тым больш ёй зранку на працу, якая абяцала быць няпростай: і на здымачнай пляцоўцы, і на натурлакацыі, а потым трэба паспець у гатэль «Адлон», дзе мусіў адбыцца паказ мод. Хоць разарвіся, адным словам. Тым не менш Фрыдрых усё ж аб’явіўся, роўна ў адзінаццаць вечара, і замест таго, каб выбачыцца за спазненне, працягнуў поліэтыленавы скрутак. Соня на словах пацікавілася, што ў ім, але малады чалавек не адказаў і параіў развярнуць яго. Там аказалася сукенка з чырвонага латэксу. Патрабуючы тлумачэння, дзяўчына здзіўлена паглядзела на позняга госця, які досыць вальяжна размясціўся на канапе.
— Усё проста, — усміхнуўся Фрыдрых, — клуб, у які мы неўзабаве патрапім, мае пэўны дрэскод. Выкананне ўсталяваных клубам правіл для ўваходу — гарантыя паспяховага праходу паўз ахову. У звычайным адзенні туды папросту не пусцяць ні за якія грошы. Так што неяк так.
— Але ж ты не ў гэтым, — вачыма ўказала Соня на латэкс у правай руцэ, бо Фрыдрых сапраўды выглядаў не для падобнага клуба апранутым, наадварот, складвалася такое ўражанне, што ён сабраўся на нейкую пафасную сустрэчу па вырашэнні праблем
сусветнага маштабу ў чорнай тройцы, белай кашулі, гальштуку мятлікам і лакавых штыблетах, якія блішчалі так, што Соня ўбачыла адбітак свайго твару на іх, бы ў люстэрку.
— Так, — пагадзіўся малады чалавек, — не ў гэтым. Але мне і не трэба.
— Мне таксама не трэба, — паціснула плячыма Соня.
— Ты не разумееш, — цярпліва ўсміхнуўся Фрыдрых. — Табе якраз неабходна апрануцца менавіта так, бо інакш цябе не пусцяць. А я, скажам так, працую там. Ты, дарэчы, была хоць аднойчы ў нашых клубах? — своечасова запытаў.
— He, — шчыра прызналася дзяўчына. — He было калі.
— Тады абавязкова павінна сёння пазнаёміцца з найлепшым! —ганарліва прамовіў музыкант.
— Таму што ты там працуеш? — падлавіла яго Соня.
— Таму што ён насамрэч найлепшы, — прагучаў адказ. — I ты не пашкадуеш. Ва ўсякім разе ўражанні застануцца надоўга ў тваёй памяці.
— Добра, — кіўнула Соня. — Я ж не супраць. Проста дзіўна.
— Убор, між іншым, што я табе прынёс, трэба апрануць на голае цела, — як бы незнарок папярэдзіў Фрыдрых.
Ён застаўся сядзець на месцы, Соня адышла, каб пераапрануцца ў ванным пакоі. Што ні кажы, а яе заінтрыгаваў паход у клуб, і чым далей, тым болей яна хацела патрапіць туды. Жаночая цікаўнасць брала сваё. Дзяўчына прадчувала, што клуб будзе чымсьці
155
156
вычварным і пачварным, як у стужцы «Ад заходу да світанку», інакш навошта тады латэкс, у якім, дарэчы, выглядала яна сексуальна. Сукенка апляла яе цела змяёй і прыляпілася да скуры нібыта новай скурай, лепшай, яскравай і кідкай, але пад ёй, на дзіва, пачувалася ўтульна і нават цёпла. Верх сукенкі падкрэсліваў кожны выгін і выгадна вылучаў грудзі. Ніз уяўляў сабой міні-спаднічку, якая ледзьве прыкрывала клубы, але адкрывала прыгожыя, хоць і нядоўгія, як у мадэляў, ножкі, на якія Соня нацягнула шкарпэткі-унісекс. Халат яна павесіла на адзін з гаплікоў, што тырчалі з дзвярэй гаргуллямі. Спачатку хацела выйсці з ім і з удзячнасцю вярнуць уладальніку, але перадумала — пераб’ецца. Халат застанецца ў яе, наўзамен. Калі Фрыдрых захоча, Соня ахвяруе яму тузін іншых, з кітайскімі цмокамі на спінах, у якіх звычайна носяцца мадэлі перад паказамі, а потым забываюць іх у грымёрках. Каб не прападаць дабру, Соня іх збірала і пакідала сабе, прыхоўвала для розных выпадкаў. Яна выйшла да Фрыдрыха. Той задаволена ўсміхнуўся, падняўся з канапы і пацалаваў ёй руку. На яго думку, дзяўчына выглядала шыкоўна, зрэшты, ён і не сумняваўся, што ўбор, прывезены ім, ёй будзе пасаваць. Латэкс быў даспадобы ўсім без выключэння прыгожым дзяўчатам і міжволі выклікаў захапленне ў мужчын. Правакацыйнае адзенне падкрэслівала прыгажосць Соні, як почырк мастака, чый стыль немагчыма зблытаць ні з якім іншым. Яна ўсунула ножкі ў чорныя скураныя туфлі на платформе, набытыя выпадкова, бо звычайна насіла лёгкі
і зручны абутак, ад абцасаў нярэдка балелі і калені, усміхнулася Фрыдрыху, упэўненая ў тым, што спадабалася яму. Злавіла сябе на думцы, што гэта дужа прыемна — камусьці падабацца проста за тое, што ты ёсць, аж мурашкі пабеглі па скуры ад задавальнення. Аднак магчымых стасункаў з немцам, развіцця іх наўрад ці жадала і чакала. Нешта з ім было не так. Або з ёй, што верагодней за ўсё.
Клуб, у які малады чалавек прывёз Соню, называўся «КітКат». Ён знаходзіўся на KopenickerStraBe, 76 і з’яўляўся сапраўдным храмам геданізму, празмернасцяў і эксгібіцыянізму, але з атмасферай настолькі нязмушанай, што яна разнявольвала амаль усякага, хто ўваходзіў у яго цянёты. Менавіта тут магло здарыцца ўсё, што заўгодна, хоць і не з кожным. Мужчыны, пераапранутыя ў жаночую вопратку і наадварот, геі, спавітыя танцам разам з лесбіянкамі, адкрыты эратызм без цынічнай пошласці і нядрэнная музыка (транс і хаус) акуналі ў 1980-я, часы шалёных пляжных вечарынак на Гоа і сексуальнай свабоды.
Ужо пры ўваходзе ў клуб свядомасць Соні атакавалі вобразы, навеяныя «Боскай камедыяй» Дантэ і «Майстрам і Маргарытай» Булгакава, нягледзячы на тое, што звонку будынак выглядаў несамавіта і нязграбна. Яна адчула сябе быццам пад кантрастным душам, калі апынулася ўнутры, і сэрца яе амаль спынілася, аслепленае чырвона-чорнымі тонамі дэкору, светлавым шоу, мноствам залаў і пакойчыкаў, аформленых у эротыка-псіхадэлічным стылі. Яна стаяла, агаломшаная музыкай, якую і музыкай можна было назваць толькі
157
158
з вялікай нацяжкай. Пакуль праходзілі ў галоўную залу з барам праваруч ад уваходу і вялікім тэлевізарам зверху, на якім дэманстраваліся фільмы для дарослых без цэнзуры, дзяўчына заўважыла ў бакавой нішы пажылога трансвестыта на вазку, якому рабіла прыемна элегантная дама пад пяцьдзясят. Соня рэзка адвярнулася, яе ледзь не званітавала ад убачанага. Зрэшты, нешта падобнае сустракалася на кожным кроку, а яшчэ шмат голых мужчын і жанчын, дзяўчат з залепленымі чорнай ізалентай крыж-накрыж смочкамі. Соня незнарок зачапіла некага плячом. Азірнулася, каб выбачыцца, і сустрэлася позіркам з бландзінкай-трансгендэрам, якая лыпала вейкамі, як курыца крыламі, і прыязна ўсміхалася, маўляў, нічога страшнага. Як высветлілася, трансаў тут хапала на любы густ і смак. I Фрыдрых аддаваў перавагу менавіта ім для інтымнай блізкасці. Вось чаму ён і не крануў Соню. Між іншым, Фрыдрых атрымліваў долю ад даходаў клуба, меў, відаць, нейкае дачыненне да заснавальнікаў, мо праз сваяцтва, мо праз штосьці іншае, таму з ім увесь час нехта вітаўся, а супрацоўнікі ветліва ўсміхаліся. Таму і Соня бесперашкодна трапіла ў клуб, абмінуўшы чэргі жадаючых, і трэба дадаць, бясплатна, тым часам плата за ўваход складала ад 15 да 25 еўра. Цяжка паверыць, але атмасфера клуба адрознівалася жыццярадаснасцю, пазітывам, ветлівасцю, выхаванасцю, за выключэннем нястрыманасці ў жаданнях. Агрэсіяй тут і не патыхала, аднак Соне здавалася, што агрэсіўнай стане неўзабаве менавіта яна. Ёй не падабалася падобная вольнасць, магчыма,