Сёстры
Мікола Адам
Выдавец: Галіяфы
Памер: 328с.
Мінск 2020
165
яе і толькі яе мужчына, хоць ведала яго менш за гадзіну, дый крылы за спінай, здавалася, распасцерліся ва ўсю сваю даўжыню і шырыню і, узрадаваныя, трапяталі ў прадчуванні палёту. Соня адчула іх па свербу пад лапаткамі. Яна вартая Томаса, яна заслужыла яго, выплакала, вымаліла. I раптам прапанавала перабрацца ў яе ціхую кватэрку на Унтэр-дэн-Ліндэн. Там Томас зможа і інтэрв’ю ўзяць у Фрыдрыха, і спакойна дапісаць асноўны тэкст артыкула. Томас без ваганняў прыняў запрашэнне дзяўчыны. Яму сапраўды не было больш сэнсу тырчаць у клубе. Ён мог, зразумела, вярнуцца ў гатэль, у якім спыніўся, і нават запрасіць туды астатніх, але Соня апярэдзіла яго, то чаму не скарыстацца выпадкам?.. Фрыдрых таксама не запярэчыў, але папярэдзіў, што мусіць быць не адзін, а з сяброўкай, якая вось-вось павінна падысці. Ёю аказаўся (Соня нават не здзівілася) даволі сімпатычны транс у блакітнай газавай сукенцы і з блакітнымі валасамі, падобны на Мальвіну з савецкай кінаказкі. Томас з Соняй пераглянуліся, упэўненыя ў аднолькавым меркаванні і наконт новага персанажа, і наконт клуба ўвогуле, але з прыязнасцю аднесліся да Шэран: такім імем назваўся транс. Да таго ж Шэран мела прыемны голас і зайздроснае пачуццё гумару, што не ўласціва немцам.
Яны выйшлі на вуліцу. Фрыдрых выклікаў таксі. Вуліца аглушыла цішынёй амаль гэтаксама, як некаторы час таму клуб музыкай.
Цяжарнасць Аксану не ўзрадавала, на што спадзявалася доктарка, абвясціўшы шчаслівую навіну раптам збялелай дзяўчыне. Хутчэй, наадварот. Аксана не планавала дзяцей і злавала на Назара. Да таго ж у жываце яе пасяліліся, быццам чужыя з галівудскага блакбастара, адразу двое. Пашчасціла — так пашчасціла! Аднак і пра аборт думак не ўзнікла. Сямейныя традыцыі ў Станіслававе пільнаваліся свята, святасцю ахоўваліся і лічыліся боскім запаветам. Тое, што ты магла не верыць у Бога і адмаўляць яго, — не прымалася за ўвагу. За савецкім часам Бога таксама адмаўлялі і забаранялі любую згадку пра яго, тым не менш Бог застаўся, а куды падзеўся Савецкі Саюз і ўсе яго бонзы, якія да хрыпаты крычалі, што вера і рэлігія — опіум для народа? Опіумам апынуліся менавіта яны — часовым, хоць і працяглым. Аксана не адмаўляла Бога, але і не верыла ў яго. Яна мела ўласнае меркаванне наконт стварэння свету, бо свет, зразумела, не мог паўстаць з нічога: у яго быў аўтар. Вось у аўтара яна і верыла, нябачнага і геніяльнага, таму што толькі геній у стане стварыць тое, што ча-
167
168
лавек штодня, штосекундна бачыў вакол сябе і ніколі не задумваўся, адкуль яно ўзялося, асабліва лясы і горы, рознаквецце раслін, дрэў, насякомых і жывёльнага свету. У яе кружылася галава ад захаплення навакольнымі краявідамі ў сельскай мясцовасці і ў гарах, асабліва ўлетку, калі вочы літаральна танулі ў зеляніне шаўковых мораў, у якія карцела не толькі ныраць з разбегу ці з трампліну і плысці, п’янеючы без віна адно ад водару паветра, а забраць іх з сабой хаця б у выглядзе паштовак альбо малюнкаў у аднастайную будзёнасць гарадской кватэры, упрыгожыць яе імі, як навагоднюю елку, і ўздымаць настрой пры шторазовым позірку на іх. Маляваць Аксана не ўмела, паштоўкі рабіць — таксама, але магла дзівосы вакол сябе сабраць пасродкам фатаграфавання. Зразумела, не адно дзеля забаўкі дзяўчына набыла даволі прафесійны фотаапарат і розныя дэвайсы да яго. Ёй не падабалася, як іншыя фатаграфавалі яе. Яна не пазнавала сябе на чужых фотаздымках, і не толькі сябе. Аксана валодала прыроджаным пачуццём кадру, беспамылкова і хутка знаходзіла патрэбны ракурс, і фотаздымкі яе атрымоўваліся сапраўднымі шэдэўрамі. Да кожнай фотасесіі адносілася аднолькава адказна і добрасумленна. Фатаграфаванне неўзабаве пачало прыносіць неблагі фінансавы прыбытак, што дазволіла дзяўчыне сысці са школы і заняцца выключна дзейнасцю фатографа. Аксану запрашалі на вяселлі, дні нараджэння, карпаратывы і проста пафоткаць пад настрой. Больш за ўсё яна зарабляла на вяселлях, але ніколі і нікому не адмаўляла нават
за мінімальны ганарар. Назар адносіўся да дзейнасці жонкі як да хобі і не ўспрымаў фатаграфаванне вартым увагі ці нечым сур’ёзным, хоць Аксана сто разоў даказвала яму, што яна займаецца мастацкай фатаграфіяй, што стварае мастацтва, гэтаксама як мастак піша карціны, кампазітар — музыку, а пісьменнік —кнігі. Тым не менш пераканаць мужа ў важнасці сваёй справы не атрымлівалася. Ён не слухаў яе ці не хацеў слухаць, заняты пытаннямі бізнесу, бо яго бізнес у грашовым эквіваленце, зразумела, пераўзыходзіў жончына фатаграфаванне. Аднак і не перашкаджаў Аксане, хоць і не падтрымліваў, нават першую яе выставу праігнараваў, нягледзячы на тое, што яна прасіла яго дапамагчы. Аксане давялося самой ускарасківацца на драбіны і развешваць фотаздымкі па сценах Бастыёну. Гэта пры тым, што ўжо 169 насіла пад сэрцам Назаравых дзяцей, пра якіх яшчэ не ведала. На яе выставу, як ні дзіўна, прыйшло багата людзей, нават вядомыя не толькі ў Станіслававе фатографы, якія сказалі мноства цёплых і прыемных слоў пра маладую фотамастачку. Тэлежурналісты знялі рэпартаж пра Аксану і паказалі па мясцовым тэлебачанні. Дзве працы захацелі набыць і прапаноўвалі неблагія грошы. Аксана так разгубілася, што аддала іх бясплатна. Яна не шкадавала потым, бо не разумела ў той час, што фотакарціны можна таксама прадаваць, як і звычайныя карціны, дзеля гэтага, уласна, і наладжваюцца выставы. Да таго ж не была гатова да ўвагі грамадства, да той увагі, якую атрымала, але на якую зусім не разлічвала. У той дзень,
170
калі Аксана даведалася пра цяжарнасць, ёй патэлефанавалі з Кіева і прапанавалі месца штатнага фатографа ў адным модным выданні, а таксама фотавыставу ў арт-галерэі сучаснага мастацтва. Бацькі не падтрымлівалі Аксану, не падзялялі яе захопленасць фатаграфаваннем, зрэшты, як муж дзяўчыны і свякруха. Тая ўвогуле мела намер зрабіць з яе афіцыянтку ў адной з кавярань на Стометроўцы. Неаднаразова пачынала пры сустрэчы размову пра дастойны занятак дастойнай жанчыны. Аднак Аксана не лічыла працу афіцыянткі дастойным заняткам для жанчыны. Яна нічога не мела супраць уласна афіцыянтак, але не ў яе выпадку. Тады свякроў, якая прыходзіла ў кватэру маладзёнаў у любы час, зручны для яе, маючы ад кватэры дублікат ключоў, казала пра перспектыву росту, бо ўсякая прафесійная дзейнасць таго або іншага кшталту пачынаецца з малога, і праводзіла аналогію з гардэробам у тэатры. Асабліва насела яна на Аксану, калі дзяўчына прыпыніла настаўнічаць у школе, каб цалкам пераключыцца на фатаграфаванне. I тата патураў свацці ва ўсім, што Аксану збівала з панталыку. Яна не разумела, як і калі ён трапіў пад уплыў чужой, па сутнасці, жанчыны, а ў тым, што тая ўплывала на яго, Аксана не сумнявалася. Яна з татам пастаянна спрачалася і сварылася, бо той заўсёды прымаў бок свацці. Яго быццам падмянілі пасля вяселля дачкі. Але ён ганарыўся яе статусам замужняй жанчыны, быццам для жанчыны выйсці замуж — гэта як ускараскацца на Эверэст. Назар часта адсутнічаў па справах бізнесу, але калі з’яўляўся — здавалася,
сам Людовік XIV сыходзіў з вышынь уласнай велічы дзеля любові плебсу. Яго сапраўды абагаўлялі і лічылі, што Аксане з ім вельмі пашанцавала. Як Дзед Мароз, ён пасля кожнай камандзіроўкі адорваў падарункамі, нікога не забываючы з сям’і. Там, дзё ён быў, надыходзіла свята. Маці Назара таксама дзяўбала сына наконт працы Аксаны ў яе кавярні, але яму было ўсё адно. Галоўнае, каб жонка добра прымала яго ў пасцелі і выконвала ўсе пажаданні, а кім і дзе яна працавала ці будзе працаваць — справа дзясятая. Ён увогуле меў спадзеў, каб Аксана нідзе не рабіла, а сядзела дома, як наложніца, і чакала мужа пад дзвярыма на каленях і з тэпцямі ў зубах, бы сабачка. Падобныя гульні Назара заводзілі імгненна, а грошы зарабляць ён умеў, таму не бачыў неабходнасці ў працаўладкаванні жонкі. Таму і маці сваю слухаў для выгляду, згодна ківаў, падтакваў, але нічога больш. Тая ж лічыла, што мела права на эксплуатацыю Аксаны. Па-першае, падарыла ёй машыну. Тое, што дзяўчына амаль не карысталася ўласным транспартам, адно ў выпадку вострай неабходнасці— яе справа. Па-другое, забяспечвала прадуктамі (лядоўня маладзёнаў выглядала як харчовы склад), бо не магла ж сына пакінуць галодным, а на жонку яго спадзявацца не было чаго, тая нярэдка забывалася і сябе пакарміць. Па-трэцяе, купляла адзенне абодвум, нават ніжняя бялізна Аксаны была набыта свякрухай. Па-чацвёртае, прыбірала ў кватэры сына, калі прыходзіла, а прыходзіла нярэдка, прала рэчы і прасавала іх, нават тыя прасавала, што ляжалі сабе
171
172
спакойна ў шафе і нікога не чапалі. Аксана злавала на свякроў, але ніводнага разу не запярэчыла, хоць наважвалася не аднойчы, і ва ўласнай кватэры пачувалася госцяй. Зрэшты, удзячнасць да свякрові таксама мела, бо была пазбаўлена ёю ад бытавога вэрхалу.
Дзеці ўсё зменяць. Напэўна, да лепшага. Аднак і Аксана зменіцца таксама, ператворыцца ў курыцунаседку, як мільёны іншых дзяўчат да яе, пазбавіцца амбіцый, прагі нечага дасягнуць. Калі б адно — яшчэ можна змірыцца, а двое адразу — гэта ж катастрофа! I як сказаць Назару? Ці ўзрадуе яго навіна? Бацькоў, вядома, узрадуе стоадсоткава, што яе, што яго. Яны адразу стануць паважнымі індыкамі, як жа: такі прыплод, узнагарода за два гады чакання пасля вяселля, нават сорамна было прайсціся па вуліцы. Затое цяпер сорам свой засунуць куды падалей. I ніхто не падумае пра яе, Аксану. А як ёй быць? А што яна, менавіта яна адчувае?
Аксана выйшла з жаночай кансультацыі быццам сама не свая. He заўважала нікога і нічога вакол, ледзь не трапіла пад колы на пераходзе праз дарогу. Ногі па інерцыі прывялі да бацькоўскага дома. Аднак яна не разумела навошта і марудзіла заходзіць у двор. Карцела закурыць, нягледзячы на тое, што даўно курыць кінула, дый не курыла так, як зацятыя курцы. Хаця б зацяжку, адну-адзіную... Зрэшты, пераадолела нясцерпнае жаданне, удыхала на поўныя грудзі зімовае марознае паветра. Шырока адкрытым ротам Аксана глытала яго, як снег у дзяцінстве. Снег жа рыпеў пад нагамі, хрумсцеў, бы цукар на зубах, выказваў
незадаволенасць, напэўна, за нерашучасць дзяўчыны. Павярнуць дамоў, плесціся па Канавальца ўгару і нікому не глядзець у вочы, не заўважаць сустрэчных позіркаў і зачыніцца ў кватэры — не варыянт. Аксана не хацела адзіноты, якая чакала яе дома, якая нікуды не знікала нават у прысутнасці Назара. Яна, адзінота, не баялася яго. Назар зноў недзе адсутнічаў, але ўсё адно казаць яму пра цяжарнасць Аксана не мела ніякага жадання, бо сумнявалася ў сабе. Яна падумала пра аборт. Магла ўвогуле нічога нікому не казаць і пазбавіцца, пакуль не позна, ад плода. Аднак яе таямніца страціць таемнасць адразу, як толькі зойдзе размова пра аборт, бо доктарка абавязкова паведаміць свякрусе, якая паўсюль мела сваіх людзей. Свякруха не дазволіць пазбавіцца ёй цяжарнасці. Выхаду не было. Трэба падзяліцца навіной з роднымі і змірыцца, зноў пахаваць планы і спадзяванні на прафесійны рост і прафесійны поспех. Зрабіцца, як усе, і плысці разам з плынню, а не супраць яе. Нікому бунтарства Аксаны нічога добрага не прыносіць, нават ёй самой.